По Эдгар Аллан - Маска Чырвонае Смерці (зборнік) стр 2.

Шрифт
Фон

«Кожны раз я перажываў агонію яе смерці і з кожным новым прыступам кахаў яе мацней і чапляўся за яе жыццё з упартасцю роспачы». Адчуванне сэнсу ў жыцці саступіла страху перад вар’яцтвам і самотаю. У пошуках жыццёвай падтрымкі По кідаўся з горада ў горад, як параненая птушка ў апошнім парыве, але сілаў больш не было. «Я мушу памерці, у мяне не засталося жадання жыць пасля таго, як я скончыў “Эўрыку”. Я ўжо нічога больш не здолею стварыць», – піша По ў адным з апошніх лістоў да Марыі Клэм. Абставіны сыходу з жыцця вялікага амерыканскага пісьменніка ахутаныя таямніцай. Гэта здарылася ў Балтымары 7 кастрычніка 1849 года. Але жыццё ягоных несмяротных твораў працягваецца, залучаючы ў сваё магічнае кола ўсё новыя пакаленні чытачоў і вучняў непаўторнага генія.

Асаблівай заслугай Эдгара По лічыцца стварэнне жанру рамантычнага апавядання, увасабленне прынцыпаў рамантычнае эстэтыкі ў прозе. Для ажыццяўлення такой задачы трэба было мець адначасова дар натхнёнай інтуіцыі і дакладнага матэматычнага мыслення. «У По калі і ёсць фантастычнасць, то нейкая матэрыяльная», – адзначаў Ф. Дастаеўскі, аўтар першых перакладаў на рускую мову апавяданняў «Чорны кот» і «Сэрца выкрывае». По – непераўзыдзены майстар рэалістычнай фантастыкі і звышнатуральнага псіхалагізму. Калі можна прыняць такі парадаксальны панятак – «рацыянальнае чарадзейства», то менавіта ім прасякнутыя творы пісьменніка. Крыніцаю гэтых адкрыццяў была ягоная паэзія. Агульнае для прозы і паэзіі По – гэта сімвал, дакладней, сістэма сімвалаў. Шматзначнасць, няпэўнасць вобразасімвала найбольш відавочныя ў «псіхалагічных» навелах По (ён даў сваё азначэнне гэтаму жанру – «арабескі»), што раскрываюць фатальныя супярэчнасці чалавечае прыроды, барацьбу розуму і пачуццяў, дабра і зла на мяжы вар’яцтва (вершы «Закляты замак» і «Чарвяк-пераможца», навелы «Падзенне Дому Ашэраў», «Маска Чырвонае Смерці» і інш.). Ролю сімвалу граюць знакі (расколіна ўздоўж сцяны дому Ашэраў), з’явы (цёмныя цені на вадзе ў апавяданні «Выспа Феі»), адчуванні (пачуццё жаху ў навеле «Сфінкс»), гукі («Падзенне ў Мальстрэм»), фарбы («Авальны партрэт»), але найперш сімвалічны характар мае сама тэма апавяданняў. Найбольш узнёслай і прыгожай тэмай у мастацтве По лічыў гісторыю кахання і смерці прыўкраснай каханай. Безумоўна, факты біяграфіі пісьменніка маглі стаць падставай для такога выбару сюжэта, але ў навелах По гэтая тэма набывае складаны філасофска-эстэтычны сэнс. По паходзіў са штата Вірджынія, цытадэлі амерыканскай культуры, і хваравіта перажываў заняпад духоўных традыцыяў пад уціскам камерцыйнага «прагрэсу». З іншага боку, як паэт, што ўспрыняў ідэі нямецкіх ідэалістаў (Ё. Фіхтэ, Ф. Шэлінга), По ўсведамляў асуджанасць прыгажосці і гармоніі, гэтых водбліскаў вечнасці, у бездухоўным свеце разліку і карыслівасці і адчуваў спрадвечную тугу паэта па страчаным, скрадзеным ідэале.

Славу заснавальніка дэтэктыўнага жанру прынеслі Эдгару По чатыры знакамітыя апавяданні: «Забойствы на вуліцы Морг» (1841), «Таямніца Мары Ражэ» (1842), «Залаты жук» (1843) і «Скрадзены ліст» (1844). Сам аўтар называў іх «лагічнымі» апавяданнямі («рацыяцынацыямі»), а асноўную задачу гэтых твораў бачыў у вывучэнні «працэсу дакладнага мыслення», камбінацыі дэдуктыўнага і індуктыўнага метадаў лагічнага мыслення. Галоўныя героі, дэтэктывы Дзюпэн і Легран, расследуюць злачынствы, дэманструючы выключныя здольнасці свайго інтэлекту і ўяўлення. На думку рамантыкаў, менавіта ўяўленне здольнае прадбачыць ісціну з дапамогай інтуітыўнага азарэння. Дзюпэн і Легран не пазбаўленыя рамантычнай загадкавасці, якая знайшла адлюстраванне ў іх ладзе жыцця, манерах, таемных прыхільнасцях. У той жа час яны не бягуць ад рэчаіснасці, паглыбляючыся ў самыя будзённыя бакі чалавечага жыцця. Рамантычны герой, не страчваючы выключных рысаў, набывае ў По рацыянальна ўраўнаважанае і жыццёва пераканаўчае аблічча.

Уменне Эдгара По спалучаць логіку матэматычна дакладнага аналізу з самымі неймавернымі прыхамацямі фантазіі заслужыла прызнанне ягоных сучаснікаў. Сапраўдны апафеоз палёту чалавечай фантазіі, думкі, скіраванай у неспазнанае, стварае пісьменнік у навеле «Незвычайная прыгода нейкага Ганса Пфааля» (1835). Дэтальнае апісанне падарожжа на Месяц межавала з літаратурнай містыфікацыяй. Форма паслання на Зямлю ўдзельніка палёту, пра які расказвае аўтар (прыём «апавядання ў апавяданні»), была такой праўдападобнай, што пасланне гэтае здавалася насамрэч праўдзівым.

Так званыя навукова-фантастычныя апавяданні По часта маюць сатырычную скіраванасць – супраць філістарскіх выдумак, невуцтва і неразумнасці натоўпу. Асабліва высмейвае Эдгар По культ утылітарных каштоўнасцяў сучаснага яму буржуазнага грамадства (навела «Дзялок»).

Нягледзячы на велізарнае значэнне навелістыкі По, прызнанай пры жыцці пісьменніка, ён дасягнуў несувымерна больш вялікіх адкрыццяў як паэт. Зямное жыццё паэта абарвалася, калі геніяльнасць ягоных вершаў толькі пачала адкрывацца сучаснікам.

Свае погляды на канцэпцыю паэтычнай творчасці ў цэлым По выразіў на старонках шэрагу бліскучых тэарэтычных працаў, што сталіся маніфестамі амерыканскага рамантызму. Да іх належаць перадусім «Філасофія кампазіцыі» (1846) з аўтакаментаром да легендарнага верша «Крумкач» і «Паэтычны прынцып» (1848–1849), які ўяўляе сабой найбольш разгорнуты аналіз прыроды паэтычнага мастацтва. Знаходзячыся ў цеснай сувязі з эстэтыкай еўрапейскага рамантызму («Літаратурная біяграфія» С. Т. Колрыджа, «Абарона паэзіі» П. Б. Шэлі, працы нямецкіх рамантыкаў), По выказвае шэраг новых ідэяў, актуальнасць якіх была ўсвядомленая толькі пакаленнем сімвалістаў (Ш. Бадлер, П. Валеры, В. Брусаў, К. Бальмонт).

Перш за ўсё найвышэйшай і адзінай мэтай Паэзіі По называе Прыгажосць: «Толькі ў сузіранні прыўкраснага мы здольныя адчуць узвышанае задавальненне ці ўзрушэнне душы, якое мы называем паэтычным пачуццём і якое вельмі лёгка адрозніць ад ісціны, што прыносіць задавальненне розуму, ці ад жарсці, што хвалюе сэрца».[1] Варта адзначыць, што пад словам «праўда» ў сваім артыкуле По разумее перадусім разумовыя догмы, дзеля дасягнення якіх «мы мусім быць халоднымі, спакойнымі, бязжарснымі. Адным словам, мы мусім быць у тым стане, які як мага больш процілеглы паэтычнаму». Такім чынам, выказванне По не супярэчыць рамантычнаму тэзісу пра тоеснасць красы і праўды (Дж. Кітс), але ўдакладняе яго з пазіцыяў амерыканскае рэчаіснасці, якая звязвае панятак праўды з догмамі маралі. Раздзяляючы «свет розуму» (the world of mind) на тры складнікі – чысты інтэлект (Pure Intellect), густ (Taste) і маральнае пачуццё (Moral Sense), По змяшчае густ пасярэдзіне: «розум мае дачыненне да ісціны, <…> густ паведамляе нам пра прыгожае, а маральнасць клапоціцца пра абавязак».

Як рамантык По не зводзіць уяўленне пра Прыгажосць да прыгожых формаў, што выключае саму магчымасць суаднясення ягонае паэзіі з фармалісцкімі тэндэнцыямі ў сімвалізме або эстэтызме. «Як лілея адбіваецца ў возеры, а вочы Амарыліс – у люстэрку, так і вуснае ці пісьмовае ўзнаўленне гэтых формаў, гукаў, колераў, пахаў і адчуванняў падвойвае крыніцу асалоды. Аднак, – дадае По, – такое паўтарэнне не ёсць яшчэ паэзіяй».

«Той, хто проста спявае, хай сабе з палкай захопленасцю ці жывой праўдападобнасцю ўзнаўлення, пра вобразы, гукі, водары і пачуцці, дасягальныя для яго, як і любога іншага чалавека, не даказвае свайго права на боскае званне. У далечыні ўсё яшчэ засталося нешта, чаго ён не здолеў дасягнуць». Гэтым «чымсьці» По называе скіраванасць да вечнасці. Гэта «імкненне матылька да зораў. Гэта не проста спасціжэнне прыгажосці наўкола нас, гэта і адчайная спроба дасягнуць прыгажосці вышняй». Асноўнай якасцю сапраўднага паэтычнага пачуцця, прысутнасць якога можна заўважыць не толькі ў слоўнай творчасці, але і ў разнастайных іншых мастацтвах – жывапісе, скульптуры, архітэктуры, танцы, музыцы, садова-паркавым мастацтве, – По лічыць любоў да ўзвышана прыўкрасных з’яваў: «Жаданне спасцігнуць незямную прыгажосць, гэтае жаданне душаў адмысловага складу, і дало свету ўсё тое, што ён мог адразу і зразумець, і назваць паэтычным».

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора