Чырвоная скарбонка
У бар, што на піваварні «Аліварыя», кожную пятніцу прыходзілі тры сябрукі. Выпівалі па куфлі падмацаванага гарэлкаю піва і сыходзілі. Аднаго разу гэтая троіца завяла гаворку пра скарб. «Каб я знайшоў на дарозе скарбонку з золатам, дык узяў бы золата і сумленна падзяліў на тры часткі паміж намі, хлопцы!» – запэўніў адзін аматар разліўной «Аліварыі». «А я не браў бы ўсё. Узяў бы толькі палову. Гэта ж палюдску – узяць палову ад знойдзенага?» – разважаў другі наведнік бара. «Лепей зусім не чапаць чужога золата. Мяне ў дзяцінстве так вучылі: не бяры чужое, бо калі возьмеш, рукі паадсыхаюць!» – так выказаўся трэці з сябрукоў. Дапілі яны сваё піва з гарэлкаю і пайшлі ад «Аліварыі» да метро, на плошчу Перамогі. Каля крамы «Яхант» убачылі мужчыны Чырвоную скарбонку. Адчыненая скарбонка стаяла на ганку крамы і паблісквала залатымі манетамі. Пабачылі сябрукі скарб і аслупянелі. Першым выйшаў са здранцвення той, якога ў дзяцінстве спрабавалі навучыць, каб чужога не браў. Ён і падбег да скарбонкі і схапіў поўную жменю залатых манетак. Тут Чырвоная скарбонка ўзяла ды зачыніся. Скарбонка зачынілася і адхапіла сквапную руку па самы локаць. Скалечаны сквапнік зароў і пачаў уцякаць, каб Чырвоная не з’ела яго цалкам. За скалечаным паўцякалі ад «Яханта» і астатнія ўдзельнікі гаворкі пра золата. Паўцякалі і цяпер радуюцца, што жывымі засталіся. У бар «Аліварыя» яны, вядома, не ходзяць, але ў іншых мінскіх барах сядзяць і часам расказваюць гісторыю пра Чырвоную скарбонку і закляты скарб. Лепш за ўсіх распавядае аднарукі.
Чорная кроў
Пра Чорную кроў расказвалі мне людзі з Раўбічаў… Багаты чалавек вырашыў збудаваць сабе дом каля возера. Набыў кавалак зямлі, замовіў праект дома і наняў прараба, каб сачыць за будоўляй. Багаты быў багаты не толькі праз прыродныя спрыт ды хітрасць, ён быў багаты і праз беражлівасць, ашчаднасць і сквапнасць. Таму заробак у прараба быў мізэрны, але існавала дамоўленасць, што пасля заканчэння будоўлі ён забярэ рэшткі матэрыялаў. Як ты ні лічы, але і цэгла застаецца, і плітка, і дошкі, і фарба… Дабудаваў прараб дом. Гаспадар з ім разлічыўся, і нават той маленькі заробак выдаў беларускімі рублямі па самым нявыгадным для работніка курсе. Дамаўляліся пра заробак у далярах, а сплочвалася ўсё ў рублях. Прараб падзякаваў за грошы і сказаў, што забірае матэрыялы. Падышоў да жонкі гаспадара, падняў яе і закінуў сабе на плячо. Ніхто не чакаў такога нахабства. Жонка сцішылася. А сквапны гаспадар так раз’юшыўся, так заперажываў, так закалаціўся, што розум яго пацямнеў, і чалавек зубамі парваў сабе на руках жылы. З папарываных жылаў і засвістала Чорная кроў. Чарнакроўны вар’ят пабег вакол возера. Ён бег, а Чорная кроў цякла з яго, цякла-цякла і ўся выцекла. Калі людзі дабеглі да вар’ята, ён ужо ляжаў мёртвы. Гісторыя пра Чорную кроў мае шчаслівы канец, бо прараб з багатай удавою ўзялі шлюб і зажылі шчасліва ў вялікім доме каля возера ў Раўбічах.
Чорны мяшэчак
На рагу вуліц Кузьмы Чорнага і Чарнышэўскага жылі-былі два таварышы. Прыйшоў час тым хлопцам пайсці ў войска. Купілі яны гарэлкі і зладзілі праводзіны. У час той сумнаватай балюшкі таварышы схадзілі да вечаровай школы, што стаяла пасярод іх двара. Пад школьным плотам хлопцы закапалі глыбока ў зямлю дзве чакушкі – каб тыя іх чакалі па-сапраўднаму, каб абавязкова дачакаліся і каб узрадавалі, дачакаўшыся. Не пашанцавала таварышам у войску, патрапілі яны на вайну. Адзін з іх загінуў пад Кабулам, а другі адваяваў прызначаны тэрмін і вярнуўся на рог Чарнышэўскага і Чорнага. З нагоды вяртання купілі гарэлкі і зладзілі гучную гулянку. У час гулянкі пайшоў салдат да вечаровай школы і адкапаў хованку. Пад плотам ён знайшоў адну чакушку і аксамітны Чорны мяшэчак, поўны золата.
Шэрая хвароба
Яна з’яўляецца напрыканцы нашага змрочнага лістапада, калі краіну апаноўвае ледзяная золь. Шэрая хвароба ходзіць па начных гарадах і вёсках, заходзіць у дамы, грукае ў дзверы дубовай кульбаю і пытаецца: «Усе спяць?» Калі ніхто не адгукнецца на грукат, не пацікавіцца: «Хто там?», тады за тымі дзвярыма ніхто больш і не прачнецца.
Светлы муж
У разумнай жанчыны было ажно трое каханкаў – Чмок, Жмак і Шпок. Ёй хацелася выйсці замуж, і каб усе чмокі-чмокі, жмакі-жмакі ды шпокі-шпокі рабіў ёй адзіны законны Светлы муж. Але такога спрытнага на ўсе патрэбныя справы мужа жанчына не знайшла. Шукаць шукала, а каб знайсці, дык і не знайшла. Так і пражыла яна сваё доўгае шчаслівае жыццё з трыма каханкамі – Шпокам, Жмакам і Чмокам.
Срэбная лыжачка
Малады фотамастак убачыў узорны жаночы твар. Ён пазіраў на мастака з фотаздымка на помніку. Малады чалавек вырашыў зняць жанчыну з керамічнага медальёна. Людзі казалі, што фатаграфаванне на могілках – занятак небяспечны і кепскі. Толькі фотамастак моцна захапіўся ўзорнай жаноцкасцю і нават не ўзгадаў пра папярэджанні дасведчаных людзей. Ідучы з могілак у студыю, фатограф наведаў кавярню «Грунвальд». Там каля барнай стойкі сядзела жанчына з узорным тварам, рыхтык такім, які быў на могілках. Мастак вырашыў пазнаёміцца з уладальніцай яркай узорнасці. Ён сеў пры барнай стойцы, замовіў чорнай гарбаты і завёў гутарку, як ён спадзяваўся, са сваёй будучай узорнай мадэлькай. Гутарка была лёгкая і вясёлая. Фатограф сам не заўважыў, як згадаў у гутарцы чорта. Размова зрабілася змрочнай, і фатограф сказаў: «Чорта няма!» Жанчына збрыдчэла і тэатральна зарагатала на ўвесь «Грунвальд». Яе суразмоўца нязграбна павярнуўся на высокім крэсле і локцем скінуў з барнай стойкі Срэбную лыжачку. Тая паляцела на падлогу. Срэбная лыжачка праляцела палову адлегласці і спынілася ў паветры. «Чорта няма?» – спытала брыдкатварая жанчына і зноў гучна зарагатала на ўсю кавярню. Фатограф кінуўся ўцякаць. Ён бег, скакаў, ляцеў, імчаў, ажно пакуль не схаваўся за металічнымі дзвярыма сваёй фотастудыі. Толькі праз тры дні ён наважыўся зазірнуць у фотаапарат. Ніякага ўзорнага твара там не было. Здымкі Паўночных могілак меліся ў вялікай колькасці, а жанчына з узорным тварам прапала. У «Грунвальдзе» фатографу сказалі, што ён не разлічыўся за чорную гарбату. Давялося прыніжацца, выбачацца і разлічвацца. Фатограф выйшаў на ганак кавярні, дзе прыняў рашэнне – забыць чортаву гісторыю. З гэтай нагоды ён вырашыў выпаліць цыгарэту. З кішэні разам з запальнічкай выцягнулася і Срэбная лыжачка.
Шэрая паштоўка
Яна – віншавальная Шэрая паштоўка – можа з’явіцца і ў тваёй пад’езднай металічнай скрынцы з нумарам. Друкуюць яе на шчыльнай, амаль як кардон, паперы і падпісваюць шэрым, амаль як срэбра, алоўкам. Такую паштоўку лепей браць у пальчатках ці рукавіцах. Чытаць яе не трэба, бо прачытанае можа хутка спраўдзіцца. Шэрая паштоўка прыходзіць ад тых, хто ведае амаль усё пра твой лёс. Яна з’яўляецца напярэдадні старога Новага года. У ёй віншаванне з надыходам апошняга года твайго зямнога хуткаплыннага жыцця. Зазвычай прароцтва спраўджваецца, але можна і пазмагацца з наканаванасцю. Калі Шэрую паштоўку спаліць не чытаючы, цёмныя сілы могуць і адступіцца. Большасць людзей, якія атрымлівалі Шэрыя паштоўкі, спадзяваліся, што паштоўка прыйшла не да іх. Спадзевы на тое, што паштар пераблытаў адрасы і ўкінуў Шэрую паштоўку не ў тую скрынку, – марныя, але ж менавіта спадзевы доўжаць нашае з табою жыццё, таму паштоўку трэба спаліць.
Шэры гузік
Ён такі прывабны, такі маціцовы і пералівісты, такі гладкі, што падаецца жывым. Жаданне падняць з зямлі знойдзены гузік неадольнае. Падымаюць… Як толькі ты возьмеш у руку Шэры гузік, адразу ўзнікне новае жаданне – прышыць яго на сваю кашулю. Робіцца неістотным тое, што ўсе астатнія гузікі на белай кашулі – звычайныя і белыя. Ты спорваеш звычайны гузік і прышываеш знойдзены, чароўны і жаданы. Кашулю з Шэрым гузікам ты надзяваеш на сябе, зашпіляешся і страчваеш памяць. Ты больш не памятаеш, ні хто ты, ні адкуль ты. Нават імя свайго ты не можаш згадаць. Увесь свет робіцца для цябе спакойны, ціхі і аднолькава-шэры.