Гапееў Валеры - Праклён стр 23.

Шрифт
Фон

І нешта ўваходзіла ў яго, Генадзя – халоднае, разважлівае. Але не страшыла зусім. Яно было сваім, жаданым…

Без усякай гідлівасці Генадзь, ледзь праціскаючы галаву ў вузкую пятлю, адзеў матузок са срэбным кружком на шыю.

4

Адным з улюбёных заняткаў на форуме ў Генадзя было стварэнне тэмаў з назвай: “Душа патрабуе”. Ніколі не забудзе, колькі дадатных эмоцыяў яна яму прынесла, калі запосціў такую першы раз: “Душа патрабуе паклапаціцца пра бліжняга. Ёсць 15 даляраў Веб-Мані, якія аддам таму, хто першы пакіне ў тэме нумар свайго партманета”.

Што пачалося! Адразу спрабавалі адгадаць: у чым тут ашуканства? Ведалі, што засвяціць у “пабліку” свой нумар партманета – стаць мішэнню для спамераў і хакераў. Але ж пасля таго, як атрымаеш грошы, пост можна адрэдагаваць і зацерці нумар. Не, мабыць, мэта нейкая іншая…

Генадзь чытаў пасты, часам кідаў якія рэплікі – і рагатаў амаль уголас. Як жа ўсім карцела вось так, на халяву, атрымаць 15 даляраў. А адначасна – баяліся ўсе. І нават больш чым баяліся: кожны, хто зазіраў у тэму, хацеў бы атрымаць, але каб не прызнавацца! У першыя хвіліны на Генадзя звалілася, можа, з дваццаць лістоў у асабістую скрыню на форуме з нумарамі партманетаў.

“Не, сябры, не! Не шліце нумары партманетаў у прыват – толькі тут, прылюдна пішыце свае партманеты. 15 даляраў – хто напіша першы”.

Адно праз гадзіну нехта напісаў. І тут пачалося: шчаслівага смеляка сталі гнобіць і ўпікаць у сквапнасці. Маўляў, мог бы пачакаць. І пры ўсім патрабавалі праз тыдзень паведаміць, ці не здарыцца якіх непрыемнасцяў.

Праз месяц Генадзь прапанаваў усяго 10 даляраў Веб-Мані. Але гэтым разам так, каб ахвотны атрымаць грошы пакінуў запіс: “Я хачу задарма атрымаць на свой партманет №… 10 даляраў”. Гэта ўскладняла сітуацыю: усе ведалі, што такое прызнанне можна скарыстаць у скарзе ў Арбітраж Веб-Мані: вось, маўляў, займаецца выпрошваннем грошай. Рэакцыя Арбітража была заўсёды аднолькавай на падобныя скаргі: партманет блакаваўся. Месяц-другі ішло разбіранне такіх выпадкаў… Зноў былі нібыта разумныя пасты, у якіх спрабавалі адгадаць тыя прычыны, з якіх Генадзь аддаваў проста так свае грошы першаму сустрэчнаму. Генадзь смяяўся ў адказ: “Людзі, вы мяне не ведаеце? Я сур’ёзны чалавек, от з’явілася ў мяне такое жаданне – даць некаму грошай. Таму і даю”. Пачалі ўпікаць: хочаш аддаць, дык аддай у які фонд, пойдзе дзіцяці на лячэнне. “Чаму вы тут уздумалі, што можаце мне дыктаваць: каму, куды і колькі мне аддаваць грошай?” – адрэагаваў Генадзь, спрэчка разгарэлася з новай сілай. Урэшце з’явіўся нехта малавядомы і запасціў нумар партманета. Генадзь пералічыў грошы, запатрабаваў пацверджання ў тэме і дадаў потым: “Чакайце. Акцыя носіць заўсёдны характар)”. Грошы ў Генадзя былі: бабуля падаравала на дзень народзінаў суму, частку якой Генадзь надумаў выдаткаваць на “асабістыя маленькія капрызы”, як казаў пра свае забавы на форуме.

Генадзя сапраўды ведалі на форуме даўно. Сваё адасобленае жыццё ў універсітэце ён навучыўся кампенсаваць форумным віртуальным жыццём недзе на другім курсе – калі зразумеў, што ягоная будучая прафесія інжынера-тэхнолага не проста не цікавая яму, а глыбока варожая ягонай існасці. Форум з яго віртуальным светам раптам разбурыў грэблю таго жадання да камунікавання, якое, як выявілася, збіралася ўсе гады ў Генадзявай душы і вось – атрымала выйсце. Цудоўнае выйсце! Тут было галоўнае: мажлівасць адказваць не тут і зараз, а праз некалькіх хвілін ці нават гадзін. І за гэты час можна было прыдумаць ці знайсці ў сеціве адказ… Ён знайшоў для сябе арыгінальную тактыку камунікавання на форуме, віртуальны партрэт заўзятара рэсурсу: ён ніколі не бараніў нейкіх ідэй ці думак, не расказваў і не даводзіў. Ён заўжды займаўся адным: разбурэннем, крытыкай, руйнаваннем. Неабмежаваная тэматыка размоў прывяла да таго, што Генадзь патроху стаў разбірацца ў шмат якіх праявах жыцця, самых розных тэмах. Бо без тэарэтычных ведаў нельга было знайсці ў выказваннях праціўніка слабых месцаў, скласці тонкую схему заваблівання суразмоўніка ў загадзя падрыхтаваную пастку, і Генадзь мусіў шмат чытаць, самага рознага кшталту: ад Бібліі да тэорыі касмічных струн, ад апошніх даследаванняў у археалогіі да эксперыментаў з калайдарам.

З’яўленне ў ягонай кватэры Людмілы істотна не паўплывала на яго вечаровыя гадзіны – іншым разам ён заседжваўся да глыбокай ночы: ці то смакуючы, прыціскаў апанента да сцяны сваімі пытаннямі, ці то шукаў у сеціве патрэбную інфармацыю, каб выказацца заўтра, пакінуць у тэме яскравы і выразны пост.

Генадзя і паважалі, і асцерагаліся, хоць, зразумела, знаходзіліся і тыя, хто яго не любіў. Дакладней, той вобраз, які ён стварыў: едкага, бязлітаснага забойцу чужых ідэй і думак, цынічнага разбуральніка. Пакрысе, але няўхільна, яго аўтарытэт разбуральніка рос, і нярэдка, калі які актыўны навік хацеў на форуме эфектна заявіць пра сябе, здзівіць суразмоўцу нечым арыгінальным і цікавым, апошняга папярэджвалі: “Чакай-чакай, зараз прыйдзе Віконт…”.

Віконт – гэта Генадзяў нік. Больш яго ніяк не ведалі.

“Рэч 24 міліметры ў дыяметры, каля 1,6 міліметра таўшчынёй з берага. На адным баку – выпуклая кветка з пяці пялёсткаў. Другі бок чысты. Срэбра. Па-варварску праз верхні пялёстак зроблена дзірачка і прапушчаны ланцужок. Вось малюнак. Хто мне патлумачыць: што гэта?”

Генадзь пачаў тэму, а сам усё шукаў у сеціве хоць нешта падобнае. Зрэшты, нічога дзіўнага не было: пяціпялёсткавая кветка не рэдкасць. Усё як звычайна: талісман.

“Падобна да кветкі канюшыны, пяціпялёсткавай. Трохпялёсткавая – звычайны амулет, які сімвалізуе тройцу. Чатырохпялёсткавы – талісман кахання. Ну, а калі пяць – то дзеля грошай насілі.” “Рэдкі амулет. Арыгіналаў не сустракаў, хоць цікавіўся. Адно бясспрэчна: лік пяць – не тройца Божая”.

“Баіцеся вы пяці, як чорт ладану”.

“Баяцца не трэба, а трэба ведаць: пяціканцовая зорка – сімвал таго, а не гэтага”.

“От зараз паклічам у тэму якога ветэрана, дасць ён за пяціканцовую зорку!” “На пяціканцовую знойдзецца зорка Давіда”. “Дык здолее хто падказаць мне: у якім кірунку шукаць?” – раззлаваўся Генадзь з таго, што ў тэме пачалі флудзіць.

“О, Віконт абураецца. Трымайцеся: колькі сябе памятаю, першы раз у нашага сябра няма адказу на пытанне))” “Калі па справе пісаць, то казаць няма чаго. Хутчэй за ўсё, нейкі асабісты талісман, заказаны адмыслова для сябе. Ну, а кветку там намалявалі, ці яшчэ што – ніякай розніцы. Рэч не ў малюнку, галоўнае, каб ён розніўся, быў арыгінальным”.

“Вось, хоць нешта разумнае, дзякуй”, – адказаў Генадзь.

“А дзе знайшлі такую рэч? Шкада, што няма нідзе аналагаў, можа, яна каштуе нямала… Выкласці на аўкцыёне чорных археолагаў – яны ўмомант цану скажуць”.

“Не прадаю, – катэгарычна адмовіўся Генадзь. – Спадчына ад бабулі”.

Ён і не спадзяваўся знайсці адказу, зрэшты, і не абавязкова яму было ведаць, што за амулет у яго вось цяпер на грудзях, што значыць на ім кветка.

Гэта было неістотным, другасным. Проста ўвесь вечар Генадзь адчуваў невытлумачальнае жаданне падзяліцца з як мага большай колькасцю людзей сваім набыткам. І калі напісаў апошнія словы – пра спадчыну, адчуў палёгку, нібыта завершыў пачатую справу: калі раней заставаліся невялікія сумневы, не сумневы нават, а так, лёгкія аблачынкі сумневаў, дык цяпер, пасля напісання сваіх слоў, як пасля асабістага роспісу на строгім дакуменце, Генадзь канчаткова ўпэўніўся: незразумелы талісман быў пакінуты бабуляй яму і толькі яму. Бо бабуля ведала: ён стане тым чалавекам, які будзе над людзьмі.

Але нічога не здарылася ні на заўтра, ні за два дні, ні за тры. Напружанае чаканне нечага незвычайнага спакваля ўлеглася, Генадзь усё часцей задумляўся над тым, што на ўсё свая пара.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3