Стралко Валерый - Мастак. Да 200-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі (зборнік) стр 3.

Шрифт
Фон

Таму так прыцягвае Шаўчэнку магія паэтычнага слова, якая валодае здольнасцю абуджаць міфапаэтычнае мысленне, выклікаць з глыбіняў памяці пачуццёвыя асацыяцыі, бачныя ва ўяўленні вобразы, патухлыя галасы… Слова творыць сістэму духоўнага ўзаемадзеяння паміж паэтам і яго народам. Шаўчэнка адчувае эстэтычную неабходнасць абуджэння індывідуальнай духоўнай энергіі, якая ўлівалася б у працэс нацыянальнага самаўсведамлення народа. Таму ён пасылае свае думы ва Украіну, туды, дзе яшчэ жывая народная душа, сагрэтая родным словам, хай і не друкаваным, але моўленым, спяваным, малітоўным…

Сваё духоўнае «я» ён нібы аддзяляе ад сябе, асуджанага на фізічнае быццё ў халодным ненавісным Пецярбургу, і адсылае яго ва Украіну з прароцкай місіяй абуджаць нацыянальную свядомасць.

Шаўчэнка ведае, што ён абавязаны гэтым вышэйшым, боскім поклічам адбыцца ва Украіне, – вяртанне ў «нашу Украіну» непазбежнае. Успомнім «Запавет». Але для яго яшчэ больш важна вярнуць, паслаць ва Украіну сваё Слова.

Дні дваццаціпяцігадовага Шаўчэнкі, вучня Акадэміі мастацтваў, кіпяць прагай пазнання – ён вывучае французскую мову, наведвае тэатры, мноствам кніг пашырае межы свайго гістарычнага мыслення. Чытае пра мінулае Украіны ў працах Д. Бантыш-Каменскага («История Малой России…»), М. Маркевіча, творах Гогаля, вывучае «Історію Русів», захоплена перачытвае І. Катлярэўскага, Г. Квітку-Аснаўяненку, Я. Грэбінку… Яго трывожыць забыццё народам свайго слаўнага і свайго няшчаснага мінулага.

Дзе падзелася казацтваЎ жупанах чырвоных?Куды гетманы прапаліРазам з доляй-воляй?

Дні пралятаюць віхурай у спешцы наведаць модны літаратурны салон, канцэрт, прэм’еру ў тэатры, мастацкую выставу… Але маладая душа пакутуе, думкі раздзіраюць спакой вячэрняй адзіноты і кладуцца «на паперы сумнымі радкамі»…

Паэту цяжка са сваімі думкамі, якія «ліха на свет на смех спарадзіла». Ён пытае ў сябе, у свайго лёсу: навошта любіў, навошта даглядаў іх – свае кветкі, сваіх дзяцей, навошта з імі плакаў? Ці знойдзецца ў свеце хоць адна душа, адно «дзявочае сэрца», «што аплача гэтыя думы»?

Адну слязу з вачэй карых —І… пан над панамі!..

Шаўчэнка хваравіта перажывае, куды падзець свае думы, якія ён так любоўна гадаваў, даглядаў?

Ва Ўкраіну йдзіце, дзеці!У нашу Ўкраіну,Бы няшчасныя сіроткі,А я тут загіну.

У пачатку 1840 года паэт прароча сведчыць: яго паэтычныя думы, яго песні, яго кветкі-дзеці пойдуць ва Украіну, а сам ён тут, у імперскай сталіцы, загіне.

Тады ж Шаўчэнка малюе алейнымі фарбамі першы аўтапартрэт. Рамантычны, пышнавалосы, з вострым позіркам вялікіх цёмных вачэй, рэзкія «хвалі» неспакойных броваў, моцна сціснутыя вусны – колькі душэўнага напружання, валявой рашучасці і творчай дзейнасці выпраменьвае гэты пластычна дасканалы вобраз мастака! Сіне-зялёныя тоны адценьваюцца чырвоным пробліскам гарачага дыхання неўміручасці.

У канцы 1839 года Я. Грэбінка пазнаёміў Шаўчэнку з украінскім памешчыкам П. Мартасам, якому захацелася мець свой акварэльны партрэт. Падчас сеансаў П. Мартас убачыў рукапіс вершаў маладога мастака і вырашыў аплаціць выданне твораў Шаўчэнкі.

18 красавіка 1840 года ў Пецярбургу з’яўляецца на свет першы зборнік паэта пад назвай «Кабзар», рукапіс якога да друку падрыхтаваў Я. Грэбінка. У кнігу ўвайшло восем твораў: «Думи мої, думи мої…», «Перебендя», «Катерина», «Тополя», «Думка» («Нащо мені чорні брови…»), «До Основ’яненка», «Іван Підкова», «Тарасова ніч». Нягледзячы на цэнзуру і выкрэсліванні ў «Катерині», у вершы «До Основ’яненка» і паэме «Тарасова ніч», гэта была вялікая духоўная перамога паэта над маўчаннем, якое неміласэрнай перашкодай стаяла на шляху да творчага самаздзяйснення. Шаўчэнка стварыў кнігу – духоўнага ваяра, якому даверыў барацьбу за чалавечыя душы, здранцвелыя ў бяздзейнай адзіноце. Адпраўляў малады Шаўчэнка свае думы – «кветкі мае, дзеці!» – ва Украіну ў вобразе народнай кнігі, напісанай на мове свайго народа. Адпраўляў у надзеі-перакананні:

Стрэнеце там шчырасць сэрцаСа словам ласкавым,Стрэнеце там шчырасць-праўду,Яшчэ, можа, й славу…

Унутрана самотны паэт уяўляў сябе кабзаром, старым Перабендзяй, які спявае ў стэпе на кургане, сумуючы, што вецер па полі развее яго словы.

Каб людзі не слухалі Боскае слова,Што сэрцу пра волю ад Бога гучыць,І сэрца шчабеча Гасподнюю славу,А думка на хмары па свеце ляціць.

Няма ў Шаўчэнкі ўпэўненасці ў тым, што ягонае слова запаліць у сэрцах людзей іскру сумненняў і разважанняў аб сваім нявольніцкім лёсе. У снежні 1844 года ён піша вершаванае пасланне Гогалю, якога не аддзяляў ад украінскага этнакультурнага арэала:

Каму ж яе пакажу я,І хто тую мовуПрывітае і пазнаеВялікае слова?Людзі зглухлі і паніклі:У ярмах – не ў лаўрах…Ты смяешся, а я плачу,Вялікі мой сябра.

Каб, у надзеі на даверную размову, бліжэй прыхінуцца да чытача, малады Шаўчэнка перадавярае свае думы «бяздольнаму старому кабзару», якога прывыклі слухаць па вёсках, верылі яго кобзе, яго думе. І сёння гэты стэрэатып успрымання Шаўчэнкі – у вобразе старога кабзара ў смушкавай шапцы, у цяжкім кажусе, змрочнага і сярдзітага гайдамацкага мсціўца, пераважае. А паэту было ўсяго дваццаць чатыры гады, калі ён напісаў «Кацярыну», «Гайдамакі» былі завершаны на 26-м годзе жыцця.

Гайдамаччына – гэта апошняе парыванне ўкраінскага народа атрымаць свабоду, гэта трагедыя даведзенага да роспачы прыгнечанага народа, які ў шалёнай празе помсты за здзек губляе маральныя засцярогі і не зважае на Божыя запаведзі. Шаўчэнка хваравіта перажывае гэты немы крык заняволенага народа, што выбухнуў гневам «за святую праўду-волю» і асудзіў сябе на шматгадовыя бязмежныя пакуты:

У старых спытаю:«Чаго, бацькі, сумуеце?»«Нявесела, сыне!Дняпро на нас раззлаваўся,Плача Украіна…»

Слова, якое толькі плача, у смутку і тузе калыша ўспаміны, а не акрыляе дух, не напаўняе чалавека і нацыю энергіяй самаздзяйснення, – для паэта мёртвае.

Шаўчэнкавае слова ўваскрашае гістарычныя падзеі, факты такімі эстэтычнымі сродкамі, каб спачатку разбурыць стэрэатыпы іх успрымання, а затым гэтую падзею або факт падаць у новай інтэрпрэтацыі. Для гэтага паэт пашырае карціну першапрычын і развіцця з’явы. Вымярэнні гісторыі, іх свядомае сутыкненне ў Шаўчэнкі накіраваныя на тварэнне цэласнага ўяўлення аб той ці іншай падзеі, з’яве, фігуры (Хмяльніцкі, разбурэнне Сечы, Калііўшчына). Асэнсоўваныя Шаўчэнкам падзеі нібы ахутваюцца духоўнай энергіяй унутранага ўгадвання-спазнання ім сапраўдных глыбінь і зместу гістарычных з’яў і працэсаў. Так, у паэме «Гайдамакі» паэт «паварочвае» падзеі мінулага трагічным бокам і пераасэнсоўвае ўражанні і «сведчанні» ўдзельнікаў Калііўшчыны. Ён перарывае плынь гістарычнага аповеду, каб, уплятаючы ў яе тканіну глыбокія аналогіі, асацыяцыі і ўласны ацэначны погляд, стварыць рухомую сістэму мастацкіх сувязяў, якая нараджае новыя ўспрыманні і ацэнкі.

Гайдамацкі «чырвоны баль» па ўсёй Украіне – для Шаўчэнкі не толькі справядлівая помста за прыгнёт і здзекі, але і глыбокая рана ў душы і свядомасці ўкраінскага народа. Яго трагедыя заключалася таксама ў супрацьстаянні праваслаўнай і ўніяцкай веры, у рэлігійнай раз’яднанасці этнічных украінцаў, якую ўсяляк узмацняла і культывавала польская шляхта. З глыбокім болем піша паэт пра жорсткае ліхалецце:

Не спыніла завірухаПякельнае кары…Пекла мала!.. Людзі, людзі!Калі ж досыць будзеТаго дабра, што маеце?Дзіўныя ж вы, людзі!Не спыніла вясна крыві,Ні злосці людское…

Шаўчэнка славіць правадыроў свайго народа за іх ахвярнасць, мужнасць і сілу духу, за веру ў незалежную Украіну і адначасова папракае за разлад і неапраўданыя кампрамісы, за паражэнні, якія прывялі да нацыянальнага бяссілля, палітычнай пасіўнасці:

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Похожие книги

БЛАТНОЙ
18.3К 188