Пастукаў для прыліку ў дзверы і, не чакаючы адказу, ступіў у пакой. Ганна падала выгляд, нібы прыбірае стол. Калі ўвайшоў, адарвалася ад занятку, зірнула знарок без цікавасці.
Незнаёмы кінуў прывітанне, мелькам паглядзеў на яе. Позірк яго чорных вачэй быў неспакойны і цвёрды і насцеражыў яе. Але ён тут жа абыякава адвёў позірк.
– Таварыша Апейкі не было? – Голас у яго быў прастуджаны, з хрыпласцю.
– Буў. Зранку.
– Гэта я ведаю. Цяпер не заязджаў?
– Не.
Ён гаварыў адрывіста, упэўнена. Зноў цвёрда, аж непрыемна было, паглядзеў на яе. І зноў заўважыла ў яго позірку нецярплівасць і нібы недавер'е.
– Вы – хто? – У голасе яго была строгасць.
У ёй ускінулася ўпартасць.
– А вы?
Ён не чакаў, зірнуў, нібы не разумеючы.
– Я? – Ён прыгледзеўся да яе, недавольна, але ўжо з увагаю. Быццам хацеў зразумець, што за гэтым пытаннем. – Я – Башлыкоў. – Ён заўважыў у яе вачах незразумелае недавер'е. Яна яшчэ як бы чакала тлумачэння, і ён дадаў: – Сакратар райкома.
Яна і не ўтаіла здзіўлення. Бачыла яна Башлыкова ўпершыню, але прозвішча яго чула не раз: Башлыкова слухаліся, пабойваліся, і Ганне думалася, што ён – высокі, плячысты, грозны з выгляду. А тут аказваецца – звычайны, нічым не адметны чалавек. З выгляду – нават зялёны хлопец!
– А я – Ганна, – адказала яна знарок спакойна, паблажліва. Ён хацеў яшчэ штосьці запытаць, але стрымаўся.
Зноў нездаволена павёў позіркам па хаце. Ступіў крок, строга аб'явіў:
– Я пачакаю тут.
– Пасядзіце. Табурэта не праседзіце.
Але ён не сеў. То стаяў, то ступаў крок, другі, вяртаўся назад. Ступаў, як бы стрыножаны. І ўсё думаў пра штосьці сваё, невядомае. Адно толькі відаць было, што думаў ён – пра непрыемнае, важнае, якое гняло яго. І якое рабіла яго старэйшым, непадобным да таго, якім ён здаўся Ганне ўпачатку. Не хлопцам зялёным, а рана пастарэлым чалавекам, незвычайным, незразумелым. Яна мімаволі сачыла, як ён нецярпліва ходзіць, далёкі думкамі, і старалася адгадаць, што яго гняце так. Відаць, толькі што быў у сяле, хадзіў, глядзеў. І от, мабыць, – успамінае пра тое, што пабачыў, пачуў, пахадзіўшы ў нашай гразі. От, мабыць, і гняце яго – у навінку. Гарадскі ж сам, відаць…
Гарадскі. Не з нашых балотных. Можна і не пытацца. Прысланы, пэўне, калектывы рабіць. Вучыць цёмных нас розуму… Граматны вельмі, не інакш. Граматны. Канешне. Не нашага поля ягада… Штосьці і далёкае, адасоблівае, і разам – цікаўнае, прывабнае было ў гэтым – гарадскі, невядомы. І цікаўнае, і – дзіўна раўнівае: што от ён такі, граматны, гарадскі. Не іх поля ягада… Таму, пэўне, і паставілі – такога маладога – над цэлым раёнам. Таму і слухаюцца ўсе, маладыя і старыя. Не глядзяць, што – малады… Апейку колькі давялося паспытаць усяго-ўсякага, пакуль падняўся, займеў такое права, а гэтаму – усё зразу. Гарадскі, адукаваны…
Канешне, яна думае пра яго не таму, што ён неяк кінуўся ў вочы. Нічога ў ім такога асаблівага, калі глянуць добра. І не відны вельмі, і плечы, што ў малалетка. І характарам – відаць – не лёгкі. Проста – не падобны ні на кога, што бачыла раней. Упершыню бачыць такога. Усё ад гэтага…
А наогул – пустое ўсё гэта, схамянулася Ганна. Не цікавіць яе ніхто. Ані трохі. Яўхім – от што цікавіць яе. Ды тое, пра каго ніхто яшчэ не ведае…
Дзе ж гэта Параска? Ці хоць бы Апейка. Няхай бы сядзелі ўдваіх, гаварылі пра свае справы.
То выходзіла на кухню, паліла ў печы, то вярталася ў пакой, для прыліку прыбірала. Паказвала: ёй няма чаго сядзець склаўшы рукі.
Заходзячы ў пакой, яна бачыла, што ён тупае і тупае, як на прывязцы. Часцей ён не заўважаў яе, нібы яе і не было блізка. Але калі-нікалі яна лавіла яго позіркі. Ён паглядваў недавольна, непрыхільна, быццам яна замінала яму. Ці, можа, так здавалася: ад таго, што думаў непрыемнае. Перажываў.
Дзіўна, яна мімаволі чакала, што ён загаворыць, запытае нешта. Але ён маўчаў. Тупаў і тупаў. Далёкі, незразумелы.
3
Ішоў вечар. У пакоі цямнела, што далей – больш. Але Ганна не запальвала лямпы: па звычцы берагла газу.
