Браво Алена - Рай даўно перанаселены (зборнік) стр 8.

Шрифт
Фон

Аддаць усё, выкласціся дарэшты, каб атрымаць кроплю любові ці, прынамсі, хвіліннае ўвагі, у якой не адмаўляюць і насякомаму, што выпадкова апынулася на нашай скуры. Гэтак яна будзе рабіць заўжды. Але нават тая драбніца, аб якой яна дбае, ёй не дастанецца. Калі Юля, божая кароўка, вясною прыляціць у суд за сваёй узна-гародай, высветліцца, што Сямён Сямёнавіч працуе недзе «ў абласных структурах».

15

Восенню яна паехала з курсам на ўборку бульбы. Яна працуе, як жалезная: цягае цяжкія вёдры, іх вага ў шмат разоў перавышае норму, якую можна паднімаць дзяўчынкам-студэнткам. Раней яна вар’яцела б ад страху за Яго дзіцянё, якое збіралася нарадзіць, – цяпер гэта ўжо не мае значэння. Або вось удача: ідуць дажджы, студэнты кінуты «ратаваць ураджай», бо тыя, каму належыць гэта рабіць, валяюцца ўпокат, п’яныя да чорцікаў, пад навесам бульбасховішча, падобныя ў брудных ватоўках да мяшкоў з буль-бай; мокрых да ніткі, у канцы працоўнага дня дзяўчат заганяюць у грузавік з адкрытым бортам і з ветрыкам вязуць на начлег ў халодную халупу, дзе раней размяшчаўся кароўнік. Палова групы ўжо ляжыць у вясковым лазарэце, траіх адпраўляюць у лякарню з пнеўманіяй – а Юлечцы хоць бы што. Яна спакойна падстаўляе твар ветру: навошта цяпер клапаціцца пра здароўе? Берагчы сябе для Яго больш не патрэбна. А берагчы сябе дзеля сябе яна ўжо дакладна не збіраецца!

Але бульбяной эпапеі выдатніцы падалося мала: глыбіня яе адчаю мела патрэбу ў больш маштабных праявах. На Каляды яна сама сабе адправіла паштоўку, падпісаную «Менада». Паштоўка змяшчала вольную цытату з Марыны Цвятаевай, ахайна выве-дзеную вытанчаным, з бутонападобным «т», почыркам (ад гора ён крыху змяніўся): «Што смяротнае мне цела – не маё, бо не Тваё!» Каб даказаць, што цяпер на цела ёй сапраўды пляваць, яна «кінулася ў вір распусты», выбраўшы для гэтай мэты ўсё той жа інтернацыянальны інтэрнат БДУ, дзе мела шмат знаёмых. У яе грэхападзенні было багата ад літаратуры і нічога ад уласна «граху». Саўдзельнічалі ў ім афганец (без кавычак) з абессмя-ротненым савецкім кінематографам імем Саід і сапраўдны прынц (не абы-хто!) з арабскае краіны, што заўжды хадзіў па інтэрнату з жоўтым папугаем на плячы і ў суправаджэнні маленькага жаўта-тварага слугі, які здаваўся павялічанай копіяй папугая.

Раніцай проста з чужога ложка яна адпраўляецца на заняткі, блазнавата-бессэнсоўна пасміхаючыся сваім адбіткам у сустрэч-ных люстэрках. Яна настолькі мала любіць сябе, што не мае паняцця пра каштоўнасць свайго цела. Яно можа быць як ры-туальным сасудам, так і памыйным вядром. Як высветлілася, яно можа быць і звычайнай умяшчальняй вагітнае маткі. Ёй пашчас-ціла зацяжараць акурат у час зімовай сесіі. Першага студзеня яна, калоцячыся, з прыклеенай да вуснаў усмешкай і накіраваннем ў абартарый трактарнага завода ў кішэні, адправілася патэле-фанаваць туды з аўтамата. Слухаўку доўга не бралі, першы дзень новага 1985-га года спаўзаў, як дрэнна завязаны пасляаперацыйны бінт, агаляючы ёдзісты колер прыцемкаў, снег ляжаў некрануты, як прасціна, падрыхтаваная для Юлі ў абортным аддзяленні. За шклянымі інтэрнацкімі дзвярамі чорнымі мухамі гудзелі, падкідваючы ўверх купленыя ў ГУМе вязаныя шапачкі, кубінцы, у іх было сваё свята – угодкі рэвалюцыі. Слухаўка нарэш-це адазвалася заспаным голасам.

«Добры дзень, скажыце, калі ласка, тут вось на аборт…»

«VIVA FIDEL! VIVA LA PATRIA-А-А!!!»

«… падмыцца, пагаліцца, падкладкі з сабой…»

«УРРРА!! …ТВАЮ МА-АЦЬ!!»

«А калі я перадумаю?»

Але слухаўку павесілі.

Яна не перадумала. Юля (паспяхова здаўшы сесію) трапіла на хірургічны стол да плячыстых і задастых цётак-гінекалагінь, якія толькі і вадзіліся ў той час у айчынных лякарнях ды жаночых кансультацыях. Усім сваім выглядам яны нагадвалі турэмных наглядчыц, што, нібыта цэрберы, стаялі на варце маральнасці, асабліва бязмужніх студэнтак. Цэрберы не ўпусцілі шанцу пра-весці ідэйна-выхаваўчую работу «ў масах» (па ўсёй верагоднасці, яна залічвалася ім разам з санасветплакатамі, здольнымі ўразіць хіба што рэдкаснай пачварнасцю пэцканіны). Зграя баб у белых халатах ператварыла Юлін аборт у прыкладна-паказальнае судзілішча, нешта накшталт камсамольскай сходкі ў прысутнасці напалоханых першакурсніц-медычак (адной з дзяўчат нават зрабілася блага): з садысцкай асалодай выконваючы прадпісаныя пратаколам маніпуляцыі, урачыхі хорам раўлі: «Так табе і трэба! А ці будзеш яшчэ?!» (Будзе, будзе… на гэтым месцы аўтар скрушна хітае галавой). У прапагандыскім шаленстве прадстаўніцы самай гуманнай прафесіі штосьці лішняе пакінулі ў спустошанай матцы, у выніку чаго ўвечары тэмпература ў пацыенткі падскочыла да сарака. Працэдуру ёй рабілі паўторна, у той жа самай лякарні і, магчыма, тыя ж самыя доктаркі. Зразумела, без наркозу: гэта ўваходзіла ў ідэйна-выхаваўчы момант.

Яна ляжыць на ложку ў пакоі Матэматыка, накрытая падранай інтэрнацкай коўдрай, і чытае Дастаеўскага. Яе прыгожыя вочы варварскі спаганены папугайскай расфарбоўкай. Сонечцы так пашанцавала! Так пашанцавала! Паехаць за Ім на катаргу – гэта ж шчасце! Як бы яна хацела быць гэтай прастытуткай Сонечкай… З заклапочаным выглядам у пакой уваходзіць Матэматык, моўч-кі кладзе на коўдру яблык. Яна раздражнёна адмахваецца, зноў абрынаючыся ў кнігу. Яе цікавіць толькі трагічнае каханне Сонечкі да Раскольнікава. Скіраваных на яе з любоўю вачэй яна не заўва-жае. Але на гэты раз ёй проста такі па-дурному шанцуе, і яна выходзіць замуж за свайго першага мужчыну. Выходзіць з поўнай абыякавасцю. Вось калі б ён меў звычку забіваць бабулек – о, тады была б зусім іншая справа!

Частка другая

Фігура, якая адсутнічае

1

Прайшло ўжо два гады пасля інстытута, а Юля мала змянілася. Тыя ж вугальна-чорныя «стрэлкі», наведзеныя з вучнёўскай руплівасцю, ды памада колеру піянерскага гальштука надаюць яе далікатнаму тварыку вульгарны выраз. Валасы яна цяпер не забірае ў вузел, як раней, а распускае па плячах, што робіць яе падобнай да разбэшчанай русалкі. Пасля размеркавання яна вярнулася – хто б мог падумаць! – у родную школу, у тыя ж пыльныя, паедзеныя моллю дэкарацыі. Усё так жа ў сталоўцы па святах ссоўваюць мэблю, і пакой ператвараецца ў актавую залу з безгустоўнымі зоркамі з фольгі, развешанымі па сценах, ды надакучлівымі плакатамі; усё з тым жа навязлівым пафасам дэкламуюцца на сцэне вершы, і ўсё так жа мутна жаўцеюць за-дымленыя заводам-«шэфам» шыбы ў вокнах…

На працы яна ўмудраецца ніводнага разу не выявіць прыха-ванага ў ёй вар’яцтва. Як рыба ў бліскучую луску, яна апранута ў сваё фальшывае бездакорнае «я». Настаўніца англійскай мовы – пасада не вельмі вялікая, але і не малая. Пасада ды прыкід – вось тое галоўнае, што служыць тут для раздзялення свету на сваіх і чужых, чыстых і нячыстых. Яе калегі-кабеты звыкла кучкуюцца адпаведна вартасці апранутага на іх барахла, і яна не выходзіць за рамкі сваёй вартаснай ацэнкі – не самай высокай, але і не самай нізкай. Яна прыйшла і пакіне гэты свет Незнаёмкай, нераспазнанай – гэтая думка напаўняе Юлю горкай весялосцю.

Па звычцы прыроджанай выдатніцы, яна піша дасканалыя пла-ны ўрокаў і ўважліва правярае сшыткі. Але сапраўднае яе жыццё, нікому не вядомае, выяўляецца хіба што ў прасветленай усмешцы на вуснах, калі маладая настаўніца піша на дошцы англійскія дзеясловы або выслухоўвае адказы вучняў. Яе ўсмешка адраса-ваная зусім не дзецям. Раніцай яна па-ранейшаму спяшаецца ў школу па рэдкай гліне Стаханаўскай вуліцы міма драўляных баракаў, міма лужыны, што трывала забяспечвае стабільны статыстычны працэнт у графе «ўтапленне» (мясцовыя алкашы, паўзком вяртаючыся ўначы дахаты, здараецца, развітваюцца тут з жыццём, захлынаючыся гліністай жыжкай). Спяшаецца ў якасці настаўніцы, «англічанкі» – толькі і ўсяго. Рушыць у дурную бясконцасць па зададзенай з дзяцінства сістэме каардынат.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора