Пінчук Яніна - Горад мрой (зборнік) стр 5.

Шрифт
Фон

– Ха, ды ты мяне паражаеш, – смяялася я. – Генерал, значыць, не небяспечны, а прэзідэнт раптам – злавесная асоба? Звычайна ўсё было па-іншаму. З дакладнасцю да наадварот.

Яна толькі ўздыхнула. Вядомая рэч, да генерала яна прывыкла, і ўсё было нармальна.

– Цьфу на цябе! Я не магу сказаць, што тут не ў парадку. Проста адчуваю, ці што. Толькі не пачынай казаць пра «выдуманы свет», – ціха загырчала я, гледзячы спадылба.

Зараз мне здавалася, што падыгрываюць мне толькі з ветлівасці. Наста паціснула плячамі і прамаўчала.

Я нічога не паўтарала, не вучыла. Забылася, што збіралася на кафедру высвятляць штосьці пра магістратуру. Увесь свет мой звузіўся да транспарту ў розных яго іпастасях, да «Кнігі пясчынак», якую я цягала з сабой, нягледзячы на вялікія памеры, музыкі ў слухаўках і з’едзеных на бягу шакаладак.

І мне – так, мне гэта падабалася! Здавалася нейкай вар’яцкай, але прыгожай авантурай, што разнастаіць шэрыя будні.

– Як даўно ты размаўляла з генералам?

– Ды не памятаю, тыдні два таму, а так ён зусім не з’яўляўся.

Я раздражнёна адмахвалася і бесклапотна канстатавала тое, з-за чаго раней накруціла б сябе да істэрыкі. А колькі разоў я абзывала генерала сволаччу, гнюсам і падонкам з-за таго, што ён упарта не хацеў з’яўляцца мне ў сне.

Я сумленна спрабавала разважаць пра гэта і клікаць яго. Імкнулася прасякнуцца ганебнасцю сваіх паводзін, адчуць гаркату страты – але не, нішто не адгукалася ўсярэдзіне. Мяне напаўняла адчуванне дзіўнай лёгкасці і пустэчы – а з прычыны гэтага, прыемнага спакою. Я перастала прагнуць сустрэчы з імі абодвума, і ў адзін выдатны вечар села ў трамвай каля вакзала без жаднай задняй думкі.

Вось здорава – паставілі елку. Нарэшце нейкае падабенства да святочнага настрою – хоць снегу дагэтуль не было, проста вечна вільготныя тратуары і шэрае стомленае неба, і такі ва ўсім выраз, накшталт: «Зараз-зараз!». Хоць гэта дагодлівае «зараз» у выглядзе дзвюх самотных сняжынак і халаднаватага ветрыка было шчырым фальшам. Але нічога, на маім настроі гэта ніяк не адбівалася. Я ж толькі што здала ангельскую ды атрымала найвышэйшы бал, чым яшчэ раз аспрэчыла гэту недарэчную заклапочанасць сябровак – ха! Было выдатна ўключыць свінг, заплюшчыць вочы і расставіць зручней ногі, таму што пакуль я нікому не замінала.

Ізноў краявіды за акном, канцэртная зала, звязаная з вялікім мноствам захапляльных успамінаў, і зноў – хваля эйфарыі. Вострае, надзіва выразна абмаляванае ўсведамленне рэальнасці ўсіх маіх летуценняў. І не простае як магчымасць – а як голас, што шэпча проста ў вуха, як рука, што працягвае ключ ад запаветных дзвярэй альбо пляскае па плячы…

У плячо мяне і праўда пхнулі. Праз хвалі заліхвацкай мелодыі давялося вынырнуць у вульгарную рэальнасць. І выявіць, што двое не зусім цвярозых маладых людзей вядуць ажыўленую гутарку проста ў мяне над галавой, ды прытым робяць дзіўныя рухі. Блізкі быў апрануты ў рудую, як прусак, куртку і вывараныя джынсы, у руцэ трымаў празрысты зялёны пакет – іншых падрабязнасцей я не ведала, таму што вачэй не ўздымала. Ён раз-пораз навальваўся і пхаў мяне ў плячо сцягном, а яшчэ ўвесь час чапаў мае ногі (ужо акуратна падабраныя!) сваімі ластамі – яму, бачыце, мала было проста стаяць у трамваі, трэба было «элегантна» закідваць нагу за нагу. Прытым ногі ён змяняў кожныя паўхвіліны: пэўна, што яму і ў галаву не прыходзіла прычына няўстойлівасці («гэта не я п’яны, гэта падлога зыбаецца»). Я доўга дзівілася; па прыроднай сарамлівасці абурацца не хацела і рабіла выгляд, што не зважаю. Аднак да плошчы Якуба Коласа гэты юнак падшафэ мне канчаткова надакучыў. «Ды перастань ты грэбці каля мяне нагамі, алень!» – зласліва падумала я.

Не вытрымала, устала і пайшла, прадзіраючыся да месца, якое вызвалілася злева спераду. Там нейкі пенсіянер сядзеў ля акна і чытаў таўшчэзную кнігу, разгарнуўшы на сярэдзіне.

