Макатоўша Андрусь - Упырхлікі стр 5.

Шрифт
Фон

Самае большае праз тыдзень, калі набліжаўся час атрыманьня «сацыялкі», армянін, бачачы сьціплыя вынікі нашай вайны зь непасільнай складанасьцю беларускай мовы, ад маіх паслугаў адмовіўся і паставіў на іншага канька: нехта падказаў яму, што ўсе прадстаўнікі армянскага спэцназу вызначаюцца татуіроўкай дракона на плячы, і ён вырашыў зьмяніць легенду – абы не вучыцца й не плаціць мне за навуку. Зноў стаўшы армянінам, ён выдаваў сябе цяпер за былога целаахоўніка ці то прэзыдэнта, ці то коміка Петрасяна,[8] які (то бок ён сам, а не Петрасян) трапіў у няласку да ўладаў. Калі не лічыць сьціплага целаскладу й нізкага росту, над якімі армянін пачаў працаваць у той жа дзень, да целаахоўніка яму бракавала дробязі, а менавіта: татуіроўкі дракона. Малдаванін аказаўся ў мастацтве ўтырканьня йголак у скуру майстрам міжнароднага прызнаньня (бо пад гэтай пагрозай яму звычайна прызнаваліся ўва ўсім, магчыма нават у каханьні, ня ведаю), аднак, як на бяду, маляваць ня ўмеў – зноў давялося зьвяртацца да мяне, як да чалавека разнабакова таленавітага. На жаль, ніколі ў жыцьці я не маляваў драконаў, але ж дзякуючы Дракошу зь незабыўнага савецкага мульціка меў пра іх сёе-тое ўяўленьне. Вынікам нашай супольнай з малдаванінам працы армянін быў болей чым задаволены: ён атрымаў свайго дракона, а мы ад яго – па пачку цыгарэт. Жыць далей было можна.

6

Taste the West and fuck the rest.

Рэкляма

Яшчэ ў першы дзень на «зоне» я ўціхара ад суседзяў даеў нарыхтаваныя на дарожку сухары, апошнюю повязь з айчыннай харчовай прамысловасьцю, сумленна паліўшы іх настальгічнымі сьлязьмі, і скіраваўся ў лягерную сталоўку. Менавіта там я пазнаёміўся з чэскай кухняй (дзе не было ніводнай маладзенькай ані худзенькай кухаркі, вартай таго, каб запамятаць ейнае імя зьлёту), а таксама з бальшынёю геаграфітыстаў усіх вякоў і народаў, якія папакідалі свае аўтографы ў карантынным памяшканьні, каб такім як я нэафітам было што пачытаць перад сном у першую лягерную ноч. Уражаньне маё ад сталоўкі было параўнальным толькі з бабілёнскім слупастварэньнем, дзе ў якасьці слупа з разяўленым ротам застаўся стаяць я сам. Калі наш пакой быў усяго толькі Артэкам, то сталоўка нагадвала ўжо залю паседжаньняў ААН. Кожная фракцыя дэлегавала ў Раду Бясьпекі (то бок у чаргу) самых нахабных і цьвердалобых сваіх прадстаўнікоў, а сама між тым імкнулася акупаваць як найбольшую колькасьць самых выгадных, то бок адносна чыстых і адначасова найбліжэйшых да раздачы столікаў, каб як што якое першымі пасьпець за дабаўкай. Напружыўшы свой абсалютна немузычны слых, я распазнаў у вакольным паветры блізу паўсотні незнаёмых мне моваў, самай мілагучнай зь якіх было дзіцячае якатаньне. Гэтак я на ўласныя вушы зразумеў сэнс слова «мультыкультуралізм», якое дагэтуль лічыў неяк зьвязаным з мульцікамі, а таксама тое, што каб не пасярэдніцтва грубай сілы, то хаўчык тут дастаўся б далёка ня ўсім.

З сталоўкі пачалося маё знаёмства зь міжнароднай палітыкай і яе ахвярамі. Дагэтуль я думаў, што толькі адны мы, беларусы, ёсьць у сьвеце ізгоямі й недарэкамі, а ўсе астатнія жывуць як людзі і ня маюць патрэбы шукаць шчасьця па-за межамі сваіх гістарычных рэзэрвацый. Аднак тут я зразумеў, што патрабаваньні да жыцьця ў людзей збольшага індывідуальныя, а ня толькі ідэалістычныя, як у мяне. Узяць прыкладам кубінскага патрыёта Г’явані па мянушцы Гавана: чалавек вырас у краіне пераможнага сацыялізму, на высьпе свабоды ў моры глябалізацыі, апісваў сваю радзіму з дапамогаю жэстаў і мімікі (у яго быў лёгкі цік) як рай на зямлі – ну чаго яму там не ставала? Дык не, ягоны бацька быў як на бяду алькаголікам, а ў маці як на бяду былі сваякі ў Маямі, куды тая ўцякла ад пабояў і сям’і, пакінуўшы на зьдзек сэнільнаму Фідэлю малога сына, пасьля чаго паўторна выйшла замуж у Нямеччыну. Праз усё гэта Гавана (нават зьнешнасьцю – ён быў такі маленькі, тлусьценькі і валасаты) нагадваў маманьцёнка, які выправіўся ў вялікі сьвет на пошукі мамы, ледзь дасягнуўшы паўналецьця: яго злавілі пры спробе пераезду нямецкай мяжы ў багажніку аўтамабіля й бязь лішніх роспытаў адправілі да нас. Гавана ня мог дараваць Фідэлю такога прыніжэньня. У вольны ад нараканьняў час ён сакавіта апісваў усе магчымыя катаваньні сьвету, якія марыў выпрабаваць на бедным дзядку-камандантэ толькі за тое, што той не выпускаў яго з краіны па-добраму. Або, скажам, славак Пэтэр, які папрасіў палітычнага прытулку кілямэтраў за дваццаць ад свайго дому: думаеце, ён уцёк ад войска ці ад тамтэйшага Фідэля – Мэчыяра?[9] Не, насамрэч ён уцёк ад свайго духоўнага настаўніка – індыйскага ёга! Як гіпі ў трэцяй генэрацыі, Пэтэр вельмі цікавіўся альтэрнатыўнымі навукамі, і дацікавіўся да таго, што ёг пачаў зьяўляцца ў ягоных снах і маніпуляваць ім, бы робатам на дыстанцыйным кіраваньні, пасылаючы то ў краму па піва, то ў банк па грошы, то ў дупу па прыколу. Пэрыядычна ён насылаў на Пэтэра паралюш, у выніку якога Пэтэр гадзінамі ня мог ані ўстаць з ложку, ані даплюнуць да столі. З часам Пэтэр заўважыў, што чым большая дыстанцыя, тым горай дзейнічае ёгава кіраваньне – таму выдаўся, натуральна, на захад, абы як мага далей ад усходняй мудрасьці, аднак быў зноў-такі запынены чэскімі ўладамі на самай мяжы ўратаваньня сваёй душы. Або расейская пара з Чачні – лічыце, яны ўцяклі ад жахаў вайны? Ці мо ад помсты з боку чачэнцаў? Гэта яны так толькі казалі ў паліцыі: насамрэч, гэта былі сучасныя Рамэо і Джульета. Джульета закахалася ў Рамэо на дыскатэцы, а раніцай даведалася, што яму сорак гадоў і ў яго жонка з двума дзецьмі – як і наказаў Шэксьпір, яна ўжо зьбіралася скончыць жыцьцё самагубствам, як тут Рамэо прапанаваў ёй усё кінуць і ўцячы за мяжу – Джульета на месцы пагадзілася. Чаму яны трапілі ў Чэхію, а не адразу ў Вэрону – без паняцьця… Карацей, што ўжо тады хацець ад іранскага гея а да ўсяго яшчэ й ліліпута зь мянушкаю Дыназаўр, якога нармалёвыя ўва ўсіх сэнсах суайчыньнікі не закідалі камянямі толькі таму, што ніяк не маглі ў яго з адлегласьці патрапіць? Ува ўсіх згаданых асобах я тут жа распазнаў роднасную сабе душу (як і наадварот), і мы, натуральна, засябравалі. З Гаванай мяне яднала ня толькі, так бы мовіць, сірочая доля, але перадусім любоў да Леніна – гэтак ён называў гатунак бутэлечнага піва, якое прадавалася ў найбліжэйшай да лягера краме, куды нас раз на дзень адпускалі пасьля абеду. На піўным цэтліку быў выяўлены гістарычны заснавальнік бровара з куфлем свайго ўлюбёнага пітва: лысы, з бародкай і хітравата прымружанымі, знаёмымі нам абодвум яшчэ зь піянэрскага дзяцінства вачыма – нішто ў ім не выдавала капіталіста й эксплюататара. «Скажыце, калі ласка, а ў вас ёсьць Ленін у Разьліве?» – гэта была першая чэская фраза, якую мы з Гаванам вывучылі й тут жа забылі, бо Ленін у краме быў толькі бутэлечны. Апрача гэтага Гавана быў ці не чэмпіёнам Кубы па настольным тэнісе й імкнуўся зрабіць усё магчымае, каб выхаваць ува мне свайго наступніка. З славакам Пэтэрам, у сваю чаргу, мы гулялі найчасьцей у шахматы (правілы ў якіх аказаліся зусім іншыя, чым у шашках) – як у кожным прыстойным летніку, недахопу ў настольных гульнях не было і тут. У дадатак Пэтэр быў вялікім знаўцам ня толькі індыйскай, але й расейскай культуры (прынамсі, у параўнаньні са мною) і нават любоўна называў мяне «Платонавым». Дзякуючы яму ў мяне значна палепшылася як чэхаславацкая, так беларасейская мовы – настолькі, што я мог дазволіць сабе запісацца ў лягерную бібліятэку й атрымаць пасьведчаньне чытача нумар два (нумарам адзін быў сам Пэтэр). З Дыназаўрам я сябраваў збольшага таму, што зь ім сябраваў Пэтэр і варагавалі астатнія. Што да расейскай пары каханкаў, дык тая наагул мяне фактычна ўсынавіла, і на працягу ўсяе лягернай зьмены я карыстаўся тым, што яны жылі ў пяціпавярховым доме – гэта значыць, перадусім іхным асобным, некалі афіцэрскім душам. Такога, мушу сказаць, нават у нашым менскім інтэрнаце не было! – а нічога большага я ад жыцьця й не патрабаваў: абы не было, як у менскім інтэрнаце.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3