Браво Алена - Рай даўно перанаселены (зборнік) стр 12.

Шрифт
Фон

Мне лёгка ўявіць, як сырым сакавіцкім вечарам яна апранае паношанае ружовае футра, у кішэні якога зліплася ў камяк салодкая арахісавая крыха. Вось яна стаіць пад вокнамі Быка, як калісьці стаяла пад вокнамі суддзі. Падыдзем бліжэй. Зараз яна заклапочана тым, што ўзводзіць унутры сябе музей (лямпы ў строгіх аблямоўках, ахоўнікі з рацыямі, служачая ў форме, шыльдачкі з надпісам «Рукамі не кранаць!» – усё як належыць), дзе ад гэтага часу будзе выстаўлены найкаштоўнейшы мастацкі твор – Ён. Адзіная наведвальніца будзе любавацца мужчынам здалёк, як цудоўным палатном, яна абавязкова гэтаму навучыцца. Ці ведаеш, родны, шэпча яна, звяртаючыся да акон (малюнак на зашморгнутых фіранках уяўляецца ёй свяшчэннымі таямнічымі пісьмёнамі чужога жыцця), мне досыць толькі майго кахання, кахаеш ты ці не – не мае значэння. Ад таго, што я – закаханая, свет напаўняецца вялікім сэнсам! І ні за якія даброты я не аддам гэтае шчасце: ведаць, што ты ёсць, ты дыхаеш, ходзіш, размаў-ляеш (чэша галаву, пазяхае, пераключае тэлеканал – гэтым ён якраз заняты) не ў іншым Сусвеце. Галоўнае – я цябе сустрэла! І няхай ты па волі лёсу дзесьці цяпер знаходзішся (у кухні, адчыняе лядоўню – шукае, што б з’есці), гэта неістотна. Цуд у тым, што мы адначасова ўвасобіліся на гэтай планеце! Ты для мяне – нябесная музыка сфер («музыка сфер» назірае за работай самагоннага апарата, які ў якасці пасага перавезла ў яго апартаменты буфетчыца: усё ідзе як след, варыва шматабяцальна бурболіць). Маё каханне зрабіла мяне царыцай! Яна стаіць у старэнькім штучным футры, якому няма зносу, а навокал шуміць чалавечы лес, ганарліва прагульваюцца пад руку парачкі. Жанчыны з драпежнымі ўсмешкамі апрануты, акрамя даўгіх норкавых футраў, у мужчынскія пажадныя позіркі. У школе тыя лэдзі наўрад ці плакалі над класічнымі навеламі, ва ўсялякім выпадку, не падобна на тое, каб чытанне нанесла істотны ўрон іх прыроджанай сцярвознасці, якая так высока цэніцца мужчынамі. Але што Юлечцы да іх! Паўсядзённасць – не яе доля. Чорны хлеб звычайшчыны. Народжаны лятаць не можа поўзаць. Зверху льецца ненатуральнае святло, нібыта ў кардонных нябёсах якраз над яе вязаным капялюшыкам прарэзана дзірка, куды гераіня, па задумцы рэжысёра, у фінале ўзнясецца жыўцом пры дапамозе прыхаванага пад’ёмнага механізма. Тым часам хтосьці наверсе, над сцэнай, уключае халодны душ. Ледзь не зачапіўшы Юлечку крылом, над ёю праносіцца нейкая птушка, відавочна, прыняўшы дрыжачую постаць, якая цярпліва стаіць пад дажджом, за абляцелае маленькае дрэўца. Жыві, маё каханне, вольна ды шчасліва, тваю хваробу яшчэ не позна залячыць ін’екцыямі абавязку, таблеткамі забыцця (штосьці заклініла ў гэтай д’ябальскай штуковіне, і ён апёк правую руку; брыдкасловячы, падстаўляе далонь пад струмень халоднай вады – напэўна будуць пухіры, і як цяпер вітацца з начальствам?), у мяне ж нож расстання назаўжды застанецца пад лапаткай. Жанчына з нажом пад лапаткай выцірае слёзы шчасця зацыраванай рукавіцай. Няшчасныя стварэнні навокал весела шчабечуць. Ёй іх шкада. Няхай яе сэрца цяпер баліць – гэта самае сапраўднае сведчанне таго, што яно жывое! А ў некаторых сэрца мёртвае ад нараджэння, і яны нават пра тое не здагадваюцца. Яна і зараз стала б пылам пад Яго нагой, гноем, які спатрэбіўся б Яму для дачнага гародчыка, чарвяком, калі б Яму закарцела адправіцца на рыбалку. Аддаўшы Яму нешта бескарыснае ды нікчэмнае – сваё жыццё – яна б ведала, што лепшага прымянення яму няма. Яна ахвяравала б свае вочы, калі б ён раптам аслеп. Яна з радасцю загінула б дзеля Яго. Адзінае, на што яна не здольная, – гэта жыць з Ім. Што ж, няхай памятае пра яе, але трымаецца на адлегласці. Яго голаса па тэлефоне досыць, каб яна разыграла задуманы ёю сцэнар, атрымала кволы праменьчык кахання – яна не патрабуе, як тыя хцівыя жанчыны, усё Сонца цалкам. Дык няхай жа Ён будзе на вышыні і дасць ёй раскошную магчымасць пакутаваць, інакш ёй давядзецца выправіцца на пошукі новага кáта.

