– Што гэта вы робіце, чым займаецеся? – Шахраю хочацца пагаварыць з Барздыкам.
– Ай, начальнік, хіба ж ты не бачыш…
– Бачу, многа ў цябе зямлі?
Гэтае пытанне выводзіць са здранцвення Барздыку. Бог яго ведае над чым ці над кім гэты начальнік начальствуе, а пра зямлю пустой гаворкі не мае быць. Барздыка, канечне, не верыць, што яму прырэжуць той зямлі. I Мацвей адчувае, як Барздыка напружваецца.
– А што? – удае ён сябе за глухога.
– Колькі, пытаю, зямлі ў цябе?
– А вось, – непаразумела разводзіць рукамі Аркадзь Барздыка, ці то паказвае толькі на гэтую дзялянку, ці то ўбірае ў свае рукі зямлю, колькі вока можа ахапіць.
– I гэта ўсяго? – не разумее яго хітрыкаў Шахрай.
– Да не, яшчэ трошкі ёсць.
– I колькі ж трошкі?
– Трошкі.
– Ну колькі трошкі: дзесяць, сорак сотак, гектар? Колькі ў сярэднім княжборскі мужык мае зямлі?
– Трошкі… дзесяць, сорак сотак, гектар у сярэднім.
– Не разумею, – круціць галавой Шахрай. – Дык дзесяць сотак ці гектар у сярэднім?
Барздыка ўмольна пазірае на Роўду, хоць усё яшчэ не прызнаецца ў тым, што ведае яго, просіцца вачыма падказаць, што гаварыць, як выкруціцца. Калоцяцца яго душа і сэрца, не паважыцца ён ніяк ні праўду сказаць, ні звесці гаворку на яго, Мацвея Роўду. Звесці можна, толькі вялікае пытанне, ці пагодзіцца з гэтым Роўда, ці захоча ён з ім вадзіць знаёмства. Ён жа чуў дзесь, што гэты Дзям'янаў парастак таксама ў начальніках ходзіць, і цяпер, калі стаіць і не адгукваецца на яго мальбу, не варта і яму ў радню набівацца. Яго справа такая: загадалі ісці – ідзе, стой – стой. А тут нешта ні тпру ні ну, хоць стой, хоць падай.
– Ай, начальнік, ну чаго ты да мяне прычапіўся? У сярэднім, у сярэднім. Колькі ў каго гною хапае, столькі і зямлі ў сярэднім. – Спрытна выкручваецца Барздыка, вылузваецца. Але Шахраю няймецца, пакуль яны ішлі пешкі. з Мацвеем, ён дазволіў сабо паслабіцца, мо й пасумаваць, пашкадаваць каго. Але цяпер ён зноў закаваны ў браню, перад ім штосьці непаразумелае, як бы працяг тых самых балот, праз якія яны ішлі і ехалі тыдзень, з якімі ён павінен змагацца, дзеля дабрабыту гэтага ж негаваркога з хітрыкамі селяніна. А Барздыку такая гаворка ўжо даспадобы. Гной не зямля, гною ў яго хапае, пра яго ён можа і з начальнікам пагаварыць – што гэты начальнік цяміць аб яго гноі.
– Гною хапае, хапае, колькі худоба дае ды вы яшчэ дабавіце, столькі і будзе, увесь наш.
– А колькі яна дае, колькі жывёлы ў цябе?
Такі паварот зноў, адчуваецца па ўсім, непрыемны Барздыку. Якое ж мноства па свеце рэчаў, пра якія не хацелася гаварыць Барздыку з начальствам. Барздыка непрыязна глядзіць, але не на Шахрая, а па яго, Мацвея Роўду: ці не фінагента навёў на вёску гэты Дзям'янаў парастак?
– Ды волікі во…
– I ўсё?
– Ну, кароўка.
– Не прыбядняйся, не прыбядняйся, і яшчэ там штосьці ў хляве тваім мычыць.
– Ну быцок мыціць…
Роўда не ўстрымаўся, зарагатаў: дапёк Шахрай усё ж Барздыку, зацокаў ажно, а княжборцы калі яшчэ цокаць перасталі. Да таго ж Барздыкі наогул ніколі не цокалі. З цоканнем – гэта іх, дзям'янаўская гаворка. «Быцком» сваім Барздыка ўжо прама звяртаецца да яго, і Мацвей не адмаўляецца ад зямляцтва:
– А да быцка цёлацка, так, Аркадзь Прахоравіч?
– Та-ак. А да быцка цялуска, – ашчэрвае жоўтыя зубы Барздыка. – З прыездам вас, Мацвей Антонавіч, рады, рады.
– А да цялускі кабанцік?
– А да цялускі кабанцік, так, так яно.
– А да кабанціка парасяткі?
– I парасяткі гной даюць.
– Ды гусак з паўсотні.
– Трыццаць гусак… А што, Савецкая ўлада супраць?
– Не супраць, але ж каб столькі,– не вытрымаў усё ж Шахрай, – хоць раскулачвай.
– Нно, цоб-цабе… Ты, начальнік, па машыне, а я на воліках… Пайшлі, воўк вас дзяры.
I валы пайшлі, без крыўды на пугу і крык, унурыўшы галовы. I толькі зрэдку варушылі вушамі ды пакручвалі хвастамі, адганяючы з'яд, рыпела ярмо, сквірчэла, як сала на патэльні, зямля. Сквірчэнне гэтае і рып паступова затухалі, глухлі, пакуль зусім не патанулі ў цішы дубоў і поля.
Яны стаялі на рагу гэтага поля, глядзелі ў спіну аратаму. Шахрай зрэдку моршчыўся, калі валы збіваліся з нагі, і, пакуль бралі яе, ярмо ажно верашчала. Роўду было няёмка за свайго вяскоўца і за Шахрая, перад вяскоўцам было няёмка. I наогул яму было няўтульна на роднай княжборскай зямлі. Ён вусцішна маўчаў, разумеючы, што нельга зараз чапаць Шахрая, але ўсё ж не ўтрымаўся, калупнуў Шахрая, такая ўжо парода іх, дзям'янаўская. Сыпануў солі на хвост Шахраю.
– Чаго ж вы не спыталі, Алег Віктаравіч, пра волікаў, якіх ён садзіў у зямлю, хвасты абразаў, як соль сеяў?
– Гэты волікаў садзіць і соль сеяць не будзе.
– Чаму не будзе, ён і ёсць галоўны салясей у Княжборы, – зноў не ўстрымаўся, пакінуў за сабою апошняе слова Мацвей. Ён помсціў Шахраю і за бюро, і за трутняў, і за Барздыку. За ўвесь Княжбор, што ў асобе Барздыкі так няветліва сустрэў іх, жыў па-свойму, па сваіх законах, якія не супалі з законамі Шахрая, а дзесь і з яго, Мацвея Роўды, законамі. Т садзіліся яны з Шахраем у машыну моўчкі, і нейкі час ехалі моўчкі, кожны ў сабе.
Нічога ў цябе землякі,– першым усё ж парушыў маўчанне Шахрай.
– Што вы ведаеце аб маіх земляках? У яго ж сямёра па лаўках, а мы яго гусак, кабанчыка лічыць пачалі. У калгаса гектар зямлі адхапіў… А пра тое мы не думаем, што не ён пры калгасе, а калгас пры ім. Сто – дзвесце гектараў ворнай зямлі – вось і ўвесь калгас.
– А ён з гэтай сотні-другой цэлы гектар адламаў.
– Адламаў… Зубамі выгрыз. Трактар, калі б яго так паганяць, і той бы здох. А без волікаў пагібель яму. I дзед мой пару трымае. Павінен трымаць. I кожны так у Княжборы.
Мацвей, здаецца яму, памятае і ведае цяпер усё аб сваім Княжборы, пра людзей, што жывуць тут, пра самога сябе, нібыта ніколі не пакідаў яго, нібыта дух яго, цень, пазбаўлены цела, з дня на дзень лунаў над гэтымі балотамі і полем, хадзіў па хатах, усё бачыў, усё чуў, убачыў і адчуў і яго ў гэтым газіку, спусціўся да яго, увайшоў у яго, зліўся з ім і перадаў яму ўсё, што сам бачыў і ведаў, разгроб тыя наносы, тое смецце, што затлуміла галаву, агаліў пульсуючую жывую яго памяць. I ён бачыў гэтую сваю ачышчаную памяць, чуў, як яна прыбойна дыхае ў ім, хаця і скавана яго целам, яго сумам, прысутнасцю Шахрая, скавана яшчэ і асцярожнасцю, жыццёвай абачлівасцю, няведаннем таго, як атрымаецца ў яго тут, што ён знойдзе, а што згубіць тут.
Мінулае не вяртаецца. Але ці толькі лепшае ідзе па змену мінуламу. Сённяшняе Княжбора абурае Алега Віктаравіча, хаця ён яшчэ і не нюхаў гэтага сённяшняга, бачыў балота, што атачыла Княжбор, праскочыў па машыне па княжборскай дарозе, пагаварыў з Барздыкам, калі той быў не ў гуморы. Угледзеў толькі тое, што само сляпіцай лезе ў вока, назаляе воку. Які ж багацей, тым больш кулак гэты гарапашны Барздыка. Хворы пайшоў ад гэтай зямлі на вайну, у партызаны, а з партызан і ў войска, здабыў па фронце лычкі старшыны, з тым, ды яшчэ з чужым жалезам у грудзях, вярнуўся ў родную вёску, падымаць на ногі калгас. Нічога не скажаш, сёння жывецца яму куды вальней, чым учора. Толькі ці ёсць у яго час адчуць гэта? Ухопіць раніцай, як птушка, што-небудзь, укіне ў рот кавалак хлеба, зап'е малаком, ну, мо скрылёк сала, калі яно ў яго далежваецца да лета, канечне; удзень – гладышка кіслага малака; вечарам – чыгун паронак ды зноў тое ж малако, вось і ўсё. А волікі ў Княжборы тое ж самае, што лодка ці човен. Машына-ўсюдыход, і яна буксуе на княжборскіх гацях, вунь як раве, а волікі цягавітыя, як і Чыгуны-Барздыкі, як Дзям'яны-Роўды, як Махахеі. Пазбаў ты іх гэтых волікаў – і капцы. Пагібель Чыгунам, Дзям'янам, Махахеям, хоць самім галаву ў ярмо. Цялічка, бычок – яны восенню ўсё роўна будуць у казне. Дзякуючы гэтым бычкам і цялічкам недзе вучацца ў горадзе сын ці дачка Барздыкі, дзякуючы бычкам дзеда Дзям'яна вучыўся ў горадзе і ён сам, Мацвей Роўда. Гэта яны, бычкі і цялічкі дзеда Дзям'яна, вывелі яго ў свет, у людзі. А кабанчыкамі і парасяткамі жывы і сам Барздыка, жыў Княжбор і ўсе іншыя Княжборы Палесся. I шчасце іх, што так дбаюць, цягнуць з сябе жылы палешукі Чыгуны, Дзям'яны, Махахеі, тыя самыя, што сеялі колісь соль і садзілі волікаў. Колькі плётак і баек, сем карабоў бязглуздзіцы вакол іх, вакол гэтага прасла, дубоў гэтых, гэтых буслоў – вакол палешука, які сапраўды не чалавек, а паляшук. I плятуць гэтыя карабы па сённяшні дзень, і кожны сваё лыка ўплятае. Герадот, той пайменаваў гэты куток краінай вады і туманоў. Плеткары больш сучасныя абазвалі палешука дзікуном, лічы, дзікунства гэтае, маўляў, ужо ў самім слове «паляшук». Не зводзяцца плеткары. Наслухаўся іх і ён, Мацвей Роўда. Забяспечылі і яго на дарогу плёткай. Пра тое, як нейкі без меры закаханы паляшук праз балота хадзіў на спатканне да сваёй каханкі, лётаў, сплёў сабе кош-самалёт, запрог у яго дваццаць пеўняў. На гэтай лічбе Мацвей не вытрымаў, перапытаў: