Глобус Адам - Казкі для дарослых (зборнік) стр 3.

Шрифт
Фон

Ісціна спадарыні Багушэвіч

«Што ёсць ісціна?» – спытала спадарыня Пілатовіч у спадарыні Багушэвіч. «Чэлес! Калі чэлес стаіць! Ісціна ў паўставанні і стаянні мужчынскага чэлеса!» – адказала спадарыня Багушэвіч. «Хіба паўставанне мужчынскага чэлеса можна назваць ісцінаю?» – засумнявалася Пілатовіч. «Вядома, калі ты – жанчына. У мужчын на гэты конт ёсць іншая версія, але нам, жанчынам, яна малацікавая. Павер!»

Вера, абізян, п’яніца і чалавечыя рогі

У Веры быў нікчэмны муж. Бедны, дробны, зайздрослівы, аблавухі, зласлівы, брыдкатвары, пустаслоўны, крываногі, баязлівы і спрэс валасаты. Не чалавек, а натуральны абізян! Сівыя валасы раслі ў абізяна нават на вушах і на носе. Вера свайго сівавухага абізяна нават палюблівала, але яна палюблівала і розных іншых. Вера зазвычай палюблівала людзей высокіх і заможных. Але галодных і брудных Вера таксама палюблівала. Яна давала ўсім, хто прасіў, бо мела свой адметны погляд на хутказменлівае ды хуткаплыннае жыццё. «Сягоння адмовіш, сягоння не дасі, сягоння не адсмокчаш, а заўтра ніхто і не папросіць!» – шаптала Вера сяброўкам. Вера давала, смактала, падмахвала, падстаўлялася, ракам станавілася. Вера жыла! Але была ў Веры адна бяда. У Веры не раслі рогі. Там, дзе ў звычайных жанчын растуць рогі, у Веры былі ямкі, бо яе сівалобы абізян нікому не падабаўся. Абізян не здраджваў Веры не таму, што не хацеў, а таму, што не мог. Вера таксама не магла яму ў гэткай далікатнай справе дапамагчы. Спрабавала. Але нават прасталыткі не пагаджаліся даць абізяну. Гідзіліся! Адна дарожная блядзюга была пагадзілася, спакусіўшыся на патроеныя грошы, паспрабавала была падставіцца, але, пабачыўшы распранутага сівацелага, блякласкурага, крывахуяга абізяна, рыганула і ўцякла. Бязрогая Вера так сперажывалася і спакутвалася, што кінула сіваносага абізяна і выйшла замуж за простага, звычайнага, непрыкметнага п’яніцу. Праз тры дні і тры ночы ў Веры выраслі акуратныя чалавечыя рогі.

Снежная баба і марозны дзень

Хлопец Бай зляпіў са снежных шароў сапраўдны замак з вежамі ды байніцамі. Бай пабудаваў у парку беласценны замак, каб дзятва гуляла там у снежкі. Калі Бай скончыў працу і любаваўся плёнам рук сваіх, да яго пад’ехала Снежная баба. Яна лісліва пахваліла Бая і прапанавала ў якасці ўзнагароды пакатацца на ейных санях. Толькі хлопец узлез на сані, толькі прысеў на мяккую падушку, як холад спаралізаваў ягонае цела. Магутны конь панёс сані з зямлі ды ў неба. Белы конь, скачучы па хмарах, прынёс сані ў далёка-далёкае ледзяное царства Снежнай бабы. Тая перасадзіла Бая на ледзяное крэсла і загадала яму складаць са снегу слова «бездань». Рукі ў Бая ледзь варушыліся. Чырвонымі, нягнуткімі, абмерзлымі пальцамі хлопец спрабаваў зляпіць са снегу літары, каб выкласці з іх магічнае слова. Мароз у царстве Снежнай бабы быў моцна-моцны, літары рассыпаліся, слова не атрымлівалася. Але Бай не пакідаў надзеі скласці слова, бо Снежная баба паабяцала за гэта – вызваленне. Пэўна, хлопец замёрз бы цалкам у марозным царстве вечнай зімы, каб не ягоная каханка Анжэла. Яна прачула пра бяду, што здарылася з яе любым, і выправілася ратаваць свайго Бая. Праўдамі і няпраўдамі Анжэла трапіла ў царства Снежнай бабы, знайшла каханка і нацягнула на яго цёплыя кальсоны. «Ты прынесла мне цёплыя споднікі!» – узрадаваўся Бай. «Я прынесла табе цёплыя споднікі!» – узрадавалася Анжэла ад таго, што яе любы ўзрадаваўся. Хлопец станцаваў рок-н-рол разам са сваёй выратавальніцай. Каб хутчэй вярнуцца дамоў, каханкам давялося скрасці ў Снежнай бабы яе белага каня. Конь, скачучы па аблоках, прывёз каханкаў у парк, дзе ў снежным замку дзеці гулялі ў снежкі. Неўзабаве Бай і Анжэла згулялі вяселле, пасля якога пражылі разам сто гадоў і адзін сонечны, кароткі, марозны дзень.

Як і Тык

Яку – якава, а Тыку – тыкава. Хіба ёсць сумневы? Ёсць! Бо Як лічыць найгалоўнейшым у рэчы якасць, а Тык у рэчы любіць функцыянальнасць. Як яскравы, а Тык тэхнічны. Сыдуцца Як з Тыкам і спрачаюцца. Спрэчка зазвычай пераходзіць у сварку, а тая часам і бойкай заканчваецца. Як якасна б’е Тыку ў нюхаўку, а той наносіць тэхнічны ўдар Яку ў вуха. Сілы ў Яка і Тыка аднолькавыя, таму бойкі заканчваюцца хутка. Гэта першая сутычка Яка з Тыкам была доўгай, а скончылася ўсё адно нічым, бо Тыку – тыкава, а Яку – якава. Усе ведаюць, што кожнаму сваё. Толькі Як з Тыкам ніяк не прымуць простай ісціны: спрачаюцца, сварацца і б’юцца бясконца.

Рай і свабода

Ева кідала Адаму ў твар кавалкі непатрэбнай яму свабоды… І быў вечар, і была раніца, і была свабода.

Белая нітка і новая сталіца

Казку гэтую я пачуў ад сваёй бабы Броні. Пачуў я казку пра Белую нітку даўно, пачуў і забыўся, а тут пабачыў кончык звычайнай чорнай ніткі, што вытыркалася з-пад гузіка на кашулі, пабачыў і пацягнуў за яго. Ёсць у кончыка ніткі такая якасць – прымушае пацягнуць. Трэба ці не трэба, а пацягнеш. Пацягнуў – і выцягнуў усю нітку з гузіка, той адваліўся ад кашулі, упаў на падлогу, падскочыў і пакаціўся пад канапу. Давялося класціся на падлогу і даставаць гузік. Дастаў, тут і згадалася казка пра хлопчыка-пастуха, які пасвіў авечкі каля возера Свіцязь. Падышоў хлопчык да возера, а вада ў Свіцязі чыстая-чыстая, светлая-светлая, празрыстая-празрыстая. І ўбачыў пастух Белую нітку на вадзе ў Свіцязі. Узяў хлопец канец ніткі і пачаў цягнуць, а нітка цягнецца і цягнецца, цягнецца ды не сканчаецца. Пачаў пастух змотваць Белую нітку ў клубок. Калі зматаў ён клубок памерам з гусінае яйка, пабачыў, як з возера выплывае горад. Хлопчык цягне нітку і выцягвае з-пад вады цэлы горад з палацамі ды касцёламі, з цэрквамі ды кірмашамі… У горадзе тым народу процьма, і ўсе вясёлыя…

Адно што сабака злы выскачыў з-пад крамнай брамы ды паляцеў з брэхам наўпрост на пастуха. Той спалохаўся, кінуў клубок у Свіцязь і – уцякаць. Адбегся, азірнуўся, а горад ужо зноў схаваўся пад азёрнай вадою. Людзі кажуць, што каб хлопец не змотваў Белую нітку ў клубок, а прывязаў яе да хвойкі, дык чароўны горад Свіцязь так і застаўся б стаяць, а Беларусь атрымала б новую сталіцу. Чарадзейства чарадзействам, а пакуль сталіца ў нас яшчэ старая, давядзецца мне простай ніткаю прышыць да простай кашулі просты гузік.

Залатыя гузікі

Дарыць залатыя завушніцы. Расшпільваць станік. Нямоцна пакусваць смочкі. Лашчыць жаночы гузік. Зазіраць у пупок. Любіць цябе на сабе. Любіць сябе ў табе. Любіць.

Дабранач і сем злыдняў

У прыгажуні Дабраначы сем мужоў, сем злыдняў – Панядзелак, Аўторак, Сярэднік, Чацвер, Пятнік, Суботнік і Нядзельнік. Дабранач добрая, а мужы ў яе злосныя і жорсткія. Добра, што Дабранач бачыць кожнага з іх толькі раз на тыдзень. Добра, што кожны з мужоў думае і верыць, нібыта ён у Дабраначы адзіны і непаўторны. Добра, што мужы Дабраначы ніколі не бачылі і не ўбачаць адзін аднога, а то б… Лепей пра такое не думаць і такога не ўяўляць. Жыве сабе Дабранач і жыве са сваімі злыднямі. І няхай іх сумеснае жыццё будзе вечнае.

Малы Цемрык і цвік-страла

Мужчына заўважыў Малога Цемрыка краем вока. Мужчына зайшоў у цёмнае памяшканне, запаліў святло і пабачыў, як Малы Цемрык пабег на танюткіх ножках у чорны закутак пад батарэяю. Тамака Цемрык і прапаў, як заўжды. Не тое каб ён моцна раздражняў мужчыну ці палохаў яго сваімі нечаканымі з’яўленнямі. Не. І шкоды ніякай вялікай Малы Цемрык не ўтвараў, але мужчына вырашыў прыбіць пачварку. Мужчына задумаў прыстрэліць Малога Цемрыка, каб той не круціўся пад нагамі. Мужчына зрабіў невялічкі арбалет, які мог стрэліць цвікам-стралой з такой сілаю, што дошка на тры сантыметры таўшчынёю лёгка прабівалася навылёт. Мужчына зайшоў у цёмны пакой, пстрыкнуў выключальнікам, навёў арбалет на Цемрыка і пусціў стралу. Цвік прабіў Малога Цемрыка і напалову загнаўся ў бетонную сцяну. Чорная, як нафта, кроў хутка выцекла з маленечкага чалавечка. Мужчына сабраў кроў анучай, якую запіхнуў у цалафанавы пакет разам з вялым цельцам застрэленай пачваркі. Мужчына першы раз пашкадаваў Малога Цемрыка ў той момант, калі пакет выкідаўся ў смеццеправодную трубу. Другі і апошні раз ён пашкадаваў Цемрыка, калі абцугамі вырываў са сцяны цвік-стралу.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3