Алесь Бычкоўскі
Анамалія
© Бычкоўскі А., 2012
© ПВУП «Галіяфы», 2012
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Анамалія
Два серабрыстыя “Су” ўзарвалі нябесную цішыню і з ровам праплылі на нізкай вышыні, ледзь не ломячы сасновыя макаўкі. Мінуючы маршрутны пункт над сакрэтнай вайсковай часткаю, эскадрылля заклала віраж і знікла гэтак жа хутка, як і з’явілася, толькі згуртовішча варон спалохана сарвалося з дрэваў, пакружыла і праз нейкі час вярнулася ў лес.
Унізе салдаты-тэрміноўшчыкі здавалі фізпадрыхтоўку. Новая партыя маладняка прыехала літаральна днямі, і зараз зусім зялёныя юнакі праходзілі інтэнсіўную “абкатку”. Хтосьці трушком наразаў кругі вакол базы, хтосьці адціскаўся на руках да сёмага поту. А вось радавы Карусь Яблонскі вісеў торбай на перакладзіне, закінуўшы голаў уверх, маліўся пра сябе ўсім вядомым святым і ў думках развітваўся з жыццём.
Побач стаялі хлопцы першага аддзялення разведроты і сяржант Вацлаў Кравец, які на чым свет крыў радавога Яблонскага, а заадно і ўсю яго радню, што выхавала “гультая, абібока, няздольнага ніводнага разу падцягнуцца”. Пачуўшы гудзенне самалётаў, сяржант на імгненне падняў галаву і падумаў: “Штурмавікі разлёталіся штосьці”.
Пазнаёміўшыся з норавам сяржанта, хлопцы панура маўчалі. Разумелі, калі навічок радавы не падцягнецца, быць бядзе – сяржант вымусіць усіх бегаць пяць кіламетраў у процівагазе, на поўнай баявой выкладцы.
Карусь трусіў нагамі і з усяе сіл намагаўся сагнуць рукі ў локцях, каб злавесная перакладзіна хоць на сантыметр наблізілася да падбародка.
– Турнік не вытрымае, – прашаптаў хтосьці з баявых таварышаў.
Небарака радавы баяўся “цёмнай”. Мучыў жах, што калі не адолее перакладзіну, з-за яго аднаго прымусяць усё аддзяленне бегчы крос, пакуль не схаваецца сонца.
Усе гэта разумелі, сціскалі сківіцы, і поспех радавога Яблонскага расцэньваўся перамогай не менш значнай, чым перамога айчыннай зборнай на Алімпійскіх гульнях.
У душы радавога Каруся Яблонскага жыла і заклапочанасць іншага роду. На ранішні сняданак армейская сталоўка частавала варанай фасоллю з мясам. Прынятая на пусты салдацкі страўнік, гэта ежа давала ў наступным неперадавальныя ўражанні, асабліва падчас фізічных практыкаванняў.
Карусь напружваўся мацней і мацней, падцягваючыся на турніку, і вось мацней і мацней вытворныя біяхімічнага працэсу пераварвання фасолі ў страўніку воіна прасіліся вонкі. Карусь не на жарт хваляваўся, што яшчэ крыху намаганняў, і пад ім хлопне ядзерны выбух з паралельнай хімічнай атакай. Але гэтага не ведалі іншыя байцы. Сяржант Вацлаў Кравец нечакана перастаў мацюкацца і выцягнуўся смірна. Наблізіўся старшына роты, мужчына гадоў пад сорак.
– …Праводзім фізпадрыхтоўку, – адрапартаваў Кравец.
– Вольна, – сказаў старшына і прыняўся прыдзірліва разглядаць перакладзіну з мучанікам Яблонскім.
Абліваючыся потам, з астатніх намаганняў, з дапамогай невядомых унутраных рэзерваў, радавы Карусь Яблонскі ўсё ж дабіўся пастаўленай мэты і адолеў перакладзіну, крануўшыся яе падбародкам. Пачуўся ўздых аблягчэння. Хлопцы ўміг павесялелі.
І ў гэты самы момант здарылася непапраўнае. Салдацкія вантробы не вытрымалі напружання, і радавы Карусь Яблонскі, як кажуць у падобных сітуацыях, “садануў быццам з гарматы”.
Ва ўсталяванай цішыні не было чутна нават гудзенне мух.
– Выдатная падрыхтоўка, – з філасофскім выглядам прамовіў старшына і пакрочыў па сваіх справах.
Карусь саскочыў з турніка і вінавата зажмурыў вейкі. Хлопцы баяліся паварушыцца. Твар сяржанта чырванеў ярчэй і ярчэй, наліваўся крывёй. І хутка па ўсёй тэрыторыі часткі было чутна, што думае асабіста Вацлаў Кравец пра навічкоў у войску.
Пакуль раз’юшаны сяржант гучна абураўся, да хлопцаў страявым крокам наблізіўся салдацік вельмі ўжо небаявога целаскладу – нізенькі, вузенькі, у акулярах. На фоне астатніх стараслужачых разведроты, ён выглядаў даволі смешна.
Салдацік наблізіўся да сяржанта і моўчкі спыніўся.
– А гэта што за цуда? – Спытаў Кравец, закончыўшы сола.
– Радавы Андрэй Шмялёў. Адкамандзіраваны ў першае аддзяленне разведроты.
– Кім адкамандзіраваны?
– Таварышам старшыной.
– Так-так… – прамовіў Кравец. – Навічок значыць.
– Толькі з вучэбкі, таварыш сяржант.
– Чаму, радавы Шмялёў, вы адсутнічалі на ранішнім шыхтаванні?
– Выконваў загад генерала Стральцова, – адрапартаваў навічок.
– Загад значыць… – задуменна сказаў Кравец і дапытліва прыняўся разглядваць радавога Шмялёва.
Хлопцы назіралі за размовай і баяліся чхнуць. Штосьці наспявала на хітрай душы іх камандзіра.
– Адкажы мне шчыра, салдат, – украдлівым тонам вымавіў Кравец. – А як у цябе абстаяць справы з фізічнай падрыхтоўкай?
– Не ведаю, таварыш сяржант. Пакуль ніхто не скардзіўся.
– Пад’ём з пераваротам выканаеш?
– Магу.
– Колькі разоў падцягнешся?
– Пятнаццаць.
– Не брэшаш, салдат?
– Дазвольце…
Навічок скочыў на турнік, дзе нядаўна вісеў напаўзмучаны Яблонскі, адным махам выканаў тры пад’ёмы з пераваротам і пасля падцягнуўся чатырнаццаць разоў. Апошні пятнаццаты раз на палову не дацягнуў і скочыў уніз.
З хлопцаў ніхто не паварушыўся. Усе былі ўражаны. Спрыт навічка падзівіў сяржанта.
– Вучыцеся, – павесялеў Кравец. – Вось такімі я вас параблю за месяц службы. Ты чуеш, Яблонскі? Аддзяленне загагытала.
– Адставіць, – раўнуў сяржант і звярнуўся да радавога Шмялёва.
– Падрыхтоўка выдатная. Дзе навучыўся?
– Рэгулярныя заняткі спортам да службы.
– Выдатна… А ці ёсць у цябе, што я павінен ведаць?
– Ёсць, – пасля паўзы насупіўся навічок.
– Крый Божа, энурэз!?
– Баюся цемнаты, таварыш сяржант. Не магу заснуць без святла.
– Не праблема, – з палёгкай выдыхнуў Кравец і абнадзеіў: – Гэта ў нашай роце вылечваецца хутка. Гарантую, што першыя трое сутак ніхто з вас не засне. Не хопіць часу на сон, байцы.
Кравец адышоўся і скамандаваў:
– Аддзяленне! Вакол часткі два круга бягом марш! Хлопцы без прамядленняў кінуліся выконваць загад.
– Радавы Шмялёў! – паклікаў сяржант. – Адкажы, з якім загадам цябе пасылаў генерал Стральцоў?
– Даставіць сакрэтны пакет у суседні авіяполк. Была чутка, хутка сумесныя вучэнні з натаўцамі. Пачуўшы навіну, Вацлаў глыбока задумаўся.
* * *
Наступнай раніцай прыехаў генерал Стральцоў. Ён доўгі час аб нечым размаўляў з камандзірам роты, пасля чаго ў казарму выклікалі сяржанта Краўца. Не чакаючы добрых вестак, Вацлаў завітаў у кабінет, дзе ўжо сабралася некалькі чалавек з камандавання.
Кравец выцягнуўся смірна і прыкідваў у думках, чым выклікаў увагу генерала.
На стале перад камандзірамі ляжала карта, памечаная чырвонымі кружкамі і квадрацікамі.
– Сяржант. У нас разгортваюцца вучэнні, сумесныя з войскамі НАТА. Сэнс вучэнняў – выпрацаваць зладжаныя мерапрыемствы супраць глабальных тэрарыстычных дзеянняў, – пачаў камандзір роты. – Наколькі ведаюць прысутныя, штогод павялічваецца моц азіяцкіх краін, што вельмі недаспадобы амерыканцам. Нахабныя натаўцы імкнуцца ўсюды панатыкаць свае базы, што ў сваю чаргу недаспадобы нам. Быццам бы ў саюзных краінах адсутнічае ўласная моц, якую можна супрацьпаставіць тэрарыстам.
Сцэнарый гульні наступны: аб’яднаная групіроўка тэрарыстаў “Зялёны сцяг” ідзе на захоп Еўропы. Частка іх арміі захапіла Турцыю, частка заняла Венгрыю з Югаславіяй, Чэхіяй і іншымі, частка засела ў Карпатах.
Ёсць звесткі, перададзеныя знешняй разведкай, што тэрарысты плануюць захапіць чацвёрты энергаблок атамнай электрастанцыі ў Чарнобылі і з гэтай нагоды пасылаюць дэсантгрупу з некалькіх танкаў, грузавых аўтамашын і баявых машын пяхоты. Наша задача – выявіць групу і знішчыць паветраным ударам. Падрабязнасці растлумачыць таварыш генерал.