Глобус Адам - Play.by стр 8.

Шрифт
Фон

Выходжу на пляц Незалежнасці і ледзь не слепну ад стракатага ды мігатлівага святла святочных лямпачак. Гэта я для тэатральнага эфекту сказаў «ледзь не слепну». Загаварыўся. Падумалася, што такое ззянне-зіхаценне крыху раздражняе. У такім непераборлівым выкарыстанні лямпачак бачыцца безгустоўнасць, але аслепнуць ад іх не аслепнеш. Аслепнуць можна ў жніўні ад італьян-скага сонца. Ад яго мае вочы так балелі, нібыта ў іх пяску панасыпалі. У гарадку Гаета я зайшоў у аптэку, зняў акуляры і нічога не сказаў. Маладзенькая прадавачка без слоў усё зразумела і дала мне кроплі. Там жа ж, у невялічкай аптэцы, я прамыў вочы, і мне зрабілася значна лягчэй, і свет стаў не такі пякучы ды жорсткі.

Я гуляў па сонечнай Гаеце і спыніўся каля закінутай царквы. Яе вокны былі пазабіваныя дошкамі, а на дзвярах вісеў іржавы замок. Ганак зарос травою. Я зрабіў невялічкі малюнак нікому не патрэбнай царквы і, перайшоўшы вуліцу, спыніўся каля касцёлу. З бакавых дзвярэй выйшла старая ў чорным і пачала жэстамі запрашаць мяне зайсці ў вялікі сабор. Адмовіцца не выпадала. Пасля сляпучага сонца ў касцёле было змрочна. Старая правяла мяне да алтара, прапанавала спыніцца, а сама знікла. Я разглядаў гіпсавую Дзеву Марыю з драцяным німбам. Тут і здарылася дзіва – у німбе запаліліся маленечкія жвава-жоўценькія лямпачкі. Старая папрасіла мяне намаляваць Дзеву Марыю з лямпачкамі ў німбе. Яна, пэўна, бачыла, як я маляваў пакінутую царкву, і вырашыла прапанаваць для замалёўвання свой цудоўны аб’ект. Марыю я намаляваў. Старая ўсцешылася, і я сышоў з касцёльнай паўцемры.

Ідучы па Гаеце, я згадваў іншы горад, іншы касцёл і зусім іншую лямпачку. Згадваў Мсціслаўль, касцёл Успення Дзевы Марыі і блакітнацелую лямпу, што вісела пасярэдзіне забранага ў рыштаванні халоднага памяшкання. Вулічная, ліхтарная лямпа залівала касцёл прахалодна-белым святлом. І ў гэтым святле, калі да яго дадаць яшчэ і святло простай лямпачкі, можна было спакойна, не напружваючы вачэй, капіяваць насценныя роспісы, чым я там і займаўся. Толькі ў вялікай лямпы была адна загана: праз гадзіны дзве пасля запальвання яна пачынала зьвінець. Хвіліну-другую лямпа спявала сваю мярзотную бясслоўную песню, а потым гасла. Яна гасла каб астыць, а потым зноўку запаліцца. Варта было змірыцца і прыняць яе рытм працы, але замест гэтага я ўзяў кавалак цэглы і разбіў дарагую лямпу. Учынак мой справядліва асудзілі, такая нястрыманасць недаравальная ў касцёле, але я не прыняў асуджэнняў тады, не прымаю я іх і цяпер. Не прымаю, бо святло той лямпы было мёртвае, а зундзенне-зьвіненне невыноснае, яно знішчала музыку, што гучала ўва мне.

Пазней я заўважу, што ў большасці мастакоў цёмна ўнутры. І ў іх карцінах таксама змрочна, а калі й не цёмна, дык гарыць там такая вось мёртва-святловая лямпачка. Ад такіх лямпачак хочацца адвярнуцца, хочацца выйсці, хай сабе і ў суцэльную цемру. Часам у мяне атрымліваецца выйсці з цемрадзі да святла. А потым зноўку надыходзіць цемра, і я пачынаю разумець Дыягена, які ўдзень з агнём шукаў чалавека. Дыяген у светлы дзень блукаў па горадзе з запаленай лямпаю… «Што ты шукаеш, Дыяген?»– «Чалавека!» Ці знайшоў Дыяген чалавека? Ці не дарма ў ягонай руцэ гарэла лямпа? Такія пытанні я задаю сабе на пляцы Незалежнасці, дзе зіхацяць і міргаюць мірыяды рознакаляровых лямпачак. Я задаю сабе пытанні і згадваю Дыягена Менскага. Так-так, быў і такі Дыяген, бо кожны вялікі горад не абыходзіцца без свайго Дыягена. Тутэйшы Дыяген у сваім вакне выставіў самую танную лямпачку. Тая лямпачка гарэла і ўночы і ўдзень, яна гарэла на святы і ў будзённыя дні, яна ніколі не гасла… Ніколі.

15. Хованка

Спытай: якая самая беларуская гульня? Адкажу: хованкі. Усе хаваюцца, адзін шукае. Усе любяць хавацца, і ніхто не хоча шукаць. Так у нас склалася, такая ў беларусаў завядзёнка. Падмануць, перагуляць таго, хто спрабуе нас знайсці – асноўная задача ў хованках. Шукаць у нашай гульні можна толькі пад прымусам. Ніхто не хоча быць пашукавіком, а таму дзеці прыбягаюць да дарослых і просяць пагуляць іх у хованкі, дарослыя лягчэй пагаджаюцца шукаць, дарослыя робяць толькі выгляд, што шукаюць, але дзяцей гэта амаль задавальняе. Прынамсі, яны хаваюць сваю незадаволенасць да пэўнага моманту, да таго моманту, калі не знаходзіцца сапраўдная хованка, такая хованка, што і дарослы можа прайграць.

Так і згуляў у хованкі мой унук – Вова – са сваімі бацькамі.

У віленскім гіпермаркеце «Акраполіс» Вова схаваўся за ружовы кадылак. Пакуль бацькі – Мікола з Юляю – разглядалі марозіва, якім напоўнены той чароўны кадылак, пакуль яны абыходзілі машыну, ад аднаго выгляду якой заплакаў бы сам рок-кароль – Элвіс Прэслі, пакуль прадавачка старанна ўпрыгожвала марозіўнымі шарыкамі вафельныя ражкі, іх сын знік. Мікола з Юляю тры разы абабеглі ружовы кадылак, але Вовы не знайшлі.

У гіпермаркеце ладзіліся перадкалядныя распродажы, народу было процьма. І тут уся вясёлая пазітыўнасць ператварылася для маіх дзяцей у хваравітую негатыўнасць. Стракатасць і какафонія абрынуліся на Юлю з такой сілаю, што з ёю здарылася істэрыка. Мікола разгубіўся. Ён не ведаў, што рабіць найперш: шукаць сына ці супакойваць жонку?..

Напэўна, у кожнай сям’і ёсць свае гісторыі пра хованкі і пра згубленае дзіця. Была такая гісторыя і ў нашай радзіне, але я яе не любіў расказваць, бо мне падаваўся малаэстэтычным яе антураж. Я настолькі не любіў савецкія парады і дэманстрацыі, што ніколі не расказваў пра іх сваім дзецям. А драматычныя падзеі разгортваліся якраз падчас Першамая. Мае сваякі – Іван ды Каміля Мілько – разам са сваімі сынамі Віцікам ды Шурыкам прыехалі з Койданава ў Менск паглядзець на першамайскую дэманстрацыю.

Сотні тысячаў людзей пашнураваліся ў калоны і пад чырвонымі сцягамі пайшлі па цэнтральнаму праспекту. Іван ды Каміля, Віцік ды Шурык ішлі разам з усімі, яны прайшлі ад Дома ўрада да маста праз Свіслач. Менавіта на мосце Каміля заўважыла, што Віцік ідзе адзін, а Шурыка нідзе няма. Цэлы дзень і цэлую ноч Каміля Мілько шукала сына. Іван з Віцікам вярнуліся ў Койданава, а Каміля засталася ў Менску. Дапамагаў ёй у пошуках наш далёкі сваяк – Тарасевіч. Ён працаваў галоўным бухгалтарам у Радзе міністраў і далучыў да пошукаў усіх, каго толькі змог знайсці ў святкавальнай куламесе.

Каміля сядзела каля тэлефона ў кватэры Тарасевічаў, калі туды патэлефанавалі з міліцыі. Раніцай у міліцыю Шурыка прывяла жанчына на моцным падпітку. Каміля ледзь была не пабіла тую жанчыну, звінаваціўшы яе ў крадзяжы хлопчыка. Але жанчына аблаяла Камілю Мілько апошнімі словамі, бо мела на тое поўнае права.

Падзеі са знікненнем шасцігадовага Шурыка, апранутага ў новы матроскі касцюм, выглядалі наступным чынам… Каля цырку Шурык адышоў ад Віціка да купкі дзяцей з паветранымі шарамі ў руках. Разам з гэтымі дзецьмі ён і пайшоў далей. Тыя дзеці з бацькамі перайшлі мост праз Свіслач і ўздоўж рэчкі прайшлі ажно да возера. Там у прыватным дамку было шматлюднае застолле, і ўсе думалі, што Шурык адзін з суседскіх дзяцей. Яго нават спаць паклалі, так і не спытаўшы, хто ён і адкуль. Пра тое ў Шурыка запыталі толькі раніцай і, пачуўшы пра нейкае Койданава, павялі ў міліцыю.

Наш Шурык Мілько не спалохаўся зусім. Усе перапужаліся, пералякаліся, перакалаціліся ды сплакаліся да ікаўкі, а Шурык, як быў жыццярадасны, так такім і застаўся. Спакой і жыццялюбства Шурыка мяне здзіўлялі ўсё жыццё. Нават калі яго забралі ў войска і завезлі ў Александрыю, дзе ён займаўся супрацьпаветранай абаронаю і ўстаноўкаю ракетаў, Шурык застаўся спакойны. Ён спакойна распавядаў, як савецкіх салдатаў грузілі ў нафтавыя танкеры. Салдатаў везлі ў Егіпет і з Ёгіпта ў смярдзючых танкерах, каб схаваць іх удзел у вайне супроць Ізраіля. Мяне ж тады зусім не цікавілі хованка ў танкеры, мяне хвалявалі піраміды і пахаваныя ў іх фараоны. «Якая яна – піраміда?» – спытаў я ў Шурыка. «Якая, якая… Калі падыдзеш да яе ўшчыльную і зірнеш на вяршыню, дык салдацкая пілотка з галавы зваліцца…» Такое апісанне мяне здзівіла, а яшчэ больш мяне падзівілі парнаграфічныя фотакарткі, якіх Шурык прывёз з Егіпта цэлы пачак. Шурык картачкі мне не паказаў, ён іх схаваў на гарышчы, а я знайшоў і наглядзеўся да млосці. Я нават намерваўся скрасці некалькі порнакартак, але перадумаў, бо не захацеў крыўдзіць Шурыка, хацеў захаваць з ім добрыя адносіны, і захаваў на доўгае-доўгае жыццё.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3