Глобус Адам - Play.by стр 3.

Шрифт
Фон

І ўсё ж ты прачнешся і пабачыш побач чужое цела. Ты асцярожна ўстанеш з ложка, ціха апранешся і сыдзеш, не развітаўшыся, бо пакінеш сваю жанчыну даглядаць ваш салодкі сон пра каханне. Яна будзе спаць пад цёплай коўдраю, а ты будзеш ісці пад дажджом. Кроплі працінацьмуць цябе наскрозь. Цябе амаль не будзе на гэтым свеце, будзе толькі дождж, дождж і дождж. Каб не рассыпацца ў мокры пыл, табе давядзецца зайсці ў цемнаваты і пусты бар, замовіць чарку гарэлкі і шклянку вады. Ты перакуліш чарку, ты зробіш адзін глыток салодкай пасля гарэлкі вады, скаланешся, наставіш каўнер і панясеш сваю проста-шэрую кепку пад дажджом з ніадкуль у нікуды.

А жанчына? Ёй давядзецца доўга тлумачыць вашай дарослай дачцэ, чаму ты заходзіў, чаму вы пілі гарэлку і чаму ты застаўся начаваць. Жанчына будзе спрабаваць растлумачыць, а дачка паспрабуе зразумець. Але не зразумее, бо ёй яшчэ не прыйшоў час зразумець, хто такі Дождж.

5. Нож

Мне паспрабавалі падарыць нож. Беларусы не дораць нажы. Беларус можа купіць нож, а ўзяць яго ў якасці падарунка не можа. Канешне, ён можа паквапіцца на падарунак, спакусіцца якасцю нажа і ўзяць яго, толькі ў такім разе беларус мусіць усё адно заплаціць за нож. Хай гэта будуць сімвалічныя рублі, але яны павінны ўдзельнічаць у справе з’яўлення новага нажа.

Ты можаш сказаць мне, што ўсё гэта забабоны і цемрашальства. А я магу з табою пагадзіцца. Але ёсць традыцыі, якія прыйшлі да нас ад дзядоў і прадзедаў. Традыцыі варта паважаць. Традыцыйна беларус звяртае вялікую ўвагу на новы нож і правільна робіць. Не буду сыходзіць у абстрактныя абагульненні, а раскажу табе пра свае адносіны і гульні з нажамі.

Колькі я сябе памятаю, у мяне заўсёды былі нажы. Вучыўся я ў такой школе, куды ўсе хлопцы хадзілі з нажом у кішэні. Адны мелі самаробныя фінкі, іншыя абыходзіліся ножыкамі, набытымі ў краме. Таму я не вельмі здзівіўся, калі даведаўся, што майго былога аднакласніка – Міколу Панасюгу – зарэзалі каля чыгуначнай станцыі «Радыятарны завод». Міколу шкада, але ж я не здзівіўся, што памёр ён ад шматлікіх нажавых ранаў.

Пасля школы я насіў з сабою нажы, каб вастрыць простыя алоўкі. Вастрэнне простых алоўкаў хірургічнымі нажамі мяне супакойвала. У кожнага свой шлях у свет супакаення, у мяне ён знітаваны са скальпелем.

Акрамя скальпялёў я накупляў сабе дарагіх нажоў, сярод якіх найлепшы зрабілі ў Італіі і назвалі яго «Лісіца». З такой «Лісіцаю» можна на паляванне хадзіць, але я не паляўнічы, таму мая «Лісіца» адно падарожнічае. Яна была і ў Рыміні, і ў Рыме, і ў Варшаве, і ў Вільні… Дзе мы толькі з ёю ні былі!

З нажом у руцэ я раблюся іншым чалавекам. Адназначна. Нож не проста дадае мне дадатковую якасць, што зразумела, ён ператварае мяне ў іншую істоту, жорсткую і крыважэрную. Маю галаву наведваюць такія думкі, ад якіх халаднее на сэрцы. Мне хочацца зарэзаць чалавека. Падобнае пачуццё ўзнікае, калі ты стаіш на даху шматпавярховай будыніны, і невядомая сіла цягне цябе скінуцца. Так і тут, вар’яцтва захоплівае розум, і жаданне перарэзаць чалавечае горла робіцца настолькі моцным, што не ведаеш, дзе падзецца. Даводзіцца ва ўяўленні ўсаджваць вострае лязо ва ўласную нагу. Нават уяўны боль вяртае яснасць думак, тады я акуратна хаваю нож у скураныя ножны і прагна п’ю ваду. Раней я спрабаваў сваю празмерную агрэсію заліваць гарэлкаю, толькі ад гарэлкі жаданне забіць чалавека рабілася яшчэ большым, яно рабілася амаль непераадольным. Гэта адна з прычынаў, чаму я кінуў гарэлку, адна з самых важных нагодаў, каб не напівацца. А на цвярозую галаву значна лягчэй утаймоўваць прагу забойства.

Зрэшты, я быў цалкам цвярозы, калі антыквар Шура прапанаваў набыць у яго казацкую шашку. Начорта мне тая шашка? Але ж я ўзяў яе ў правую руку і ўзважыў. І тут са мною пачало адбывацца нешта неверагоднае: я на ўласнай скуры адчуў якасны скачок чалавека вайсковага ад каменнага нажа да казацкай шашкі.

