Глобус Адам - Гісторыі пра Мінск і ваколіцы (зборнік) стр 8.

Шрифт
Фон

Белы чалавек

Кранаўшчыца пахавала мужа, таксама кранаўшчыка. Ён, бядак, застудзіўся на верхатуры. Падхапіў запаленне лёгкіх. За тры тыдні згарэў. Кранаўшчыца занудзілася і пачала папіваць. Прыйдзе на Усходнiя могілкі, сядзе каля капца, пад якім адпачывае кранаўшчык, вып’е гарэлкі і паплача. У такую слёзную хвіліну да яе і падышоў светлы чалавек. Усё ў яго было светлае: і барада, і вусы, і бровы, і скура на высокім лобе. Нават вочы ў яго былі светла-светлыя, амаль белыя. «Што табе трэба? Калі выпіць папросіш, дык я не дам!» – «Я прыйшоў з іншага свету, прынёс прывітанне ад твайго кранаўшчыка». – «Як ён там, мой нябога, мой працаўнік?» – «Кепска. Ён там, як у турме тутэйшай Жодзінскай. Прасіў, каб ты крыху пагрэла яго, грошаў праз мяне перадала. Халодна яму». Кранаўшчыца аддала Беламу чалавеку ўсе грошы, што мела пры сабе. Белы падзякаваў і прапаў. Пасля сустрэчы з Белым чалавекам кранаўшчыца кінула піць. На могілкі яна цяпер наведваецца, як і ўсе людзі, тры разы на год – на Радаўніцу, на Дзяды і на дзень нараджэння кранаўшчыка.

Афра-чорны анёл

Адбылося тое ў раёне Усход. Да маладой жанчыны падляцеў галодны Афра-чорны анёл і папрасіў есці. Жанчына завяла афра-анёла дадому, пасадзіла за стол і пачала карміць. Раптам яны пачулі, што дамоў вярнуўся гаспадар – муж маладой жанчыны. Тая прапанавала анёлу неадкладна залезці ў шафу. Чорны анёл ледзьледзь змясціў ў шафе вялікія крылы. Муж сеў за стол і пачаў вячэраць фасолевым супам. Анёлу зрабілася млосна ў цеснай шафе. Ён высунуў з яе сваю па-дзявочы прыгожую афра-галаву і спытаў: «Як прайсці ў бібліятэку?» Агаломшаны гаспадар сказаў: «Выйдзеш з шафы, пройдзеш праз кватэру, на ліфце з’едзеш на першы паверх, выйдзеш на вуліцу, праз падземны пераход пяройдзеш на другі бок, там і стаіць бібліятэка… Канешне, ты можаш і пераляцець праспект, крылы ж маеш». Анёл падзякаваў за падрабязна растлумачаны маршрут і пайшоў. «Мала таго, што яны, ліха ім у бок, пабудавалі выродлівую бібліятэку за нашымі вокнамі, дык яны, ліха на іхніх дзяцей, яшчэ і дарогу ў бібліятэку праклалі праз нашую шафу!» – так выказаў жонцы сваю незадаволенасць муж. Выгаварыўся, замоўк і з апетытам працягнуў сёрбаць фасолевы суп са свінымі скабкамі.

Дэман і свята

Заставацца на свяце самотным можа толькі дэман, бо ў яго няма іншага выйсця… У праўдзівага дэмана ўсе дні і ночы святочныя.

Чорная галава

Стары муляр знайшоў у сутарэннях новага дома Чорную галаву. Некалі тая галава мела цела і належала нейкаму маладзёну. Цяпер яна валялася на цэментнай падлозе новабудоўлі. Муляр закаціў Чорную галаву ў цэлафанавы мех, накрыў яе прынесенымі з бытоўкі ўшчэнт стаптанымі чаравікамі і занёс у кантэйнер са смеццем.

Чорная вавёрка

У скверыку Янкі Купалы завялася Чорная вавёрка. Казалі: калі яе злавіць ды зварыць, а потым акуратна дастаць усе чыста косткі, дык можна сярод іх знайсці і костку-нябачніцу. Трэба сесці насупраць люстэрка, раскласці косткі Чорнай вавёркі на белай талерцы і браць па чарзе кожную костку ў рот. Калі возьмеш нябачніцу, дык і твой адбітак з люстэрка знікне. Акрабат з дзяржаўнага цырка Ян Паднебны ўпаляваў і зварыў Чорную вавёрку. Апошні раз Паднебнага бачылі ў грымёрцы, дзе ён клаў у рот вавёрчыны косткі. Больш Яна Паднебнага не толькі не бачылі, больш яго ніхто ніколі і не чуў.

Чорная панна

У Грушаўцы завялася вяліказубая вядзьмарка. Яна пафарбавала валасы ў чорны колер, прыдбала рудога ката, пашыла доўгую чорную сукенку. Яна зрабілася Чорнай паннаю і пачала труціць палёнай гарэлкай ласых да выпіўкі мужчын. Атруціла тузін і нарвалася на блакітнавокага ведзьмака, які ўвагнаў у яе халоднае сэрца доўгае шыла. Рудога ката вядзьмак забраў сабе.

Чорны агонь

Мастак маляваў чорную свечку з Чорным агнём. Доўга маляваў чорны пялёстак чорнага полымя на чорным кноце. Маляваў, ажно пакуль Чорны агонь не шугануў з малюнка на мастака і той згарэў ушчэнт.

Галава ды мыла

Лявона Ждановіча я не бачыў гадоў пяць. Сустрэча – нагода пасядзець, пабазарыць, выпіць. Зайшлі ў «Бярозку», узялі па сотцы з апельсінавым сокам, сядзім, показкі травім. Пасля трэцяй Ждановіч і расказаў пра галаву ды мыла… Ён штораніцы бегае на турнік, пасля турніка – душ, таму і шампуні купляе дарагія, каб можна было кожны дзень галаву памыць. Намыліў. Добра так намыліў. Чуе, як пад пальцамі галава пачала змыльвацца. Хутка змылілася ўся галава да самай шыі. Лявон апаласнуўся. Галавы як і не было. Адна шыя вытыркаецца з плячэй. Нават няма чым у люстэрка зірнуць. Безгаловы Лявон абцёрся крыху і па сценцы пасунуўся ў спачывальню. Лёг. Паляжаў і заснуў. Праз гадзіну прачнуўся з галавою. Бывае, бывае і такое намыльванне.

Д’ябал і лаціна

Раней, калі Д’ябал, спакушаючы людзей, яшчэ прамаўляў на лаціне, ягоныя пераканаўчыя словы гучалі так: «Eritis sicut dii scientes bonum et malum…» Цяпер у кожным кутку Еўропы д’ябалятам даводзіцца займацца перакладам. Тутэйшае, мiнскае д’ябалянё шэпча: «Вы будзеце падобнымі да багоў… Вы падобныя… Вы былі, ёсць і будзеце падобныя да багоў і адрозніце зло ад дабра…»

Галандскае люстэрка

Беларускі бізнесовец Алесь Качан пабойваўся пярэваратняў. Варажбітка напрарочыла яму смерць ад іклаў чалавека-ваўка. Качан так баяўся нячыстых, што прывёз у свой мінскі офіс чароўнае Галандскае люстэрка ажно з Ратэрдама. Пярэварацень, як толькі бачыў свой адбітак у круглым Галандскім люстэрку, дык адразу згараў і рассыпаўся шэрым попелам па офіснай падлозе. Алесь ганарыўся набыткам, ганарыўся моцна, ды нядоўга. У час карпаратыўных вячорак нейкі нехлямяжы госць зачапіў люстэрка, тое грымнулася на падлогу і разляцелася на дробныя аскалёпкі. Добра, што ніхто з гасцей не парэзаўся і нікога аскалёпкамі не зачапіла і не пасякло. Качан моцна заперажываў. Ён нават аблаяў усіх прысутных на тых вячорках. Але не страта чароўнага люстэрка была найгоршай бядою ў той злашчасны вечар. Ваўкалакі, празнаўшы пра пабітае люстэрка, з усіх куткоў Беларусі зляцеліся ў Мінск і парвалі бізнесоўца Алеся Качана на лахманы.

Блакітныя зубы

Маладая мiнчанка ачмурыла лядашчага француза. Той падараваў ёй старажытнае прозвішча – Бурбон. Першае, што зрабіла ўдзельніца праекта «Няроўны шлюб», – уставіла Блакітныя зубы. У яе і так былі роўныя і чыстыя белыя зубы, ды няма межаў для паляпшэння. Трыста трыццаць тры тысячы еўра каштавала трухляваму Бурбону стаматалагічная аперацыя для чарговай жонкі. Жанчына заганарылася блакітназубай усмешкай. Было чым! У асляпляльную ўсмешку і закахаўся сербскі танцор. Бурбон, як ты памятаеш, быў нядошлы, а танцор меў вялікі сэкспатэнцыял. Беларуска злюбілася з сербам. Француз даведаўся пра здраду, сабраў доказы і адсудзіў у здрадніцы Блакітныя зубы, усе як адзін.

Празрыстае паветра

Ёсць паданне, што ў старажытныя часы існавала школа мудрых асфіксістаў. Яны ўсе пражывалі на зямлі больш за сто гадоў, бо мелі лёгкае і чыстае дыханне. Калі які з асфіксістаў стамляўся жыць, ён проста выдыхаў з сябе ўсё чыста Празрыстае паветра і паміраў. Чалавек сам спыняў дыханне і адыходзіў у невараць. Ёсць версія, што школа асфіксістаў перастала існаваць, бо чалавецтва незваротна забрудзіла зямное паветра.

Чырвоная кропка

У кожнага чалавека ёсць маленечкая Чырвоная кропка. Націснеш на яе і прападзеш. Добра, што мала хто з людзей ведае, дзе дакладна знаходзіцца ягоная Чырвоная кропка. Бо ціснулі б на яе дзеля забаўкі ці дзеля цікаўнасці націскалі б, ціснулі б ад няма чаго рабіць, ад таго, што сумна і млосна, маглі б націснуць і скончыць жыццё ў самазнішчэнні. Менш ведаеш пра Чырвоную кропку – даўжэй жывеш. Смерць, калі з’яўляецца да чалавека, дакранаецца да Чырвонай кропкі. Тая чарнее, чалавек застывае і спыняецца ў шматколерным часе. Чалавечае жыццё – Чырвоная кропка.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3