Адам Мікола М. - Шоўк (зборнік) стр 7.

Шрифт
Фон

На метро мы хутка даехалі да «Кастрычніцкай». Не люблю метро. За тое, што дыхаць няма чым. Такое адчуванне, што жывым замураваны пад зямлёй, дый таўкатня гэтая… штурханіна… На злом галавы людзі пруцца ў вагоны, не даючы іншым выйсці, а пасля сварацца. Дарэчы, у такой цясноце вельмі зручна забіць чалавека пры дапамозе ўкола. Ніхто не заўважыць, а мёртвы чалавек яшчэ будзе стаяць. Ён грукнецца пазней, як манекен, і па ім пройдзе натоўп і нават не абернецца, каб паглядзець, на што наступіў. Падумаеш, адзін чалавек «капыты адкінуў». Адным меней, адным болей… Нехта спажыве больш паветра заміж яго…

А ў бары было душна. Што ў метро, што ў бары – усё адно. Да таго ж, і месцаў, як заўсёды, вольных не назіралася. Хаця не, Андрэй заўважыў, як з вуглавога століка ля самай сценкі прабіраліся да выхаду дзве парачкі, і ён ламануўся, пакуль не занялі, да аслабоненага месца, кінуў на крэсла сумку, куртку павесіў на спінку. Я не стаў распранацца, хоць было душна. Мяне калаціла, як у ліхаманцы, а перад вачыма стаяла Насця з запракінутай назад галавой і залівіста смяялася з мяне, трымаючы пад руку Мініча, які таксама пасміхаўся. Я моцна бразнуў кулаком па століку. Цудам не разбіліся пустыя пляшкі з-пад піва, пакінутыя нашымі папярэднікамі. Яны падскочылі, як салдаты на плацу, і скаціліся, пхаючы адна адну, нібы наперагонкі, баючыся некуды спазніцца, на падлогу, пад ногі мне гранатамі. Пластыкавыя сподкі са скамечанымі трохвугольнікамі сурвэтак не зварухнуліся з месца, нібы былі прылепленыя, а шклянку з нявыкарыстанымі сурвэткамі я паспеў утрымаць і паставіў на месца.

Шуму я нарабіў.

Абслугоўваючы персанал прыгразіў выклікаць ахову. Андрэй супакоіў усіх сваім языком, аб нечым «грузячы», а пасля пытаючы, ці ёсць халодная гарэлка? У рэшце рэшт, якая розніца, халодная яна ці цёплая, усё адно – гадасць, якую чамусьці з задавальненнем п’юць. Не ведаю, як Андрэю, а мне без розніцы…

– Ты чаго буяніш? – паставіў Андрэй дзве шклянкі па сто грамаў гарэлкі на стол.

– Прабач, я не хацеў, – выціснуў з сябе.

– Ты не ў мяне прабачэння прасі, а ў тэхнічак, што тут прыбіраюць.

Андрэй зноў адышоў. Відаць, за рэштай. Я падняў пляшкі і аддаў іх прыбіральшчыцы, якая нават стол выцерла вільготнай анучкай, хоць ён і быў чысты. Яна не крычала і не сварылася на мяне. У ейным позірку я заўважыў толькі спагаду і разуменне, маўляў, з кім не бывае.

Андрэй вярнуўся з двума пластыкавымі стаканчыкамі, у якіх была празрыстая вадкасць з бурбалкамі.

– Гэта што, мінералка? – спытаўся я.

– Джын-тонік, – адгукнуўся Андрэй. – Ты б хаця дапамог мне ці што, – прамовіў пасля. Я падняўся, каб дапамагчы, але ён пасадзіў мяне назад: – Сядзі ўжо, гора!..

Андрэй яшчэ прынёс два гарачыя бутэрброды з каўбасой на пластыкавым сподку, тады ўжо сеў.

– За што п’ем? – падняў я шклянку, разглядаючы праз яе адным вокам свой палец, які набыў нечуваныя памеры і нагадваў удава. Калі я перастаў разглядваць яго праз шклянку, ён быў ужо звычайным пальцам, тым, якім паказваюць «фак», а затым за гэты паказ атрымоўваюць у лыч, праўда, вельмі рэдка, гледзячы на каго нарвешся…

– За што, за што? – перадражніў Андрэй. – Крыўдзіш ты мяне. За нас, за каго яшчэ?

Выпілі з тым разлікам, што налітыя сто грам расцягваем на тры заходы, запілі джын-тонікам, які меў пах лесу, дакладней, елкі, паадкусвалі бутэрброды. Я ледзь не ўзвыў ад нечаканага болю. Бутэрброды былі гарачыя, і я апёк свежую рану на губе.

– Асцярожней трэба быць, – адзначыў Андрэй, тады спытаў: – Чаго такі змрочны?

– Ды нічога, – адмахнуўся я. – Так, жыццё заела.

– Праблема з кніжкай?

– Ды не. Выйдзе кніжка месяцы праз тры-чатыры. Справа не ў ёй.

– А ў чым?

– Ува мне, калі хочаш.

– І што за справа такая?

– Закахаўся я.

Андрэй моцна з задавальненнем рассмяяўся.

– Што я такога смешнага сказаў? – незалюбіў я.

– Здагадайся сам, – смяяўся Андрэй. – За апошнія два месяцы ты мне казаў аб гэтым разоў дзевяць, гэта як мінімум, Казанова хрэнаў!

