– Прабач мне, дзіцятка, не хацела я цябе папужаць. Жывая я, як бачыш, і не вядзьмарка. I ты жывы, і нічога не бачыў, не бяры ў галаву, што людзі сплятаюць. Слабая ў цябе галава, сэрца мяккае. Прымеш ты мук праз такое сэрца. Трымай яго ў кулаку, не падыходзь, дзіцятка, да прорвы, грахі нашы цяжкія ў гэтай прорве жывуць. Мае грахі і твае ўжо ў ёй пахаваны. Суціш, суціш сваё сэрца… – А сэрца, ён адчуваў гэта, не хацела суцішацца. Яно білася ў зямлю і аб зямлю, аб прорву тую Чортаву, білася, як білася зараз у дуб. I дуб ажываў, застукала раптам і ў дубе сэрца, закалацілася як аб браню, загаласіла, заплакала, сціснутае мёртвай, задубелай, гадамі назапашанай карою. I ўпала з дуба на ягоны адзервянелы мёртвы твар сляза, яму падалося – сляза, а на самай справе скацілася з вецця, з ліста расінка, а мо й не расінка, мо сапраўды заплакаў разам з ім стары дуб. Мацвей кінуўся ад дуба прэч, у кусты, як кінуўся колісь прэч ад Махахеіхі. Не даўшы нікому і знаку, што ён быў у Княжборы, паехаў у белы свет як у капеечку: пакляўся вярнуцца сюды, калі забудзе Алену, Але ён, Мацвей Роўда, нічога не забыў. Не забыў, а вяртаецца ў Княжбор. I збегчы цяпер няма куды, хоць дуб, які колісь схаваў яго ад Алены, аднагодак Івана Грознага, стаіць, дзе і стаяў…
– Што засумаваў, дружа? – тузануў яго Шахрай, – Гэта і ёсць твой Княжбор… Княжыць табе тут…
Выбар. Агледзіны
Шахрай не паспеў яшчэ і настроіцца на дарогу, толькі праскочылі ніцыя кусцікі лазы, чэзлы алешнік, што пачынаўся адразу за вёскай, дрогкае поле, занятае кукурузай, дарога вільганула і прыціснулася да рэчкі. I Дзям'ян запатрабаваў спыніцца.
– Свілёва, – сказаў ён, калі яны выйшлі на высокі стромы бераг рэчкі, абапёрся плячыма да пахіленага над рэчкаю дуба, зашоргаў ботамі, нібы закопваўся ў зямлю. Закапаўся і сціх. I здавалася, стары і дуб, да якога ён датыкаўся, з аднаго рэчыва, адной пароды, толькі дуб хіліўся да вады, а дзед стаяў праменька, і нейкі выклік адчуваўся ў гэтай яго нерухомай прамізне, у абвіслых, але дужых руках, што кожную хвіліну здольныя яшчэ і ўскінуць на плечы мех, і папрацаваць сякерай. Задзірліва спакойным быў і застыглы твар ягоны, буйны, усё яшчэ шырокі, хаця і з адбіткам ужо зямлі па ім. Мацвей з Шахраем мімаволі, але таксама паддаліся таму спакою і ўпэўненасці, што сыходзілі ад дзеда, сталі побач з ім на той жа круты бераг, пачалі ўзірацца туды, куды ўзіраўся і ён, хаця, здаецца, нічога цікавага там не было.
Трава, трава, а сярод гэтай травы, што так прагна піла і дыхала сонцам, чорныя дубовыя пні. Дзе-нідзе між гэтых пнёў – круглыя і зялёныя кусты лазы і зрэдку згубленыя на адзіноце дубы.
– Махахеева дуброва, – нібыта вёў іх вочы па гэтым аблогу і абшары, сказаў Дзям'ян. За дубамі, скрушліва раскіданымі вакол, за шарамі лазняку, далёка, кіламетры за два-тры, праглядвалася сенажаць.
– Балонь, – зноў прамовіў дзед Дзям'ян. I яны надоўга змоўклі, думаючы кожны аб сваім. Мацвею ўсё гэта было родным; Свілёва, Балонь, Махахеева дуброва – самі назвы гучалі яму зусім так, як гучаць словы маці, бацька. Шахрай жа прымерваўся і прыслухоўваўся да нязвыклых яго вуху слоў:
А што азначае Свілёва? Чаму Свілёва?
– Бусел, – сказаў дзед Дзям'ян. I, не падымаючы галавы, нібы яму цяжка было варочаць шыяй, узняў палец угару пад сабой. Яны ўзнялі галовы: за некалькі крокаў ад іх стаяла ўсохлая, з абламаным шчыком бяроза з буслянкай. У буслянцы сядзеў бусел ці бусліха, яны ўбачылі галаву птушкі, якую яна высунула з буслянкі і трымала навісу і пацеркамі вачэй нязводна, але без мітусні і напружанасці глядзела на людзей. Амаль гэтак жа, як дзед Дзям'яп глядзеў на зямлю, сенажаць і дубы.
– Бусел? – нічога не зразумеўшы, перапытаў Шахрай.
– Бусел, – пацвердзіў Дзям'ян, – птушка. А вось вада, рэчка, а там дуброва, кусцікі, сенажаць, Балонь – усё сплялося, усё звілося ў адно. I дуб тут расце кручаны, як чорт круціцца-верціцца ў ім – ні сакерай яго, ні пілой.
– Тады кручанае лепей, – сказаў Шахрай.
– Свілёва! Са свіллю і азярыны тут вакол. Уся вада ў цвілі. Цвіце вада, зарастаюць азярыны, а ніяк не зарастуць.
– Дапаможам, – коратка і з націскам кінуў Шахрай.
– Э, чалавеча, – дзед Дзям'ян паглядзеў на Шахрая, як на дзіця. – Кінь, няма ў іх дна.
– Як гэта, няма дна?
– А вось так, адно возера наверх, да сонца, да свету, а другое – уніз, пад зямлю.
– Але дно ўсё ж ёсць.
– Не-а, бугай балотны там жыве.
– Дзед Дзям'ян, – развёў рукамі Шахрай. – Ты ж камуніст.
– А ён беспартыйны… – насупіўся дзед Дзям'ян. – Ты маю партыйнасць не кранай, з семнаццатага я года ў партыі.
Адкуль жа тады бугай гэты балотны.
– А халера яго ведае. Раве, дзярэ вушы і партыйным, і беспартыйным. – I, ці то імкнучыся перамяніць гаворку, ці то пацвельваючы Шахрая, павярнуўся да рэчкі:
– Вось яшчэ непарадак у нас: западзеншчына крадзе нашу зямлю. А зямелькі той у нас…
– З табою, дзед, не засумуеш, – паглядзеў на рэчку, на процілеглы бераг і Шахрай. – Як гэта западзеншчына крадзе ў вас зямлю?
– Проста, прынаровілася. Вось я стаю на сваёй зямлі, а па другі бок рэчкі ўжо другая вобласць, западняя. Дык што западнікі тыя твораць? Рэчка іх бераг не кранае, а наш рушыць, падмывае. Вось дуб, глядзі, пахіліўся. Сам бачыш: упадзе хутка дуб у ваду – і зямелькі ў нас меней будзе, і на адно дрэва меней. Зладзеі на тым беразе жывуць.
– Зладзеі,– пагадзіўся Шахрай. – Навядзём парадак, дзед, і тут. Шакараем злодзея, пакараем рэчку. Паганяем далей, паказвай далей, дзе ў вас тут яшчэ непарадак. – I пацягнуў дзеда да машыны.
– А што табе наш непарадак, – занатурыўся дзед, як бы не жадаючы зноў у машыну, не жадаючы куды б там ні было ехаць.
– А каб усё добра было, гожа каб усё, і ніякіх злачынцаў, і ніякага крадзяжу.
– Гэта як жа?
– А вось так, гах – і пад корань, і з коранем.
Мацвею падалося, што дзед Дзям'ян глядзіць на Шахрая з нейкім жалем.
– Адразу – і гах пад корань? – перапытаў ён Шахрая. – Гэта што ж атрымоўваецца, калі я яшчэ не зусім з глузду з'ехаў – разам з чалавекам?
– А чалавек прыйдзе новы.
– А старога куды?
– На печ.
– Ну-ну, гэта добра, каб на печ, а не над печ, дай бог і нашаму цяляці воўка з'есці.
I ад гэтых слоў заныла сэрца ў Мацвея, нават у зубы нешта ўступіла, нібы ён, распалены, хапіў халоднай вады, нешта вельмі нядобрае і халоднае адчуў ён у гэтай размове, у тым, як яны калясілі па Палессі, як нявесту ўсё роўна шукалі і цяпер вось знайшлі, цяпер гэта былі ўжо, як заведзена, агледзіны нявесты: нявесту выпрабоўвалі, як яна на працу, ці няма ў ёй якой-небудзь заганы, ці спраўна яна рабіць сваю галоўную жаночую справу – раджаць дзяцей, ці паслухмяная свёкру і свякрусе і як на твар. Ішла купля-продаж, і трэба было хваліць дзеўку, мясціны, па якіх яны ехалі. А Мацвей не хацеў ні ганіць, ні хваліць: боль быў у ім за ўбоства і прыгажосць свайго краю.
Яны ехалі ўсё тым жа берагам рэчкі. Дарога была жудасная, горш і не прыдумаць, калі ты ў машыне, і лепей не трэба, цуд, казка, калі ты пешшу, калі цябе не чакае праца, калі ты прыехаў адпачыць, пабадзяжыць на адзіноце ці прыгадаць былое – сваё дзяцінства, як хадзіў і бегаў тут на пачатку жыцця. I не прыкмячаў, нічога не прыкмячаў: ні пчалы, што спяшалася да жоўтых і духмяных балотных ірысаў, ні борцаў, што невядома як, калі хто паставіў, таму што яны прыраслі ўжо да векавых дубоў, больш дубу, дрэву, чым чалавеку, належалі, не кідаліся ў вочы спавітая лазою рэчка, што віляла, як і дарога, і старыцы, якія ўжо адвілялі сваё, а цяпер зарасталі лотаццю і белымі гарлачыкамі, і не здзіўлялі волаты-ясакары, піто глядзелі на цябе сваім змрочным вокам-дуплом, каля якога палётвалі вялізныя і злыя шэршні. Здавалася, усё і павінна так быць, так і было і будзе вечна. I паўсюдна толькі так, а не інакш. Інакш не бывае, таму што гэта першае, што ўбачылі і з чым парадніліся твае вочы, таму што ты парадзіўся тут, кожны дзень чуў адну толькі мелодыю, адну музыку. Рознымі былі толькі музыкі: лета, восень, зіма.
– Храпчына, Воўціна, – скрозь песню, што адраджалася і паціхеньку пачала гучаць у ім, Мацвей пачуў голас дзеда Дзям'яна, не прыкмеціўшы, як прыехалі, спыніліся сярод такога абсягу і раскошы і сярод такой цішы, што хацелася знямець, вырваць сабе язык і слухаць, слухаць сябе, глядзець: справа рэчка, злева рэчка, а па беразе гэтых рэчак дубы і ясакары і белы ў белым рачным пяску параходзік. I ўздоўж берага нешта журботнае, нейкі няўлоўны напамінак аб тым, што колісь тут жыў чалавек, цьмяныя абрысы яго селішча, падмуркі ад яго хат, хлявоў, на якіх сёння раскашавала крапіва, а дзе-нідзе сярод гэтай крапівы вытыркаўся і чырвоны ражок цагліны. I Мацвей адчуў параднёнасць з гэтай цаглінай, з гэтай крапівой, нібыта ён загадзя ведаў, што ўсё гэта ёсць тут і сюды, менавіта да гэтай раскошы травы і цэглы, і імкнуў. I зараз ён падыдзе да іх, трэба толькі перайсці лагчынку, прадзерціся скрозь спавітыя хмелем кусты воўчага лыка. I пакуль ён будзе ісці па лагчынцы, выдзірацца з кустоўя, спавітага хмелем, там, наперадзе, паўстануць зноў з крапівы, падымуцца з кінутых падмуркаў хаты. Хаты будуць пустымі, але на парозе, па ганачку будзе стаяць жбан з халодным, толькі што з пограба, бярозавікам. I ён ужо скіраваўся да лагчынкі, пакрочыў як адурманены нечым, адчуў адзеннем, пальцамі. рук учэпістасць хмелю. Голас дзеда спыніў яго: