Глобус Адам - Play.by стр 4.

Шрифт
Фон

Пра тую далёкую вечарынку з ракіяй я б незваротна забыўся, каб не паэтка Наста. Я рабіў чарговую марную спробу прышчапіць нашым маладым паэтам любоў да хайку, яны нават панапісвалі трохрадкоўі, але іх сэрцы былі далёка-далёка ад будысцкіх каштоўнасцяў. Са студэнтаў пёрлі метафары, з іх вылазілі мацюкі. Наста Манцэвіч напісала такое: «Калі ў вачох цямнее, мне хочацца проста ўкленчыць: «О Божа, хачу да мамы! Да таты хачу на плечы…» Каб апынуцца ў дзяцінстве, як колісь – хавацца ў шафе сярод кажухоў і шапак, цукерку цягаць з буфету ды красці ў суседа слівы…» Цяпер – увага! «…і быць маленькім і лёгкім, і.б вашу маць, шчаслівым».

Во табе доказ: мацюкнуўся – і стаў мужчынам. Во яно, няўлоўнае і таямнічае пераўтварэнне – алхімія слова, магія паэзіі. Я шклянею ад такіх відовішчаў, мой светагляд натурала бярэ паўзу. І я забываю пра Шчарбіну і пра Манцэвіч. І я не згадваю пра іх да таго моманту, пакуль не пабачу, як праз гастраном ідзе Наста. Яна сціскае ў руцэ грашовую паперку ў дваццаць даляраў, тварок сцяты, пастава скрыўлена болем. Наста кульгае. Мне падумалася, што, напэўна, так кульгаў скінуты з неба анёл. Анёл кульгаў, плакаў і мацюкаўся…

7. Мора-мора-акiян

Няма беларускага мора. Так склалася, што вада ў нашых краях прэсная – рачная ды азёрная, крынічная ды калодзежная… Толькі нам, як і ўсім астатнім, хочацца на мора. Чаму? Як той казаў: пра мора гавораць у Раі, а калі ты не быў на моры, пра што з табою гаварыць.

Ты збіраешся і едзеш на мора. Прыязджаеш у якую Клайпеду, ходзіш па дзюнах, глядзіш на плытка-шэрае мора і думаеш, што цябе падманулі, бо пра такое мора і гаварыць не варта. Таму наступнае падарожжа будзе ў Крым да самага Чорнага мора, але і там цябе падпільнуе раcчараванне. Не, не мора цябе раcчаруе, а людзі на беразе, людзі там будуць брутальныя, бедныя, злыя.

Ты вернешся дамоў, лета скончыцца і пачнецца восень, такая чырвоная і залатая, што ты забудзешся пра ўсе размовы, якія чакаюць у Раі, а будзеш жыць тут, будзеш жыць і радавацца, ажно пакуль не пойдуць доўгія дажджы. Яны пойдуць, і зробіцца табе сумна, і зноўку захочацца да мора і да прыморскіх жанчын. Не ведаю, чаму той не сказаў, што ў Раі гавораць пра жанчын. Ці мо пра жанчын гавораць толькі ў Пекле? Дажывем – пабачым. А пакуль ідуць халодныя дажджы, ты выправішся да цёплага Міжземнага мора. Ты пойдзеш у барселонскі порт і будзеш глядзець на караблі. Ты нагледзішся на караблі і завітаеш на вуліцу з легкадумнымі жанчынамі. Будзеш выбіраць-перабіраць, ды так і не выбераш жанчыну. Чаму? Хто цябе ведае…

З Барселоны ты паляціш у Амстэрдам, дзе жанчыны будуць сядзець у вітрынах. Ты будзеш басцяцца па кварталу Чырвоных ліхтароў, пакуль не выбераш вялікую мурынку ў панчохах-сетачцы. Тоўстая мурынка павядзе цябе ў маленькі пакой з вялізным, на ўсю сцяну, люстэркам, дзе вы й зоймецеся сэксам разам са сваімі адлюстраваннямі. Ты будзеш займацца сэксам і думаць пра мора, каб падчас размовы ў Раі згадаць не толькі мора, а і густое цела мурынкі і яе пругкія сцёгны ў чорнай сетачцы. Ваш сэкс будзе бліскучы і гарачы, такі бліскучы і такі гарачы, што, вярнуўшыся ў халодныя і цёмныя дажджы, ты цэлы месяц будзеш мець светлы настрой. Нават калі ты чытацьмеш прагноз надвор’я на тыдзень, а ў тым прагнозе зусім не будзе сонца, ты ўсё адно не замаркоцішся, бо ўспаміны пра караблі пад помнікам Калумбу, успаміны пра барселонскую вуліцу, напоўненую паўаголенымі і аголенымі жанчынамі, цябе развесяляць.

