Самае жахлівае: гэта ж не праігнаруеш, не скінеш высілкам волі. Я праглынула камяк. Для гэтага Нешта няма прыдатнага кантэксту: за маёй спінай разагрэты сонцам парк і горад, які дзе-нідзе парадаксальна напамінае Прагу, што пераходзіць у Сан-Рэма.
Я разумела, якое цяпер мізэрнае відовішча ўяўляю сабой у ментальным плане, аднак я знайшла сілы выціснуць колькі ветлівых фраз і папрасіць прабачэння за турботу. Я насілу завярнулася і выйшла на ватовых нагах; так, павярнуцца было найцяжэй – так заўсёды сыходзіш з цёмнага пакоя з чаканнем нажа ў спіну.
На зялёнай алеі з платанаў я ледзь адвязалася ад ванітоўнага пачуцця. Хоць у прынцыпе зразумела, што граф проста не ў гуморы.
Стрэс часцяком заядаюць – я купіла марозіва.
– А-а, вось ты дзе!
Арына ўволю нагаманілася са шведам і адправілася шукаць мяне – мы знайшлі адна адну без тэлефанавання. Зараз мы падмацавалі сілы, але нас чакаў шлях да аўтобуснага прыпынку, а там з’езд у Ніжні Горад па серпанціне. Па дарозе да прыпынку адбылося здарэнне: Арына страціла прытомнасць. Не звалілася як падкошаная, але стала павольна абсоўвацца проста мне на рукі – я ж, хоць і спалохалася не на жарт, кінулася падхапіць яе.
На спробы адвалачы яе на лаўку Арына запратэставала. Праз паўхвіліны яна змагла цвёрда ўстаць на ногі, а потым яшчэ і пайсці як нічога не было. Потым змрочна запатрабавала мінералкі. Вылаялася з-за таго, што вада цёплая, але ўсё адно зрабіла два-тры глыткі. А потым расхістаным жэстам шпурнула бутэльку проста пад абрыў, у зараснікі тыгровага альясу. Нехта мог бы абурыцца, але там, унізе, стаялі смеццевыя бакі. Ці патрапіў кідок у цэль, было ўсё роўна – галоўнае было даехаць зараз дахаты жывымі-здаровымі.
Што мы, зрэшты, і зрабілі насуперак задусе і трасенню: Арына шчасна даехала да гатэля, а я да хаты сваякоў. Па прыбыцці сцэнар у нас быў аднолькавы: скінуць усё адзенне, залезці пад душ, а потым – абваліцца ў пасцелю, пад накрухмаленую халаднаватую прасціну.
Цётка Маўрысія зайшла запытацца, калі я буду збіраць рэчы. Я штосьці прамармытала і, перавярнуўшыся на спіну, заснула. Яна махнула рукой і пайшла на кухню. У сне было не бачна. Проста я ведала гэты яе жэст.
Самалёт заўтра. Вылятае ў тры. Ад ранку ўсё спакую.
Увечары я выбегла ў бліжэйшую крамку купіць крэветак і памідораў. Вярталася, адчуваючы, як пакет адцягвае руку, а вецер гуляе па лапатках: выйшла я ў лінялых шортах і белай барцоўцы. І, натуральна, у пляскаючых в’етнамках «у палец».
Потым мы ўсёй шаноўнай кампаніяй вельмі душэўна пасядзелі, ядучы марскіх гадаў і запіваючы іх напалову разведзеным ружовым віном. На шпацыр не выбраліся, проста час ад часу падыходзілі да акна, балазе краявід у гэтым элітным раёне быў шыкоўны, як з паштоўкі.
Дый кватэрка ў іх нічога так. Пяць пакояў, іспанскі стыль – светлыя сцены цёплых адценняў і насычана-цёмная мэбля. Камусьці здасца цяжкавата, а па мне – прыгажосць. Трэба ў сябе прыдумаць нешта падобнае.
Але самым цікавым у гэтым доме быў ліфт. Прасторны, з люстэркам, медзянымі акантоўкамі, вялікай панэллю з кнопкамі, на якой – дзіўна! – была яшчэ і мапа, што напамінала схему метро са станцыямі. Прытым назвы галоўным чынам былі нейкія дзіўныя і бязглуздыя. Прыкладам, нейкая «Альфа-крама» ці «Электрасіла»… Усе надпісы на плане я не змагла ўтрымаць у памяці. Але мне гэта нагадала падарожжа на Увядзенскія могілкі ў Маскве і станцыі Электразаводскую і Баўманскую.
Мяне гэта інтрыгавала, але ў кнопкі я не тыцкала, карыстаючыся паказанымі мне ў першы дзень знаходжання. Навошта прызначаліся астатнія, было няясна, але нават дэкаратыўная іх каштоўнасць была неаспрэчнай: абцякальныя, бронзавыя, гладкія навобмацак, яны ўтваралі на светлай панэлі эцюд нейкага ўзору.
Назаўтра цётка, дзядзька і ўсе мае кузіны займаліся маімі зборамі і па чарзе правяралі багаж, меркавалі, як лепш дабрацца да аэрапорта. Аднак нервавання не назіралася. Абмеркаванне ішло так, нібы гаворка ішла пра тралейбус, а не пра самалёт.
Нарэшце пакеты былі кампактна ўпакаваныя, дробязі разапханыя, валізка зашпіленая. Абдымкі, поціскі рукі, усмешкі, словы падбадзёрвання. Я стаяла і чакала свой жоўты аўтобус на чысценькай пляцовачцы, дзе з аднаго боку была скальная сцяна з гірляндамі з пранізліва-ружовай бугенвілеі, з іншага боку – панарама бухты і горада з тэракотавымі дахамі, нарэшце, праз парэнчы – проста мора. Спакойнае, сіняе, ужо не пашарэлае ад спёкі, якая спала ўжо ўчора пад вечар – з сённяшняга дня наставалі больш свежыя дзянькі, часам з аблокамі. Мы глядзелі ўчора прагноз.
Пэўна, з’язджаць быў самы час.
Пра гэта я думала, рассеяна паглядаючы за акно аўтобуса і машынальна прытрымваючы валізку ў праходзе. Калі нас страсянула на павароце, пагляд мой мімаволі адарваўся ад краявідаў, і…
Я ўбачыла генерала, які сядзеў крыху наводдаль. У такіх выпадках належыць драматычная паўза. Але нічога драматычнага не адбывалася, мы проста заставаліся на сваіх месцах. Тым больш, мне не ўпершыню сустракаць у транспарце выбітных асоб.
Здавалася, яго ніхто не заўважаў. А ён – не бачыў мяне. Генерал выглядаў вельмі патрапаным, старым, стомленым, і яўна меў патрэбу паправіць здароўе. Яшчэ крыху, і твар яго будзе ў тон мундзіру – а быў ён у сваёй звычайнай шэрай уніформе. Дзіўна, што і гэтага ніхто не заўважаў, нібы так і трэба (ага, гэткую фуражку не заўважыць!). Нейкі пасажыр звярнуўся да майго генерала з зануднымі роспытамі. Тот адказваў на здзіўленне цярпліва, павольна вымаўляючы словы сваім надтрэснутым голасам, у якім спалучаюцца каціная рэзкасць і лёгкая аксамітавая хрыпатасць – проста цадзіў фразы, не ў сілах супрацівіцца. Не кажучы ўжо пра тое, каб крыкнуць і адшыць. Выраз твару ў генерала быў стомлены і сумны – хутчэй, не ад душэўных хваляванняў, а ад дрэннага самаадчування.
Я была ўзрушана. Я паспрабавала прыцягнуць яго ўвагу пільным позіркам. У адказ, адгукнуўшыся на адчуванні, ён цвёрда, неадрыўна паглядзеў мне проста ў вочы. Ох, усё ж даў зразумець, што бачыць мяне, ведае, што я тут. Але больш – ніякіх знакаў збліжэння. Найхутчэй, так было трэба. Ён не жадаў прыцягваць увагі. А я – калі б я памахала рукой ці пралезла да яго – я б яго проста выдала.
І тут мяне ахапіла дзіўнае пачуццё. Аўтобус ехаў назад. Няўжо ён зрабіў недзе крук? Калі так – чаму?! Ці я нейкім неспасціжным чынам трапіла з аўтобуса, што едзе ў аэрапорт, на той, што адпраўляўся адтуль у горад? Але мне ўжо было напляваць – чорт з імі, з квіткамі. Я была рада, што мы вяртаемся.
У генерала былі ў Сан-Марціна свае справы – гэта адчувалася. Заставалася толькі высветліць, якія. Але першым чынам я б параіла яму арганізаваць сабе тут працяглы адпачынак і аднавіць сілы. Хай бярэ прыклад з дваранаў, якія ездзяць «на воды».
Жоўты аўтобус затармазіў на цэнтральнай плошчы, пасажыры высыпалі з дзвярэй, ажыўлена балбочучы. Генерал таксама накіраваўся да дзвярэй, я ішла ззаду; тут ён знік у арэоле дзённага святла, а потым яго і зусім нехта засланіў. Але можна было заўважыць, што валізку ў яго адразу забралі і падалі яму руку. Сустракала яго сама донна Люсія, ці былі з ёю дзеці, я не ўбачыла (адцерлі, адціснулі!) – але адчула: так, малодшыя – Жаклін і Марка Антоніа.
На свежым паветры ўжо можна было закрычаць, пагукаць, памахаць рукамі – але нагода для гэтага знікла, я ўпусціла сваіх з віду! – так, расштурхала незадаволеных пасажыраў, прадралася, спудзіла цэлую чараду шызых галубоў – але ўсё марна. Я ўбачыла толькі таксі, якое ўжо ад’язджала.
Нічога. Я выразна ўцяміла дзве рэчы. Першая: незразумела, навошта, але (я ўсцешана!) яны накіроўваюцца да маіх сваякоў. Другая – прасцей простага: трэба іх дагнаць. Што б ні было. Атам – пагаварыць з генералам і ўзнагародзіць яго порцыяй абдымкаў і пяшчот.