Сліва Міхась - На дняпроўскім лузе стр 2.

Шрифт
Фон

Зараз тут шануюць памяць аб загінуўшых у вайну і памерлых у мірны час: штогод напярэдадні Радаўніцы ўсе, хто яшчэ можа працаваць, прыходзяць на могілкі і дружна, грамадою наводзяць парадак. Нават калі ў кагосьці не атрымліваецца прыехаць здалёк, можна не хвалявацца – на могілках заўсёды чыста. Нават больш таго – і навокал, за агульнай агароджай, парадак. Нездарма Максім прывозіў сюды, у маляўнічы сасоннік на краю вёскі, некаторых раённых кіраўнікоў, каб паказаць, як можна ўтрымліваць гэтае святое месца, нават калі ў вёсцы засталося мала жыхароў…

Дык вось зямляк і прасіў Максіма напомніць Фёдару пра яго сыноўні абавязак. Максім тут жа набраў хатні нумар сябра, але тэлефон не адказваў. Тады ён пазваніў яму на працу. «Фёдар Іванавіч у адпачынку. Званіце праз месяц», – пачуўся ветлівы голас сакратаркі.

Максім яшчэ некалькі разоў спрабаваў патэлефанаваць Фёдару, але, напэўна, у таго змяніўся нумар. Аднойчы, ранняй вясной, будучы па справах у абласным цэнтры, зайшоў на кватэру да сябра дзяцінства. Адчыніла яго жонка, Клава.

Максім ведаў яе яшчэ з маладосці, калі Фёдар толькі пазнаёміўся з ёй. Быў і на вяселлі ў іх. Потым нярэдка сустракаліся. Клава ўсё жыццё нідзе не працавала, бо выхоўвала дзвюх дачок. Хаця, чаго крывіць душой, магчымасць ісці працаваць была, ды яшчэ якая: Фёдар забраў сваю маці да сябе, тая рыхтавала абеды, глядзела дзяўчынак. Але Клаве – па адукацыі тэхніку-тэхнолагу хімічнай прамысловасці – страшна было распачынаць сваю працоўную дзейнасць, і яна абівала бакі, сноўдалася па кватэры. Балазе, кватэра чатырохпакаёвая, месца хапала. Клава, на выгляд ціхая, спакойная, хутка на Фёдара надзела аброць. Як кажуць, у ціхім балоце чэрці водзяцца…

Фёдараў бацька памёр рана. А ў маці, якая хоць і стала жыць у сына бесклапотна, як у вёсцы казалі, у «шайнасці», нечакана выявілася невылечная хвароба. Тады ў Клавы закруціла ў носе, паставіла Фёдару ўмову: мне твая маці не патрэбна, з бальніцы да сябе ў кватэру не пушчу, бо раптам заражуся!

Фёдара выручыла стрыечная сястра Ганна, якая жыла ў іншай вёсцы адна, была яшчэ пры сіле. Завёз Фёдар сваю маці туды, хоць сэрца і шчымела.

Максім у той час жыў далёка ад родных мясцін, не ведаў усіх падрабязнасцей. А калі нарэшце сустрэў Фёдара, той, на добрым падпітку ў гонар сустрэчы, па сакрэту сказаў: «Пастаўлю на ногі дачок – і скажу «Бывай!» сваёй Клаўдзіі Анісімаўне за яе такія адносіны».

Хаўтуры справіла пляменніца маці Фёдара, Ганна. Прыехала і Клава. Спрабавала нават пусціць слязу, але гэта выклікала толькі прыкрасць і злосць у тых, хто быў побач.

Час бяжыць хутка. Не стала на свеце і Ганны. Фёдара, як высветлілася пазней, жонка на пахаванне стрыечнай сястры не пусціла.

…Пакуль Максім распытваў у Клавы пра жыццё-быццё, запісаў іх новы нумар тэлефона, вярнуўся з працы і Фёдар. Узялі па чарцы за сустрэчу. Высветлілася, што дачок сваіх Фёдар «паставіў на ногі» – даў вышэйшую эканамічную адукацыю, уладкаваў у яшчэ адзін «вуз» – выдаў удала замуж, але Клаве «Бывай!» не сказаў. Прывык, відаць. Дый характар такі, як кажуць, цямця-лямця.

І тут Максім стаў здалёк падводзіць да таго, што нядобра так – не бываць на родных могілках.

– Хіба ты забыў, сябра, як над табой калаціліся бацька з маці? Як яны цябе любілі і шкадавалі? Ты ж адзіны сын! Што з табой здарылася? Дажыўся, што чужыя людзі нават павязваюць на крыжах стужкі, прыбіраюць на могілках вясной лісце, шыгалку, пясочку падсыпаюць…

Клава зацята маўчала, а Федзя згодна ківаў галавой і падтакваў: трэба, абавязкова трэба з’ездзіць.

– Глядзіце ж, каб не сорамна было перад людзьмі! – сказаў тады на развітанне Максім. – Вунь Андрэй Яўменаў, ты ж ведаеш нашага земляка, пятнаццаць гадоў адсядзеў за забойства чалавека, і то кожны раз здалёк прыязджае, наведвае магілу сваёй маці. А вы нават нагой не ступаеце!..

Па даўнай завядзёнцы, на Радаўніцу, Максім з Марынай з’ездзілі ў Белыя Берагі, а ў Слаўнае, дзе быў пахаваны Максімаў бацька, завіталі на другі дзень. Толькі выйшлі з аўтобуса – насустрач імчыць на веласіпедзе Іван Кузняцоў. Яму ўжо за семдзесят гадоў, але ён тут зараз адзін з самых моцных і актыўных жыхароў. Радасна павітаўшыся, ён паведаміў:

– А вы хіба не сустрэлі аўтамабіль? Фёдар жа прыязджаў на нейкай шыкоўнай іншамарцы. Казаў, пабыў на могілках, а зараз заедзе да родзічаў у Залессе.

– Ах, як шкада, што не засталі, – засмуціліся Новікавы.

Яны тады наведалі ўсе магілы землякоў, аддалі даніну павагі, успомнілі добрым словам. І звярнулі ўвагу, што на магілах Фёдаравых бацькоў не было ні кветачкі..

Праз некалькі дзён Максім пазваніў Фёдару:

– Слухай, сябра, шкада, што мы размінуліся. А ты ў Залессе заязджаў?

– Ды я… – адчувалася, што Фёдар нечакана збянтэжыўся. А ў тэлефоннай трубцы пачуўся і голас Клавы, якая, відаць, была побач з мужам.

– Я нікуды не ездзіў, – нейкім драўляным голасам прамовіў Фёдар.

– Дык Іван жа Кузняцоў казаў, што бачыўся і размаўляў з табой! – не адступаў Максім.

– Нікуды я не ездзіў, – паўтарыў Фёдар і стаў развітвацца.

– Значыць, ездзіў потайкам ад сваёй Анісімаўны! – «вылічыла» тады Марына. – Але чаму хоць кветачку якую не паклаў?

…Адарваўшыся ад думак, Максім рашыў неадкладна ехаць у Белыя Берагі. Сабраў усе неабходныя рэчы, сёе-тое з харчоў (а там прыедзе аўталаўка – можна будзе дакупіць!) і паімчаў на аўтавакзал.

Больш як тыдзень ён пражыў у хаце нябожчыка-цесця, зрабіў шмат малюнкаў і накідаў, а самае галоўнае – цудоўна адпачыў.

Вярнуўся дадому – і адразу да паштовай скрыні. Там набілася столькі рознай карэспандэнцыі, што нават не ўмяшчалася, бо Максім, нягледзячы на дарагавізну, выпісваў процьму газет і часопісаў. Максім стаў разбіраць. Вылецела з газеты і ластаўкай паляцела долу тэлеграма. Максім падхапіў яе. Тэлеграма была ад Клавы. Яна паведамляла, што нечакана памёр Федзя. Здарылася гэта, мяркуючы па даце адпраўкі тэлеграмы, якраз тыдзень таму.

Максім кінуўся да тэлефона. Трубку падняла Клава. Маркотным голасам яна расказала пра раптоўную хваробу – інфаркт міякарда сэрца – і адыход з жыцця яго сябра, стала плакаць, як жа ёй жыць, бо да пенсіі яшчэ далёка…

– А дзе вы яго пахавалі? – не вытрымаў Максім.

– Ведаеш, зараз так цяжка і дорага з пахаваннем. Дык мы Федзю крэміравалі…

Максім раптоўна кінуў трубку і выйшаў на балкон курыць. Душа яго была не на месцы…

Бумеранг

Пераехаўшы жыць у іншы раён горада, Віктар стаў часта сустракаць там гэтага мужчыну. Той прыцягваў увагу сваёй знешнасцю: на лбе быў вялікі шрам, заўсёды падрапаны твар, а пад вачамі і на руках часта былі сінякі і раны. Увогуле выгляд быў замучанага чалавека, які ніколі не глядзеў сустрэчнаму ў вочы. І амаль заўсёды ён быў нецвярозы, у зашмальцаванай вопратцы, на якой не хапала гузікаў.

Віктар доўга прыглядаўся да мужчыны і ніяк не мог зразумець, адкуль ён яго ведае. Ён быў такім знаёмым – і не пазнавальным! Аднойчы Віктар не вытрымаў і, сустрэўшы на пустыннай вуліцы, спыніў мужчыну:

– Прабачце, калі ласка, вы не вучыліся ў Белабярэжскай школе?

– Вучыўся, – ахвотна адказаў мужчына. – І вас памятаю, – заблішчалі ў яго вочы. – Вы ж таксама там вучыліся…

– Вы мяне ведаеце? – здзівіўся Віктар.

– Так, я на тры класы ішоў пазней вас. Памятаю, як вы паказвалі рэкорды ў лёгкай атлетыцы, мы тады ўсе бралі з вас прыклад.

– Дык гэта ж прайшло амаль трыццаць гадоў!..

– Вас завуць Віктар Кандраценя.

– Так. А вас?

– А я Аркадзь, сын дырэктара школы Пятра Тарасавіча.

Віктар шырока раскрыў вочы ад здзіўлення. «Божа мой, няўжо гэта той сімпатычны хлапчук, які добра вучыўся і падабаўся настаўнікам і вучням?..»

– І чым ты зараз займаешся? – перайшоў на «ты» Віктар.

– Пасля заканчэння політэхнічнага працаваў на аўтазаводзе, а зараз пакуль што не працую, – Аркадзь крыху зніякавеў і стаў развітвацца.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора