Глобус Адам - Казкі для дарослых (зборнік) стр 4.

Шрифт
Фон

Калодзежная жонка і Залаты грабянец

Вырашыў мужчына ажаніцца. Лёгка было сказаць, ды цяжка зрабіць, бо надумаў мужчына знайсці сабе найпрыгажэйшую ва ўсім свеце жонку. Куды ён толькі ні лётаў! У якіх краях ён толькі ні шукаў! Пэўна, тры разы абляцеў, абшукаў і агледзеў той апантаны мужчына ўвесь свет, ажно пакуль не знайшоў аднавокага ведзьмака, які параіў пайсці жаніху ў Белавежскую пушчу, знайсці тамака закінуты калодзеж, схавацца побач з калодзежам у зарасніку шыпшыны і ноч перачакаць. На досвітку вада ў калодзежы падымецца і паўстане з той крынічнай вады найцудоўнейшая ў свеце жанчына. Аднаго не ведаў аднавокі дарадца: як тую цудоўную прыгажуню затрымаць, бо як толькі яна некага бачыла, дык вокамгненна рассыпалася на безліч найдрабнюткіх слязінак-расінак і расплывалася ў паветры. Мужчына вырашыў папросту злавіць калодзежную прыгажуню на Залаты грабянец, які выпадкова прыдбаў у русалкі з возера Нарач. Пайшоў ён у пушчу, знайшоў калодзеж, схаваўся ў шыпшыне, а Залаты грабянец паклаў на сінюю ядвабную хустку, якую разаслаў каля самага калодзежа. Як казаў вядзьмак, так і адбылося: вада ў калодзежы ўзнялася, і выплыла з той вады доўгавалосая і яснавокая прыгажуня. Убачыла яна Залаты грабянец, падышла да сіняе хусткі. Тут мужчына і схапіў яе за руку. Толькі ён дакрануўся да найпрыгажэйшай на ўсім белым свеце жанчыны, як тая пачала рассыпацца на слязінкі-расінкі, а разам з ёю пачаў рассыпацца на расінкі-слязінкі ды раставаць у паветры і малады мужчына. Яны прапалі, зніклі, як іх і не было. Залаты грабянец і сіняя хустка дасталіся аднавокаму ведзьмаку, што, можа, і цалкам справядліва.

Жахліва-жоўтая кветка

Сямігадовы хлопчык папярэдзіў пяцігадовую сястру, каб яна доўга не глядзела на Жахліва-жоўтую кветку. Дзяўчынка не паслухала брата і доўга-доўга любавалася Жахліва-жоўтай кветкай. Праз тры дні дзяўчынка аслепла. Свае наступныя семдзесят сем гадоў дзяўчынка пражыла ў суцэльнай цемрадзі.

Чорная канапа

Казку пра Чорную канапу я пачуў у скульптурнай майстэрні. Туды сабраліся паэты, каб пагаварыць пра жахлівыя гісторыі ды пачытаць свае вершы пра жудасці. Было вусцішна, змрочна і напружана. Хай сабе і пілася гарачая гарбата, хай сабе і еліся цукеркі ды салёнае печыва з сырам, а змрочныя настроі не пакідалі пазастаўляную гіпсавымі галовамі майстэрню. Каб не казка пра Чорную канапу, я наогул падумаў бы, што змарнаваў вечар, прасядзеўшы сярод гіпсавых залысінаў, гіпсавых падбароддзяў і гіпсавых патыліц. Добрую казку распавяла дзяўчынка ў вялізных акулярах…

У нашым горадзе жылі-былі тата, мама і дачка. Аднойчы яны купілі Чорную канапу. Яна была такая шырокая, такая мяккая, такая бліскучая, што дачка прасіла бацькоў, каб яны дазволілі ёй паспаць ноч на новай канапе. Але маці сказала, што першую ноч на новай канапе паспіць тата. Раніцай, калі ўсе прачнуліся і сабраліся паснедаць, высветлілася, што таты нідзе няма. Сямейнікі падумалі, што тата прачнуўся рана-рана і пайшоў на працу. Увечары адпачыць на Чорнай канапе прылегла мама, яна прылегла толькі крышку адпачыць ды моцна заснула. Наступным ранкам дзяўчынка прачнулася ў кватэры адна. Яна шукала бацькоў, але ні тата, ні мама не знайшліся. Дзяўчынка паклала на Чорную канапу сваю любімую ляльку і села снедаць. Дзяўчынка ўжо даядала апошнюю лыжку рысавай кашы, калі ўбачыла, як Чорная канапа праглынула ляльку. Дзяўчынка перапужалася, бо зразумела, што Чорная канапа праглынула не толькі ляльку, а людажэрка праглынула тату і маму. Дзяўчынка патэлефанавала міліцыянтам і распавяла пра людажэрства Чорнай канапы, якая з’ела яе тату, маму і ўлюбёную ляльку. Міліцыянты здзекліва пасмяяліся з расповедаў дзяўчынкі. Тады яна ўзяла цацачнага мядзведзя, засунула яму глыбока ў жывот востры нож і паклала цацку на Чорную канапу. Тая з’ела мядзведзя. Чорная канапа праглынула цацку разам з нажом і здохла. Дзяўчынка патэлефанавала дзеду. Ён хутка прыехаў, завалок дохлую канапу на сметнік і там яе кінуў. Дзяўчынка пераехала жыць да дзеда з бабай… Такую казку распавяла ў скульптурнай майстэрні дзяўчынка ў вялізных акулярах. Раней я ніколі не чуў, каб у казках міліцыянты пасміхаліся з перапалоханай дзяўчынкі, таму і занатаваў гэтую жахалку.

Кілер, Круцік і ліфт

Бізнесоўцу Круціку прымроілася, што ён выходзіць з ліфтавай кабіны і ў яго страляе кілер. Бізнесовец апаласнуў твар халоднай вадой, выпіў паўшклянкі гарэлкі, кінуў працу і паехаў дамоў. Па дарозе з працы дамоў Круціку зноўку прымроіўся кілер, які з аўтамата пускае ў яго даўжэзную чаргу. Круцік вырашыў не ехаць дамоў, ён паехаў за горад, каб пахадзіць па заснежаным лесе, каб пасядзець на дачы каля каміна, каб пап’янчыць пару-тройку дзён і супакоіцца… Кілер застрэліў бізнесоўца каля распаленага каміна ён пусціў у п’янога Круціка доўгую аўтаматную чаргу. Апошняе слова бізнесоўца было «ліфт».

Шэры мост і дробныя феміністкі

У нашай сталіцы ёсць Шэры мост. Той мост ведаюць усе, бо наш галоўны праспект ідзе якраз праз Шэры мост.

Пад мостам плыве ціхая рака, а яшчэ там ёсць два праходы-праезды. У тым праездзе-праходзе, што бліжэй да пляца Перамогі, часам з’яўляўся Белы чалавек. Ён падыходзіў да мінака і прапаноўваў пакаштаваць гарэлкі. Калі мінак пагаджаўся і выпіваў з Белым чалавекам, дык спыніцца ўжо не мог, піў і піў гарэлку, пакуль не прапіваў усё чыста, пакуль не співаўся ўшчэнт і не паміраў. У кожнай казкі ёсць свой пачатак і заканчэнне. У адзін светлы дзень пад Шэрым мостам у праходзе-праездзе мінакі знайшлі труп Белага чалавека. Побач з трупам ляжалі дзве пластыкавыя шклянкі і напалову поўная бутэлька белай. Дасведчаныя людзі распавядалі, што адзін мужчына, якога спакусіў гарэлкай Белы чалавек, усё ж кінуў піць. Мужчына той піў, не спыняючыся, тры гады, тры месяцы і тры дні. Мужчына той сабраў волю ў кулак, заціснуў волю ў кулаку і піць кінуў. Ён кінуў піць і пайшоў пад Шэры мост. Ён узяў нож і пайшоў пад мост, бо ведаў, што Белы чалавек ізноў паспрабуе спакусіць яго белай і горкай. Чалавек сапраўды паспрабаваў спакусіць мужчыну паўнюткай шклянкай горкай і белай, за што і атрымаў нажом у жывот. Пад Шэрым мостам мінакі знайшлі скурчанага Белага чалавека з нажом у жываце. А таго мужчыну, які пад Шэрым мостам зарэзаў Белага чалавека, так ніхто і не знайшоў. Таму дробныя феміністкі пачалі казаць, што забойства спакушальніка пад Шэрым мостам здзейсніла жанчына. Ды хто ж паверыць дробным феміністкам у нашай сталіцы?

Яна і ён

«Буду табе сніцца, каб не сумаваў». – «Абяцаеш?» – «Абяцаю!»

Ружовая качачка

У адной дзяўчынкі была ўлюбёная цацка – Ружовая качачка. Дзяўчынка, колькі сябе памятала, столькі помніла і сваю Ружовую качачку. Цацка тая была пластмасавая, таму з часам яна і парэпалася, і падрапалася, і пачала страчваць пяшчотна-ружовы колер. Нягледзячы ні на што, дзяўчынка любіла сваю цацку. З ёй яна тры разы на тыдзень песцілася ў гарачай ванне. Без Ружовай качачкі дзяўчынка ў ванну ніколі не залазіла. Качачка абавязкова пускалася паплаваць па празрыстай вадзе перад прыняццем ванны. Паціху-патроху дзяўчынка вырасла ў вялікую і таўсматую дзяўчыну, а яе Ружовая качачка моцна састарэла. Напярэдадні свята ўсіх закаханых і святога Валянціна дзяўчына, гуляючы па крамах, убачыла чырвоную качачку. Чырвоная цацка была рыхтык Ружовая качачка, адно што колер крыху іншы, крыху цямнейшы і крыху гусцейшы. Дзяўчына набыла сабе новую цацку, а старую выкінула ў вядро са смеццем. Увечары дзяўчына пачала набіраць ванну і пусціла па вадзе новую, бліскучую чырвоную качачку. Праз нейкі час вялікая дзяўчына распранулася і залезла ў прыемную цеплыню. Дзяўчына выпрасталася і заплюшчыла вочы. Яна не бачыла, як у ванную бязгучна заляцела Ружовая качачка. Яна пачала расці, павялічвацца і шырыцца ва ўсе бакі. Яна павялічылася так, што заняла ўсю вольную прастору ў ванным пакоі. Дзяўчына расплюшчыла вочы і пабачыла вакол сябе старую, парэпаную ружовую пластмасу, якая павольна і няспынна наплывала на яе. Ружовая пластмаса націснула на дзяўчыну так, што той давялося сысці пад ваду і тамака захлынуцца. Праз якую гадзіну маці тоўстай дзяўчыны знайшла сваю дачку мёртвай у ванне, што была поўная чыстай вады, на якой нерухома стаяла Ружовая качачка. Услед за дактарамі, маці палічыла гэтую заўчасную смерць за недарэчны выпадак, які здарыўся ў дзень святога Валянціна, на свята ўсіх закаханых і ўсіх раўнівых.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3