Ужо добра сцямнела, калі ўбегла Параска. У цемры адразу пазнала госця: ці, можа, ужо хто-небудзь пераказаў, што ён тут, – ледзь прычыніла дзверы, аб'явіла здзіўлена, узрадавана:
– А я і не ведала! Уцякла з хаты і не спяшаюся назад!.. Даўно вы тут?
– Не, – Башлыкоў гаварыў яшчэ нібы здалёк.
Параска адразу захадзілася гаспадыняю.
– Што ж вы так! У цемры! Не распранаецеся! – Яна жвава скінула хустку, паліто, падказала госцю: – От тут цвічок! – Крыкнула Ганне весела, загадна: – Зараз жа лямпу! Святло!
Тады, як Ганна запальвала лямпу, звонка – ну, чыста артыстка! – папракнула:
– Хіба ж так, Ганначка, сустракаюць гасцей! Ды яшчэ – такіх!
Ганна знайшлася:
– Госць думаў вельмі нешто. Не хацелася перабіваць…
Башлыкоў не адказаў.
Ледзь стала светла, Параска схамянулася, кінулася да люстра. Хапатліва прыгладзіла валасы, паправіла кофтачку. Тады зноў гасціннай гаспадыняй зірнула на Башлыкова:
– Госць, пэўна, галодны!
Башлыкоў, ужо без шыняля, танклявы ў сіняй гімнасцёрцы, перацягнутай шырокім бліскучым поясам, уціснуўшы пад пояс пальцы, адвёў складкі назад, адказаў няцвёрда:
– Паабедалі…
– Кажыце! – не паверыла Параска. Бадзёра супакоіла: – Нічога! Мы зараз з Ганнай арганізуем! Уміг!
Вясёлая, дзейная, пацягнула Ганну на кухню.
– Ты што ж гэта? – зашаптала з папрокам, па-сяброўску. – Так сустрэць! Самога Башлыкова!
– А што ж – лістам перад ім слацца?
Шчыра прызналася:
– Усё глядзела, гадала: што ў ім такое, асобае?..
Параска не стала слухаць, перабіла. Не да гаворак цяпер. Уткнулася галавой у печку, адсунула засланку:
– Што тут у цябе? – У скаварадзе – бабка, з чыгунка, ледзь узняла покрыўку, вырваўся духавіты, нецярплівы пах баршчу. Голасна, давольна, каб, пэўна, чуў і ён, прамовіла: – От добра! – Распарадзілася шчодра і неадхільна: – Усё, што ёсць, – на стол! – Дадала шэптам, па-змоўніцку, як бы тлумачачы: – Настрой у яго – бачыш які?
– Гарэлкі, можа, дастаць? – параіла пошапкі ж Ганна, завіхаючыся ўжо каля печы.
– Гарэлкі! – Параска пакруціла галавой: прыдумала! Шэптам, стрымліваючы смех, гулліва падахвоціла: – Пастаў! Пакажы яму! Пабачыш, што ён скажа!.. – Сур'ёзна ўжо растлумачыла: – У рот не бярэ! Добрай нават. Завадской!.. Тым больш – у такі дзень!
– Глядзела я ўсё, глядзела на яго, – зноў вярнулася Ганна. – Нічога ў ім такога, асобага… – Яна нібы чакала, што Параска растлумачыць. Ёй чамусьці карцела гаварыць пра гэта. Параска, што памагала ёй, быццам не чула яе. – Чаму ён такі пануры, недавольны. Няўжэ з-за етаго, з-за калгаса?
– Нічога ты не разумееш! – толькі і сказала Параска на яе шчырасць. І тонам адказу, і адказам спыніла Ганну: не да гаворкі цяпер. Загадала па-прыяцельску: – Давайма жыва ўсё на стол!
Убегла ў пакой. Кнігі, сшыткі са стала – на падаконнік. Стол – ад сцяны. На стол – чысты настольнік.
– Вось так! Пачатак ёсць!.. – Кінулася на кухню, унесла бохан хлеба, нож. Загадала ўжо Башлыкову: – Памагайце!
Ён паказаў на рукі, яна спахапілася.
– Ганна! Госцю трэба памыцца! – Папрасіла Башлыкова: – На кухню, калі ласка…
Башлыкоў выйшаў. Расшпіліў гузікі на рукавах, закасаў іх па локаць. Расшпіліў каўнер, адсунуў яго ад шыі, нахіліўся над тазікам. Ганна зачэрпнула карцом з вядра, асцярожна – каб не абпырскаць! – стала ліць на яго далоні. Яны стаялі нязвычна блізка, галовы іх амаль сыходзіліся, было ў гэтым штосьці неспадзявана дамашняе, свойскае – ад гэтага ўсярэдзіне ў Ганны нешта чула насцеражылася. Ёй кінулася ў вочы: рукі яго, з цёмнымі валаскамі, былі белыя, далікатныя. Шыя, акуратна паголеная, загарэлая вышэй за каўнер, ніжэй была таксама белая і кволая. Зусім юначая. Штосьці мяккае, жаллівае няпрошана ўвайшло ў яе чуласць.
Ён то паслухмяна выцягваў жменькай далоні, то старанна цёр мылам рукі, шыю. Не падымаў галавы, не глядзеў на яе, рабіў усё моўчкі, але і ў ім, здалося ёй, паявілася раптам тая ж чуласць блізкасці. Без слоў, без позіркаў на час штосьці як бы ўзнікла між іх.
Падаючы ручнік, яна старалася не глядзець на яго і паказвала сябе абыякавай. І ўсё ж, здалося, улавіла няпросты, пільны яго позірк.