23. Сiнi язык
Дзяўчына чытала кнiгу, доўга чытала, ад пачатку i да канца, ад канца i да пачатку, а прачытаўшы, кнiгу спалiла. Парвала дзяўчына кнiгу i спалiла ўсю чыста разам з вокладкаю.
Спалiла яна кнiгу i лягла спаць, а пасярод ночы прахапiлася ды раўцi пачала: «Душаць мяне, душаць!!!» Бацькi паўставалi, паспрабавалi дзяўчыну супакоiць, а яна не супакойваецца, па падлозе качаецца, енчыць, вiшчыць, падскоквае, на сцены кiдаецца, па кватэры скача. Бацькi спрабавалi яе злавiць, ды не змаглi. Пабеглi бацькi да суседзяў, дактароў выклiкаць, а калi вярнулiся, дзяўчына ўжо на падлозе ляжала нежывая. У сцiснутых кулаках былi валасы павырываныя з галавы, а з рота тырчэў даўжэзны Сiнi язык. Дактары сказалi, што нiколi ў жыццi такога брыдкага трупа не бачылi. Поп, якi на пахаванне прыйшоў, моцна дзiвiўся, маўляў, Сiнi язык такi доўгi, страшны, што i да чалавечага не падобны. Прывезлi труну з дзяўчынаю на могiлкi, толькi ў ямiну апусцiлi, тут такая навальнiца пачалася, такi гром грымнуў, што нават далакопы i тыя ўцяклi. Калi залева спынiлася i людзi да магiлы вярнулiся, ды ямiна тая была поўная вады. У вадзе пустая труна плавала, а дзяўчыны з Сiнiм языком не было. Поп сказаў, што яе, пэўна, Пярун да сябе забраў. Сказаў – i сам сваiх словаў спалохаўся. Далакопы пустую магiлу сырым пяском закiдалi, бо ўсе пагадзiлiся, што лепей пра такое не гаварыць, лепей пра такое забыцца. Ды дзе ж ты забудзешся пра Сiнi язык…
24. Сiвая Сольнiца
Жанчына вярнулася з працы, паставiла машыну ў гаражы i ўзнялася па прыступках у варэльню. Жыла тая жанчына на ўскрайку сталiцы ў сваiм вялiкiм, на тры паверхi, доме. Зайшла жанчына ў варэльню, а тамака пагром. Посуд папабiваны, крупы парассыпаныя, лядоўня стаiць наросхрыст, лужына каля яе вялiзная, а каля той лужыны кот сядзiць. Жанчына хацела крыкнуць на свайго ката, бо вiдавочна, што ён той пагром i ўтварыў, але ж не паспела. Кот узняўся на заднiя лапы i пайшоў на сваю гаспадыню. Вочы кацiныя гарэлi зялёным агнём. Жанчына выскачыла з варэльнi i дзверы за сабою зачынiла, ды яшчэ ключ у замку павярнула тры разы. Праз два дамы ад жанчыны жыў ветэрынар. Ён параiў усыпiць ката. Але жанчыне стала шкада свайго, хай i ашалелага, але ж любiмца. Тады ветэрынар прапанаваў схадзiць да Сiвой Сольнiцы. Маўляў, тая Сольнiца можа на соль нашаптаць, а соль можа ката ад шаленства ўратаваць. Сiвая Сольнiца дала жанчыне маленечкi мяшочак з нашаптанай соллю i сказала той соллю тры разы на ката-шаленца сыпануць, а не адыдзе, то ўжо хай ветэрынар яго ў кацiны вырай выпраўляе, бо вылечыць кацiнае шаленства нiхто ўжо не зможа. Яшчэ Сiвая Сольнiца папярэдзiла жанчыну, што, калi будзе вяртацца дамоў, да яе можа падысцi вядзьмарка, якая ката зачаравала. Вядзьмарка з ёю загаворыць, але жанчына мусiць маўчаць. Так i здарылася: каля самага дома жанчыну пераняла суседка i пачала дарогу заступаць. Заступiць i пра рознае пытаецца, а жанчына маўчыць як вады ў рот набраўшы. «Што ж ты маўчыш? Што ж ты мяне зневажаеш так? Што я табе такога зрабiла?» – сыпала пытаннямi суседка. Жанчына ледзь было не сказала, што яна яе ката зачаравала i ў шаленства абрынула, але стрымалася.
Кот, пабачыўшы мяшочак з соллю, паспрабаваў уцячы, але жанчына спрытна сыпанула солi яму на хвост. Кот замёр. Жанчына яшчэ раз сыпанула на яго соллю, а калi сыпанула трэцi, дык з ката пасыпалiся ў розныя бакi вогненныя блохi. Блохi ссыпалiся з ката i расталi ў паветры. Кот стаў такiм, якiм быў заўсёды – ласкавым, добрым i муркатлiвым. Жанчына прыбралася ў доме, а, прыбраўшыся, затэлефанавала суседцы. «Яшчэ раз чэпiш майго ката, я табе хату спалю!» – сказала так i супакоiлася. Маленечкi мяшочак, прынесены ад Сiвой Сольнiцы, жанчына схавала ў сейф. Можа, яшчэ каму спатрэбiцца…
25. Белатварая ашыйнiца
Старая яна была, а на працу хадзiла. Вартаўнiцай яна служыла ў iнфекцыйнай бальнiцы. Яе ставiлi толькi ў начную змену, бо паўз яе не праскочыш i не прапаўзеш. Людзi яе баялiся: i лекары, i медсёстры, не кажучы ўжо пра пацыентаў. Пужалiся яе бяскроўнага твару. У вартаўнiцы твар быў такi белы, што выглядала яна на мёртвую. Толькi дзецi са школы, што побач з бальнiцаю стаяла, той вартаўнiцы не лякалiся, бо насiлi ёй крэйду. Яна тую крэйду ела, а за кавалак крэйды расказвала школьнiкам розныя брыдкiя гiсторыi. Школьнiкi яе нават любiлi, ажно пакуль бяда не здарылася з Мiколам Караткевiчам. Ён ёй крэйду прынёс, яна тую крэйду зжавала, а гiсторыю не стала распавядаць, сказала, што другiм разам раскажа. Мiкола i абазваў вартаўнiцу старой чапялою. Аблаяў ён яе, абмацюкаў брыдотна i дамоў пайшоў. А дома кепска яму стала, i на шыi з’явiлася чырвоная паласа. Шырокая такая паласа, нiбыта след ад ашыйнiка. Нiхто тады i не падумаў на вартаўнiцукрэйдаедку. Меркавалi, што алергiя. А Мiкалаю ўсё горш i горш рабiлася, яго па хуткай дапамозе ў бальнiцу заiмчалi, але i тамака рады нiхто даць не змог такой дзiўнай хваробе. Задыхаецца хлопец. А чаго ён задыхаецца? Якая трасца яго душыць? Нiхто не ведаў. Цэлую ноч Мiкола Караткевiч прапакутаваў. А ранiцай нейкая прыбiрачка сказала, што вядзьмарка начапiла хлопцу ашыйнiк, i трэба шукаць ведзьмака, каб той ашыйнiк зняў, бо адны яго начэплiваюць, а iншыя здымаюць. Той, хто начапiў, сам яго не здыме, нават калi i захоча. Павезлi Мiколу на край горада, да старога ведзьмака, i ён той рабскi ашыйнiк зняў. Пашаптаў вядзьмак, указальным пальцам вакол шыi павадзiў, i чырвоная паласа прапала, як i не было. Дыханне лёгкае да хлопца вярнулася. Тут ён усiм i расказаў пра Белатварую ашыйнiцу, што крэйду есць. Увечары людзi пайшлi ў iнфекцыйную бальнiцу, каб пакараць ашыйнiцу, але яе там не было, прапала яна. Замест Белатварай ашыйнiцы ў вартаўнiчым дамку людзi знайшлi на стале гурбачку белай крэйды.
26. Белыя коткi
Жылi на ўскрайку мястэчка, у невялiкiм дамку, дзве старыя тартаркi. Чаму iх клiкалi тартаркамi, нiхто не ведаў. Тартаркi ды тартаркi. Адкуль тыя тартаркi ў мястэчка прыехалi, з якой тартарскай мясцiны прыйшлi? Каб хто сказаў. Прыйшлi i прыйшлi. Спачатку цiха ўсё было, а потым ва ўсiм мястэчку гарбузы пагнiлi. Нiхто на тартарак i не падумаў. Праўда, той-сёй заўважыў, што гарбузы пагнiлi ва ўсiх, акром тартарак. За гарбузамi пачалi гнiсцi памiдоры. Ва ўсiх гнiюць, а ў тартарак проста ззяюць. Пачалi местачкоўцы да тартарак прыглядацца. Адна з iх была высокая-высокая i худая-худая, а другая кароценькая i тоўстая. Абедзве былi сiвыя, як дзьмухаўцы. І заўважылi нашыя местачкоўцы, што кожны вечар з двара тартарак выбягаюць дзве белы коткi: адна доўгая i худая, другая тоўстая ды кароткая. Выбягаюць Белыя коткi i шастаюць па чужых гародах. У каго з’явяцца, у таго гароднiна i загнiвае. Пабачыўшы такое шкоднiцтва, тутэйшыя людзi вырашылi прагнаць Белых котак з мястэчка. Уночы людзi абклалi дамок тартарак травою-дзiвасiлам. Спачатку хацелi дамок спалiць, але перадумалi. Вырашылi, што трава-дзiвасiл тых вядзьмарак тры днi з дамка не выпусцiць. Так i было. Так i прасядзелi шкадлiвыя тартаркi тры днi i тры ночы ў зачыненым дамку. Нават да ветру схадзiць не маглi – гадзiлi ў вядро. На чацвёрты дзень тутэйшыя людзi сказалi тартаркам з’ехаць з мястэчка. Тыя i з’ехалi. Белых котак больш нiхто на сваiм гародзе не бачыў. Ну i гарбузы болей не гнiлi.
27. Лiловы сабака
У пятнiцу хлопец пайшоў у начны клуб. Хацеў крыху выпiць, трохi патанчыць i з якой дзяўчынаю пазнаёмiцца. Звычайная справа, маладыя гады i жаданнi маладыя. Сеў ён за столiк, выпiўку замовiў, а калi хацеў паўтарыць, дык не знайшоў партманеткi. Ляжала партманетка на столiку, побач з тэлефонам. Сотавiк застаўся, а партманетка прапала. Акром рудой афiцыянткi, да столiка i не падыходзiў нiхто. Хлопец да рудой: «Аддавай, сучка, партманетку!» Тая ў крык. Прыбеглi ахоўнiкi, скруцiлi хлопца i выкiнулi з клуба на заднi двор. Каб толькi скруцiлi i выкiнулi, яно б i нiчога, а то збiлi невiнаватага моцна. Ён толькi пад ранiцу змог устаць i дадому пайсцi. Ідзе хлопец пустой вулiцаю, кульгае, а за iм Лiловы сабачка бяжыць. Вясёлы такi гарэзлiвы цюцiк. У хлопца настрой змрочны, ад сабачай весялосцi яму яшчэ горш робiцца. Паспрабаваў хлопец Лiловага сабачку прагнаць, а той не пужаецца, не ўцякае, а наадварот, усё падскоквае i пысаю хлопца ў дупу папiхае. Зазлаваў хлопец на Лiловага сабаку, падняў з зямлi важкi кавалак асфальту i шпурлянуў у жывёлiну. Шпурнуў моцна, але не трапна. Асфальт упаў побач з Лiловым сабакам, якраз у тое месца, дзе на зямлi быў чорны сабачы цень. Хлопец знарок прычакаў, пакуль сабака пад лiхтар забяжыць, каб святлей было, каб дакладней пацэлiць. Прамахнуўся! Хлопец падумаў, што прамахнуўся, а насамрэч ён i пацэлiў. Калi вядзьмарка абарочваецца ў Лiловага сабаку, трэба якраз у цень i бiць. Пазней знаёмыя хлопцу таму распавялi, як у начным клубе пад самую ранiцу проста пасярод залы танцоры ўбачылi рудую афiцыянтку з разбiтай галавою. Пакуль дактары прыехалi, яна ўжо д’яблу душу перадала. А таго, хто яе ўдарыў, не знайшлi. Шукалi-шукалi, а знайсцi не змаглi.