Макатоўша Андрусь - Упырхлікі стр 3.

Шрифт
Фон

Выйшаў я з сутак закарэлым і закаранелым ворагам дзейнага ладу. Да канца другога курсу я на знак салідарнасьці з апазыцыяй не выходзіў з запою – за гэты час у мяне настолькі адрасьлі валасы, што дзед з бабай і дзядзькам не пазналі мяне, калі я прыехаў на вёску на вакацыі. Бабця абвясьціла мяне «анціхрыстам», а дзядуля ганяўся за мною па двары з нажом і намерам адрэзаць мой конскі хвост. І толькі дзядзька нешта бубнеў пад вусы ў сэнсе «Усе мы былі маладыя й дурныя» (хаця хадзіць са мною ў грамадзкую лазьню пасьля й пасаромеўся). Свой конскі гонар мне ўдалося-такі ад дзеда ўбараніць. Калі, вярнуўшыся з вакацый, я трапіў на першы ў новым сэмэстры апазыцыйны мітынг, мяне адразу ж прыкмеціла купка маладых людзей падобнай да мяне зьнешнасьці, і самы цьвярозы зь іх тут жа падышоў да мяне і спытаўся: «Гэй, хлопча, ты часам не анархіст?» Згадаўшы бабціну абзывалку, я ўзрадаваўся: бабуля зноў мела рацыю! Гэтак я пазнаёміўся зь яшчэ адной катэгорыяй прасунутай моладзі, якая неўзабаве навучыла мяне курыць (бо піць я ўжо ўмеў дагэтуль, дзякуючы сваім сябрам-псэўдавяскоўцам).

Ад новых сяброў-анціхрыстаў я даведаўся жахлівыя рэчы: ня толькі тое, што мы ўсе ад нараджэньня жывем у злачыннай рэпрэсіўнай сыстэме, але й што раскіданыя кавалкі зубровага цела цяпер зноў спрабуюць сшыць разам нанова, каб зрабіць зь яго гэткага зьвярынага вітгенштайна, страшнага бязьлітаснага монстра, у параўнаньні зь якім колішні жывы зубр быў проста ўвасабленьнем рахманасьці й чалавекалюбства. Пры ўсёй маёй любові да скаціны гэты намер здаваўся мне негуманным. Карацей кажучы, анархісты напалохалі мяне да ўсёру. Ад іх жа я ўпершыню пачуў слова «эміграцыя» і пачаў сур’ёзна над ім задумвацца – перадусім над тым, што яно ўласна азначае.

Між тым ува ўнівэрстэце маё становішча пагаршалася: каб заняць чымсьці хлапцоў майго веку, для іх стварылі вайсковую катэдру. На першай жа шыхтоўцы палкоўнік Кастамалоцкі, зьмераўшы поглядам даўжыню маіх валасоў, сказаў, што ў мяне невайсковае мысьленьне, таму такім як я дарога адразу ў войска. (У гэтай фразе ён, як той яшчэ підагог, тут жа й падаў наглядны прыклад вайсковага мысьленьня.) Маўляў, навошта я хачу быць афіцэрам? Я такі – ну, хачу памерці за Радзіму. (Не, ну праўда, раз нашая Радзіма цяпер – Беларусь.) А ён: Радзіме патрэбныя шарагоўцы! Тады я, абы толькі ня быць шарагоўцам, якім у нашым войску яшчэ да пачатку баёў пагражае верная сьмерць, папрасіўся адразу ў камікадзэ – на што палкоўнік Кастамалоцкі параіў мне сьпярша пастрыгчыся, а тады, маўляў, і пагаворым. Больш мяне на вайсковай катэдры ня бачылі: мой анархісцкі гонар не дазволіў мне разьвітацца з маім хаерам.

Замест вайсковай катэдры я запісаўся ў танцавальны ўнівэрсытэцкі ансамбаль «Дзедканданс». Народныя касьцюмы, якія выдавалі ў ансамблі, былі нашмат прыгажэйшыя за вайсковую форму. Апрача таго, у ансамблі ня трэба было стрыгчы валасы, а толькі пазногці на нагах, каб тыя ўлязалі ў боты, ну і да ўсяго ансамбаль меў права, у адрозьненьне ад вайсковай катэдры, выяжджаць раз на год за мяжу на міжнародныя агледзіны, а гэта акурат супадала з маімі плянамі. А пляны мае былі такія: яшчэ да таго, як мяне канчаткова вытураць з унівэру, пасьпець пабачыць сьвет і навучыцца як сьлед прынамсі аднаму народнаму танцу. Што я ў душы народны танцор, я зразумеў пасьля таго, як мяне затрымалі на менскім вакзале, дзе я ў падпітым стане (ну сябра праводзіў, што тут такога) дэманстраваў напалоханым людзям нейкія старажытныя антраша. Гэта палічылі нацыяналістычнай агітацыяй і зноў упаялі мне суткі. Тут я ўжо ня вытрымаў і пасьля адсідкі пайшоў проста ў Хельсінскі камітэт: прадставіўся чальцом групоўкі «Чорны Недадзел»[4] і заявіў, што мяне перасьледуюць паводле нацыянальнай прыкметы (а менавіта народнага танцавальнага касьцюму, у якім я палюбіў хадзіць і па-за рэпэтыцыямі, у тым ліку на заняткі, як сапраўдны народнік). У камітэце мне выдалі Пасьведчаньне рэпрэсаванага з подпісам Зянона Пазьняка («Падацяля сяго прыгрэць, накарміць, прытуліць. Зянон.»), але на ўсякі выпадак яшчэ параілі дадаткова зьвярнуцца ў Навінкі. Навінкі – гэта была тады такая распаўсюджаная маладзёвая й малатыражная газэта, што выдавалі мае сябры-анціхрысты зь «Недадзелу». Ну, то я ў яе зьвярнуўся і паведаміў сябрам па сакрэце, што нашая танцавальная трупа якраз зьбіраецца ў замежную гастроль, і што з гэтай нагоды мне не зашкодзіла б мець з сабою апроч пашпарту яшчэ й чорную кніжку анархіста. Гэтая кніжка й аказалася ў выніку маёй пуцёўкай у жыцьцё.

4

Мы едзем едзем едзем у далёкія края.

Аўтар гімну Расейскай Федэрацыі[5]

Шчыра кажучы, я не асабліва задумваўся, куды канкрэтна кіраваўся аўтобус з нашым ансамблем – мне проста было прыемна, што я ўпершыню ў жыцьці афіцыйна еду за мяжу, і гэтым разам – бязь дзядзькі Базыля, як дарослы. Паводле вечаровага сонца, якое сьляпіла мне вочы, я вызначыў, што едзем мы ў заходнім кірунку, і гэтага мне было дастаткова. Памятаю, па дарозе я яшчэ спрабаваў падбухторыць ансамбаль захапіць аўтобус і застацца дзе-небудзь за мяжою ў поўным складзе, як ужо раней спрабавала ня менш таленавітая за нас сям’я Авечкіных[6] – усе думалі, што я жартую, таму ніхто маёй ініцыятывы не падтрымаў, пры тым што ў сямейных повязях між чальцамі ансамблю недахопу не было. Ну, то я й плюнуў і пачаў рыхтавацца да высадкі самастойна. Перад нашым галоўным фэстывальным выступам я незаўважна зьнік зь пераапраналкі з рэчамі (збольшага сваімі) і зьмяшаўся з глядацкім натоўпам. Ля самага выхаду я яшчэ азірнуўся на сцэну, дзе акурат у той момант паводле ўсіх законаў харэаграфіі мусіў быў сам выскачыць з-за кулісаў у якасьці саліста – шчыра скажу, без майго сольнага выступу ўвесь танец ператварыўся ў абы-што, мне ажно стала сорамна за сваіх зьбітых з рытму і з панталыку калегаў, і я пасьпяшаўся хутчэй сысьці, каб ня бачыць гэтае ганьбы. Схапіўшы першую таксоўку, я папрасіў, каб мяне адвезьлі ў паліцыю (гэтую ангельскую фразу я завучыў у аўтобусе па дарозе). Таксіст, на шчасьце, аказаўся ўкраінцам, які хоць і не зразумеў маёй фразы, але вельмі добра ведаў акалічнасьці працэдуры, якая мяне толькі чакала – ён некарысьліва прапанаваў не марнаваць часу і завезьці мяне адразу ў лягер для ўцекачоў (слова «лягер» мне зусім не спадабалася), месца знаходжаньня якога было яму добра вядомае. Я пагадзіўся, бо ня мог ведаць, што гэта настолькі далёка – мы ехалі, пакуль не пайшоў дождж і не надышла ноч, а ў выніку мне давялося аддаць яму ўсю сваю валюту, з такой цяжкасьцю ашчаджаную зь дзедавай і бабцінай пэнсіі. Што ж, затое мне ўдалося зь першага разу трапіць, што называецца, па адрасе – гэтым я сябе і супакойваў. На разьвітаньне таксіст зрабіў мне яшчэ адну ласку і паведаміў, што я знаходжуся ў Чэхіі. (Я крыху пашкадаваў, што наперакор сваім спадзяваньням ня трапіў у Польшчу, але што ўжо зробіш, калі я ўсю яе дарогаю праспаў.)

Стоячы пад дажджом, я пазваніў у жалезную браму – адчыніць мне выйшла маладая жанчына ў форме, падобнай да вайсковай, але зусім не такой, як у палкоўніка Кастамалоцкага. Як жанчына, так яе форма адразу мне спадабаліся. Я назваў ёй нараены мне таксістам пароль «азіл» (я запамятаў яго як «Ліза» наадварот) – жанчына ўздыхнула і ўпусьціла мяне пад страху сваёй хаткі, дзе я тут жа зьняў і павесіў сушыцца свой народна-танцавальны строй. Пабачыўшы гэта, жанчына залямантавала й паклікала свайго мужа, таксама ў вайсковым і ў фуражцы, які тут жа надаваў мне па шыі, згроб мае рэчы і заштурхаў мяне разам зь імі ў нешта накшталт карцэру. Нечакана для сябе я апынуўся ў досыць прасторным і цалкам пустым неасьветленым памяшканьні, накшталт нашай школьнай клясы ці дзетсадкоўскай спальні, запоўненым двух’яруснымі мэталічнымі ложкамі. Я доўга ня мог вызначыцца, каторы зь іх павінен быць мой, і ня мог уцяміць, куды падзеліся астатнія арыштанты – мабыць жа, паўцякалі. Ад іх засталіся толькі надпісы на мурах, вышкрабаныя жалезам і пазногцямі – усё рыхтык як у нас на Акрэсьціна. Чыркануўшы запалкай, я пачаў азнаямляцца з графіцямі, і ў мяне тут жа ўзьнікла адчуваньне, што я сплю і сьню ўрок геаграфіі. На мурах красавалі імёны людзей і назвы самых розных краінаў у самых розных мовах і шрыфтах сьвету, якіх я дагэтуль ніколі ня бачыў і ня чуў. Што да іхнага зьместу, то нават на мурах Брэсцкай крэпасьці-музэя не адлюстравалася такой багатай шкалы эмоцый. Усё гэта, разам з блізкасьцю жанчыны ў форме за сьценкай, узрушвала мяне амаль сэксуальна. Упершыню за гады ў мяне быў уласны пакой! Засынаючы на цьвёрдым сьмярдзючым матрацы, я думаў пра банальна-ўтульны гатэль, дзе цяпер сьпяць мае таварышы-танцоры, і крыху шкадаваў, што здрадзіў ім пасярод фэстывалю, а не пасьля. Мог прынамсі адскакаць свой сольны выступ. Згрызоты сумленьня доўга не давалі мне заснуць.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3