І тут мая пераможная пасляэкзаменацыйная дабрадушнасць знікла – яе выцесніла сумесь жаху і захаплення. Што б там ні было, цяжка апісаць гэта пачуццё – ногі ў мяне сталі ватнымі. Проста каля кабіны кіроўцы, пільна гледзячы на мяне, стаяў экс-прэзідэнт. Вочы яго за тоўстымі шкельцамі акуляраў прыжмурыліся, вусны пад пухнатымі вусамі рызеншнаўцара крануў цень усмешкі – як пакутліва было разгадваць выраз яго твару, мучыцца здагадкамі, што ж ён адчувае і чаму – не, навошта зараз так глядзіць на мяне. Потым на імгненне адбыўся прыліў глыбокай павагі і цягі – гарачай хваляй. І тут мая псіхіка канчаткова завісла, я была ў паніцы, але не магла закрычаць: горла як пятлёй сціснула.

Ногі самі падхіліліся, я села, толькі адчуўшы, як спружыніла сядушка. І ўвесь час вочы ў вочы. Але тут ужо яўная, цёплая ўсмешка выпарылася з твару экс-прэзідэнта – ён выглядаў як паненка, якая заўважыла маньяка ў цёмнай падваротні. І глядзеў ужо кудысьці праз мяне. Ці побач?

Павольна, як у сне, я з высілкам павярнула галаву і сутыкнулася тварам да твару з маім генералам. Ён быў у цывільным. І кнігу зараз трымаў загорнутай, заклаўшы пальцам. І нахабна, пераможна ўхмыляўся. Вось вам і спадарожнік-пенсіянер.

Што чынілася, апісваць не бяруся, але ўсярэдзіне перавярнулася ўсё.

Трамвай замарудзіў ход. Аб’ява з дынаміка загучала нізка і глуха. Людзі нібы былі там і адсутнічалі: стаялі натоўпам і нічога не бачылі. Экс-прэзідэнт напружыўся, нібы бачыў, што ў яго страляюць. У вачах яго стаілася лютасць расчаравання: «не выгарала».

Але я не адрывала позірку ад яго твару – глядзела неадрыўна, адкрыта і бяздушна, цешачыся расцягнутым катаваннем («глядзіце і любуйцеся, якая я сцерва, сеньёр прэзідэнт») – а ў гэты час абдымала генерала, усё набліжаючыся і прысоўваючыся да яго.

Прэзідэнт стаяў і глядзеў. Напэўна, такі погляд у чалавека, які лезе ў пятлю. Я фіксавала яго смяротную бледнасць, разгубленасць, сумерную халаднаватаму спакою генерала… адварочваючыся толькі ў апошні момант… наштось старанна і прыстойна апускала павекі… ад хвалявання натыкалася на генеральскія вусы (хоць я даўно навучылася гэтага не рабіць)… краем вока бачыла, як паўзе за акном плот вайсковай часткі… адчувала тэмпературу і вільготнасць, але не смак і не настрой пацалунка… зрэшты, прасякнуўшыся… адчуваючы сябе да жаху бязглузда… баючыся, што пачалася ўжо сапраўдная тахікардыя…

Так, урэшце мне было няёмка. Калі я расплюшчыла вочы, экс-прэзідэнт знік, але ў паветры яшчэ лунала празрыстае аблічча яго здані.

«Вулiца Бялінскага», – абвясціў дынамік. Я рыўком устала і выскачыла, і спатыкнулася: забылася, што там на асфальце такія канаўкі, хвалістыя барозны. Біла дрыготка. Страшна, сорамна, радасна – адным словам, збянтэжанасць.

Я ішла не азіраючыся. Аднак генерал нагнаў мяне і пайшоў побач.

– Як вы абодва апынуліся ў адным трамваі? Ён пацепнуў плячамі.

– Вы што, збіраліся ладзіць дуэль ля канала Сляпянскай воднай сістэмы?

Але ён толькі ўхмыльнуўся, як задаволены барс.

Як бы там ні было, напруга мяне адпусціла, і навалілася стомленасць. У галаве раіліся дзясяткі думак, і не ўсе аднолькава прыемныя – прытым добрая палова іх датычылася генерала і ягоных паводзін. Але ён проста ішоў побач, і гэта само па сабе было дзівам. Такім неверагодным, што сіл для здзіўлення ўжо не засталося. А яшчэ ён узяў мяне за руку – ягоная рука была па-салдацку моцная, шырокая – і цёплая.

Шарэла. Ужо пачалі загарацца мандарынавым святлом вокны; дзе-нідзе мігацелі гірлянды, чамусьці галоўным чынам сінія, халодных адценняў – і мне падабалася іх лічыць, як у пяць гадоў, – раз, два, тры, ух ты, вунь яшчэ ў кватэры па дыяганалі! А Генерал насамрэч як быццам вёў мяне за ручку з дзіцячага садка. І пайшоў снег – нарэшце сапраўдны, пухнаты, святочны. І бровы ў генерала таксама былі падобныя на снежныя шматкі. А можа, на іх адразу наліплі гэтыя тоўстыя касматыя сняжынкі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3