– Цяпер зусім іншае…

– Так-так-так-так, ты мне гэта будзеш казаць, сур’ёзны мужчына, разумееш…

– Я як ніколі сур’ёзны.

– Давай і вып’ем за гэта. Выпілі.

Ды я не мог расказаць яму пра Насцю. Раней расказваў усё. Мы разам смяяліся з маіх аповедаў, як з анекдотаў, але не ў гэты раз. І, хоць мы сябравалі з Андрэем даўно, лічы, з першага курса філфака, які я кінуў на трэцім, каб добраахвотна пайсці ў войска, а Андрэй паступіў у магістратуру, нават яму, па крайняй меры зараз, я не мог нічога расказаць пра Насцю. Не той выпадак. Ды ці й, папраўдзе, кахаў я яе? Я не ведаў. Толькі мне было непрыемна бачыць яе поруч з Мінічам. Між намі прабегла чорная кошка на глебе густаў і літаратуры. А раней кляліся ў вечнай дружбе. З жудасцю я зразумеў, што ў мяне няма таго адзінага сябра, якому льга было б у нечым самым патаемным і глыбока асабістым прызнацца, даверыцца і быць упэўненым, што гэта не разляціцца па бяздротавым тэлефоне па ўсіх знаёмых… Андрэй? Ён лічыць мяне адным з лепшых сяброў, не аднойчы казаў пра гэта, прызнаючы ў дадатак мой талент і шкадуючы, што ў нашай краіне няма магчымасці на сваім таленце зарабляць. Але я не мог разбіць нябачны паміж намі турнікет некаторага непаразумення. Андрэй вельмі лёгка адносіўся да маіх заляцанняў і чарговых раманаў. Ён не верыў, што ў мяне магчыма калі-небудзь нешта сур’ёзнае. Не той я чалавек, па яго меркаванні.

– За сяброў!

Мы зноў выпілі. Дарэшты. Андрэю здалося, што мала. Мне таксама, але працягваць п’янку ў гэтым душным бары мне не хацелася, хоць ён быў даволі ўтульным. Мне не падабалася ў ім. Па-першае, я хацеў курыць, а гэта забаранялася, па-другое, закусь – занадта кусачая. Куды лепш было б узяць пляшку і накіравацца да закусачнай, яна ж пад бокам, насупраць ГУМа, варта толькі дарогу перайсці. Да таго ж, там танныя чабурэкі і салата, а яшчэ мая добрая знаёмая Галіна Аляксандраўна – загадчыца закусачнай. Яна яшчэ была не старой кабетай з прыемнымі рысамі твару, трошкі таўставатая, але толькі трошкі. Я з ёю пазнаёміўся, калі мы неяк пілі там. Я сказаў, што крыху пішу і падпісаў нумар часопіса, у якім была толькі што надрукавана мая паэма. З таго часу ўвесь персанал вітаўся са мной, як з жаданым госцем. На самай справе, чаму б нам не перабазіравацца да Галіны Аляксандраўны? Танней абыдзецца. Чым пераплачваць за гарэлку, беручы яе на разліў, лепш не выпендрывацца, а ўзяць пляшку і, як сур’ёзным мужчынам, распіць. Андрэю не падабалася толькі тое, што ў закусачнай не было як сесці і сталы драўляныя хісталіся, як караблі на моры. Аднак жа і мы ўжо не роўна хадзілі. То аднаго зачэпіш, пакуль выйдзеш з ГУМа, то другога, то трэцяга… У рэшце рэшт, Андрэй згадзіўся на маю прапанову і на першым паверсе ўзяў бутэльку «Настойкі партызанскай», іншага нічога не было, але і настойка – рэч добрая. Пакурыўшы ў пераходзе пад музыку валацужных музыкаў, у якіх адсутнічаў не толькі голас, але і слых, мы падаліся да закусачнай. Як я і казаў Андрэю, нам былі рады і пагрэлі самыя тоўстыя і вялікія чабурэкі.

Заняўшы столік, хутчэй, лодку, адрозненне складалася толькі ў тым, што на гэтай лодцы сядзелі не мы, а нашыя локці, мы выпілі яшчэ, і яшчэ, і яшчэ… не зважаючы на час і наведвальнікаў. Андрэй пачаў скардзіцца на асабістае жыццё, на недахоп грошай і кахання… Я крыва ўсміхнуўся. Яшчэ б… у скуранцы за сотку баксаў можна і пажаліцца. А наконт кахання… Калі б Андрэй не быў такім дурнем… дзевак – бяры, не хачу. Дык не хоча! Навошта тады жаліцца? Таму што я сябар? Але я магу такую тыраду выдаць наконт свайго матэрыяльнага і духоўнага становішча, што ніякі Жырыноўскі, будзь ён побач, не затыкнуў бы мне рот.

– Веру, веру, – асадзіў назад Андрэй, – я і без таго ведаю тваё становішча, – дадаў ён.

Стаяць ужо было цяжкавата, а стол усё некуды ад’язджаў ці адплываў, ці гэта мне толькі здавалася? Ужо насупроць стаяў не адзін Андрэй Шакель, а цэлыя тры, і ўтрох нешта даказвалі пра Югаславію. Не, Мілошавіч не дачакаецца, каб я добраахвотна рушыў яму на дапамогу, нават у якасці журналіста. Мне хапіла два гады таму Таджыкістана, дзе прастрэлілі нагу і праламілі чэрап. Дасюль свячуся дзіркай, уяўляючы добрую мішэнь…

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора