Адам Мікола М. - Шоўк (зборнік) стр 6.

Шрифт
Фон

– Ты доўга яшчэ? – нецярпліва вымавіла Насця. Яна ўжо ляжала пад коўдрай, чакаючы, пакуль я распрануся. Я, між тым, быў зацікаўлены падборам кніг на паліцах. Седзячы на ложку, аслабаніўшы адну нагу з джынсаў, я спытаўся, адкуль у яе Барроўз, таму што імя апошняга з шэрагам паэтычных імён ніяк не стасавалася. Іх немагчыма было параўнаць…

– Гэта Варанкоў даў пачытаць, – сказала Насця. – Барроўз – яго любімы пісьменнік.

– І як ён табе? – вызваліў я другую нагу.

– Я ўжо другі месяц чытаю, – адказала Насця. – Мне нават у рукі кнігу браць агідна.

– Ясна. Далей можаш не распавядаць.

– А ты чытаў?

– Чытаў.

– І…

– Што і?

– Твае ўражанні?

Я крыху падумаў і сказаў:

– Вярні кнігу Варанкову і болей не чытай яе. Насця адвярнулася да сценкі.

Я павесіў джынсы на крэсла.

– Выключы святло, – прамовіла Насця ў сценку. Гук атрымаўся, нібы з трубы. – Але спачатку ўключы магнітафон.

– Якую касету? – падышоў я да падаконня, на якім пузаціўся прайгравальнік.

– Там ужо ўсё пастаўлена, – нервова прамовіла Насця. – Націсні «плэй» і выключы святло.

Я націснуў на «плэй», апарат запрацаваў, але дынамікі маўчалі. Разгублены, я павярнуўся да Насці. Яна перавярнулася на жывот, падтрымліваючы галаву рукамі, локці танулі ў вораху шоўка, нібы ў зыбучых пясках.

– Усё нармальна, – усміхнулася яна, аблізнуўшы вусны язычком, нібы ласка. – Хадзі да мяне… Выключы святло… Я хачу сказаць, што даўно не дзяўчынка…

– Можаш не тлумачыць, я даўно гэта зразумеў.

Нечакана мяне аглушыла вельмі моцная і цяжкая музыка, я ажно падскочыў. Гэта быў Курт Кабэйн.

– Ты ведаеш, як гэта робіцца? – намагаючыся перакрычаць музыку, пракрычала мне ў вуха Насця.

– Здагадваюся, у кіно бачыў…– прашаптаў я сам сабе.

…У тую ноч Насця спярша, нібы настаўніца, праверыла на што здатны я, пасля вучыла мяне ўсяму таму, што ведала і ўмела сама. Толькі пад раніцу мы заснулі. Прачнуўся я тады, калі сонца ўдарыла па вачах, нібы пугай. Насці побач не было. Відаць, яна ўжо прымала душ. Мне да млосці захацелася курыць. Я ўціснуўся ў джынсы і зайшоў на кухню. Адкрыў фортку і запаліў «прыміну».

З клазета пачуўся характэрны гук зліўнога бачка, дзверы адчыніліся. Падцягваючы спартыўнае сіняе трыко з белымі лампасамі, на мяне глядзеў вусаты, што Сталін, дзядзька з голым торсам і татуіроўкай на плячы ў выглядзе змяі і кароны.

– Курыць у хаце нават я не дазваляю сабе, – прамовіў дзядзька. – На лесвічнай пляцоўцы – калі ласка.

Гэта быў Насцін бацька, не іначай. Яна гаварыла, што ён у камандзіроўцы, і я, як той дурань, спытаўся:

– Вы толькі што вярнуліся?

– Адкуль? – не зразумеў Насцін бацька.

– З камандзіроўкі…

– Я толькі што вярнуўся з прыбіральні, а гэта не адно і тое ж, – сказаў Насцін бацька і рэзка змяніў тэму. Ён паведаміў, што Насця пакінула мне цыдулку і дадаў ад сябе, што я доўга сплю. На маё пытанне, дзе сама Насця, яе бацька рассмяяўся мне ў твар і адказаў, што я, калі яшчэ буду так доўга спаць, прасплю ўсё на свеце.

5

– Я буду жыць доўга-доўга! Бачыш, якая ў мяне лінія жыцця на далоні? Пад дзевяноста, калі не болей. Прыгожай бабулькай, у коле шматлікіх унукаў і праўнукаў, я буду сядзець у крэсле і вязаць ім швэдары, шалікі і рукавічкі. Ану пакажы сваю далонь!.. Ведаеш, тваё жыццё кароткае будзе…

– Як перадсмяротны хрып?

– Не, як песня цыгарэты.

6

Насця вучылася на трэцім курсе ва ўніверсітэце замежных моў на італьянскім аддзяленні. З цыдулкі, пакінутай ёю, я даведаўся, што пасля заняткаў яна, бліжэй да вечара, адразу прыедзе да мяне. Гэта радавала, але і засмучала адначасова, бо паміж днём і вечарам я не ведаў, куды сябе падзець. Ды нядоўга думаючы, рушыў на Захарава, па дарозе мяркуючы завітаць да выдатнага празаіка Андрэя Федарэнкі, які працаваў у часопісе «Полымя». На жаль, паразмаўляць з ім не ўдалося, бо, як мне паведамілі, Андрэй узяў адпачынак і з’ехаў разам з жонкай на Гомельшчыну. Нічога іншага не заставалася, як ісці ва ўніверсітэт замежных моў, які насупраць рэдакцыі, не таму, што ён быў побач, а таму, што захацелася есці, а, як вядома, любая навучальная ўстанова мела свой буфет.

Я ўзяў кавы і нейкія незразумелыя булачкі чырвонага колеру. У прынцыпе, кава таксама не была кавай, але гэта ўжо дэталі. І я піў каву, не адчуваючы ні смаку, ні задавальнення, нібы жуйку жаваў, з якой даўно ўцёк сок. Я ні аб чым не думаў, але не заўважыў, як да мяне падсеў Андрэй Шакель – мой даўні сябра, ён працаваў тут. Андрэй паклаў свой берэт на столік, расшпіліў скуранку і пазіраў на мяне глыбока пасаджанымі блакітнымі вачыма з-пад навесу броваў.

– Ты што, муху праглынуў? – спытаў ён толькі таму, што не любіў маўчаць. Увогуле, Андрэй называў сябе «артыстам гутарковага жанру» і падпрацоўваў ды-джэем на «Радыё-стыль».

– Што? – нібы з таго свету, незразумела зірнуў я на яго.

– Па-першае, спачатку павітацца трэба, – упікнуў Андрэй, – а пасля ўсё астатняе…

– У цябе ёсць нейкія прапановы? – абыякава спытаў я, таму што ўсе прапановы Шакеля я ведаў, як свае пяць пальцаў. Зараз ён пакліча мяне ў бар, што на другім паверсе ГУМа, за мой кошт. Я не памыліўся і адразу папярэдзіў, што грошай у мяне няма.

– Я частую, – ляпнуў ён мяне па плячах.

– Ты разбагацеў? – не паверыў я.

– Амаль. Дзядзька даслаў з Тамбова грошы. Зразумела! Калі дзядзька насамрэч даслаў грошы, значыць, Шакель і сапраўды багаты. Пытанне, наколькі?..

– Ідзеш? – зірнуў ён скоса на мяне.

– А куды я падзенуся?..

Не паспеў я вылезці з-за століка, як позірк зачапіўся за мае ж джынсы, апранутыя на Насці, што стаяла метрах у дзесяці ад нас і міла размаўляла з яшчэ адным маім сябрам, які праз некаторы час ахрысціць мяне «сябрам у двукоссі», – Сержам Мінічам. У адрозненне ад Шакеля, які літаратурай не займаўся ніколі, толькі чытаў, Серж спрабаваў сябе і ў паэзіі, і ў драматургіі, зараз паспяхова аб’язджаў прозу малой формы. Маючы несумненны талент літаратара, Мініч усё адно пісаў дрэнна. Ён не разумеў, ці не хацеў разумець, што піша дрэнна, і працягваў у тым жа духу. Можа, ён і добра пісаў, я не ведаю, толькі мой пункт погляду на яго творчасць быў адмоўны. Колькі я не раіў яму паболей чытаць, ён ніколі не слухаў і казаў, што я ад зайздрасці так кажу. Добра, хай пацешыцца, можа, я і сапраўды зайздрошчу яму?..

Усміхаючыся ў свае кашачыя вусы, паядаючы Насцю крумкачынымі вачыма, Серж перамінаўся з адной крывой нагі на другую, слухаў, відаць, з вялікім задавальненнем Насцін голас. Менавіта голас, а не тое, што тым самым голасам прамаўляла дзяўчына. Я ведаю, што Насцю немагчыма зразумець, затое голас ейны так заварожвае і замаражвае, што адмарозіць здатны толькі ейны ж смех, вельмі падобны на д’ябальскі.

– Ты чаго застыў? – спытаўся ў мяне Шакель.

– Ды так… – махнуў я рукой. – Пачапалі.

Я яшчэ паспеў угледзець, як Серж пацалаваў Насцю. Дзякуй богу, я яшчэ быў не п’яны, іначай наламаў бы дроў. Я проста прайшоў міма, прыкусіўшы губу. Яна мяне не заўважыла, таму што пасля пацалунку я пачуў той самы незабыўны ейны смех. Ёй было весела з Мінічам? А яму… часу не хапае на занятках гутарыць са студэнткамі, знаёмячы іх з гісторыяй айчыннай літаратуры, што ён клеіцца да іх у вольны час?.. Я не раўнівы, але да такой ступені захацелася напіцца, каб пасля даць волю рукам, каб крышыць і ламаць усё на сваім шляху.

Кропелька крыві скочыла, нібы ваверчаня, на падлогу, затым – другая, трэцяя… Я быў падобны на вампіра з пакусанай губой, з якой цякла кроў.

– Мікола, ты б гэта… – павярнуўся Андрэй да мяне, – памыў бы як-небудзь свой фэйс, а то ўвесь народ напалохаеш.

– Сумняюся, – злосна сплюнуў я кроў на падлогу, – наш народ ужо нічога не баіцца.

– Ну, усё адно непрыгожа ў такім выглядзе з’яўляцца ў грамадскім месцы…

– А хто сказаў, што я менавіта ў такім выглядзе з’яўлюся ў тваім паршывым, непрытульным бары, дзе нават курыць нельга!..

Я не ведаў, што са мной адбывалася. Дакладней, я разумеў, што злую і злосць утаймоўваю на ні ў чым не вінаватым Андрэі, ды нічога не мог з сабою зрабіць… Кроў я не змыў. Размазаў рукою па твары, як індзеец, затым абсліненымі пальцамі абціраў. Андрэй толькі паціснуў плячыма. Гэта самае меншае, што ён мог зрабіць, і бяскрыўднае, таму што яму хапіла розуму і пакруціць пальцам ля скроні, прынамсі, маёй.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора