Уночы выдатніцу часта будзіць рыпенне маснічын. Чуйны дом напаўняеца ціхім лепятаннем, як квітнеючы майскі сад; нават калі проста павярнуцца ў ложку на другі бок, дзіўныя гукі, уздыхі – усхліпы сыплюцца адусюль, як пялёсткі з неасцярожна закранутай яблыневай галінкі. Зранку гаспадыня кватэры ляжыць на ложку з вільготным рушніком на ілбе. Аднойчы Юля спытала, ці не баліць у яе галава, на што тая жаласна паведаміла, што аднакурснік выдатніцы, які заходзіў напярэдадні, мабыць, падсыпаў на парог загаворанага на смерць могільнікавага пяску.
…Як сястрыца Алёнка над вірам, Юля схіляецца над старым люстэркам, са дна якога адчужана ўсплывае яе юны твар. З тою ж руплівасцю, з якой не так даўно размалёўвала контурную карту Еўропы, яна фарбуе сабе павекі. Мноства кніжных гераінь віруюць над ёю, нахабна выцясняючы з уласнага цела. Прадпрымальныя душы нябожчыкаў ірвуцца пражыць за яе жыццё, якое яна так мала любіць. Прагна шныраць яны над юнымі дзяўчатамі, вышукваючы сярод іх тую, што захварэла на смутак, каб улезці ў яе душу і назаўжды атруціць сваёй тугою ды безнадзейным каханнем, а потым, нацешыўшыся, звесці новаспечаную сястру разам з сабою ў магілу.
Юля між тым малюе сабе новыя вусны – памадай ярка-чырвонага колеру. На пазногцях у яе кроў закатаваных піянераў-герояў – акурат як у дырэктаркі англійскай спецшколы. Паслі-ніўшы чорны аловак, яна старанна падводзіць павекі, мажа лоб і шчокі крэмам тону «загар», хаця на вуліцы зіма – першая яе зіма ўдалечыні ад дома. Сон, які яна бачыла гэтай ноччу, дапамог ёй прыняць рашэнне. Яна забывае пра тое, што, калі спіш у непасрэднай блізкасці да могілак, наўрад ці варта давяраць сваім снам. Сёння пасля лекцый электрычка адвязе яе ў родны горад.
14
Я хачу ўявіць гэтую сцэну ў падрабязнасцях, убачыць даўжэз-ны калідор раённага суда з пафарбаванымі ў казённы шэры колер сценамі, залу для пасяджэнняў. Зрэшты, зала пакуль пустая, а наш герой, па ўсёй верагоднасці, знаходзіцца ў сваім кабінеце, пера-бірае на стале паперы: праз паўгадзіны мусіць пачацца працэс. На днях ён меў недвухсэнсоўную гутарку з сакратаром райкама партыі, чый зяць сёння зойме месца на лаве падсудных. Збіў, ідыёт, на вясковай дарозе паштарку і знік з месца здарэння. Жанчына памёрла, вось што ўскладняе справу. Сказаў бы цесцю ў той жа дзень – гісторыю б замялі. Маўчаў, ёлуп, думаў, ніхто не бачыў. А тут, як на ліха, – двое сведкаў. Што ж, цяпер давядзецца папацець…
Штосьці адцягвае ўвагу маладога, перспектыўнага суддзі ад вывучэння матэрыялаў справы. Ага, так і ёсць: у кабінеце выразна адчуваецца пах урыны. Ну вядома ж, прыбіральшчыца зноў адчы-ніла фортку! Каналізацыя на ніжнім паверсе няспраўная, і ўвесь смурод плыве сюды. Калі сакратар райкама не схлусіў, хутка, вельмі хутка не ля парашы ён будзе сядзець, а зусім на іншых паверхах… Суддзя адкідваецца на спінку крэсла і звыкла кудлаціць валасы на патыліцы, ад чаго яны ўстаюць тырчма. Не, як усё ж такі пашанцавала, што смаркач нічога не сказаў цесцю! І што справа трапіла менавіта да яго. Гэта шанц, які бывае раз у жыцці…
Нехта ледзь чутна шкрабецца ў дзверы. Уваходзіць дзяўчына ў нязграбным ружовым футры – між іншым, без запрашэння.
«На аліменты падаваць, ці што? – раздражнёна думае ён. – Не, занадта маладая…»
Дзявуля адразу ж апускаецца ў крэсла, нібыта зусім знясілілася, камячыць ў далонях рукавіцы. З акна зноў цягне мярзотным пахам, але цяпер, каб закрыць фортку, давялося б праціскацца паміж на-ведвальніцай і прыстаўным сталом. Яму становіцца няёмка перад дамай. Голасам вельмі занятага чалавека ён цікавіцца, якая ў яе да яго справа. Яна ўзнімае на яго вочы колеру няспелага агрэсту, па-вучнёўску абведзеныя чорным алоўкам, і ледзь чутна вымаўляе:
«Я хачу ад вас дзіцёнка».
«Што-о?! – ад здзіўлення ён губляе асадку. – Хіба мы… знаёмыя?»
Гэтак жа ціха яна паведамляе, што ў час школьнай практыкі друкавала на машынцы вынесеныя Ім прысуды. З таго часу яна кахае Яго. Кахае страсна. Назаўжды. Гэтыя словы яна вымаўляе з павялічанай сур’ёзнасцю, утаропіўшыся ў мутнае шкло графіна. Суддзя ўсёй пяцярнёй кудлаціць валасы на патыліцы. Успомніць яе ён не можа, як ні намагаецца. Зрэшты, якая розніца? Ён разглядае яе ўжо з цікавасцю. Трэба ж! Такая маладзенькая, прыгожанькая – і закахалася ў яго! Ён выпроствае плечы, выпінае грудзі. Працэс працягнецца гадзіны тры… сказаць, каб пачакала ў кабінеце? Праў-да, тут смярдзіць мачой. Нічога, пацерпіць.
«Бацюхна! – яго тон становіцца загадкавым. – Скажу шчыра: я вельмі крануты…»
Звоніць тэлефон.
«Я спадзяюся, мы пра ўсё дамовіліся?» – шамаціць голас у слухаўцы.
«Зраблю ўсё магчымае», – бадзёра адказвае ён.
«Магчымае любы дурань зробіць, а ты зрабі немагчымае», – па-хамску вякае слухаўка. Ён хоча з гонарам адказаць штосьці пра закон, які давераны яго сумленню, быццам цнатлівая дзяўчына, але ля вуха ўжо раздаюцца гудкі. Ён глядзіць на наведвальніцу: сядзіць, апусціўшы галаву, і, здаецца, вось-вось зарыдае. Непаўна-летняя і, верагодна, нявінніца… будуць праблемы… Яго парыў імгненна асцюджаецца.
«На жаль, бацюхна, – працягвае ён зусім іншым тонам – дзя-вулю трэба выправадзіць да пачатку працэса, – я звязаны іншай повяззю! – жэстам рымскага патрыцыя ён узнімае правую руку і растапырвае пальцы, дэманструючы заручальны пярсцёнак. Ка-лісьці, у час сваёй працы маладым, перспектыўным адвакатам ён лёгка ўпадаў у патэтычны тон. – Вы яшчэ такая маладая і такая… хм, цнатлівая! Вы яшчэ сустрэнеце сваё вялікае і светлае пачуццё!»
Яна пазірае на яго зацкавана.
«Цнатлівасць – гэта дар, які належыць уручыць адзінаму вы-бранніку!» – завяршае ён павучальна. Апладзіраваць, на жаль, няма каму: дзяўчына, ледзь не змахнуўшы са стала графін, ужо выбегла з кабінета…
Перад тым, як сесці ў апошнюю электрычку на Мінск, яна паспее забегчы дадому, адкрыць скарбонку з выявай Кіева-Пячэрскай Лаўры і вытрэсці адтуль усе свае зберажэнні. Яна купіць на гэтыя грошы віна і адправіцца ў інтэрнат Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, да сваіх новых знаёмых. Пасля застолля яна, размазваючы па шчоках слёзы, будзе паліць у ліфтавым пакоі, пакутуючы ад непапраўнасці памылкі. Як жа яна забылася! Незнаёмка, прапаноўваючы сваё цела белетрысту Р., ні слоўца не сказала пра каханне! Наадварот – схавалася пад маскай распус-ніцы. Д’ябальская цнатлівасць! Вось што перашкодзіла ёй сёння, думае выдатніца, узгадваючы сказаную Ім фразу. Інакш Ён не прагнаў бы яе… Яна ўлічыць гэта, і ў наступны раз прыйдзе да Яго вопытнай.
Адзін з хлопцаў, таксама на добрым падпітку, выйдзе папаліць – матэматык ці фізік, ёй усё роўна. Яна скажа: «Пойдзем?» І яны адправяцца да яго. Сусед хлопца, студэнт з Афрыкі, які прыме яе за маладзенькую саўковую прастытутку (ёй усё ж удалося ўпісацца ў сюжэт!), саступіць парачцы сваю канапу, засланую раскошным пакрывалам, і з падбадзёрваючым рогатам сыдзе «пагуляць», не забыўшы шапнуць Юлі на вуха, што яна да яго таксама «welcome». Матэматыка чакае шок: сустрэць у гэтай напаўп’янай дзеўцы з размазанай слязьмі касметыкай цнатлівіцу ён, вядома ж, не чакаў. Яна стаічна выцерпіць балючую працэдуру, якая нагадае ёй наведванне стаматолага, не больш. Ніколі яна не раскажа ні-кому падрабязнасці гэтага афрыканскага ахвярапрынашэння: як бегала ў ванны пакой замываць заплямленае крывёю пакрывала з негрыцянскае канапы, як перапалоханы Матэматык ёй дапа-магаў – пакрывала аказалася нейкім рытуальным і дасталося афрыканцу ад продкаў. І напэўна нікому не раскажа яна пра тое, што праз тыдзень зноў наведала Матэматыка: каб ужо надзейна, з гарантыяй. Бо яна была прыроджаная выдатніца і заўжды выконвала праверачную работу!