По Эдгар Аллан - Маска Чырвонае Смерці (зборнік) стр 10.

Шрифт
Фон

Я не мог не падумаць пра дзіўныя абрады, апісаныя ў гэтай кнізе, і іх магчымы ўплыў на хворага, калі аднаго вечара, каротка паведаміўшы мне, што лэдзі Мадэліны больш няма, ён сказаў пра свой намер на два тыдні (да канчатковага пахавання) пакласці яе цела ў адзін са шматлікіх склепаў пад цэнтральнаю часткай будынка. Аднак прычына, якою ён патлумачыў мне свой незвычайны ўчынак, была такая, што я не наважыўся спрачацца. Зрабіць гэта ён вырашыў зважаючы (так ён мне сказаў) на незвычайную яе хваробу, некаторыя настойлівыя і неадчэпныя роспыты яе дактароў, а таксама на тое, што сямейныя могілкі былі далёка і ў адкрытым месцы. Не буду адмаўляць: згадаўшы змрочны выгляд доктара, якога я сустрэў на лесвіцы ў дзень прыезду, я не захацеў пярэчыць намеру, што падаўся мне, зрэшты, бяскрыўднай і цалкам натуральнай абачлівасцю.

Па просьбе Ашэра я сам дапамагаў яму ў падрыхтоўцы часовага пахавання. Мы ўдвух паклалі цела ў труну і аднеслі яе ў склеп, маленькі, сыры, які не прапускаў ніякага святла. Яго так доўга не адчынялі, што нашыя паходні, напалову згаслыя ў цяжкім паветры, не далі нам шмат разгледзець. Ён ляжаў глыбока пад зямлёю, акурат пад той часткай будынка, дзе была мая спачывальня. Відавочна, у далёкую феадальную эпоху ён выконваў найнепрывабнейшую ролю турмы ў данжоне, а пазней – сховішча, куды складалі порах або іншыя лёгкаўзгаральныя рэчывы, бо частка падлогі і ўвесь скляпеністы калідор, па якім мы прайшлі, былі старанна абабітыя меддзю. Цяжкія жалезныя дзверы былі ўмацаваныя гэткім жа чынам. Праз сваю неймаверную вагу яны жахліва скрыгаталі, паварочваючыся на завесах.

Паклаўшы нашую сумную ношу на драўляны насціл у гэтым жытле жаху, мы крыху адсунулі яшчэ не замацаванае века труны і паглядзелі на твар той, што ў ёй ляжала. Надзвычайнае падабенства брата й сястры тады ўпершыню забрала маю ўвагу, і Ашэр, адгадаўшы, мабыць, мае думкі, прамармытаў некалькі словаў, з якіх я зразумеў, што яны са спачылаю блізняты і што паміж імі заўсёды існавала амаль неспасцігальная сувязь. Зрэшты, нашыя позіркі ненадоўга спыніліся на мёртвай, бо глядзець на яе без трымцення мы не маглі. Немач, што звяла яе ў магілу ў росквіце гадоў, пакінула, як звычайна бывае пры каталепсіі, слабое падабенства румянцу на яе твары й грудзях і тую дзіўна застылую ўсмешку на вуснах, што так жахае ў нябожчыках. Мы прыкруцілі века і, замкнуўшы жалезныя дзверы, з цяжкасцю пакрочылі ў ненашмат менш змрочныя пакоі наверсе.

А праз некалькі дзён, поўных глыбокае скрухі, характар разумовага расстройства майго сябра заўважна змяніўся. Ягоная звычайная манера паводзіцца знікла. Штодзённыя заняткі былі закінутыя і забытыя. Ён бязмэтна блукаў з пакоя ў пакой, то тут, то там былі чуваць ягоныя хуткія, няроўныя крокі. Бледнасць ягонага твару зрабілася, калі гэта магчыма, яшчэ жахлівейшаю, аднак бляск ягоных вачэй згас цалкам. Калісьці ягоны голас гучаў глуха, але не цяпер. Што б ён ні казаў, ва ўсім чулася неймавернае трымценне, быццам народжанае найглыбейшым жахам. Часам мне здавалася, што ягоны заўжды ўсхваляваны розум увесь час змагаецца з нейкай гнятлівай таямніцаю, і ён спрабуе набрацца мужнасці, каб пра яе расказаць. А часам я мусіў лічыць усё гэта папросту невытлумачальнымі выбрыкамі вар’яцтва, назіраючы, як ён гадзінамі сядзіць, з незвычайна пільнай увагаю ўглядаючыся ў пустату і нібы прыслухоўваючыся да ўяўных гукаў. Не дзіва, што ягоны стан жахаў і заражаў мяне. Я адчуваў, што мною марудна, але няўмольна завалодваюць ягоныя фантастычныя неадступныя кашмары.

Я цалкам адчуў на сабе ўладу гэтых пачуццяў, кладучыся ў ложак на сёмы ці восьмы вечар пасля таго, як мы паклалі лэдзі Мадэліну ў склеп. Сон не йшоў да мяне, гадзіна праходзіла за гадзінаю. Розумам я спрабаваў адагнаць неспакой, што ахапіў мяне. Я намагаўся ўпэўніць сябе, што многае, калі не ўсё, з таго, што я адчуваю, народжанае дзіўным уплывам змрочнае абстаноўкі пакоя – падранымі цёмнымі парцьерамі, якія пад подыхам блізкае буры парывіста гайдаліся з боку ў бок і трывожна шаргацелі ля балдахіна ложка. Але спробы мае былі марныя. Неадольнае трымценне паступова працяла мяне ўсяго, і цяжар беспрычыннага страху лёг мне на сэрца. Задыхаючыся, з неймавернымі высілкамі адганяючы гэты кашмар, я сеў на ложку і пільна ўгледзеўся ў непраглядны змрок пакоя. Прыслухаўшыся – не ведаю, чаму, мабыць, інстынктыўна, – я пачуў ціхія няясныя гукі, якія зрэдку, незразумела адкуль, даносіліся сюды, калі бура сціхала. Апанаваны ўсеўладным жахам, невыносным і невытлумачальным, я паспешліва апрануўся – бо адчуваў, што гэтаю ноччу мне ўжо не заснуць, – і паспрабаваў скінуць насланнё, хутка ходзячы туды-сюды па пакоі.

Я змераў пакой такім чынам некалькі разоў, калі маю ўвагу забралі лёгкія крокі на лесвіцы побач. Я пазнаў хаду Ашэра. Праз імгненне ён ціха пастукаўся і ўвайшоў з лямпаю ў руках. Ён быў, як заўсёды, змярцвела бледны, але ў вачах свяцілася нейкая вар’яцкая весялосць – па ягоных паводзінах было бачна, што ён ледзь стрымлівае істэрыю. Я жахнуўся ягонага выгляду, але цяпер быў рады ўсяму, што пазбаўляла мяне доўгай невыноснай адзіноты, і ўспрыняў ягоны прыход як палёгку.

– Вы што, не бачылі? – адрывіста запытаў ён пасля некалькіх імгненняў, цягам якіх ён маўчаў, утаропіўшыся ў нешта акурат перад сабою, – не бачылі? Але пачакайце, яшчэ ўбачыце! – ён асцярожна прыкрыў лямпу, падбег да аднаго з вокнаў і рэзка расчыніў яго насустрач буры.

Імклівая ярасць віхуры ледзьве не збіла нас з ног. Так, гэта была бурная, але сувора прыўкрасная ноч, непаўторная ў сваім жахлівым шаленстве і харастве. Відавочна, дзесьці паблізу пачаўся ўраган, бо кірунак ветру часта і рэзка мяняўся, а надзвычайная гушчыня хмараў, якія віселі так нізка, што ціснулі на вежы замка, не перашкаджала нам бачыць, як яны, нібы жывыя, несліся насустрач адна адной, сутыкаліся, але не разыходзіліся далёка. Я сказаў, што іх надзвычайная гушчыня не перашкаджала нам гэта бачыць, хаця не свяцілі ні зоры, ні месяц, і маланка не бліскала. Але пад вялізнымі ўздыбленымі клубамі туману, як і паўсюль навокал нас, ззяла ненатуральнае святло, народжанае выпарэннямі газу, які ахутваў дом.

– Не варта, не трэба вам на гэта глядзець! – дрыжучы, сказаў я Ашэру і з мяккай настойлівасцю пасадзіў яго на крэсла, далей ад акна. – Тое, што ўсхвалявала вас, – не больш як звычайныя электрычныя з’явы. А можа, іх спарадзілі агідныя міязмы возера… Давайце зачынім акно, такі вецер шкодны для вашага здароўя. Вось адзін з вашых улюбёных рыцарскіх раманаў. Я пачытаю, а вы паслухайце – і мы разам дачакаемся канца гэтае жахлівае ночы.

Старажытны том, узяты мною, быў сачыненнем сэра Ланселота Кенінга «Небяспечнае спатканне»*, але я назваў яго ўлюбёным раманам Ашэра хутчэй нявесела жартуючы, чым усур’ёз, бо, шчыра кажучы, ва ўсім гэтым нязграбным і пазбаўленым фантазіі шматслоўі мой сябар, чыя ўзвышаная душа сягала ідэальнага, наўрад ці знайшоў бы хоць штосьці для сябе цікавае. Аднак гэта была адзіная кніга пад рукою, і я меў слабую надзею, што ўсхваляванасць, якая ахапіла яго, зменшыцца менавіта ад скрайняй бязглуздасці таго, што я збіраўся чытаць (бо хворыя на разумовыя расстройствы часта вылучаюцца такой непаслядоўнасцю). Прынамсі, калі б я меркаваў па ажыўленай напружанасці, з якою ён слухаў (ці рабіў выгляд, што слухае) аповед, я мог бы павіншаваць сябе з поспехам мае задумы.

Я дайшоў да добра вядомага ўрыўка, дзе Этэльрэд – галоўны герой рамана – пасля марных спробаў мірна ўвайсці ў жытло пустэльніка наважваецца ўварвацца туды сілаю. Тут, калі памятаеце, гаворыцца: «І Этэльрэд, ад прыроды надзелены мужнасцю, а цяпер яшчэ больш адважны ад віна, ім выпітага, не стаў больш весці размоваў з пустэльнікам, які, праўду сказаць, быў натураю ўпартай і зламыснай, адчуваючы, што набліжаецца дождж і баючыся буры, тут жа падняў сваю булаву і, цяжка дыхаючы, хутка праламаў драўляныя дзверы, а ў адтуліну прасунуў руку ў жалезнай рукавіцы, потым ірвануў іх на сябе, паламаў і разбіў на часткі, і грукат і трэск разбітае сухое драўніны пакаціўся па ўсім лесе».

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора