– Дзядзечка! – узмаліўся пляменнік.
– Пляменнік, – сурова абарваў яго Скрудж, – святкуй Каляды на свой лад, а мне дай святкаваць на свой!
– На свой? – ускрыкнуў пляменнік. – Ды вы іх увогуле ніяк не святкуеце!
– Ну дык і дай мне спакою! Шмат табе карысці ад тых Калядаў! Вельмі яны табе дапамогуць!
– Колькі ў свеце таго, з чаго я ніколі не займею карысці і што не прынясе мне грошай! – адказаў пляменнік. – Напрыклад, Каляды. Аднак я ўпэўнены, што заўсёды буду чакаць Калядаў як блаславёнага часу. Нават калі забыць пра святы сэнс гэтай урачыстасці (хаця наўрад ці пра яго можна забыць), калядны дзень – самы цудоўны за ўвесь год, дзень дабрыні, міласэрнасці, даравання, адзіны дзень ва ўсім календары, калі людзі згодна з даўняй традыцыяй адкрываюць адно аднаму душы і бачаць у бяднейшых за сябе спадарожнікаў на шляху да іншага свету, а не чужынцаў, з якімі ім не па дарозе. А таму, дзядзечка, нягледзячы на тое, што гэты дзень ніколі не паклаў мне ў кішэню ніводнае манеткі, я ўпэўнены, што ён прыносіў і заўсёды будзе прыносіць мне дабро. Дык хай ён будзе блаславёны!
Клерк у каморцы мімаволі заслухаўся і запляскаў у далоні, аднак, зразумеўшы, што яго радасць несвоечасовая, сумеўся і кінуўся мяшаць у каміне агонь. Самотны вугольчык такога націску не вытрымаў і канчаткова згас.
– Яшчэ адзін гук, – крыкнуў Скрудж клерку, – і гэтыя Каляды вы адзначыце, страціўшы месца ў канторы! А вы, спадар, як я бачу, майстар часаць языком, – звярнуўся ён да пляменніка. – І чаму вы дагэтуль не ў парламенце?
– Хопіць злавацца, дзядзечка! Прыходзьце да нас заўтра на святочны абед!
Скрудж сказаў, што ўжо лепей ён пойдзе… так, менавіта гэта ён і сказаў. Пасля, не саромеючыся, дадаў яшчэ некалькі пажаданняў.
– Але навошта? – ускрыкнуў пляменнік. – Навошта вы так кажаце?
– А навошта ты ажаніўся? – запытаў Скрудж.
– Я пакахаў яе.
– Пакахаў! – рыкнуў Скрудж, нібыта пачуўшы адзінае ў свеце слова, дурнейшае за «вясёлыя Каляды». – Усяго найлепшага!
– Але дзядзечка, вы ж і раней ніколі не наведваліся да мяне ў госці. Навошта цяпер вінаваціць маю жаніцьбу?
– Усяго найлепшага! – паўтарыў Скрудж.
– Я нічога ў вас не прашу, мне нічога не трэба. Чаму мы не можам быць сябрамі?
– Усяго найлепшага! – прамовіў Скрудж.
– Як жа мне шкада, што вы такі непахісны! Я з вамі ніколі не сварыўся і ні ў чым перад вамі не вінаваты. Я хацеў пасябраваць з вамі дзеля свята, і мой святочны настрой вы не сапсуяце. А таму вясёлых вам Калядаў, дзядзечка!
– Усяго найлепшага! – сказаў Скрудж.
– І шчаслівага Новага году!
– Усяго найлепшага! – паўтарыў Скрудж, і яго пляменнік, нягледзячы ні на што, пакінуў пакой без адзінага кепскага слова. Ля дзвярэй ён крыху затрымаўся, каб павіншаваць клерка, які, хоць і прамёрз да касцей, быў нашмат цяплейшы за Скруджа і сардэчна адказаў на пажаданні.
– Яшчэ адзін вар’ят, – прамармытаў Скрудж, падслухаўшы іх размову. – Гэты клерк, які зарабляе ўсяго пятнаццаць шылінгаў на тыдзень і мусіць утрымліваць жонку і сям’ю, таксама гаворыць пра нейкія вясёлыя Каляды! Яны мяне да Бедламу давядуць!
Вар’ят тым часам, выпусціўшы пляменніка Скруджа, упусціў двух іншых наведнікаў. Гэта былі прыемныя з аблічча мажныя джэнтльмены, якія цяпер, увайшоўшы ў кантору і зняўшы капелюшы, ветліва кланяліся Скруджу і даставалі нейкія паперы.
– Скрудж і Марлі, калі не памыляюся? – спытаў адзін з іх, звяраючыся з нейкім спісам. – Маю гонар звяртацца да містэра Скруджа ці да містэра Марлі?
– Містэр Марлі памёр сем гадоў таму, – адказаў Скрудж, – акурат у гэтую ноч.
– Але мы ўпэўненыя, што яго шчодрасць перайшла да яго годнага кампаньёна, – сказаў адзін з джэнтльменаў і падаў Скруджу свае дакументы.
Два годныя кампаньёны і праўда былі вартыя адзін аднаго. Пачуўшы пагрозлівае слова «шчодрасць», Скрудж нахмурыўся, пахітаў галавой і вярнуў паперы ўладальніку.
– У гэтыя святочныя дні, містэр Скрудж, – працягваў джэнтльмен, беручы пяро, – мы больш чым калі мусім паклапаціцца пра бедных і няшчасных, што жорстка пакутуюць ад нястачы. Тысячы людзей не маюць самага неабходнага для жыцця, сотням тысяч няма дзе прыхіліць галаву.
