– Пойдзеш біць шыбы ў дамку чыгуначнікаў?
– Не! Дзед сказаў, што я магу і не вяртаць пяцёрку. Які сэнс цяпер біць вокны. Дарэчы, можна папасца, і тады дзясяткай не адкупімся. . .
– Не хочаш – як хочаш, – я крыху памаўчаў, пачакаў, пакуль ён дап’е кампот, і сказаў: – Я таксама адзін не пайду помсціць. Аднаму сумна. . .
– Правільна! Не хадзі. Пайшлі яны нафіг. Хаваць партфелі ў сарайчыку з бульбай значна лепей. Сарайчык зачыняецца. Партфелі ніхто не тыбрыць.
Можа, заўтра ўцячом з апошніх урокаў і сходзім у «Беларусь»?
– Заўтра паглядзім.
У наступны дзень я сышоў з урокаў. Узяў даведку ў медпункце, што захварэўпрастудзіўся, і сышоў. Пайшоў я на возера, каб патрэнiравацца ў кіданні камянёў.
Я спрабаваў закінуць камень з берага на невялічкі востраў, зарослы таполямі. Востраў быў далекавата ад берага, і закінуць камень мне не ўдавалася, але кідаў я досыць далёка. На возеры я набраўся ўпэненасці, што дакіну камень з моста да дамка чыгуначнікаў і пацэлю ў шыбу. Трапнасці я вучыўся, кідаючы камень у асінавую трэску, якую пусціў па вадзе.
Дачакаўшыся цемры, я ўзышоў на мост, дастаў з кішэні камень, размахнуўся і кінуў у залаты квадрат акенца. Першы камень трапіў у сцяну. Другі камень упаў на бляшаны дах і нарабіў грукату. У дамку чыгуначнікаў адчыніліся дзверы і з іх павылазілі рабочыя. Яны гучна лаяліся і паказвалі рукамі на мост. Трэці камень пацэліў у шыбу. Тая разляцелася. Рабочыя сціхлі. Я перабег мост і пабег па адхоне ў накірунку «Нёмана». Па адхоне я бег наўскасяк, але ўсё адно адзін раз паслізнуўся на мокрай траве і крыху праехаўся на дупе. Абмінуўшы кінатэатар, я пабег цёмнымі завулкамі да зусім цёмных могілак. Там схаваўся за капліцай, сеў на мокрае апалае лісце і стаіўся. За капліцаю я сядзеў доўга, пакуль не аддыхаўся і не супакоіўся.
Дадому я вярнуўся ў добрым настроі.
– Чаго такі вясёлы? – спытаў тата.
– Я лепш за ўсіх у нашым класе кідаю гранату.
1976
Апавяданне пра маладосць
Суперажыванні
У мiнскай мастацкай вучэльні Алена прыйшла да нас у групу на трэцім курсе. Алена Шыдлоўская – татарка са Смілавічаў, мела такія сакавітыя і такія вішнёвыя вусны, што ўсім неадкладна хацелася іх пацалаваць. Для пацалункаў Алена выбрала Алеся. Яна выбрала Алеся Лася не толькі для пацалункаў. У яго на той час была аднапакаёвая кватэрка ў шэрым дзевяціпавярховіку на вуліцы Багдановіча. Кватэрка засталася ад бабулі. На тую кватэру, акрамя Алеся, прэтэндавалі яшчэ ягоныя сёстры – рудавалосая Алена і шэравокая Ніна.
Сёстры бясконца сварыліся між сабой і ў адначассе сварыліся з Алесем. Пакуль яны ўсе сварыліся, у вялікі бабулін ложак легла залатаскурая Шыдлоўская. Яна прыйшла, цалкам распранулася і залезла пад коўдру. Алесь таксама залез пад стракатую коўдру да голай Алены. Пад той ватнай коўдраю яны праляжалі ажно тры дні. Уставалі толькі для таго, каб схадзіць у прыбіральню. Нават не елі тры дні. Дакладна ведаю, бо, акрамя Лася, у той кватэрцы жыў яшчэ і Сцёпа. Лось пусціў пажыць Сцёпу, каб сёстры пры чужым чалавеку меней сварыліся і каб самому было крышку весялей. Пасля смерці бабулі Лось моцна замаркоціўся, таму і запрасіў аднакурсніка да сябе пажыць. Сцёпа перабраўся з інтэрната ў кватэрку. Перанёс кнігі і апранахі. Эцюднік перавалок і планшэт для малявання ператарабаніў. Толькі ён пачаў абжывацца, а тут – на табе маеш – у ложку з’явілася голая дзеўка з шырокай усмешкаю на апетытных вуснах.
Пра голую Алену Сцёпа расказаў мне.
Мы тады сядзелі ў дыетычнай сталоўцы, што на праспекце, каля крамы «Прырода». Елі курыны булён. Сцёпа скардзіўся:
– Уяўляеш – яны ляжаць голыя пад коўдрай другі дзень. . . Заходжу. Яны ляжаць, пазіраюць на мяне, усміхаюцца. Даводзіцца сыходзіць. Цяпер нават не ведаю, што рабіць?
– Давай купім бутэльку віна.
Прыйдзем, сядзем на кухні і пачнём піць. Ім таксама захочацца выпіць.
Яны ўстануць, далучацца да нас, і мы ўсе пагаворым пра тое, як вам жыць далей.
Чамусьці я быў перакананы, што мне ўдасца спакусіць віном Лася і Шыдлоўскую.
– Думаеш, яны ўстануць? – У Сцёпы падобнай упэўненасці не было.
– Вядома. У нас будзе віно і закускі. Трэба будзе якога печыва купіць. Яны не змогуць ляжаць і слухаць, як мы з табою выпіваем, гамонім, смяемся.
– Выглядае крыху нахабна. Мы прыходзім у чужую кватэру, сядаем за чужы стол, бярэм чужы посуд. . .
Нахабна.
– Згодны, нахабна. Але Лось сам даў табе ключ ад кватэры. Ён сам запрасіў цябе ў яго пажыць, а цяпер ён ляжыць каля голай Шыдлоўскай, і ніхто не ведае, што будзе далей. . . Дарэчы, кватэра па дакументах яшчэ і не ягоная. Таму я не памылюся, калі скажу: нахабства больш у паводзінах Шыдлоўскай і Лася. Яны занялі ложак, яны займаюць кватэру і можна лічыць – выкідаюць цябе з кватэры ў інтэрнат. А ў тым інтэрнаце на тваім ложку ўжо спіць Тарас Карасік. Ты ж перадаў свой ложак Карасіку?
– Так, я саступіў ложак Карасіку-Тарасіку, бо разлічваў на гасціннасць Лася.
– Таму мой варыянт з віном добры.
З дыетычнай сталовай мы пайшлі ў «дваццатку» – краму на першым паверсе інтэрната тэатральна-мастацкага інстытута. У «дваццатцы» мы ўзялі бутэльку «Ізабэлы». Пашанцавала. Мы разлічвалі ў лепшым варыянце на партвейн ці ў звычайным выпадку – на вермут. «Ізабэла» сярод таннага віна вылучалася тым, што мела праўдзіва вінаградны смак. На закуску мы выбралі пачак печыва «Сонейка». Мы ўжо выходзілі з крамы, калі я перадумаў, вярнуўся і вырашыў узяць яшчэ адзін пачак «Сонейка». Мы ў той час былі не проста беднымі студэнтамі. Мы былі зусім беднымі. Два пачкі таннага печыва для нас былі раскошай.
Ад «дваццаткі» да Багдановіча мы вырашылі прайсціся. Не хацелася стаяць на прыпынку і чакаць перапоўненага, шэрага ад пылу тралейбуса. Была восень, было цёпла, вечарэла, і стаяла бабіна лета. Самы час прайсціся па Мінску з бутэлькай віна ў кішэні. Прайсціся і пагаварыць з таварышам пра вялікія справы, што нас чакаюцьнаперадзе.
Замест размовы пра вялікія справы мы гаварылі пра Шыдлоўскую.
– Ты не ведаеш, чаму яна пайшла ў акадэмічны адпачынак? – спытаў я ў Сцёпы.
– Каб не выключылі з вучэльні. Яна прагуляла палову лекцый. Нават на іспыты не прыходзіла. Яе пашкадавалі, дазволілі схадзіць у акадэмку і вярнуцца. Яна вярнулася і замест таго, каб сядзець на лекцыях і працаваць у майстэрні, ляжыць сабе голая ў ложку з цнатлівым Ласём.
– Нарэшце Лось страціць цнатлівасць. Шыдлоўская – выдатны варыянт, каб страціць мужчынскую цноту. Яна сакавітая, яна яркая, яна салодкая, як мёд. Яму прыемна будзе ўспамінаць, як ён страціў цноту з такой запамінальнай жанчынай.
– Ведаеш. . . Падумалася, што Лось можа застацца цнатлівым і пасля Шыдлоўскай. Паляжыць-паляжыць і перадумае. . .
– Ну ты і вычварэнец. Думаеш, можна паляжаць пад коўдрай з голай Шыдлоўскай і выпаўзці з-пад той коўдры цнатлівым? Зрэшты, калі ён праляжаў з ёй цэлы дзень і ў іх нічога не атрымалася, твой варыянт падзеяў не такі і фантастычны.
Пасля сонечнасці і духмянасці вулічнай восені, у кватэры было змрочна і задушліва. Мы прайшлі на кухню і адчынілі акно. Мы сядзелі пад адчыненым вакном і пілі «Ізабэлу» маленечкімі, з напарстак, чарачкамі. Мы пілі віно і заядалі яго печывам. Было смачна. Мы чакалі, што да нас далучацца Шыдлоўская і Лось, але яны да нас не далучыліся. Мы дапілі віно, зачынілі вакно і сышлі з кватэры.
– Заўтра пачну перавозіць рэчы ў інтэрнат, – сумным голасам сказаў Сцёпа.
– Выглядае на тое, што іншых варыянтаў у цябе і няма. Будзеш спаць валетам з Карасікам-Тарасікам!
Толькі ў гэтай гісторыі здарыўся іншы і для мяне зусім не чаканы паварот.
Пра тыя падзеі мне расказаў Лось. Мы сядзелі з ім у дыетычнай сталоўцы і елі сырнікі са смятанай. Мы елі сухаватыя сырнікі і запівалі іх салодкай гарбатай. З гарачай гарбатай кіславатыя сырнікі здаваліся нават смачнымі.