Глобус Адам - Гісторыі пра Мінск і ваколіцы (зборнік) стр 2.

Шрифт
Фон

Брунатны пінжак

Толькі падаецца, што добры пінжак лёгка набыць. Ты пахадзі, ты пагуляй па крамах. Папрыглядайся. Пабачыш: добрых пінжакоў мала. А каб так было, што глянуў, і ён адразу твой, – не дачакаешся. Можа пашанцаваць, але ж каму з нас калі шанцавала? Таму я цудоўна зразумеў радасць Яўгена Дука, які набыў сабе дарагі ангельскі кашміровы пінжак. Брунатны пінжак сядзеў выдатна і надаваў Яўгену пераканаўчай грунтоўнасці. У такім пінжаку не сорамна і ў кабінеце міністра лёгкай прамысловасці кавы выпіць. Ну не мог я не пахваліць абнову. Пахваліў і пачуў дзіўную гісторыю… У новым пінжаку Яўген наведаўся ў бар гатэля «Мінск». Замовіў каву з каньяком, сеў каля вітрыннага вакна і пачаў разглядаць пляц Незалежнасці з чырвоным касцёлам ды шэрым домам ураду. «Выдатны пінжак!» – пачуў Дук за плячыма чужы голас. «Я з табой хіба знаёмы?» – нахабна папытаўся самаўпэўненны Яўген. «Можам пазнаёміцца…» Чаму Дук пагадзіўся пазнаёміцца і выпіць? Чаму Дук замочваў абнову з чужым чалавекам да самай ночы? Чаму піў каньяк з рыльца ў скверы, пад помнікам Янку Купалу? Каб ён сам ведаў! Знаёміўся, піў і, што самае дурное, памяняўся з незнаёмцам пінжакамі. Дук аддаў Брунатны і атрымаў летні палатняны, пакамечаны і зусім танны сэкандхэндаўскі пінжачок. Гэты чортаў пінжачок ён кінуў на падлозе і заваліўся спаць. Калі прачнуўся, тады і пазадаваў сабе процьму брыдкіх і цяжкіх безадказных пытанняў. Ну чаму на месцы, дзе павінен быў ляжаць выменяны пакамечаны пінжачок, валялася брудная ануча, якой гады тры нехта мыў падлогу ў нейкім грамадскім месцы? Дук ледзь не заплакаў, пабачыўшы старую, выцвілую да сівізны, скамечаную анучу. З анучай у папяровым пакеце ён і павалокся ў сквер, пад помнік Купалу. На што разлічваў? На цуд? Вядома, на цуд. Больш ніякіх спадзеваў і не было. Цуд здарыўся: на лаўцы ляжаў Брунатны пінжак, а побач з ім стаяла амаль поўная бутэлька піва. Яўген Дук паклаў пад лаўку пакунак з анучай, надзеў свой Брунатны пінжак і выпіў сваё набытае пасярод ночы піва. Толькі здаецца, што чорт можа табе нешта добрае зрабіць, а насамрэч ён лянуецца дарабіць кепскасць, і праз гэта чалавек можа атрымаць трохі радасці.

Зялёныя суніцы

У паштаркі Паўліны хварэла сярэдзіна. Больш дакладна паштарка нічога не магла сказаць пра хваробу. Боль рэзаў напалам. Боль ірваў яе паміж страўнікам і похваю. Жанчыну нечакана скручвала на якую хвіліну, а потым раптоўна адпускала. Дактары казалі: нешта нейкае з кішэчнікам не так. А што там з тымі кішкамі не ў парадку? Самі не ведалі. Куды толькі пакутніца ні хадзіла ды ні ездзіла! Паўсюль пабыла, ва ўсіх папыталася. З-за гэтай хваробы Паўліна азлілася на свет. Сварылася на ўсіх безнагодна. Скаргі пісала гнюсныя ды ілжывыя. Як яна да іншых, так і людзі да яе. Паўліну, мусіць, і з пошты выгналі б, каб яна не знайшла лекі для сваёй хворай сярэдзіны. Пра лекі яна пачула выпадкова, едучы ў цягніку Мінск-Ворша. Адна старая расказвала, што ад хворай сярэдзіны жанчынам дапамагаюць Зялёныя суніцы з чужой магілы. Бо калі ў магіле ляжыць нехта блізкі, з такой зямлі лепей ягады не браць, не дапамогуць і горшай шкоды наробяць. Паўліна вырашыла рызыкнуць. Знайшла на могілках сунічнік. Назбірала жменьку цвёрдых ягадак і зжавала іх. Быў сонечны, цёплы, духмяны дзень. У Паўліны раптам закруцілася галава, і яна легла проста на траву паміж крыжамі. Прылегла і заснула. Жанчыне прыснілася смерць. Яна падышла да Паўліны, стала над ёй і сказала: «Харошая ты пташка, Паўліна, але сёння я цябе не забяру ў свой сад!» Сказала так і прапала. Паўліна прахапілася ад сну. Навокал панавала халодная, цёмная, бяззорная ноч. Жанчына прыбегла дамоў і мусіць гадзіну прасядзела пад гарачым душам. Самае добрае ў гэтай могілкавай гісторыі – цудоўнае пазбаўленне ад хваробы. Сваю змучаную сярэдзіну Паўліна Зялёнымі суніцамі ўсё ж вылекавала.

Чорная кніга з белымі літарамі

У Лондане пад мостам мастак набыў Чорную кнігу з белымі літарамі і прывёз яе ў Мінск. Прынёс ён кнігу ў майстэрню, разгарнуў і прачытаў: «Прыйдзе Відзьма-нявідзьма і паробіць усю работу!» Толькі мастак прачытаў гэты сказ, як з’явіўся волат Відзьма-нявідзьма і запатрабаваў сабе работы. Мастак папрасіў волата прыбраць майстэрню. Праз імгненне майстэрня ззяла чысцінёю, нібыта ў ёй толькі што зрабілі еўрарамонт. Мастак загадаў зрабіць прыборку ў сталіцы, а пазней і ва ўсёй Беларусі. Волат зрабіў. Мастак крыху напружыўся, можна нават сказаць – напужаўся. Таму і вырашыў даць волату работу, якую нельга зрабіць. Мастак пусціў з крана ваду і загадаў са струменя скруціць вяроўку. Волат і так круціў струмень і гэтак круціў, змогся, але вяроўкі зрабіць не змог. Стомлены волат папрасіў літасці ў мастака, і той дазволіў яму вярнуцца ў Чорную кнігу з белымі літарамі да тых часоў, калі трэба будзе зноў павыграбаць смецце з вялікіх і малых будынкаў.

Шэры сабака

У маім квартале ёсць дом з вежай, а на той вежы стаіць высокі шпіль. На першым паверсе таго дома, што на вуліцы Чырвонай, – цукерачная крама, а на другім жыла чараўніца – жудасная вядзьмарка. Аднаго разу яна мясцовага алкаголіка ператварыла ў сабаку. Здарылася тое ў жніўні. Спякота стаяла жахлівая. Нават уначы было горача і цяжка. Таму ўсе і адчынялі вокны наросцяж. Спалі з адчыненымі вокнамі. Спалі, хто мог спаць. Вядзьмарка доўга не магла заснуць, а як толькі заснула, тут жа і прахапілася, бо якраз пад яе вакном мясцовыя алкаголікі селі на ганак цукерачнай крамы і пачалі выпіваць. Яны папівалі віно, гучна гаманілі і смяяліся. Вядзьмарка паспрабавала іх прагнаць, а яны ад віна абнахабіліся, аблаялі яе і аббрахалі. Тут яна і абярнула самага брахлівага п’янтоса ў Шэрага сабаку. Два другіх п’яніцы на якую хвіліну мову страцілі, а калі здатнаць гаварыць да іх вярнулася, пачалі маліць-прасіць вядзьмарку, каб Шэрага сабачку вярнула ў чалавечае аблічча. Яна, канешне, паспрабавала з брахлівага стварэння чары зняць, ды ў яе не атрымалася. Шэры сабака зрабіўся кацянём, кацянё перарабілася ў мыш, мыш стала мухаю, а муха дзынкнула адзін раз і рассыпалася ў пыл. П’яніцы паўцякалі, нават бутэльку недапітую пад цукерачнай крамаю пакінулі. А вядзьмарка легла і праспала ў цішыні да самай ружовай раніцы, ажно пакуль сонца не асвяціла ўвесь высокі шпіль.

Белая русалка

Русалка ўпадабала аднаго маладзёна. Ад моцных пачуццяў яна вырашыла яго заказытаць. Як толькі малады мужчына засынаў, русалка прылятала да яго ў кватэру на бульвар Шаўчэнкі, клалася побач і пачынала яго лашчыць, песціць і паказытваць. Калі мужчына прачынаўся, русалка імгненна ўцякала. Ён так напакутаваўся ад русалчыных казытлівых любошчаў, што пайшоў да ведзьмака. Той быў вядомы на ўсю сталіцу, шмат чараваў, зарабляў многа і меў цэлы трохпавярховы дом у зацішным завулку Скарыны. Вядзьмак доўга распытваў мужчыну і сказаў, што русалку трэба злавіць, паланіць і прымусіць працаваць па гаспадарцы. Дзеля гэтага давядзецца не спаць да сярдзіны ночы, потым пазатыкаць гумовымі коркамі і пазаклейваць скотчам усе водаправодныя адтуліны ў ваннай і на кухні, а яшчэ ва ўсе замкі паўстаўляць ключы. Аперацыю трэба загадзя падрыхтаваць і правесці ў поўнай цемры ды цішыні, а потым неабходна запаліць усе кватэрныя лямпы і лямпачкі. Мужчына падрыхтаваўся і зрабіў усё, як параіў вядзьмак. Запаліўшы лямпы і лямпачкі, ён убачыў у сваім ложку аголеную прыгажуню – Белую русалку. Тая паспрабавала ўцячы, але не змагла, пагойсала па кватэры і вярнулася ў ложак, залезла пад коўдру з галавою, сцішылася і заплакала. Толькі пад раніцу русалка перастала плакаць. Мужчына прынёс ёй спартовую вопратку. Так русалка засталася ў яго жыць. Яна была такая прывабная і добрая, што мужчына з ёю ажаніўся. Падчас сціплага вяселля, на якім былі толькі жаніх і нявеста, русалка напаіла мужа віном. Моцным віном русалка моцна напаіла свайго маладога. А калі жаніх захмялеў, спытала, як яму ўдалося яе паланіць. Вядзьмак, зразумела, папярэджваў кліента, што русалка паспрабуе даведацца пра канструкцыю пасткі і будзе з яе выбірацца. Мужчына не хацеў казаць праўду пра коркі і ключы. Не хацеў, але моцнае віно развязала ягоны язык. Ён сказаў Белай русалцы і пра ключы ў замках, і пра гумовыя коркі ў адтулінах. Толькі сказаў, як голая русалка выскачыла з ложка, падбегла да дзвярэй, выцягнула ключ з замка і ўцякла прэч праз замочную шчыліну. Людзі з бульвара Шаўчэнкі нават бачылі, як Белая русалка ляцела над вуліцай у бок Камсамольскага возера.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3