– Хіба ў нас не хапае турмаў? – здзівіўся Скрудж.
– Турмаў? Ды колькі заўгодна, – адказаў джэнтльмен, кладучы пяро назад.
– А працоўных дамоў? – настойваў Скрудж. – Яны ўсё яшчэ дзейнічаюць?
– На жаль, так, – адказаў джэнтльмен, – хаця я ахвотна сказаў бы, што іх даўно пазакрывалі.
– Значыць, існуе яшчэ прымусовая праца, а закон пра бедных у сіле? – працягваў Скрудж.
– І тое, і другое пакуль не адмянілі.
– Ох, а я ўжо, паслухаўшы вас, спалохаўся, што ўсё гэта чамусьці скасавалі! – усклікнуў Скрудж. – Рады чуць, што памыліўся.
– Усе гэтыя законы і ўстановы наўрад ці маюць на мэце хрысціянскі клопат пра душу і цела бедакоў, – запярэчыў джэнтльмен, – а таму мы вырашылі сабраць грошай, каб купіць няшчасным хаця б крыху ежы, піцця і цёплага адзення. Мы выбралі менавіта перадкалядны час, бо ў такія дні беднасць адчуваецца найвастрэй, а багацце дорыць найбольш радасці. Якую суму дазволіце запісаць пад вашым імем?
– Ніякае! – адказаў Скрудж.
– Вы хочаце ўнесці грошы ананімна?
– Я хачу, каб мяне пакінулі ў спакоі, – адказаў Скрудж. – Калі ўжо вы пажадалі ведаць, чаго я хачу, вось вам мой адказ. Я не весялюся на Каляды і не магу выдаткоўваць грошы, каб весяліць лайдакоў. Я падтрымліваю ўстановы, пра якія казаў, і гэтага з мяне даволі. Тыя, хто цярпіць нястачу, могуць ісці туды.
– Мала хто захоча туды пайсці – ужо лепш памерці.
– Ну і хай паміраюць, – сказаў Скрудж, – і скарачаюць лішак насельніцтва. Да таго ж, прабачце, мяне гэта зусім не цікавіць.
– Але гэта мусіць вас цікавіць! – запярэчыў джэнтльмен.
– Гэта не мая справа, – абурыўся Скрудж. – Хай кожны займаецца сваімі справамі і не лезе ў чужыя. Мне дык сваіх цалкам хапае. Усяго найлепшага, джэнтльмены!
Зразумеўшы, што спрачацца няма сэнсу, джэнтльмены зніклі за дзвярыма. Задаволены сабой, Скрудж вярнуўся да перарваных справаў весялейшы, чым звычайна.
Тым часам цемра і імгла згусціліся так, што на вуліцы з’явіліся людзі з паходнямі, якія прапаноўвалі свае паслугі – ісці перад экіпажамі і асвятляць дарогу. Старадаўняя царкоўная званіца, чый даўно асіплы звон кожнага дня хітравата пазіраў на Скруджа з гатычнага акенца, зрабілася зусім нябачнай – здавалася, гадзіны і чвэрці вызвоньваліся дзесьці ў аблоках, і кожны ўдар суправаджаўся такім тоненькім бразгатаннем, быццам у звона ад холаду зуб на зуб не трапляе. Мароз мацнеў. У куце двара, што выходзіў на галоўную вуліцу, некалькі рабочых рамантавалі газавыя трубы, запаліўшы ў жароўні вялікае вогнішча, на якое сабраліся бесхацінцы. Яны грэлі рукі і зачаравана глядзелі на агонь. Забыты ўсімі водаправодны кран маркотна сцякаў вадой і пакрысе замярзаў, самотна пакрываючыся чалавеканенавісніцкай коркай лёду. Яркія вітрыны, у якіх ажно патрэсквалі ад гарачыні галінкі вастралісту, асвятлялі бляклыя твары мінакоў. Бакалейныя і мясныя крамкі ператварыліся ў шыкоўнае відовішча і нібыта цвялілі пакупнікоў – нельга было паверыць, што яны маюць хоць нейкае дачыненне да такой нудлівай справы, як гандаль і зніжкі. Лорд-мэр у раскошным палацы ўжо загадваў сваім пяцідзесяці кухарам і лёкаям не страляць варон, а рыхтавацца так, каб Каляды былі вартыя лорда-мэра, і нават маленькі краўчык, якога ён у мінулы панядзелак аштрафаваў на пяць шылінгаў за п’янства і крыважэрныя паводзіны на вуліцах, ужо размешваў на сваім гарышчы калядны пудынг, а яго сухарлявая жонка тым часам пабегла з дзіцем купляць ялавічыну.
Аднак туман усё гусцейшы, мароз усё мацнейшы! Калючы, пранізлівы, рэзкі холад! Калі б добры наш святы Дунстан* схапіў д’ябла за нос такім марозам, а не нейкімі там шчыпцамі, ох і закрычаў бы нячысты! Ох і дасталася б яму! Вось і аднаго маладога ўладальніка досыць сціплага носа галодны мароз ужо да душы пакусаў і пагрыз не раўнуючы сабака костку; змерзлы юнак акурат спыніўся ля замочнай шчылінкі Скруджа, каб забавіць таго вясёлай калядкай, аднак адразу пасля першых словаў святочнае песні: «Дай Бог, панове, шчасця вам, хай сум пакіне вас…»* – Скрудж з такім імпэтам схапіўся за лінейку, што перапужаны спявак кінуўся наўцёкі. Цяпер у шчылінку зазіралі толькі туман і блізкі сваяк Скруджа – мароз.