Я ўзняў яе і з усёй моцы секануў паветра. Шашка апісвала дугу, а прад маімі вачыма пралятала ўся гісторыя казацтва з бунтамі, з рэвалюцыямі, са змаганнем за незалежнасць бязмежнага Казакстану пад штандарамі атамана Краснова, які маліўся д’яблу, бо не верыў, што Бог дапаможа яму ў вайне. Шашка праляцела ў якім міліметры ад маёй нагі і спынілася. Як я не адсек сам сабе нагу? Чорт яго ведае. Адно зразумела, што Шура мне больш не прапаноўваў ні шашак, ні шабляў.

Агнястрэльную зброю мне таксама ніхто не прапаноўваў, дый не люблю я яе. Да стрэльбаў, рэвальвераў і пісталетаў з аўтаматамі я раўнадушны цалкам, хіба што балістычная ракета мяне крыху хвалявала. У нашай сям’і быў чалавек – дзядзька Саньдзя, які ўзначальваў ахову такой ракеты. База мясцілася ў Казахстане. І з Казахстана гэтай ракетаю можна было зруйнаваць Пекін альбо Нью-Йорк. Такі маштаб разбурэнняў мяне хваляваў. Але хваляваў ён мяне значна меней, чым вострая дзюбка нажа над уласным кулаком. Калі я бачу свой кулак з заціснутым у ім нажом, у мяне ўсяляецца Нажавік – жорсткі бог спрадвечнай вайны. Мо таму і нельга беларусу прымаць нож у якасці падарунка? Мо таму і трэба плаціць за нож наперад? Я плачу.

І гэтым разам я заплаціў жанчыне, якая вырашыла падарыць мне нож. Я заплаціў, паклаў нож у кішэнь, і мы пайшлі на паўзабаронены мітынг.

6. Мацюк

Ці ёсць у беларускай мове мат? Хіба гэта важна?.. У белмове ёсць мацюк! Дакладна. У нас маецца мацюк, і не адзін мацюк, а безліч моцных мацюкоў, такіх моцных, што яны здатны з жанчыны зрабіць мужчыну. Доказы? Зараз будуць…

Пачну з Масквы – гнязда рускіх шматпавярховых матаў. Запрасілі мяне туды на фестываль сусветных культур. Карэйцы з манголамі, палякі з немцамі, венгры з уетнамцамі фестывалілі па поўнай праграме. У балгарскай амбасадзе культурны інтэрнацыянал дарваўся да ракіі. Першую паўлітровую пляшку я выпіў з хахлом Гырнікам, другую выжлукціў з маскалём беларускага паходжання Казакевічам, трэцюю я нёс у кішэні, каб высмактаць з паэтамі метаметафарыстамі. Быў мароз, моцны вецер згінаў людзей напалам, а я ішоў, высока ўзняўшы галаву, бо, нахіліся я хоць крыху, і ўся мая шматкаштоўная ракія апынецца пад нагамі.

Прыйшоў я да паэткі Шчарбіны, паставіў бутэльку на стол, сеў на канапу і ашклянеў. Я ўсё бачыў, усё чуў, усё разумеў, але гаварыць не мог. Тагачасны муж Шчарбіны – доўгавалосы, падобны да персідскага прынца юнак – разглядаў мяне як скульптуру антычнага бога. Ён нават пакратаў маю халодную шчаку, і тады да мяне дайшло, што я не толькі абязмоўлены, а нават міргаць не магу.

Метаметафарыстаў мой адыёзна-анабіёзны стан не хваляваў, яны абмяркоўвалі апошнія публікацыі сваіх паплечнікаў і ролю рускага будызму. Сярод гудзення галасоў моцна вылучаўся мужчынскі фальцэт, напоўнены рускімі матамі. Уладальнік фальцэту кожны свой сказ аздабляў такім сакавітым брыдкаслоўем, што я яму зайздросціў самай што ні ёсць лінгвістычнай зайздрасцю.

Калі ж я пабачыў майстра шматаблічнага мата, давялося сабраць рэшткі сілаў і заміргаць. Фальцэт належаў не мужчыне, а жанчыне – Таньцы Шчарбіне. Гэта яна крыла матам на ўсю ампірную кватэру, пазастаўляную высознымі стэлажамі, поўнымі неверагодных кніжак. Гэта яна ўвойдзе ў гісторыю рускай паэзіі тым, што ўзаконіць прысутнасць мата на старонках літчасопісаў. Яна першая ўбачыць Зігфрыда ў постаці рок-н-рольшчыка Віктара Цоя. Яна шмат чаго зробіць, але мяне ўсхвалявала іншая метамарфоза. Рускі мат здатны памяняць чалавеку пол. Жанчына кажа «.б вашу маць» – і яна робіцца мужчынам; як у казцы: сказаў «шніп, шнап, шнуп» – і цябе ніхто не бачыць.

А ці здатны беларускі мацюк на такое? Ці зможа ён са стрункай дзяўчынкі зрабіць пацана? Пытанне паставілася і забылася, бо я не толькі міргнуў, я вярнуўся ў нармальны жыццясцвярджальны стан. Я чытаў свае вершы, даводзіў перавагу самога факта над ягонымі трактоўкамі ды каментарамі. Набраўшыся ракіі і нахабства, я смяяўся з пагалоўнага захаплення метафарамі ў самой бярлозе метаметафарыстаў. Як мы не пабіліся? Ці дакладней… Чаму мне не надавалі па падрыльніку? Думаю, што з-за майго інародства ды заземленасці, з-за маёй жлобскай беларускасці, з-за таго, што беларускі мацюк не слабейшы за рускі мат.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3