«Глядзі, нафантазіруеш сабе Латамерыку», – сказала Арына. А што? Я б і не супраць. Больш таго – мару. Здзейсніць паломніцтва, як у Святую Зямлю.
– Няўжо табе Вайсковых могілкаў недастаткова?
– Ды гэта зусім не тое! Ты не разумееш.
Мае словы – свядомая хлусня. Усё яна разумела. Але ў адказ магла толькі ўздыхнуць і прамаўчаць.
А зараз на мяне наплыло дзіўнае пачуццё – усведамленне таго, што ўсё гэта – рэальна. Пачынаючы з лета, з пары вечаровых шпацыраў, з позніх званкоў Насці, з адурэння ад перакладаў з гішпанскай, з замірання сэрца на вуліцы Чырваназорнай – з кожным крокам «гэта» рабілася ўсё больш рэальным. Я галасіла і абуралася, біла капытом ці інсцэніравала карціну непрытомнасці ад заняпаду сіл, лаялася і стагнала на фінішнай прамой – але ведала, што нават крывавыя пакуты – лічы, не напраўду, мары ж мае згушчаюцца ў паветры, як чарадзейны туман, прымаюць форму, ушчыльняюцца, і… І тут я ўбачыла чылійскага экс-прэзідэнта. Што я ачмурэла – гэта слаба сказана. Спачатку мне падумалася, што справа ў хваравітай фантазіі, што я ўжо канчаткова з глузду з’ехала на глебе сваёй асабістай утрапёнасці.
Аднак стаяў ён амаль проста перада мною, бліжэй да дзвярэй, рыхтуючыся выходзіць, у кампаніі фарбаванай бландынкі гадоў сарака ў бруснічным берэце і нейкага суровага дзядзькі ў наменклатурным паліто. Сам ён таксама выглядаў да немагчымасці наменклатурна – з партфелем, у куртцы з баранковым каўняром. Дый акуляры а-ля Шурык чамусьці не разбаўлялі вобраз, а нагняталі афіцыёз. Ён не ўсміхаўся. І мяне не заўважаў.
«Прыпынак "Вулiца Дарашэвiча"», – адчаканіў голас БССР-аўскага інтэлігента. Мякка раз’ехаліся створкі дзвярэй, кабета крыху манерным рухам паправіла берэт і выйшла – ён за ёю.
З таго вечара спакою я ўжо не ведала.
* * *
Дзяўчаты падышлі праз некалькі хвілін. Арына была трохі бледная і хмурная: яна была зусім не ў захапленні ад такой інфернальнай лесвіцы. Наста ж захоўвала заўсёдны бесшабашна-незалежны выраз твару, які, мабыць, больш уласцівы хлопцам. Хоць у нашай кампаніі было не прынята абмяркоўваць, што каму «ўласціва», а што не.
– Так а што за ідэя такая прышпільная? – перапытала Наста.
– Тэорыя распаўсюджання «кававых скрынак» у Мінску, – хіхікнула я.
Арына вытрымала паўзу і загаварыла:
– Вы заўважылі? Яны растуць, як грыбы, быццам спорамі плодзяцца – і гэта за нейкіх паўтара гады. З пункту гледжання эканомікі трохі рызыкоўна, згодныя?
– Хм, ну, пэўна што, – хмыкнула Наста.
– Сумняюся, што яны прадаюць пэўны прадукт, – працягвала Арына. – Кава? Падумаеш, ёю, бадай, ужо гадоў трыста нікога не здзівіш, у кожнай установе яе пададуць, – яна абвяла поглядам памяшканне. – Здаецца, яны прасоўваюць ідэю, імідж. Вядома, калі гэта пазіцыянуецца як аналаг Starbucks, то першы, хто прыходзіць да галавы – хіпстары, – усміхнулася Арына.
З цікавасці мы зірнулі сюды-туды, правяраючы яе сцверджанне. Дакладна, справа ад нас за стойкай асталяваліся багемныя франты – прадстаўнікі вышэйзгаданай субкультуры. Але мая цікаўнасць не была бяздзейнай – я цадзіла халодны кававы напой з адыёзнай назвай «трава», не спыняючы стральбу вачыма, бязмэтнае, але дакучлівае высочванне. Вядомая рэч, калі я зірнула на суседзяў, усярэдзіне ў мяне ўсё абарвалася: гэта быў ён.
Невысокі, але добра скроены малады чалавек у клятчастым пінжаку са скуранымі латкамі на локцях і ў доўгім белым шалі. І, натуральна, у характэрных акулярыках. Ён штосьці нягучна, але з захапленнем расказваў усёй кампаніі – можа, пра нейкі фільм, можа, пра здымкі, што зрабіў нованабытым «Зенітам» (фотаапарат тут жа і стаяў, на стойцы). О так, і відавочна не проста выхваляўся, а рабіў экскурс у мастацтва сучаснай фатаграфіі. Да чаго ж усё стэрэатыпна. Мабыць, выдавала менавіта наўмыснасць маскіроўкі. Тым больш, няможна было зблытаць гэты злёгку самаздаволены выраз, хітрыя яскаркі ў поглядзе, і гэтыя густыя, хораша зачэсаныя хвалістыя валасы ні з чыімі іншымі.
– Глядзіце, ды вось жа ён! Так, я не стрымалася.
Напэўна, гэта бязглузда выглядала: ліхаманкава зашаптала, наштось нават прыгнулася і з драматычнай перабольшанасцю пачала касіць вочы ў бок суседняй кампаніі. Адказ: два скептычныя позіркі і ветлівае маўчанне.
Праўда, на хлопца яны ўсё ж паглядзелі. Безумоўна, сяброўкі мае – святыя людзі: дагэтуль голасна не паслалі мяне ў балота з маімі дзівацтвамі.
– У цябе дакучлівая ідэя, – канстатавала Наста. Не, рана я ўзрадавалася: не скандал, дык натацыі. – Лёгкае расстройства на фоне ператомленасці. Блін, прабач, вядома. Але інакш – ні ў якія вароты не лезе!..
Ну так, «прабач»: пры знаёмстве мы траха не пасварыліся з-за псіхааналізу – мне аж цікаўна стала, цяпер палаемся альбо не? Яна прачытала мае думкі:
– Я разумею, ты на… хм, ды на ўсякі погляд адэкватней за вельмі многіх. Але са сваімі асаблівасцямі.
– Гэта нават не мае асабістыя асаблівасці, а маёй рэальнасці, – упарта прашыпела я.
– Але рэальнасць фармуецца ўспрыманнем і свядомасцю, – падхапіла Арына. Наста пстрыкнула пальцамі – дакладная заўвага.
Ну вось! Я ім пра абразы́, а яны мне пра гарбузы. Доўга тлумачыць, але я мела на ўвазе зусім іншае, аб’ектыўныя рэчы: выпадкі і з’явы, а не проста фантазіі!
– Карацей, Скліфасоўскі, – махнула рукой Наста, разганяючы туман цягучых тэрмінаў, – так жыць няможна. Да экзамену трэба рыхтавацца! А ты за зданню ганяешся. Прытым увесь час трэціруеш сябе.
– Ну добра, я зацыклілася на адной тэме. Кожны, хто глядзіць – бачыць тое, пра што думае. Але хіба вам гэты хлопец хоць аддалена яго не нагадвае?
– Так, – пагадзілася Арына, – падобны. Але гэта – усяго толькі хлопец: сучасны, наш, мінская хіпстата! А не той, каго ты шукаеш.
«А вам не здавалася, што вонкавае аблічча зманлівае?»
Гэтую фразу я прамовіла толькі ўяўна – таму што ў роце ў мяне перасохла: яны ўсе сыходзілі. Як бы саслізнуць з крэсла і дагнаць іх; нейкі хлопец наперадзе, ён следам, і дзве дзявулі; якія нязграбныя мае рухі; вось пляснулі дзверы; хутчэй!
Наверсе таксама дзверы, яны мякка грукаюць… угару, збіваючы дыханне…
Вуліца была пустая. Ну хто б сумняваўся. Я выскачыла з двара, ледзь не зачапіўшыся за край шлагбаума, і сарамлівым трушком прабегла да прыпынку. Нікога падобнага. Ды яшчэ трыццаць трэці тралейбус, ужо з зачыненымі дзвярыма, адчаліў ад тратуара. Заставалася паплесціся назад у кафэ, на хаду зашпільваючы абы-як накінутую куртку.
Я села і пачала дапіваць сваю «траву», хоць цяпер лепей прыйшлося б штосьці гарачае. Дзяўчаты ўжо не спрабавалі пераканаць мяне, што я псіх. Наста паглядзела задуменна і сказала:
– Адчапіся ты ад прэзідэнта.
Я не збіралася падпарадкоўвацца. Пра што і заявіла.
– Ну і на што ён табе? Дапусцім, зловіш. І што з ім далей будзеш рабіць?
– Не ведаю, – бездапаможна прызналася я.
І праўда ж не ведала. Але ад намераў сваіх адмаўляцца не збіралася.
* * *
У мяне была бачнасць нармальнага жыцця і рацыянальныя прычыны, па якіх трэба было ездзіць у горад – а вось потым, адначасна з выкананнем пунктаў плана, пачыналася пагоня, і зноў навобмацак, на адчуваннях і намёках.
Прэзідэнт з’явіўся перад мной наўмысна, абодва разы – але найболей дэманстратыўнымі былі яго паводзіны ў кафэ. Я адзначыла дзіўнасць уласнага стаўлення: здаецца, зараз мне хацелася спадабацца яму?! Даўно ўжо я так старанна не фарбавала вусны, не правярала фактуру і гладкасць скуры пры розным асвятленні, не падбірала ўбораў – прытым, што звычайна апраналася па прынцыпе «насунула тое, што выпала з шафы». Але зноў-ткі, навошта? Ён зачараваў мяне. Я разглядала яго фатаграфіі, абрысы і даволі мяккія рысы твару, замілоўвалася таму, як арганічна ён глядзіцца ў нашым савецкім, вінтажным горадзе.
– Гэта проста робіцца небяспечным, – пакруціла галавой Наста. – Прытым не толькі з-за вучэння. Табе пара завязваць з пагонямі і гульнёй у коткі-мышкі.