Ненене ўправілася з бульбай, цяпер можна было падумаць і пра карову. Бульба выратавана, гэта было галоўным, у гэта яна непарушна і свята верыла: ёсць кардопля – жывы будзем, не прападзём. Зараз жа да гэтай кардоплі трэба было і карэчак малака. Карова Ненене хадзіла і рыкала каля могілак, нібыта спрабавала разглядзець, дзе там згубілася сярод крыжоў яе гаспадыня. I Ненене стала крыху лягчэй на душы: не-не-не, яна не пакіне сваю Мілку адну, не пакіне і ў бядзе. Радасная, бегла яна да сваёй Мілкі, вяла яе за сабой, прытыкала да плота каля могілак. Прыткнула і замерла амаль што ў роспачы: што ж далей? Мілка прывыкла да цяпла, холадна ёй, дрыжыць уся, бакі ходырам ходзяць. I Ненене жаночай сваёй істотай, ужо, здавалася, адмерлым, забітым жыццём і гадамі адчула, зразумела: вось яно, надыходзіць. I тут няхай свет перавернецца, хоць прыйдзе канец свету, а працу гэтую рабіць жывому трэба, не, не было і не будзе нікога на свеце, хто мог бы адкласці, спыніць яе ці перанесці на потым. Але ж як гэта ўсё на вачах, на людзях. Ды ты ж сама на вачах, на людзях, папікнула яна сябе за тое, даўняе, паглядзела ў стомленыя і рахманыя вочы каровы і адчула, што несправядлівая да сваёй Мілкі. Ёй, Ненене, што, яна баба, а бабы – яны трывалыя, ды тады сярод жыцця ўсё было, сярод жыта, у разоры, у разоры сярод жыта вясковыя бабы звычныя раджаць. А тут жа няхораша атрымоўваецца, нядобра, непрыстойна жывёле апраставацца сярод пагоста, дзе людзі адпачываюць, разумець жа трэба. Шывы асудзіць, абгаворыць і забудзе, даруе, а нябожчыкі не даруюць. У людзей вока нядобрае бывае, сурочыць могуць людзі, а хто ж гэта ведае, якое вока ў нябожчыка.
I стаяла яна перад могілкамі на вачах жывых і мёртвых са сваёй каровай Мілкай, чортавай Рабой, усёю жаночай сваёй істотай адчувала, што ўжо час, падпірае ўжо Мілцы, і не ведала, куды кінуцца з гэтай сваёй бядой, як схаваць яе. I ў тую толькі хвіліну яна нарэшце зразумела сваю дачку – і даравала ёй, даравала нават тое, што яна сама загубіла сябе. Вось так яна бедавала і яна, адна як вока ў вялікім і чужым горадзе, і не наважылася нікому даверыцца, нікому, акрамя маці, гора не нарабіла.
– Жывёле страха трэба… – Ненене і не прыкмеціла, як падышоў Махахей. – Далікатная яна ў цябе, да цяпла, да печы прывыкла.
– Не-не-не, яна трывушчая, – Ненене спалохалася, што Махахей здагадаецца аб усім. I прагоніць яе разам з Мілкай з могілак. I, нібы спрабуючы ўтаіць, прыкрыць гэты міжвольны грэх сваёй Мілкі, стала каля распёртага бока каровы, крыжам раскінула рукі.
– Што хаваеш? – усміхнуўся Махахей. – Жыццё. Не ў прыполе яе прынесла. – Сказаў гэта і, нібыта згадаўшы штосьці, збянтэжыўся, загаварыў груба: – Жывёла ўсё вытрывае, ды нечага ей глядзець, як людзі на могілках перабіваюцца. Нечага і ім, – паказаў на крыжы, – як жывое на свет з'яўляецца, бянтэжыць іх.
Ненене яшчэ нічога не цяміла, а Махахей, добрая душа, некуды знік і тут жа з'явіўся зноў з коллем над пахай і рулонам рубсройду па плячы. Пачаў забіваць колле ў зямлю, выгароджваць каля могілак месца жывёле. Ненене даверылася Махахею, даручыла яму сваю Мілку і пачала азірацца, каму б гэта дапамагчы і ёй. Старая Махахеіха ўскараскалася на табурэт і з вышываным ручніком у руках цягнулася да крыжа, што быў на ўваходзе па могілкі.
– Баба Хвядора, ці да ручнікоў зараз, не свята ж, не радуніца.
– Ой, доньку, яны нас прымаюць, мы да іх прыйшлі, а ты ім ручніка пашкадавала. Грэх… Тут у вайну немцы ішлі, дык адзін ручнік з крыжа ўхапіў – ногі памуляў, здарожыўся. Пераабуцца не паспеў – знайшла куля. Паважаць мёртвых заўсёды трэба, жывыя дабрэйшымі будуць.
– Так, баба, так, – толькі і знайшла што адказаць Ненене.
А да могілак плылі і плылі. з няхітрым скарбам чаўны і лодкі. і нават плыты. Акурат на тую хвіліну перацягваўся з берага са сваёй сям'ёй аднаногі крамнік Лявон Цупрык. Пажыткаў у яго было вышэй галавы. І Ненене кінулася дапамагаць Цупрыку. Схапіла клунак і абышла ўжо крамніка, скіравалася туды, дзе былі ўсе, але Лявон махнуў кавенькай: далей трэба, да тых чужых, да курганоў белага пяску. Ненене хацела ўжо адмовіцца, ды апамяталася, пасаромелася што-небудзь і сказаць супраць Цупрыку, прыгадала, што ён вёсцы не родны, прыблудны, і не было ў яго яшчэ тут сваіх магілак, сваіх крыжоў, і нага яго пахавана недзе ў іншым месцы, а дзе дакладна, яна не ведала і не імкнулася даведацца. Цупрык выдаваў сябе за франтавіка, але наракалі па яго: згубіў ён нагу пасля вайны ўжо. Ненене не асуджала яго раней, не судзіла і цяпер, калі дапамагала яму ўладкавацца ў адзіноце на курганах. Кожны жыве, як ведае, як умее, і кожны сваё атрымае калі не на гэтым, дык па тым свеце. Нясоладка яму і зараз, як гургану па тым кургане. Не пазайздросціла яна і заможнасці Цупрыка, вось толькі ўмарылася, цягаючы яго клункі і пакункі. Але Цупрык паабяцаў: скончыцца ўсё гэта, вырашыць ёй куль мукі. Куль мукі адразу быў непатрэбны Ненене, але яна ўсё ж падзякавала Цупрыку і пабегла да сваіх.
Астравок зямлі, застаўлены высокімі цёмнымі крыжамі, быў заселены і абжыты, і дзеці пахаджвалі ўжо там, глядзелі з вышыні могілак на ваду. За дзецьмі прыйшоў катэр з горада, каб забраць і адвезці туды ж, у горад, пасяліць у інтэрнаце. Але ж некаму, асабліва ў апошнія гады, было раджаць гэтых дзяцей, а тыя, што ўжо нарадзіліся, былі амаль дарослымі, хадзілі ўжо ў школу. Бацькі параіліся і дзяцей на катэр не пусцілі: пры сабе спакайней. Астравок з дарослымі і дзецьмі падобны быў на Ноеў каўчэг: усялякай пачвары па пары – кошкі, сабакі, пеўні, куры. Вось толькі парсюкоў не дазволілі сяляне завезці на могілкі. Барздыка, праўда, імкнуўся прыцягнуць двух, але яму заступілі дарогу, выйшлі ўсе і пагналі ледзь не ў каршэнь.
– Вунь прычэп ад трактара стаіць, – сказаў Махахей. – Там свінням і месца. Хлеў на калёсах.
– Такі хлеў і мне добрая хата, – заўпарціўся быў Барздыка.
– Не хочаш з людзьмі, ідзі да свіней і ты, – патурыла яго Ганна, жонка Махахея. – Ох, нялюдскі ты чалавек, Аркадзь.
– А што людскага ў пас, калі ўсе мы на могілках?
Ненене, як і іншыя, не хацела свіней на могілках, але, мусіць, толькі яна адна адчула горкую праўду ў словах Барздыкі. Адчуць адчула, а пагадзіцца ў тую хвіліну, калі ўсе былі такімі згуртаванымі, не дазволіла сабе.
– Так то ж бяда, Аркадзька, перамагнёмся – і зноў будзем людзьмі.
– Куды яшчэ жыццё гэтае паверне…
– А куды ні паверне, паганіць іх хату мы табе не дадзім, – азваўся ўрэшце дзед Дзям'ян Роўда, адзін з апошніх, а колісь шматлікіх Роўд у вёсцы. Ён як знямеў гэтым днём, прыйшоў на могілкі толькі з тым, што надзета на яго, і, здаецца, без слова, без языка.
– Ты не дасі,– панура ўсміхнуўся Барздыка, – недавака знайшоўся. Не мае больш наша вёска могілак. Сам, сваімі вушамі чуў, з катэра гаварылі.
– Чаго, чаго не будзе? Ненене, Ганна, Цімох, сынку, што чаўне боўдзіла гэта балотнае? Цімох, а я ўжо сабе і месца прыгледзела, добрае, утульнае, і з дарогі відно, хто ні пойдзе, не міне. Што ж гэта, Дзям'ян, Роўда, я цябе пытаю… – I старая Махахеіха насунулася на дзеда Дзям'яна. Дзям'ян, цяжка ступаючы нязношанымі, бадай што з пары даваеннага старшынства, ялавымі ботамі, пакрочыў у ваду да Барздыкі.
– Адчапіся, з'яд, – адмахнуўся ад яго Барздыка.
– Паводка, гавораць, у нас апошняя, табе не далажылі яшчэ гэтага. Забаронены з гэтай вясны, гавораць, паўсюдна паводкі, і паміраць забаронена.
– Корч ты, доўбень, смяешся з чаго і дзе, – Махахеіха распасцерла рукі над могілкамі.
– Не, баба Хвядора, не да смеху мне сёння. Сваімі вушамі чуў. Пакаранне, гавораць, нам будзе, што пад эвакуацыю, калі паводка пачалася, не пайшлі і дзетак не далі эвакуіраваць. Усю вёску нашу побаку, мяне пад хвост сабакам…
– Ой, не брэша, ой, не брэша, чуе маё сэрца, – раптам пусціла слязінку Ненене. – Што ж будзе, што ж будзе…
I трывожна забрахалі сабакі, роспачна зараўла ўзбуджаная іх брэхам жывёла, і як ачмураныя стаялі каля могілак людзі, глядзелі і, пэўна, не бачылі, як аддаляецца ад іх Барздыка са сваімі падсвінкамі, не чулі і віску тых падсвінкаў, не прыкмецілі, як і адплыў з імі Барздыка, скіроўваючы да хат, якія вымусіла іх пакінуць паводка, а цяпер…