Клінаў Артур - Шалом стр 11.

Шрифт
Фон

Андрэ пачынаў пакрысе ажыўляцца. Андрэйка, які драмаў дзесьці далёка ўсярэдзіне, мабыць, ачомаўся ад суботняга перапою і высунуў свой заспаны лыч у гэты сыры дажджлівы гановэрскі вечар.

– Ты павінна ўбачыць сапраўдны ўсход! Зьезьдзіць да нас – тое самае, што наведаць Індыю! Беларусь – сьвятая зямля арыйскіх багоў! У часы акупацыі гаўляйтар Кубэ нават хацеў Асгард збудаваць у нашых багнах. Не пасьпеў, праўда. Масква бомбу пад матрац падклала. Дарэчы, як цябе завуць? Мяне – Андрэй, але тут, у Нямеччыне, сябры завуць Андрэ.

– Інгрыд!

– Інгрыд! Якое кляснае імя! Гучыць як у багіні з старажытнага нямецкага міту! Ну што, едзеш?

– Добра, паехалі! У цябе ёсьць што-небудзь выпіць? – яна ўсьміхнулася з выглядам чалавека, які, вядома ж, ні ў які Могель на сьвята піва ехаць не зьбіраўся, але патусавацца вечарок зь дзіваком у шаломе ў прынцыпе ня супраць.

У Андрэ яшчэ заставалася пятнаццаць эўра, якія нядрэнна было б з розумам расьцягнуць да Бэрліну. Але, зь іншага боку, падумаў ён, бутэлька «Егермайстару» ў такі зябкі вечар была б вельмі дарэчы. «А, хрэн зь ім! Да Бэрліну ўсяго нейкіх дзьвесьце пяцьдзясят кілямэтраў. Калі раніцай выехаць, то пасьля заходу сонца я ўжо буду з хобітамі парыць мазгі грапай у Тахелесе», – вырашыў ён і ўголас прамовіў:

– Ты ня ведаеш паблізу якой-небудзь недарагой крамы кшталту «Лідла»?

Увесь час, пакуль Андрэ размаўляў зь Інгрыд ды нахвальваў ёй вартасьці магілёўскага піўнога фэсту, за імі нястомна назіралі некалькі параў уважлівых вачэй. Калі ж яны рушылі ў бок найбліжэйшага недарагога супэрмаркету, нехта, відаць, добра знаёмы зь Інгрыд, паклікаў яе і, пацікавіўшыся, куды яны накіроўваюцца, асьцярожна запытаў, ці ня мог бы ён да іх далучыцца.

На што Андрэ, акінуўшы вокам экстравагантную фрызуру кандыдата ў кампанію й крыху расправіўшы плечы, рашуча адказаў:

– Ведаеш, камрадэ, я вяртаюся з фронту й крыху патраціўся ў дарозе. Наступным разам, калі наведаю Гановэр, абавязкова пастаўлю выпіўку ўсяму вакзалу, але сёньня, на жаль, «Егермайстру» хопіць толькі на дваіх.

Пакуль яны прабіраліся праз сутоньне дажджлівых вуліцаў да недарагой крамы, Андрэ зацікаўлена з усіх бакоў прыглядаўся да Інгрыд.

«Так, тое, што трэба! Я ўзяў бы яе з сабой у сьвятую зямлю германскіх багоў!» Яму падабаліся паненкі крыху хударлявага, падлеткавага складу, зь невялікім бюстам ды зграбным азадкам, асабліва калі ён, як цяпер у Інгрыд, быў туга абцягнуты чорнымі джынсамі.

Яшчэ ў юнацтве ў альтэрнатыву тургенеўскім дзяўчатам Андрэ стварыў сабе вобраз фасбіндэраўскай жанчыны. У тургенеўскіх дзяўчатах, апроч таго, што іх укладала ў недасьпелыя мазгі школьная праграма, яго не задавальнялі іх малая драматычнасьць, недастатковы ўнутраны надрыў душы. Яны здаваліся яму гэткімі нявіннымі панначкамі з шырока расплюшчанымі блакітнымі вачыма, плюшавымі зайчыкамі зь мяккай канапы. У іх прысутнасьці, яшчэ нічога не зрабіўшы, а толькі падумаўшы, ён адразу адчуваў сябе нягоднікам, распусным бабнікам, сіняй барадой, згубцам маладых сэрцаў.

У процілегласьць ім узор жанчыны, якую ён сэлекцыянаваў зь фільмаў Фасбіндэра, уяўляў зь сябе выяву кубістычную, з мноствам зломаў, перападамі сьвятла й ценяў. Гэта быў раньні Пікаса, а не вэлюравы, пастэльны Рэнуар. Фасбіндэраўская жанчына – не абавязкова немка, але заўсёды чалавек з драмай унутры, са складаным лёсам, магчыма, вялікая сьцерва, але ў ейнай прысутнасьці Андрэ пачуваўся быццам бы роўным зь ёю, бо, калі ён нягоднік, то й яна не анёлак.

Узіраючыся ў Інгрыд, ён разумеў, што гэта менавіта яна – у самай клясычнай праяве, з тэатральна нафарбаванымі вачыма, пірсынгам, кароткай фрызурай, чорным убраньнем ды ўсялякім мудрагелістым дурманам у галаве.

Дабраўшыся да крамы, Андрэ ўзяў «Егермайстар», па просьбе Інгрыд – шэсьць бляшанак піва й на ўсялякі выпадак літар таннага віна ў кардоне. На вуліцы, у сырой цемры, ён адразу адкаркаваў бутэльку, і пад імглістым дажджом яны адпілі патрошку – за знаёмства!

– Ты чым яшчэ займаесься, акрамя піўных фэстаў? – запытаў фасбіндэраўскі анёлак.

– Шукаю новае жыцьцё! Але ўвогуле я мастак!

– Здорава! Я таксама спрабую маляваць! Калісьці нават хацела стаць мастачкай. І што ж ты малюеш?

– Ды так, глупства! Ужо нічога не малюю! У Могелі помнікі стаўлю… на могілках. Раней, вядома, маляваў, вялікім мастаком хацеў стаць. Доўгія валасы й бараду адпусьціў, бэрэт, як у Гагена, насіў. А потым высьветлілася, што вялікіх мастакоў надта многа, а пакупнікоў мала. А тут яшчэ да нас капіталізм завітаў – не жадаеш з голаду здохнуць – рабі розную лухту для салёнаў альбо ўвекавечвай мёртвых! І ўвогуле, вялікімі мастакамі ўжо даўно не становяцца, іх робяць добрыя феі ў чорных гарнітурах, а калі такіх феяў у тваім горадзе няма…

Андрэ зрабіў глыток з бутэлькі.

– У вас тут гэткае ж паскудзтва! Мастак, як сабачае лайно, – таксама нікому не патрэбны. Так, шпурляюць яму падачкі з панскага застольля, каб ня здох з голаду альбо, крый божа, не ўзбунтаваўся, як Шыкельгрубэр!

– Хто?

– У Адольфа прозьвішча такое было – Шыкельгрубэр. Ён напачатку таксама вялікім мастаком жадаў стаць, а потым з галадухі ўзбунтаваўся ды ўсю Эўропу на вушы паставіў!

Тут Андрэ прыгадаў, што амаль суткі нічога ня еў. «Добра, ня страшна! – сказаў ён сабе. – Затое «Егермайстар» лепш уставіць». На галодны страўнік «Егермайстар» сапраўды клаўся някепска, і пасьля некалькіх глыткоў Андрэ ўжо адчуваў добры прыход. Ён зрабіў яшчэ адзін ладны глыток, усё болей запальваючыся, працягваў:

– Ты думаеш, калі па тэлевізары ў навінах перадалі, што нейкую там карціну купілі за сто мільёнаў баксаў, гэта нешта азначае? Бздуры! Сабачае лайно! Да мастака гэта ня мае ніякага дачыненьня! Чыстай вады шоў-бізнэс! Як бы табе растлумачыць?.. Ну, да прыкладу, ёсьць дзьве калоды картаў. На кожнай карце напісана імя. У адной калодзе пяцьдзясят імёнаў. У другой – дзьвесьце тысячаў. Калі ты ў першую калоду патрапіў, то цябе тусуюць усюды – музэі, тэлебачаньне, вокладкі часопісаў, сотбісы розныя! І пяцьдзясят найбагацейшых пінгвінаў на тваё імя стаўкі робяць! Велізарныя грошы за твае працы даюць, купляюць, перапрадаюць, паветра напампоўваюць. Бо, па сутнасьці, карціна й ёсьць паветра на палатне, пустэча! Што ў ёй можа каштаваць сто мільёнаў?! Але калі ты ў другой калодзе засеў, калі ў вялікую гульню цябе не запрашаюць, то, што б ты такога геніяльнага ні зрабіў…

– Які клясны капялюш! Я цябе ў ім адразу заўважыла, калі ты яшчэ швэндаўся па вакзале й лупіў вачыма па вітрынах з сасіскамі, – Інгрыд нечакана перапыніла яго, прысунулася зусім блізка й працягнула да шалома далоні.

Андрэ раптам адчуў дотык цеплыні, якая зыходзіла ад яе, пад імжыстым дажджом прасочвалася праз калючы швэдар і недзе ўнізе зьбіралася мяккім ласкавым воблакам. Твар Інгрыд быў зусім блізка. Ён чуў яе дыханьне, бачыў маленькія кроплі на шчоках, лёгкі пушок ледзь прыкметных вусікаў над верхняй губой. Ён адчуў, як нейкая жывёльная сіла вабіць яго да гэтага пракляпанага скуранога эксцэнтрычнага анёлка. Не вытрымаўшы, Андрэ паклаў рукі на яе талію, затым апусьціў ніжэй. Пад шурпатай паверхняй джынсаў гуляла напружаньнем цела, якое хацелася схапіць, прыцягнуць да сябе, угрызьціся ў яго, як у сакавіты горка-салодкі яблык.

– Пайшлі да мяне, пакажу свае малюнкі. Я жыву непадалёк, з маім бойфрэндам. Ён, вядома, поўны прыдурак, але зараз у яго рэпэтыцыя. Думаю, у хаце ён ня хутка аб’явіцца!

Не адрываючы погляду ад вачэй Андрэ, фасбіндэраўскі анёлак зрабіў глыток з бутэлькі, і яны рушылі на кватэру, якая сапраўды месьцілася зусім блізка, у адным з прывакзальных кварталаў.

У хаце Інгрыд, як і варта было чакаць, панаваў мастацкі раздрай. Усім выглядам яна давала зразумець, што тут жывуць людзі, для якіх плюшавая ўтульнасьць, прынамсі пакуль, не зьяўляецца чымсьці істотным. Кватэрка была невялікая й складалася з маленечкай кухні, аднаго досыць вялікага пакою й яшчэ аднаго зусім дробнага. Нейкую жвавасьць яе разьдзяўбанаму інтэр’еру надавалі дзьве сьцяны ў вялікім пакоі – чорная ды пэрпэндыкулярная ёй чырвоная. У розных месцах, без аніякага парадку віселі карціны й малюнкі, зробленыя ў даволі наіўнай манеры. Па цэнтры чорнай сьцяны красавалася вялізарная, абведзеная колам літара А.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3