– І пры чым тут прускі шалом? Можа, у шаломе з анусу прасьцей выбірацца? Хіба што ў шаломе менавіта такой канструкцыі. Але што ад гэтага зьменіцца, калі не лічыць, што ты быў ідыётам ціхім, непрыкметным, такім, як усе астатнія. А зараз ты на лобе шыльду павесіш:
«Я ідыёт! Наце! Глядзіце! Тыцкайце ў мяне пальцам! Я крэтын! І ганаруся гэтым!»
– Ня слухай яе! Узьнімі бунт! Пашлі да д’ябла мастацтва! Армію! Пашлі да д’ябла гэты трахнуты сьвет! Пакажы яму фак! Ствары з шалому праект! Ты першы! Да такога яшчэ ніхто не дадумаўся! Чалавек у шаломе! Гэта твой шанец!
– А тут яшчэ новая акалічнасьць зьявілася. Быць лузэрам, калі табе дваццаць, ня страшна й ня крыўдна. Але ў сорак ты разумееш, што шанцаў узяць шлюб з удачай практычна няма. Ну хіба што які-небудзь стары чорт у чалме возьме цябе дваццаць восьмай жонкай у гарэм. Ды й тое толькі таму, што некамплект у яго. Якраз адной ідыёткі бракуе!
– Паглядзі, як гарцуюць ільвы на тваёй галаве! Цяпер ты леў! Прускі ваяр! Апошні леў невядомай вайны!
– Лухта! Лухта! Яшчэ раз лухта! Маразм!
– Падумай, што ты страчваеш? Ну здымеш ты яго – вернесься да сябе ў Магілёў. Ну, запросяць цябе яшчэ на пяць пленэраў. І ўсё? А што далей?
Андрэ ўзьняўся й пачаў нэрвова хадзіць па пакоі туды-назад, як мэтраном, ад сьцяны да сьцяны. Потым узяў у рукі бутэльку й наліў поўную шклянку. Замёршы ненадоўга, ён паднёс яе да вуснаў і нагбом асушыў да дна.
– Пастаў кропку! Адчыні дзьверы! Пачні новае жыцьцё! Іншага шанцу ў цябе ня будзе!
– Новае жыцьцё! Новае жыцьцё! Лузэр… Лузэр… Лузэр… – Андрэ ўсхвалявана хадзіў па пакоі, ціха мармычучы абрыўкі нейкіх фразаў. – Чалавек у шаломе! Чалавек у шаломе! Шанец! Гэта твой шанец! Канцэптуальны праект! Я ідыёт… Тыцкайце пальцам… Ганаруся, ганаруся гэтым… Непахмялёныя лычы… Самотны голас з анусу… Канцэптуальны мастак… Новае жыцьцё… Новае жыцьцё… Шанец… Чалавек у шаломе… Адчыні дзьверы…
Думкі моўчкі пазіралі на Андрэ.
– Але чаму менавіта прускі шалом? – нарэшце, ня вытрымаўшы, ляпнула адна, – Чаму ня каска рускага ваяра-вызваліцеля?
Усе з пагардай і абурэньнем паглядзелі на яе.
– Добра! Заканчваем дыскусіі! Заўтра рана ўставаць! – Андрэ падышоў да стала, зрабіў сабе канапку і, праглынуўшы яе, адправіўся праводзіць у сон гэты няпросты для яго дзень.
Уначы Андрэ спалося кепска. Шалом быў яшчэ нязвыклы, да таго ж выявіўся дастаткова мулкім. Хоць стома й валіла з ног, ён часта прачынаўся і скрозь сон лавіў нейкія ўрыўкі трывогі, што падступна прасьлізгвалі ў падкорак. Андрэ круціўся з боку на бок, спрабуючы знайсьці больш зручную позу, але шалом усё адно кудысьці ўпіраўся й нешта сьціскаў яму ў галаве.
Потым ён трапіў на Васілеўскі востраў, на «п’яны рог» непадалёк ад другой лініі. Аддаў чырвонец чарняваму пацану.
– Дзьве сухога, калі будзе, чырвонага, – сказаў ён і стаў чакаць.
Побач у цемры круцілася нейкая ніякая старая й кленчыла грошы. Андрэ даў ёй пяцьдзясят капеек. Пад’ехала таксоўка. Зь яе выйшлі дзьве дзеўкі – з выгляду блядзі. Зарадзілі дзьве гарэлкі.
– Зара зраблю, – адказаў ганец і зьнік у чорнай зяпе падваротні. Неўзабаве вярнуўся, аддаў дзеўкам дзьве пляшкі. Тыя скокнулі ў таксоўку й укацілі.
Хвілін празь пяць зьявіўся ягоны дзяцюк, адвёў Андрэ ўбок.
– На, трымай, – ён азірнуўся па бакох і дастаў з-за пазухі валёнак.
– Чаму адзін?
– Скончыліся валёнкі, – сказаў пацан, вяртаючы пяць рублёў. – Пойдзеш па гэтай адрэсе, скажаш: ад Севы, – ён працягнуў складзены шматок паперы. – Тамака павінны быць. Гэта тут побач. Зара выйдзеш на Сярэдні, збочыш налева, дойдзеш да Чацьвёртай, там направа й другая падваротня зноў налева.
Андрэ адразу знайшоў патрэбную падваротню. Спыніўся пад бляклым ліхтаром прачытаць нумар кватэры. У падваротні было цёмна, сыра й сьмярдзела катамі. Ён адшукаў пад’езд, адчыніў дзьверы й пачаў узьбірацца па стромкіх і вузкіх чарнавых сходах. Калі дайшоў да трэцяга паверху, спыніўся: «Мусіць, тут». Пакорпаўшыся ў кішэнях, адшукаў запальнічку. Слабы агеньчык асьвятліў маленькі кавалачак старых шчарбатых дзьвярэй. Андрэ павёў рукой уверх і натыкнуўся на нумар: «Дваццаць пяць, так, гэта тут!» Пазваніў.
Адчынілі не адразу. Празь нейкі час за дзьвярыма пачуўся шоргат. Хтосьці з таго боку зьняў дзьвярны ланцужок. Пстрыкнуў замок. Пры слабым агеньчыку запальнічкі Андрэ імгненна пазнаў таго самага калматага нахабнавокага мужыка з кнайпы. Праўда, на ім цяпер красаваўся чорны хасыдзкі капялюш, з-пад якога зьвісалі даўгія зь сівізною пэйсы. Мабыць, мужык таксама пазнаў яго. Ва ўсялякім разе, ён адразу сказаў: «Праходзь», – і павёў па доўгім і цёмным калідоры, асьветленым толькі адной бляклай лямпачкай, уздоўж нейкіх зачыненых дзьвярэй. Спыніўшыся ля адных зь іх, ён жэстам запрасіў увайсьці.
– Мне патрэбны яшчэ адзін валёнак, – сказаў Андрэ, працягваючы мужыку скамечаную пяцёрку.
– Пачакай тут, – вымавіў калматы і зьнік за цяжкой парцьерай, дзе хаваўся бакавы пакойчык.
Андрэ агледзеўся па бакох. Пакой быў даволі вялікі й двума высокімі вокнамі выходзіў на вуліцу. Са столі зьвісала масіўная масянжовая жырандоля. Прастору ўздоўж сьцен займалі старыя пацямнелыя шафы. Шафаў мелася так шмат, што стаялі яны адна на другой і нават у цэнтры залі, таму ў цэлым пакой здаваўся цесным. Дакладна пасярэдзіне, пад жырандоляй, месьціўся вялікі круглы стол, побач стаяў мэталічны ложак з панцырнай сеткай. На ложку сядзела старая, тая, якой Андрэ даў пяцьдзясят капеек, і ела кефір, чэрпаючы яго лыжкай проста зь літровага слоіку. Яна ела павольна й разьмерана, не зьвяртаючы на Андрэ ніякай увагі, як быццам яго тут зусім не было. Ён прыняўся зачаравана сачыць за рухамі старой. У іх дакладным рытме тоілася нейкая гіпнатычная сіла, нібы гэта быў ківач вялікага гадзіньніка, што ціха адлічваў час: цік-так, цік-так, цік-так…
– Тварам да сьцяны!!! Рукі на патыліцу!!! – нягучна, але рэзка й нечакана прагучала раптам ззаду.
Андрэ адчуў, як нешта цьвёрдае ды невялікае тыцнула яго ў сьпіну. Ён павольна падняў рукі й павярнуўся. Нябачная далонь моцна пхнула яго наперад так, што ён упёрся галавой у вялікую шафу. Яе драўляная, фарбаваная карычневым шурпатая паверхня была цяпер зусім блізка. Ён бачыў невялікія шчылінкі й прагалы аблупленай фарбы. Андрэ адчуў прыемнае казытаньне лямцу на сваёй шыі. Гэта быў той самы валёнак, які ён купіў у пацана і ўвесь гэты час трымаў у рукох.
– Здымай шалом! – раптам вымавіў за сьпінай нябачны нехта.
«Трэба ўцякаць!» – мільганула ў галаве, і Андрэ зь сілай, наколькі дазваляла ягонае становішча, кінуў валёнкам у бок невядомага. Сам жа ён паспрабаваў рэзка павярнуцца й рвануць да дзьвярэй, але – халера! – галава ягоная засела ў шафе! Яна ўваткнулася ў яе пікай шалому і захрасла, нібы прыбітая калясальным цьвіком! Андрэ пачаў вырывацца, ухапіўся за шалом абедзьвюма рукамі і стаў моцна цягнуць на сябе, але шалом нібы намёртва прыліп да шафы! Ён з жахам зразумеў, што нават ня можа павярнуцца, каб убачыць таго, хто знаходзіўся ў яго за сьпінай! Тым часам невядомы пачаў лупцаваць яго валёнкам, а затым раптам учапіўся ў шыю і з усяе сілы пацягнуў на сябе…
– Халера! Цьху-цьху-цьху! Трэба ж прысьніць такое! – ускрыкнуў Андрэ, расплюшчыўшы вочы і знайшоўшы сябе ў пакоі на ложку.
Паляжаўшы крыху, ён паспрабаваў павярнуцца на іншы бок, але зразумеў, што ня можа, бо шалом уваткнуўся ў нейкую шчыліну й засеў там. З намаганьнем выдраўшы яго, Андрэ падняўся й пасунуў падушку бліжэй да сярэдзіны, каб шалом ужо ні ў што ня мог упірацца. Аднак цяпер ногі ўпіраліся ў процілеглую сьпінку. Ён устаў, скінуў матрац на падлогу й улёгся на ім побач з ложкам.
Рэшту ночы Андрэ правёў не на Васілеўскім востраве. Яму яшчэ штосьці сьнілася, але што менавіта, ён ужо ня мог прыгадаць.