Алена Брава
Рай даўно перенаселены
© Брава А., 2012
© ПВУП “Галіяфы”, 2012
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Менада і яе сатыры
Частка першая
Выдатніца
1
У школе яе дакаралі за почырк: занадта вытанчаны, з бутонападобным «т» замест трохногага зэдліка, які належала выводзіць у сшытку, – яе «т», што тая гатовая выбухнуць пупышка, абяцала шалёнае несанкцыянаванае цвіценне, у той час як на школьнай клумбе кветкам прадпісвалася расці не вышэй за сярэд-нюю лінію. Зрэшты, ва ўсім астатнім настаўнікі былі ёю цалкам задаволеныя, чаго нельга сказаць пра аднакласнікаў з дзявятага «Б»: менавіта ў гэты «дружны калектыў» яна, нідзе і ні ў чым не растваральны асадак восьмага «В» (выпускнога класа, які імгненна растаў, нібы цукар, у масе гарадскіх СПТВ), прыйшла са сваім пух-лым дэрмацінавым партфелем першага верасня другога года ад пачатку васьмідзясятых. Хлопцы, зазірнуўшы на перапынку ў яе дзённік, загорнуты ў ахайную вокладку (ні кляксы, ні задумлівага малюнка на палях, падумаць толькі!), высветлілі, што адзнака «добра» з’яўляецца тут рэдкім госцем, а «дрэнна» і ўвогуле не начавала, пасля чаго адразу страцілі да яе ўсякую цікавасць. Дзяўчаты ўважліва агледзелі яе купленую навыраст форменную сукенку з латамі на локцях, пухнатыя каштанавыя валасы, якія яна чамусьці закручвала ў старэчую фігулю на макаўцы (альбо заплятала ў касіцы з белымі бантамі), баваўняныя, з «Дзіцячага свету», калготкі, што збіраліся ў складкі на каленках, як іх ні падцягвай, і з пагардаю адвярнуліся.
Але што там – калготкі! Горш за ўсё быў выраз вачэй новенькай: нейкага натхнёнага суму і самаадданай гатоўнасці выкласціся дарэшты. Вочы, між іншым, былі колеру няспелага агрэсту, з густымі веямі і ружаватымі павекамі, заўжды прыпухлымі, нібыта пасля слёз, а скрозь скуру прасвечвалі блакітныя жылкі, што тая рачная сетка на новенькай контурнай карце па геаграфіі. Але ніхто не спяшаўся скіраваць свае ветразі да гэтага пятнаццацігадовага мацерыка, яшчэ не адкрытага і не нанесенага на карту. Юля – так звалі гаротнічку – з усяе моцы намагалася заслужыць адабрэнне класа: уцерлася ў світу прыгажуні Зоі Мардасавай, не-пераўзыдзенай спецыялісткі ў галіне апранах імпартных дзеў, на перапынках бегала ў шклозаводскую кулінарыю па пірожныя для Зоі ды цыгарэты для Сашы Сомава па мянушцы «Сэм», які, дарэчы, склаў пра бягунню вершык:
Наша Юля лепш за ўсіх скакала,А ёй паставілі два балы!Што і казаць, выкладвалася яна занадта.
Некаторыя ўжо чулі, што ў дванаццаць год выдатніца, не ўмеючы плаваць, скочыла з вышкі ў басейн, адкуль яе вылавіў багром настаўнік фізкультуры, – гэты «подзвіг» яна здзейсніла з-за любові да «англічанкі», усім вядомай зануды, якую празвалі Афеліяй за бясконцыя цытаты з Шэкспіра ды газавыя шалікі, што змяіліся за ёю па школьных калідорах разам са шлейфам мятнага лекавага паху.
Падумаць толькі – з-за любові!
2
Сумная (альбо вясёлая – як паглядзець) гэтая love-story адбылася ў правінцыйным горадзе, дзе кожны дзень і нават год настолькі падобныя адзін да аднаго, што ў абарыгенаў міжволі ўзнікае адчуванне вязкага сну, выкараскацца з якога можна толькі пераскочыўшы ў іншы сон, – пры дапамозе алкаголю, тэлебачан-ня альбо рамантычнага кахання, каму што больш даспадобы. З дзяўчынкай – прататыпам галоўнай гераіні – я ўпершыню сустрэ-лася на гарадской алімпіядзе па роднай мове, дзе мы прадстаўля-лі кожная сваю школу. У канцы «мерапрыемства» быў канцэрт, на якім чыталіся вершы: у асноўным дэкламавалі савецкіх тагачасных класікаў. Юля (магчыма, у яе было іншае імя) адзіная з усіх высту-пала з вершам уласнага сачынення. У памяць запалі радкі:
Каб выжыў дзень, забіваюць зоркі.Не забівай мяне абязбольваннем!І яшчэ:
Жыццё і Смерць маюць адзін і той жа твар.Штодня яго бачу перад сабою…Нешта там было пра востры срэбны дрот, нацягнуты над безданню, па якім яна ідзе да каханага, зрэзаўшы ў кроў босыя ступні. Верш называўся «Шчасце». Акрамя зместу, мяне ўразіў голас дэкламатаркі: звонкі, як бразготка, ненатуральна ўзбуджаны, ён мог бы належаць адной з тых жанчын на старажытна-грэцкай кераміцы, што танчаць з паглыбленымі ў сябе тварамі, апавітымі плюшчом тырсамі ў руках і змеямі на таліях.
Героі ды гераіні антычных міфаў з’яўляліся на свет самым мудрагелістым чынам: са сцягна ці галавы бацькі-грамавержца, з кропель крыві кастрыраванага бога, а то дык і наогул – ад дотыку німфы да кветкі. Чаму ж галоўнай гераіні майго рамана не нарадзіцца з верша пра каханне, прадэкламаванага са сцэны дзяўчом-падлеткам?
Школа, у якой вучылася Юля, знаходзілася побач з маёй. Я часта потым бачыла гэтую дзяўчынку. Прыгадваю, як яна самотна стаіць, відавочна ўражаная апошняю, ужо нетутэйшаю прыгажосцю, не, хутчэй, голым сэнсам, які нясе ў сабе восеньская, пастрыжаная ў манашкі алея: золата пад нагамі, чарноцце ўзнятых дагары галін. Неяк я сустрэла яе ў краме разам з маці – атлусцелай, з грубымі рысамі твару, падталым ля каранёў валос фальшыва-бландзіністым сумётам прычоскі ды скрыўленымі злосцю вуснамі, яна лаяла Юлю за штосьці так гучна, што ўсе навокал азіраліся, а дачка моўчкі глядзела ў падлогу і ўцягвала галаву ў плечы. Было відаць, што для яе тая сітуацыя цалкам звыклая. Часам яна гуляла па шклозаводскім парку, прыціснуўшы да грудзей кнігу, выбіраючы самыя цяністыя куткі.
Відавочна, сяброў у яе не было.
3
Што ж, чытач, сёння я не пацешу цябе сентыментальным распо-ведам. Я бачу маю гераіню застылым камарыкам у беспаветранай прасторы бурштынавай брошкі, станчэлым да павуціністага шкілеціка, абароненым адно празрыстаю, мядова-цягучаю абалонкаю вымыслу, якая з цягам часу робіцца зацвярдзелай, што той цэмент. Яна спачывае ў абдымках прыгожага сну, вырабленага Марфеем, пэўна, на заказ, бо калектыўны сон, які глядзяць з ранку да вечара жыхары гарадка па ўказцы ўвішных марфеяў мясцовага разліву, значна больш грубейшы за яе вытанчанае забыццё. У такім выпадку, па закону люстэркаў, ператвораная мною ў літаратурны персанаж, яна, мажліва, нарэшце набудзе рэальнасць – глебу пад нагамі, якой ёй так не хапала? Там, у сваім жыцці, пабудаваным ёю па законах літаратуры, яна раптам знерухомее і назаўжды застанецца з узнятай над парогам нагой – спынены кадр, бачны яскрава, як за імгненне да выбуху. А ў сюжэце, які зараз будзе разгортвацца на паперы (дакладней – на экране майго ноўтбука «Siemens Nixdorf»), Юлечка возьме ды і ачуецца ад ружова-ледзянцовага сну, выпрастае камарыныя крыльцы і кудысьці там узнясецца…
Не, не выпрастае, не ўзнясецца. І не толькі таму, што промні яе і майго зроку, скіраваныя ў наша агульнае юнацтва скрозь лінзу мінулай эпохі, праламляюцца пад дужа рознымі вугламі, забяспечваючы зусім не аднолькавыя варыянты дыфракцыі (такія вось атрымліваюцца «пошукі страчанага часу»). Галоўнае ж паля-гае ў тым, што Юля сачыняла сваё жыццё, як раман, паклаўшы перад вачыма творы класікаў, што тая краўчыха-самавучка – чужыя лякалы, і пры гэтым мала дбала пра дэкарацыі сцэны, дзе мае адбыцца дзея, а правальную гульню іншых персанажаў і ўвогуле ў разлік ніколі не прымала, з незвычайнай лёгкасцю надзяляючы іх патрэбнымі ёй якасцямі. Яна так і не здолела ўцяміць, што жыццё аплецена сеткай паўсядзёншчыны і, як рака-віна глеем, пакрыта павуцінай звычайнага – тым, што не ўвайшло б у канчатковы тэкст ніводнага рамана. Рамантычны герой ачыш-чаны ад выпадковага і змешчаны ў штучнае асяроддзе, дзе час непраўдападобна ўшчыльнены; быццам праспіртаваны экспанат, ён можа заставацца ў пакоі альбо перамяшчацца ў абмежаванай прасторы, выконваючы зададзеныя аўтарам хімерычныя дзеянні. З жывым чалавекам такога не зробіш; ён заўжды будзе вытыр-кацца з-за межавых рыс фантома і крочыць сваім уласным шляхам, мімаходзь упэўнена трушчачы крохкія, як яечная шкарлупіна, замкі-збудаванні, у якіх вы былі намыліліся пражыць з ім усё жыццё і памерці ў адзін дзень.