Глобус Адам - Play.by стр 2.

Шрифт
Фон

У нас ніхто не склаў ніякіх песень і казак пра каштан. У нас няма міфалагічнай істоты з імем Каштаннік, нашы мастакі, як і паэты, яшчэ не намалявалі каштан у квецені… Усё гэта яны зробяць заўтра, а сёння пра чароўную квецень каштанаў ведаюць адно закаханыя.

3. Дрозд

Птушка – душа і крылы. Канешне, ёсць птахі з дзюбамі, кіпцямі і хвастамі, але іх мала хто называе птушкамі, яны патрабуюць увагі і павагі, яны ў нас арлы, буслы, пеліканы і альбатросы. А простая птушка… Ды і гэтыя альбатросы, чаплі, каршукі некалі былі птушанятамі, і некалі пра іх можна было, далібог, не памыліўшыся, сказаць: птушанё – душа і крылы.

Бярэш птушачку ў руку і баішся яе задушыць, баішся зламаць ёй крыло, баішся знішчыць палёт, пераймаешся, каб не забіць песню… Праўда. Я сягоння трымаў у руках маладзенькага пеўчага дразда. Раніцай выйшаў з дому, каб разам з жонкаю прабегчыся ў залатым захутаным у туман парку. Я расхінуў дзверы, а з ганку саскочыў дроздзік. Ён неяк нягегла скочыў на асфальт, з асфальта на жалезную накрыўку, што прыкрывае яміну з вакном у сутарэнні, а з накрыўкі дрозд уваліўся ў гэтую самую яміну.

Жонка мая – навуковец-біёлаг, яна любіць пташак. У яе «мерседэсе» заўсёды ляжыць кніжка «Вызначальнік птушак Еўропы». Яе захапленні птушкамі мне мала зразумелыя, бо я люблю людзей больш за пташак. Я люблю людзей больш за герояў і багоў. Мяне заўсёды цікавіў чалавек. Таму я не столькі дапамагаў ратаваць дразда, колькі дапамагаў уласнай жонцы. Я сцягнуў на асфальт цяжкую накрыўку і разагнуцца яшчэ не паспеў, як мая жонка была ўжо на дне ямы з драздом у руцэ. «Выцягвай мяне!!!» Я паспрабаваў выцягнуць яе за адну руку. Не атрымалася. Каля нас спыніліся дзве дзяўчыны ў спартовых строях. Яны ішлі ў парк займацца фізкультураю, а тут – жанчына ў ямі-не, вядома, спынішся. «Патрымайце птушку, а муж мяне выцягне…» – «Не-е-е… Мы баімся яе. Лепей хай ваш муж патрымае гэтую гадасць, а мы вас выцягнем…» Жонка перадала мне напалоханага і прыцішанага дразда. Дзяўчаты схапілі жонку за рукі і пачалі выцягваць. Яны амаль выцягнулі яе з ямы, але ў апошні момант не вытрывалі і адпусцілі рукі. Жонка звалілася на цэмент і там скурчылася. Дзяўчаткі адступіліся ад яміны, спалохана зіркнулі на мяне і пабеглі ў парк. Я скочыў у яму. «Як ты?» – «Бок баліць. Слабыя дзеўкі. З выгляду моцныя, а так – хліпкія…» – «Трымай свайго дроздзіка. Цяпер я цябе падсаджу, і ты вылезеш…» – «А ты?» – «Не перажывай ты за мяне, выберуся як-небудзь…» Я падсадзіў жонку, і яна такі вылезла наверх. А потым і я сам надзіва спрытна выкараскаўся з ямы і закрыў яе абабітай жалезам накрыўкаю.

У парку жонка пасадзіла дразда на развілку вялікай ліпы, і той у адно імгненне ператварыўся ў адно цэлае з дрэвам. Пеўчы дрозд любіць развілкі, а яшчэ ён любіць бясконцыя песні. Так-так, у пеўчага дразда песня бясконцая.

Жонка вярнулася дамоў, а я вырашыў не змяняць завядзёнкі і абабег парк. Жонку я знайшоў у ванным пакоі. Яна стаяла аголеная каля вялікага люстэрка і разглядала пабіты бок. «Сінякоў і драпінаў няма… Рэбры, здаецца, усе цэлыя… Тады што мне так моцна баліць? Паглядзі…» Я асцярожна абмацаў усе жончыны скабы і хрыбетнік, але відавочных пашкоджанняў так і не знайшоў. «Мо да доктара сходзіш?» – «Не хочацца да доктара…» Мы прынялі душ разам. «А праўда, ён прыгожы, гэты пеўчы дрозд?» – запыталася жонка, асцярожна выціраючы пабіты бок. Я сказаў «прыгожы», каб падтрымаць жонку, хоць дрозд мне зусім не спадабаўся. Гэта быў яшчэ зусім малады дроздзік – падлетак. Такія пакідаюць бацькоўскае гняздо, не ўмеючы лётаць. Чаму так? Загадка.

Зрэшты, прырода любіць рызыкаваць. Я дык рызыкую толькі ў выключных момантах, а жонка жыць без рызыкі не можа. Таму яна і паехала катацца на кані. З пабітым бокам і на кані… Рызыка. Бок разбалеўся так, што ёй давялося ісці ў бальніцу. Адтуль яна затэлефанавала мне: «Рабро я ўсё ж зламала. Зрабілі здымак, і на ім відаць, якое яно цяпер крывое. Ведаеш, я цяпер не буду спыняць «мерседэс», калі заўважу птушку на дарозе. Я буду давіць неабачлівых птушак, буду давіць і ўсё!!!» – «Даві!» – «Я тармажу, зварочваю, кідаю машыну ў бок з-за нейкай птушкі, так і забіцца можна! Бок баліць страшэнна…» – «І што трэба рабіць?» – «Піць абязбольваючае і рухацца асцярожна… А птушак я буду давіць…» – сказала яна праз слёзы. «Даві!» – сказаў я, цудоўна ведаючы, што не будзе яна нікога давіць, а будзе зноў і зноў скакаць у цэментовую яміну, каб выратаваць бясконцую песню птушаняці, якое яшчэ не навучылася лётаць.

4. Дождж

Ён розны…

Бывае дождж дробны, як пыл, і тады яго называюць імжа, імжычка. Часам лье, як з вядра, і на яго кажуць залева. Пасярод зімы на цябе можа пасыпацца ледзяны дождж, і ўвобмільг адзежа пакрыецца ломкай лускою. А ёсць нудны восеньскі дождж, які ідзе ды ідзе, ён ніяк не спыніцца, яго немагчыма перачакаць. Табе даводзіцца хадзіць пад гэткім халодным і бясконцым дажджом. Ты ідзеш, і на душы робіцца беспрытульна.

Як уратавацца ад сваёй непатрэбнасці ў мокрым і няпэўным свеце? Дзе знайсці паратунак? Ты згадваеш жанчыну. Ты любіў яе моцна, табе з ёю было цёпла, горача, сонечна. Заварочваеш у краму і праходзіш у вінна-гарэлачны аддзел. Спачатку ты набудзеш бутэльку самай звычайнай гарэлкі, а толькі потым наважышся патэлефанаваць ёй. Яна вельмі здзівіцца твайму раптоўнаму і такому нечаканаму для яе тэлефанаванню. Яна разгубіцца і ад той разгубленасці не наважыцца адмовіць табе ў запрашэнні. Яна дазволіць табе зайсці да яе.

Ты будзеш ісці праз шэры мікрараён, але дождж ужо будзе не такі нудны і не такі халодны, бо ты згадаеш іншы дождж. Ты ўспомніш дождж над возерам. Некалі ты гуляў з гэтай жанчынаю ўздоўж возера і пайшоў дождж. І ты прапанаваў ёй купацца ў цёплай азёрнай вадзе пад ціхім дажджом, і вы плавалі аголеныя ў возеры, а дождж сыпаўся і шаптаў вам словы пра каханне. Вы займаліся каханнем і ў возеры, і на траве каля возера, і вам было горача пад прахалодным дажджом. А потым ты ўзяў свой швэдар і надзеў яго на сябе і на яе. Вы стаялі, прытуліўшыся адно да аднаго ў адным швэдры, і маўчалі. Дождж скончыўся. Кароткі, пералётны, летні дождж скончыўся, і вы знялі з сябе твой цёпла-фіялетавы ды безнадзейна расцягнуты швэдар. І табе не было шкада гэтага швэдра, ты там яго і пакінуў, на траве, каля самага возера…

А цяпер, ідучы праз жалеза-бетонны мікрараён, ты згадваў пра той ваўняны швэдар, і табе рабілася цяплей і цяплей ад гэтай згадкі. А калі ты падыходзіў да кватэрных дзвярэй сваёй жанчыны, ты ўжо ўвесь гарэў, нібыта ты выпіў адзін куплёную ў гастраноме гарэлку. Жанчына ніякавее ад твайго з’яўлення ў яе маленечкай беднай кватэрцы. Ёй сорамна, што, акрамя памідораў і агуркоў, у яе нічога няма, каб цябе пачаставаць. Ты кажаш, што памідораў і агуркоў табе цалкам дастаткова.

Вы п’яце гарэлку. За вакном ідзе нудны дождж, а вам робіцца весела. Ад гарэлкі і ад успамінаў пра возера вы на вачах маладзееце. Вам падаецца, што ад спаткання на возеры і сягонняшняга дажджу не прамінула дваццаць гадоў. Вы хмялееце, вы кладзецеся ў ложак. Заплюшчваеце вочы, і пералётны чэрвеньскі дождж нашэптвае вам словы пра каханне, і паўтараеце і паўтараеце ягоныя словы пра каханне, ажно пакуль не ўскрыкваеце. Вы ўскрыкваеце адначасова і вяртаецеся ў маленечкую кватэру ў вялікім шэра-бетонным мікрараёне. Але вам не хочацца бачыць ні тую кватэру, ні той мікрараён, ні шэры занудлівы дождж. Вы прыціскаецеся адно да аднаго і засынаеце. Вы спіцё, а вам сняцца азёры, лета, ядлаўцовыя кусты на высокіх грудах і воблака, цяжарнае пералётным дажджом. Вам сніцца маладое каханне, поўнае цяпла і пяшчоты. І вам не хочацца прачынацца, і вы амаль разумееце тых каханкаў, што разам сыходзілі з жыцця, каб не бачыць халодны, маркотны, безнадзейны дождж…

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3