– Ліняць трэба адсюль, – казаў Андрэй. – Вось скончу магістратуру, пагляджу, мабыць, з’еду ў Нямеччыну…
– Ненавіджу немцаў! – выпаліў я. – Усіх бы пастраляў.
– …Мне толькі маці шкада, – працягваў Андрэй. – Мабыць, з-за яе і трымаюся яшчэ гэтай краіны…
– …«И никому не дочь, и никому не жена»… – зацягнуў я. Андрэй мне крыху дапамог дацягнуць песню, а пасля мы дапілі тое, што засталося.
На свежым паветры закурылі. Андрэй зірнуў на гадзіннік і пачаў развітвацца. Яму трэба было паспець на электрычку, бо жыў ён у Койданава. Мы паціснулі на адвітанне рукі, і ён паспяшаўся да метро.
Я крыху пастаяў, дакурыў. Андрэй курыў «Бонд», але ніколі не частаваў мяне цывільнымі цыгарэтамі, бо я іх сам не ўспрымаў, аддаючы перавагу гродзенскаму тытуню, які, калі шчыра, нічым не патыхаў. Трава – трава і ёсць, пацяруха нейкая, але чамусьці падабалася.
У мяне заплюшчылася адно вока. Але не па маёй віне. Міма прайшлі дзве дзяўчыны, яны і выклікалі на маім твары такі манеўр. Я паспрабаваў было прычапіцца да іх, але куды там… Пакуль я рабіў адзін крок, яны паспявалі прайсці дзесяць. Увогуле, мае ногі былі нібы драўляныя, да таго ж ішоў я не ў той бок. Мабыць, ногі гэта адчувалі, таму і ўпарціліся. Я павярнуўся на 180 градусаў. Гэта мне каштавала хвіліны жыцця. Вецер так закруціў, што я адчуў сябе юлой, а калі ён суняўся, пада мной усё калывалася, нібыта я плыў на плыце. Я баяўся і адзін крок зрабіць, бо хто ведае, што мяне чакае па-за плытом, а раптам там твань якая-небудзь… Лепш я пачакаю, пакуль плыт сам мяне даставіць, галоўнае, правільна кіраваць.
На гарызонце паказаўся слуп. Ён усё набліжаўся і набліжаўся, маючы нейкую дзіўную афарбоўку: увесь у шэра-сініх плямах ды яшчэ з рупарам, а мо ліхтаром? Толькі пасля я дапёр, што слуп на самай справе не быў ніякім слупом, а мянтом, які схапіў мяне за рукаў і хацеў завесці ў апорку. Яна знаходзілася непадалёк, насупраць сквера Грыцаўца. Аднак я заўпарціўся.
– Я – беларускі пісьменнік! – выгукнуў.
– Ды хоць рускі, – адказаў мент.
– Я – беларускі, – працягваў я, – у тым-та ўся і справа…
– Геній недарэзаны… – вылаяўся мент, але мяне адпусціў. Відаць, паважаў беларускіх пісьменнікаў. А мне трэба было трапіць на Свярдлова, гэта побач з вакзалам, каб сесці на пяты тралейбус ці на дваццаты, без розніцы. Дарогу да вакзала я памятаў, пагэтаму пайшоў прама, нікуды не збочваючы. У тралейбусе я, праўда, спатыкнуўся, калі ўздымаўся па прыступках. Слізкія, халера! Нават сеў, што дзіўна, побач з прыгожай дзяўчынай, падобнай на Жану д’Арк у выкананні Чурыкавай. Чамусьці мяне адразу кінула ў сон, а галава беспамылкова схілілася на плячо дзяўчыны. Яна дрыганула ім так, што ў мяне ледзь зубы не павыляталі. Я няўцямна пазіраў на яе, а яна прамовіла, што я п’яны і каб паводзіў сябе прыстойна. Я згодна хітнуў галавой, якая зноў, нібы магнэзам яе цягнула, шмякнулася на плячо дзяўчыны.
– Мужчына, вы – п’яны! – закрычала яна.
Нейкая істэрычка. Не расплавіцца ж тваё плячо ад пяці хвілінаў не такога ўжо і цяжару, да таго ж мая галава – не серная кіслата і не шчолач.
– Мужчына, вы – п’яны! – трэці раз выгукнула дзяўчына, крыху не аглушыўшы мяне, ажно спаць расхацелася, ды й мой прыпынак набліжаўся.
Я падняўся з сядзення, учапіўся за поручань.
– Зараз я выходжу, – прамовіў, – я тут жыву. – Вырашыў удакладніць – А ў цябе ногі крывыя, Зоя Касмадзям’янская…
– Што?
Цяпер яна лыпала і без таго лупатымі вачыма, а я спакойна выйшаў з тралейбуса і забыўся на яе.
– Пара-пара-парадаваемся на сваім вяку… – зароў я на ўвесь голас. Мне хацелася спяваць і граць на гармоніку, ды вось гармоніка не было і граць я на ім не ўмеў.
– Чаго крычыш, морда п’яная!? – З нейкага акна на першым паверсе пяціпавярховіка вызірнула раззлаваная мадонна. – Дзяцей мне пабудзіш, сволач!
Во народ, і песні праспяваць не дадуць. Эх, душа баліць, а сэрца плача. Я не стаў перабрэхвацца з мадоннай, няхай «радаваецца», што настрою сварыцца ў мяне няма. А вось у замочную адтуліну ў дзвярах уласнай кватэры я не мог трапіць ключом. Ды калі б і трапіў, усё адно не адчыніў бы, бо дзверы былі замкнутыя з таго боку, і з таго боку тырчэў другі ключ. Я зусім забыўся пра Насцю, таму вельмі здзівіўся, убачыўшы яе на парозе, босую, у адным перахопленым пасам халаціку.
– Ты? – выдыхнуў.
Яна нічога не адказала і нават не ўсміхнулася. Проста адышлася, прапускаючы мяне ў прыхожую. Гэта раззлавала. Значыць, Мінічу можна ўсміхацца і радаваць яго сваёй усмешкай; ён ажно блішчэў, бы ў блястках, ад шчасця, калі яна яму ўсміхалася, а я дык пралятаю?! Ну, пачакай!
Я моўчкі разуўся, скінуў плашч на падлогу, не падымаючы яго, прайшоў у залу. Насця павесіла плашч на вешалку, прайшла следам за мной.
– Што здарылася? – спытала яна.
– А што магло здарыцца? – пытаннем на пытанне адказаў я, зірнуўшы на Насцю з-пад ілба, палохаючы яе гэтым.
– Не ведаю, – паціснула яна плячыма.
– Чаго тады пытаешся?
– Таму, што ты п’яны.
– Я піў і піць буду! – бразнуў я кулаком па стале, на якім стаяў камп’ютар і попельніца. Попельніца падскочыла і загрукацела, дзейнічаючы мне на нервы. На нервы мне дзейнічала і Насця. Я ніяк не мог пазбавіцца ейнага смеху, што гучаў у маіх вушах, і прывіду Мініча, які зларадна ўсміхаўся ў свае шляхецкія вусікі. Калі б я не быў п’яны, магчыма, Насця б мяне ніколькі не раздражняла, але я выпіў, і мой позірк прыдзірліва чапляўся да кожнай складкі і зморшчынкі на халаціку, што трымаўся на Насціных плечуках, як на вешалцы, магчыма, з-за таго, што дзяўчына стаяла спінай да сцяны, трымаючы за спінай рукі. Яе пастава падалася мне выклікаючай, кідкай і пагардлівай, а мной яшчэ ніхто не пагарджаў. Я наводмаш ударыў Насцю па твары. Яна ўпала, як падкошаная, на падлогу, ледзь не пабіўшы галаву, але мне было ўсё роўна. Напалоханыя яе вочы глядзелі на мяне з немым дакорам і чаканнем тлумачэння майго ўчынку, а з ніжняй губкі зацурчэла кроў, якая здалася мне ўсяго толькі чырвонай фарбай. Я быў упэўнены, што Насця прытвараецца і здзекуецца з мяне. Упэўненасці надаваў смех, Насцін смех, што несупынна гучаў у маіх вушах, з кожнай хвілінай узмацняючы ноты. Мне здавалася, што Насця смяецца з мяне і зараз, а ёй падбрэхвае Мініч. Яго крумкачыная фізіяномія прыляпілася да майго позірка, як маска. Паўсюль я бачыў яе, а разам з ёю – вясёлую Насцю. Від крыві, хутчэй, чырвонай фарбы, намаляванай наўмысна, каб я падабрэў, таму што ў сапраўднасць крыві я не верыў, дзейнічала на мяне як на быка ў карыдзе. Нібы нейкі паморак сышоў. Хацелася біць, душыць, крамсаць Насціна цела, якое, як і кроў, здавалася мне несапраўдным. Сапраўдным я лічыў толькі здзеклівы смех, а смяяцца з мяне я нікому не дазволю. Я быў дзікуном, дагістарычным чалавекам. Усе заганы, сабраныя маімі продкамі за дзве тысячы гадоў, вылупіліся, быццам наноў нарадзіліся, і палопаліся, як пухіры на маім целе, разносячы па кватэры смурод вякоў. А смех мяне падштурхоўваў, фізіяномія Мініча выклікала на рашучыя дзеянні.
– Смяешся?! – шыпеў я, падступаючы да Насці. – Смейся, смейся! Паглядзім, як ты будзеш зараз рагатаць…
Яна адсоўвалася, адпаўзала на каленях падалей ад мяне, а ў вачах ейных я бачыў страх, і мне падабалася гэта. Мяне трэба баяцца. Трэба!
– Мікола! – шаптала Насця. – Мікола, апамятайся! Што ты робіш?..
Я ўхапіў яе за валасы і наматаў іх на кулак. У апошні момант халат паляцеў, як воблака, у невядомую далячынь. Голае цела дзяўчыны зусім адурманіла мой мозг. Але Насця супраціўлялася. Неаднаразова яе пальцы з доўгімі пазногцямі праходзіліся па маім твары, як цягнік па рэйках, пакідаючы крывавыя пісягі. Я звязаў ёй рукі за спінай і шпурнуў на ложак. Схапіўшы падушку, паволі апускаў яе на твар дзяўчыны, вочы якой адлюстроўвалі ўжо не страх, а жудасць.
Падушка апусцілася на Насцін твар, як бетонная пліта на Партоса. Дзяўчына звівалася, як змяя, а я ўсё мацней і мацней прыціскаў падушку. Нешта перашкодзіла мне зрабіць непапраўнае. «Я буду жыць доўга-доўга…» – нібы з таго свету дайшоў да мяне Насцін голас, калі яна разглядала лінію жыцця на сваёй далоні. Зірнуўшы на маю, дзяўчына самотна акінула мяне сваім позіркам і сказала, што маё жыццё будзе кароткім… Секунднага адпачынку Насці хапіла, каб скінуць мяне з ложка, адпіхнуўшы нагамі. Я паляцеў уніз галавой і раззлаваўся не на жарт. Не, душыць я яе не стаў. Я перакуліў Насцю на жывот і завязаў рот, каб не крычала і не кусалася. Я паўтарыў подзвіг героя «Кнігі Мануэля» Картасара, і пасля таго мяне ахапіла поўная апатыя. Я нават развязаў Насцю, якая цяжка аддыхвалася, затым падціснула пад сябе ногі і заскуліла, як шчаня. Мне было ўсё роўна. Я не зварухнуўся, калі Насця саскочыла з ложка, калі апраналася, не заўважыў, калі пайшла. Толькі адчуў праз некаторы час, што Насці побач няма і што я яе вельмі моцна пакрыўдзіў, але нешта рабіць не збіраўся, каб яе вярнуць. Нягледзячы на тое, што паморак праходзіў, я ўсё яшчэ адчуваў сябе пячорным чалавекам, які раздзірае сырое мяса здаровымі белымі зубамі, з якіх капае сліна. Нейкім шостым пачуццём падумаў, што тым самым мясам магла б стаць Насця. Але не стала. Значыць, нешта чалавечае ўва мне яшчэ засталося.