– На “Анэнэрбэ” паўплываў фюрэр, а вось на мяне… – Ён вытрымаў шматзначную паўзу. – Уэлс выказаў думку аб мажлівых падарожжах у часе, Эйнштэйн абгрунтаваў змяненне часу тэарэтычна, а мне тое-сёе атрымалася здзейсніць на практыцы. Разумееце?
– Загадкава гучыць.
– Элементарна, Лутцэ. Вы не жадаеце адправіцца гадоў на сорак-пяцьдзясят у мінулае, пабачыць сябе ў дзяцінстве, пазнаёміцца з кайзерам, а мо вам цікава пабываць у эпоху Рымскай імперыі?
– А вы возьмеце ролю экскурсавода і галоўнага механіка машыны часу, – рассмяяўся афіцэр.
– Не жартуйце, – Зільге перастаў корпацца ў рэчах і цвёрда прамовіў: – Бадай, я першы, каму ўдалося зазірнуць за край бездані.
– Віншую, доктар, – Лутцэ паціснуў плячамі. – І якая яна, бездань?
– Палахлівая, – адказаў доктар пасля нядоўгага маўчання і вярнуўся да справы. – Але поўная неверагодных перспектыў. Больш істотных, чым атамныя доследы.
– Дык пры чым тут туман, вы так не адказалі.
– На мяжы сутарэння паралельных прастораў, калі хуткасць часу не кампенсуецца каэфіцыентам надлома ў вымярэннях…
– Можна без фізікі, доктар? – зморшчыўся, нібы ад зубнога болю, Лутцэ.
– Туманы не ёсць туманы. Калі прасцей, гэта святло. Святло іншых вымярэнняў. Іх можна атрымаць у лабараторных умовах з дапамогай неабходнага прыстасавання. Але я заўжды лічыў, што ў прыродзе павінны сустракацца анамальныя зоны, якімі злучаюцца розныя эпохі. Яны выконваюць функцыі дзвярэй у іншыя сусветы, паралельныя прасторы, іншы час. Упэўнены, у гэтых мясцінах з’явілася падобная анамалія, дзверы ў іншы свет. Верыце?
Зільге штосьці знайшоў і ўважліва разглядаў. Усталявалася цішыня. Групенфюрэр доўга пераварваў пачутае.
– Не веру, – нарэшце вымавіў ён.
– А што, па-вашаму, вось гэта? – з гэтымі словамі доктар працягнуў Лутцэ картку.
На ёй рускімі літарамі і лацінкай значылася “Сяржант 1-га аддзялення разведроты Вацлаў Кравец”. І дата выдачы, якую немцы і змаглі прачытаць: “5 студзеня 2015 года”.
– Здаецца, самы час больш істотна паразмаўляць з палонным… гм… партызанам, – сказаў уражана доктар Зільге.
Групенфюрэр заўважыў, як расхваляваўся навуковец.
* * *
Святлану апанавала трывога. Маладая жанчына хадзіла па хаце туды-сюды, спынілася каля расчыненага вакна. Увабрала паветра на ўсе грудзі. Душнай ноччу перакладчыцу не сунімала прадчуванне, што адбылося штосьці няўлоўна трагічнае. Яно яшчэ больш ўзмацняла боль ад сённяшняга спалення вёскі. Яна доўга ўзіралася ў цемру.
Партызаны чамусьці тыдзень не выходзілі на сувязь. Яна падрыхтавала шмат інфармацыі аб планах гітлераўцаў і не магла нікому іх перадаць.
З розуму не выходзіў сённяшні палонны. Напярэдадні кружыў савецкі самалёт-разведчык. Праляцела чутка, быццам бы яго збілі, але цела лётчыка каля абломкаў так і не знайшлі. Мо гэта ён зараз ляжыць у падвале камендатуры?
Святлана адчувала сябе вінаватай перад палонным. Нават сапраўднага імя не выведала, а ён выратаваў сына яе сястры. Вельмі карціла дапагчы рускаму.
У рысах палоннага жыло нешта знаёмае Святлане, не маглі яны сустракацца раней? Быццам бы не.
А яшчэ яна прадчувала, як над галавой сабраліся хмары. Святлана балансавала на вастрыні нажа, над прадоннем. Літаральна з першага дня, калі пачала працаваць перакладчыцай у немцаў, трымала сувязь з партызанамі. Уратавала многіх. Але месяц таму па райцэнтру пракацілася хваля павальных арыштаў. Паліцаі пахапалі сувязных і падпольшчыкаў. Пасля некалькіх дзён жорсткіх допытаў патрыётаў пазабівалі. Заставаўся толькі стары дзед Макар, да якога яна паслала пляменніка ў Трыполле пачуць хоць нейкую вестку ад партызан. Не дачакалася. І старога Макара болей няма. Згарэў разам з іншымі насельнікамі вёскі.
Цудам уцалела жанчына. Ніхто з сяброў не выдаў немцам перакладчыцу. Яна ведала, што да скону застанецца ўдзячнай тым маладым хлопцам і дзяўчатам, што загінулі на вайне.
Для іх вайна скончылася…
Святлана ведала: савецкія войскі не за гарамі, хутка будуць і тут. Яе гульня ў шпіёна з гітлераўцамі не можа цягнуцца бясконца. Яе выкрыццё – пытанне часу.
А тут на тое гора навязлівы штандарэнфюрэр Отта Кройц са сваімі назалеўшымі знакамі ўвагі. Святлана была маладой і прыгожай. Жарсць блакітнавокага бялявага арыйца падбухторвалася з кожнай папойкай, і жанчына разумела – не мінаваць ёй бяды.
Пасля доўгіх напружаных роздумаў Святлана вырашыла – пара ўцякаць. Прама зараз, сённяшняй ноччу, у лес да сваіх.
– Не спіцца? – раўнуў з цемры голас.
Ва ўзніклай постаці жанчына пазнала паліцая.
– Збірайся, – сказаў той. – Немцы клічуць.
* * *
Вацлаў вельмі здзівіўся, калі ўначы яго развязалі і пад канвоем прывялі наверх. На стале ў цэнтры пакоя сяржант убачыў уласную амуніцыю і рэчы. Побач сядзелі двое афіцэраў і перакладчыца Святлана. Яму прапанавалі сесці ў крэсла. Кравец заўважыў, што адзін з афіцэраў быў вельмі расхваляваны, а другі глядзеў з выразнай цікавасцю. Вацлаў прыкінуў адлегласць да вакна, дзвярэй, зброі і да ахоўніка за плячамі. Уцячы будзе складана. Ён адкінуўся на спінку крэсла і спытаў:
– Мірныя перамовы?
Афіцэры пераглянуліся. У руках аднаго была сяржанцкая ксіва.
– Вац-лов Кро-вет-тц. – прачытаў па складах лацінскія літары мужчына ў акулярах.
– Рады пазнаёміцца, мяне завуць доктар Зільге…
Святлана старанна перакладала. Яна адчула палёгку, зразумеўшы, што гітлераўцам проста спатрэбіўся тлумач.
– Спадзяюся, я ведаю, адкуль вы, гер Вацлаў.
– І што?
– Вашыя амуніцыя, зброя… Вельмі цікавыя рэчы. Раскажаце нам? – Зільге павагаўся, потым узяў са стала стандартны радыёперагаворнік і аддаў сяржанту.
– Што гэта такое, напрыклад?
– Асцярожна, доктар, – папярэдзіў Лутцэ. – Раптам вы даеце зброю?
– Не думаю, што гэта штуковіна страляе або ўзрываецца.
Вацлава вельмі здзівіла пытанне эсэсаўца. Тэрарысты, ды не ведаюць стандартны перадатчык, падобны на сотавы тэлефон?
Ён зараз жа спрабаваў выйсці на сувязь. Адказам ізноў была цішыня. Кравец пакруціў непатрэбную рэч у руках і вымавіў:
– Не працуе. – Зільге пахістаў галавой.
– Прызнайцеся, якім шляхам вы трапілі да нас?
– Наземным.
– Зразумела, што не паветраным, хаця колькі дзён таму непадалёку збілі рускі самалёт, і цела пілота засталося нявыяўленым… Ведаеце, гер Вацлаў, вы цікавы для нас аб’ект. Мы не знішчым вас, калі вы згадзіцеся з намі супрацоўнічаць.
– Супрацоўнічаць? – перад Вацлавам замаячыла нітачка да свабоды. – А што мне прапануецца?
– Усё, што пажадаеце.
Кравец не зразумеў.
– Узамен вы едзеце з намі ў Германію, расказваеце пра вашу эпоху. Выкладваеце ўсё, што вам вядома. З майго боку я гарантую вам дастойнае пражыванне, уласны палац, грошы, палітычнае сховішча, урэшце, жанчыны, – усё, што толькі пажадаеце, – хутка казаў Зільге.
Кравец агаломшана слухаў, ён зусім заблытаўся.
– Германія?
– На выбар Аўстрыя, Швейцарыя, любое ціхае месца. Можаце пасяліцца ў замку СС, можаце жыць у Берліне, штодзень сустракацца з фюрэрам. Вы не пашкадуеце, што трапілі ў мінулае. Згаджайцеся, – прапанаваў доктар.
– Сустракацца з фюрэрам?
– Так, – абрадваўся доктар. – Вы абгрунтуеце развіццё Рэйха з пазіцыі вашай эпохі, распавядзеце пра будучую славу Германіі і арыйскай расы, і я гарантую, вы станеце лепшым сябрам Гітлера і Гімлера!
Вацлаў пакратаў далонню галаву, правяраючы, ці не паехаў дах. Ніколі ў жыцці тэрарысты не прад’яўлялі ТАКІХ патрабаванняў заложніку.
– Дазвольце спытаць, – Кравец перавёў дых. – На якім вы свеце?
– А вы? Вы ўсведамляеце, дзе зараз знаходзіцеся?
Вацлаў раззлаваўся. Яго раздражняла, што злодзеі або фанатычныя вар’яты, або прыкідваюцца імі.
– Людскіх патрабаванняў у вас часам не знойдзецца? Там, вызваліць таварышаў з турмы, спыніць забруджванне навакольнага асяроддзя, прадставіць чамадан долараў і самалёт, ці іншае.