7

Так здараецца ў свеце, што пасля моцнай пагулянкі прыходзіць цяжкае пахмелле, а пасля Вялікага Кахання надыходзіць Вялікі Смутак. Дый не можа быць інакш, раз ужо яна пашыла, набіла шэрай гаспадарчай ватай і груба размалявала ляльку з ануч, пасадзіла тую ў чырвоны кут і цяпер старанна заплюшчвае вочы на тое, што ў дэфектыўнага анёла з распоратага шва тырчыць іржавы прут адзіноты.

…Але ўсё ж такі – чаму менавіта вясной? Не, яна яшчэ можа зразумець, калі спадарыня Дэпрэсія прыходзіць восенню, танчыць на апалай лістоце свой бясконцы танец-кружэнне і ўступае ў валоданне яе душой, як лістапад – яе родным горадам. Але – вясной? Ці ведае афіцэр дзяжурнай часці, абыякава рэгіструючы чарговы суіцыд, якая спакуса накласці на сябе рукі менавіта вясной, калі ўсё навокал ап’янёнае святам савакуплення, а нахабныя пупышкі ўзбуджана ды бессаромна лезуць вонкі, і кожная падобна да той вар’яцкай пупышкі, што жыве сваім асаблівым жыццём у яе целе? Унутраны Д’ябал казыча свае сцёгны кончыкам хваста, і яна бачыць яго вышчараны ў мярзотнай усмешцы рот. Папярэдне накінуўшы на ляльку свайго Вялікага Кахання покрыва, каб вочы самаробнага анёла не бачылі тое, што зараз адбудзецца, яна запальвае свечку, устаўленую ў рыльца пустой бутэлькі з-пад віна, і кладзецца ў ложак. Нават дакранацца да сябе не трэба: усё робіць за яе паслужлівае, натрэніраванае, нібыта сабака інваліда, уяўленне. Яму дастаткова крыкнуць «фас!», і яно прынясе ёй у зубах яе ўбогую ўцеху. З жывым мужчынам яна ніводнага разу не паспытала аргазму, затое з яго фантомам…

Зрэшты, сарамлівая, як бы за спінай у самой сабе, уступка целу не мае адносін да яе Вялікага Кахання. Паміж каханнем і сексу-альнасцю існуе бездань, цераз якую немагчыма перакінуць мост. Да каханага Юлечку цягне не жарсць, а нейкі экзістэнцыяльны голад. Пустата ў ёй, якая ўладарна патрабуе свайго запаўнення (і якую толькі Ён можа запоўніць), зусім не тоесная пустой трубе похвы. Гэта падрыхтаванасць пустэльніка, які імкнецца адчуць у сабе Госпада. Полавыя адносіны з богам неабходныя, бо ён па непаразуменні аддае перавагу менавіта такому віду ахвярапрынашэння. Юля хацела б аддаць мужчыне жыццё, але яму досыць яе геніталій.

З часам яна навучылася прыстасоўвацца да надзіва адноль-кавых патрэбаў сваіх паганскіх бажкоў, нават праштудзіравала брашурку «Як найлепш задаволіць мужчыну», якую адкапала на латку ў вулічнага гандляра якраз паміж інструкцыяй па ўрынатэрапіі і парадамі ад аблысення. Яе ж задавальненне палягала найперш у адпаведнасці сюжэту: яна так і засталася для іх Незнаёмкай – бо хуткая злучка на інтэрнацкім ложку, няхай нават і са старанным, на пяць з плюсам, ужываннем тэхнікі «матыля» і «шаўковага кружэння» (выдатніца старанна завучвае рэцэпты народнай камасутры на памяць, як калісьці – вершы савецкіх класікаў), не магла замяніць пераспелых пладоў яе Вялікага Кахання, да якіх мужчыны цікавасці чамусьці не выяўлялі. Яны рабілі сваю простую справу, глядзелі на гадзіннік і збягалі прэч, а яна заставалася з пакутніцкім тамленнем ва ўлонні, якому давала рады, выклікаючы ў думках яшчэ цёплы прывід таго, за кім, больш ці менш задаволеным, толькі што зачыніліся дзверы. Калі ён быў у ложку, побач з ёю, ёй і ў галаву не прыходзіла атрымаць якую-кольвек уцеху для сябе: падобнае было гэтак жа немагчыма, як адшчыкнуць кавалак паднесенага ідалу ахвярнага ягняці. У яе быў іншы клопат: як мага больш тэхнічна задаволіць яго. Яе ўласная сексуальнасць запазнялася: нібыта скрыпка пачынала гучаць толькі пасля таго, як музыкант апусціць смычок, раскланяецца публіцы і пакіне сцэну.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора