– Калі б гэта датычыла толькі пачуццяў, я змаўчала б, – асцярожна працягвала Алена Адамаўна. – Але калі аднойчы Антаніна прыйдзе ў тваю кватэру на правох жонкі… Яна застанецца там гаспадыняй.
Нічога не паробіш – такія норавы цяперашнія, яна – прагматычная маладая саміца, для якой важна замацавацца ў горадзе, займець жыллёвую плошчу. Можна асуджаць яе, можна не асуджаць, але варта разумець, што калі яна атрымвае – ты аддаеш. Аддасі цяпер? У цябе вялікая кватэра, тры пакоі, сястра жыве асобна… Але надыдзе час, ты сустрэнеш сваё каханне. І што будзе тады? Таму, Алесік, сваё мужчынскае шкадаванне пакінь на іншы выпадак. Цябе выкарыстоўваюць, нельга так прыніжаць сябе, дазваляць ашукваць…
Алена Адамаўна яшчэ пра нешта гаварыла, пыталася пра планы, пра рыхтаванне кандыдацкай, пра хуткі палявы сезон. А Алеся паліла пачуццё сораму. Пад канец размовы ён адчуў, што яго літаральна ўтрымалі над безданню – так, сапраўды, бо менавіта сёння ён збіраўся ісці ў пашпартны аддзел, каб прапісаць Тоню ў кватэру.
Тое, што адбылося ў той вечар, наклала адбітак на ўсе далейшыя дачыненні Алеся з жанчынамі. Падалося, што ён неверагодным спосабам патрапіў у фільм жахаў, дзе лагодная, усмешлівая жанчына раптам пераўтвараецца ў страшную ў сваёй лютай нямозе пачвару-крывасмока. Ставала аднога слова “не” на адказ аб прапісцы і намер забраць заяву з загсу. І Тоня, тая Тоня, якая ўсе мінулыя месяцы была чуйнай гаспадыняй і ласкавай каханкай, стала істэрычнай фурыяй. Алесь маўчаў, не вінаваціў у падмане, не ўпікаў. Ён сціснуў зубы і, нібы заклён, паўтараў сам сабе думку, што неўзабаве кончыцца, пройдзе, мінецца ўсё, а ягонае жыццё зноў стане спакойным і акрэсленым.
Але не дзень і не два, а яшчэ цэлы тыдзень Тоня ўрывалася ў яго жытло, бесцырымонна з’яўлялася на кафедры, тэлефанавала, пагражала, прасіла, кленчыла… Выратаваў загаднік кафедры. Часам становячыся сведкам “спатканняў” Тоні і Алеся на кафедры, ён крывіўся, як ад болю зубоў. Не стрымаўся, выклікаў да сябе маладога супрацоўніка і выправіў яго назаўтра ж у абласны цэнтр, у архіў. Ключы ад кватэры Алесь аддаў сваёй старэйшай сястры, Надзеі. Калі праз тыдзень вярнуўся, кватэра сустрэла яго звыклай цішынёй і сціпласцю маладога кавалера-аспіранта – Надзея ў адзін дзень расшукала аўтамабіль з грузчыкамі і майстра: усе Антанініны рэчы былі акуратна дастаўленыя ў пакойчык у інтэрнаце, адкуль яна прадбачліва не спяшалася высяляцца, а замок у Алесявай кватэры быў заменены.
Яшчэ гады тры пасля такой сваёй першай “жаніцьбы” Алесь Лобач, калі бачыў перад сабой вясёлыя, усмешлівыя, спагадлівыя твары жанчын і дзяўчат, міжволі ўяўляў, як яны, твары, могуць імгненна скінуць з сябе маску дабрыні і ашчэрыцца драпежна і хціва.
Цяпер, праз гады пасля тых падзей, Лобач не хацеў мець справы з маладымі цяжарнымі жанчынамі. Ён мог сустракаць іх вачыма на вуліцах горада, паважліва ставіцца да іх і мець нават лёгкае трапяткое пачуццё гатовасці абараніць і памагчы, адчуваць і эстэтычнае задавальненне ад сузірання жыццясцвярджальнай карціны – але каб не мець ніякіх асабістых дачыненняў.
Пагатоў дачыненняў цяжарнай завочніцы з выкладнікам на экзамене.
Бо завочнікаў Алесь Лобач проста не любіў.
Ён даўно зразумеў, што іх універсітэт стаў своеасаблівай “кузняй кадраў” для выканкамаў рознага роўню, сюды, асабліва на гістарычны факультэт, паступалі тыя, каго на месцах вызначалі як “перспектыўны кадравы рэзерв”, адрывалі ад звыклых спраў і пасылалі вучыцца. Лічылася чамусьці, што для работы ў розных рай і гарвыканкамах прыдаюцца лепей за ўсё пасля завочнага навучання на гістарычным факультэце. І тое было б няблага, ува ўсякім разе не было падстаў успрымаць той факт з вялікай незадаволенасцю, калі б… калі б завочнікі вучыліся.
Будучыя работнікі выканкамаў чамусьці былі перакананыя, што этнаграфія і этналогія ніякага дачынення да іх будучай работы не маюць, і малады выкладнік Алесь Лобач мусіць разумець гэты просты факт. Алесь разумець не хацеў. Калі яго пасля другога года выкладання сталі ўшчуваць на паседжанні кафедры за яго залішнюю, на погляд збоку, патрабавальнасць, ён выбухнуў:
– Няхай яны не ведаюць, у якім стагоддзі яцвягі пайшлі, а дрыгавічы прыйшлі, няхай блытаюць шнуравую кераміку з шаравой маланкай. Але этнаграфія – твая зямля! Твая гісторыя і культура, твой народ, твае продкі! Ты заўтра будзеш кіраваць людзьмі, часткай гэтай краіны. І ты не ведаеш, чым жылі да цябе, чым жывуць сёння людзі, што шануюць, што ўмеюць, што шанавалі і што ўмелі. Ты не хочаш нават ведаць! Дык ты ж найміт! Трэба ненавідзець краіну, каб сядаць у кіраўнічае крэсла і не ведаць яе культуры, гідзіцца ёй, грэбуючы здабыткамі соцень пакаленняў. Я нікому не буду рабіць папушчэнняў. Нікому і ніколі! Пагатоў – завочнікам. Я прабачу нястачу ведаў у этнаграфіі, але не прабачу грэблівасці да іх, стаўлення як да нечага другаснага… А гэта вызначыць проста, як проста і запомніць найэлементарнейшыя праўды. Я не патрабую немажлівага ад завочнікаў…
Лобача выслухалі моўчкі. Але маўчанне было шматаблічным як ніколі: тут былі згода, нязгода, абыякавасць і страх. Так, найзвычайнейшы страх, які не цяжка было згледзець на многіх тварах, які выразна праяўляўся ў кароткіх позірках на дзверы ці ў апушчаных у стол вачох.
Лобач сапраўды нікому не рабіў папушчэнняў. Але цяжарную жанчыну-завочніцу ён ні разу не здолеў адправіць на пераздачу – ён рабіў усё, каб найменей бачыць яе перад сабой, практычна ніколі і не пытаўся па білеце.
Жанчыны-завочніцы хутка заўважылі стаўленне маладога выкладніка Алеся Лобача да цяжарных. І ацанілі, і скарыстоўвалі. Неяк на адным экзамене, калі Алесь, як зазвычай, нават не пытаючы нічога, пацягнуўся, каб паставіць адзнаку маладой чырванатварай цяжарнай жанчыне, тая нязграбна… паправіла свой вялікі жывот, які неяк апынуўся раптам збоку, калі яна прысела перад сталом выкладніка. Чырвоная фарба з твару жанчыны быццам пералілася на Лобачаў твар – той пачырванеў, а жанчына збялела. Алесь тады паставіў адзнаку, адразу ж, не пытаючыся нічога, моўчкі. Але на лекцыі ў другой групе нечакана для ўсіх суха і жорстка папярэдзіў:
– Я мушу сказаць вось што… Маё стаўленне да цяжарных жанчын нехта зразумеў як мажлівасць мяне падманваць. Таму проста папярэджваю: заўважу падман – і ў студэнткі будуць вялікія праблемы са здачай экзаменаў. Я дарую шмат чаго, але не дарую падману. Ніколі.
4
Была пятніца. Надвор’е ўжо колькі дзён было роўным, цёплым – усё абяцала добры ўлоў. Якраз на заўтра і дамовіліся з суседам. Нішто не магло ўжо змяніць Лобачавага настрою ў пятніцу: ні няўцямныя адказы завочнікаў, ні поўная непадрыхтаванасць некага. Ён даўно ставіўся да сваёй працы як да стужкі канвеера: было, ёсць і будзе. Амаль без паўтарэнняў. А вось рыба – гэта было святое, бо кожная ягоная вылазка на прыроду ўваходзіла ў свядомасць пахамі, колерамі, адчуваннямі. Рыбацтва было не проста нейкім адпачынкам, адхланнем, як кажуць, а блізу сакральнай дзеяй, да якой Алесь рыхтаваўся з не менш сур’ёзнай урачыстасцю і нутраным хваляваннем, чым даўнейшыя маладыя крывічы да жаніцьбы Цярэшкі. Так, прынамсі, ён уяўляў для сябе.
Дык і сённяшні экзамен быў для Лобача шараговай падзеяй, якая не павінна была нешта змяніць у заўтрашнім дні.
Апошнім у аўдыторыі застаўся хлопец гадоў дваццаці пяці, з простым сялянскім тварам і такой самай паставай, трохі няўклюдны, баязлівы нават, аднак, у ім адчувалася тое, што завецца цвердалобасцю. “Не ведае нічога”, – канстатаваў для сябе Лобач. Гэтага хлопца ён не заўважыў на зімовай сесіі. Звычайны… І была яшчэ жанчына гадоў трыццаці пяці. Цяжарная. Жывот яе быў проста вялізарны. Калі яна брала білет, пад тонкай тканінай шырокай сукенкі на жываце праступілі нейкія матузкі і складкі. Лобач скрывіўся, як ад кіслага. Той самы выпадак з кабетай, якая пры ім папраўляла свой накладны жывот, стаўся легендай універсітэта, няўжо студэнтка не чула пра яе? Можа, і не чула – першы курс, на зімовай сесіі маглі не расказаць…