Але памяць мае адну ўласцівасць, яна паціху блякне, а таму табе зноў захочацца на мора, і не проста на мора, а ў далёкую краіну, дзе мала хто ведае пра тваю Беларусь, у якой зусім няма нічога марскога. Табе захочацца на бераг акіяна, і ты выбераш Індыйскі. Ты паляціш у Індакітай, у горад Бангкок, а з яго паедзеш на бераг Сіямскага заліву, у горад Патаю, дзе толькі на адной вуліцы пабачыш дзесяць тысяч вясёлых жанчын, кожная з якіх можа заняцца з табою паглыбленым вывучэннем Камасутры. Ты зойдзеш у стрып-бар, замовіш колу з лімонам і пачнеш разглядаць аголеных таек, якія танчаць на мокрым стале. З-пад гладзенькіх пятак мініятурных танцорак будуць разлятацца пырскі. Ты парадуешся, што замовіў толькі колу, бо піць колу з пырскамі ты, канешне, не станеш.

Ты нагледзішся тайскіх эратычных танцаў ды пойдзеш у бардэль. Там выбераш самую мініятурную жанчынку. Яна павядзе цябе ў вялікі пакой з ваннай, душам і квадратным ложкам. Яна памые цябе ўсяго-усяго, яна вытра цябе мяккім рушніком і зробіць масаж, а толькі пасля гэтага вы зоймецеся вывучэннем Камасутры. Твая мініятурная каханка будзе скакаць на табе, а ты зноўку задумаешся пра мора, пра мора-мора-акіян.

З бардэля ты пойдзеш на мора, ты будзеш доўга ісці ўздоўж Сіямскага заліву, будзеш доўга плаваць у ім, а калі вернешся ў гатэльны нумар, адчуеш млосць. Табе зробіцца страшэнна холадна, а потым цябе абалье пякучая гарачыня, трасца пачне цябе калаціць. Ты здагадаешся, што атрымаў сонечны ўдар. Давядзецца праляжаць у мокрых ад поту прасцінах цэлыя суткі, пакуль ты ачуняеш. У Беларусь ты вернешся стомлены, але з дакладнымі ведамі пра мора-мора-акіян. Цяпер ты зможаш падтрымліваць размову ў Раі пра мора і гутарку ў Пекле пра жанчын. Цяпер ты дакладна ведаеш, што і там, і там ніхто ў цябе не спытае ні пра мора, ні пра жанчын, бо калі хто пра што і запытаецца ў цябе пасля тваёй смерці, дык пытанне будзе пра нашыя крыніцы, калодзежы, рэчкі, азёры і пра нашых тутэйшых жанчын.

8. Натура

Пятніца, вечар, лістапад. Зайшоў пасля працы ў студыю. Толькі зайшоў, званок у дзверы. Напружыўся. Адвык я ад настойлівых званкоў у дзверы. Зазвычай: ідзе дамова па сотавіку, потым голас у дамафоне, і толькі тады ў дзверы звоняць. Каго баяцца? Адчыняю. На мяне насоўваецца суседка. Раблю крок назад. Яна не глядзіць мне ў вочы. Яна пазірае на сваю правую апушчаную руку, у якой вісіць двухлітровы балон піва «Крыніца». «Вы – адзінокі! Я – адзінокая!» – суседка пачынае разгойдваць балон. Ёй гадоў трыццаць. Яна – зграбная беларуска, якая дакладна ведае, чаго хоча тут і цяпер. «Я чакала, калі вы прыйдзеце, і вы прыйшлі». Усё! Раблю крок ёй насустрач і тактоўна кажу: «Я не самотны, я жонку маю». Суседка не верыць, жанчыны мне даўно не вераць, але я не пераймаюся. Балон «Крыніцы» выносіцца са студыі. І толькі я ўздыхаю з палёгкаю, як пачынае зудзець дамафон, і ў ім гучыць знаёмы голас. Карацей: лістападаўская пятніца, халодны вечар, вялікая поўня і сэкс з жонкай. У панядзелак было нечакана многа святла. Ад такога святла ажно круціцца галава. Хмельнасць у целе. Нават суседка выглядала пасвяжэлай і прывабнай. Падумалася: ці не намаляваць мне яе партрэт. Не. Яна не так зразумее, падумае, што маляванне толькі нагода, каб перайсці ў інтым. Вырашана: маляваць суседку не буду. Намалюю лепей крэсла. У мяне новае крэсла. Прыдбаў я крэсла, і амаль не сяджу на ім. Шкада? Не. Сам не ведаю, чаму мне не сядзіцца на новым крэсле. Пачну маляваць і разбяруся. Пачаў маляваць, і не атрымлівалася ў мяне амаль нічога, бо ад крэсла сыходзіла варожасць. Яно нібыта нечага патрабавала. Я паклаў на крэсла рушнік і намаляваў, і атрымалася. Лічу – атрымалася. Што палічаць іншыя? Хіба гэта важна для маіх узаемаадносінаў з уласным крэслам? Намаляваўшыся, зайшоў у кавярню, а тамака бітма народу. Знайшоў вачыма знаёмы твар. У кутку, за акварыюмам сядзеў кравец Барыс. Я праціснуўся да ягонага століка. «Адзін?» – «Сядай, а я схаджу цыгарэту выкуру». На стале стаяла танкасценная колба з гарэлкаю і чарка. Чысты мужчынскі нацюрморт. Ці захацелася мне выпіць? Так. Але я задумаўся пра іншае, пра стасункі мастака і натуршчыцы. Ці глядзіць мастак на аголеную жанчыну, як п’яніца на колбу з гарэлкаю? Не. Мастак глядзіць інакш, ён глядзіць адначасова і на гарэлку, і на п’яніцу, і на кавярню, і на зялёны акварыюм з чырваналобымі рыбамі. Мастак глядзіць шырока, ён бачыць вялікі свет, нават калі малюе толькі адну аголеную жанчыну, ці піша маленькі нацюрморт з чаркай і колбаю гарэлкі. Тут я і вырашыў завесці сабе натуршчыцу. Надакучылі пустыя размовы пра распуснасць, што ўвесь час круцяцца вакол мяне, і я завёў сапраўдную натуршчыцу. Як? Проста. Прыбірацца ў студыі мне дапамагае Надзя. У вольны ад прыборкі час Надзя вучыцца ў акадэміі мастацтваў. Там натуршчыц шмат. Яна падабрала і прывяла маладую жанчыну – Люду. «Вам як лепей: калі я ў плаўках стану, ці калі – без плавак?» Пэўная няёмкасць, вядома, узнікае, калі мужчына застаецца з аголенай жанчынаю сам-насам. «Давай, Люда, ты першую гадзіну адпазіруеш у плаўках, а потым іх здымеш». Праз гадзіну Люда павярнулася да мяне бокам і скінула плаўкі. Похва ў яе чыста паголеная, цела дагледжанае, валасы памытыя. А малюецца мне кепска, бо даўно не рабіў накіды з аголенай натуры. Раблю перапынак, палю цыгарэту і размаўляю з Людаю… Мая натуршчыца – будыстка. Экзатычна. «Люда, а ці даюць будысты сабе новыя імёны? У мяне дык ёсць акрамя пашпартнага імя яшчэ адно імя, атрыманае падчас хрышчэння – Уладзіслаў». – «Даюць». – «А хто дае?» – «Настаўнік піша мужчынскія і жаночыя імёны на паперках, а вучні цягнуць паперкі…» – «Гэтыя імёны таемныя ці адкрытыя?» – «Ёсць адкрытыя, а ёсць і таемныя». – «А на якой мове тыя імёны пішуць?» – «Па-тыбецку». Папытаць пра будыстцскае імя Люды я чамусьці пасорамеўся. Маляваць голую Люду мне зусім натуральна, а пытаць яе імя, напісанае па-тыбецку, сорамна. Думаў, яна сама мне тыбецкае імя назаве. Не сказала. Калі я апошні раз маляваў Люду, ніводнага вартага ўвагі малюнка не зрабілася. Здавалася, у апошні дзень нешта нейкае незвычайнае прамалюецца. Не. Я сказаў Людзе, калі ў мяне знойдзецца час на маляванне, я ёй абавязкова патэлефаную. Наўрад. Але сказаць такое сказаў.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3