– Не магу. Арганізм патрабуе, не чуеш?
Быццам у доказ, у страўніку пачуўся паланэз Агінскага, прычым Насця пагадзілася, што гэта быў менавіта паланэз і менавіта Агінскага.
– У мяне дома ёсць макароны, – прамовіла яна. – Калі хочаш, можам паехаць.
– А бацькі? – спытаў я. Зрэшты, бацькі мяне не хвалявалі, я проста так спытаў, дзеля прыліку, таму што згадзіўся ехаць з першых яе слоў. Ды Насця запэўніла мяне, што бацькі ў камандзіроўцы і прыедуць толькі ў нядзелю, а Торы – у Варанкова, да таго ж у іх хутка вяселле.
Апранаючыся, я зноў спытаў Насцю пра тое, што мяне турбавала, у прыватнасці, ці ёсць у яе сала?
– Знойдзем, – запэўніла яна.
Апрануўшыся, абуўшыся, я здзіўлена пазіраў на Насцю, якая сядзела на ложку, хутаючыся ў халацік, і ціха смяялася.
– Што такое? – не зразумеў я.
– Ты падумаў, на чым мы паедзем? Я не надта блізка жыву, каб датопаць на сваіх дзвюх, – прамовіла Насця.
– На тралейбусе, вядома. – Я зусім забыўся, што зараз ноч і нёс нейкую бязглуздзіцу, а Насця не пераставала смяяцца. Мяне, як мне здавалася, ейны беспрычынны смех раздражняў.
– Чаго ты смяешся? – пытаўся я. – Давай разам пасмяемся…
– Тралейбус ажно да пад’езда падкоціць, містар Адам? – працягваючы смяяцца, сказала дзяўчына.
Тады я дапяў прычыну ейнага смеху і ўсміхнуўся сам.
– Трэба выклікаць таксоўку, – прамовіў я. – Толькі грошай у мяне няма.
– Твае праблемы, – усё яшчэ смяялася Насця. – Ды я жартую, – прамовіла пасля, – выклікай.
Насця зноў апранула маю кашулю і мае джынсы, таму што ў ласінах, у якіх прыехала да мяне, па такім надвор’і можна памарозіць усё, што заўгодна. І заміж ейнай куртачкі я даў ёй сваю скуранку, сам апрануў плашч. Насця яшчэ начапіла маю бейсболку і шакіравала сваім выглядам таксіста, але варта ёй было толькі ўсміхнуцца, як таксіст – сталых гадоў сіваваты мужчына з жывоцікам ад ужывання піва – таксама расплыўся ва ўсмешцы, паказаўшы свае рэдкія жоўтыя пракураныя зубы.
Мы забраліся на задняе сядзенне, а таксіст наўмысна для нас уключыў радыё, па якім якраз спявала Анжаліка Варум. Насця пачала падпяваць спявачцы ў прыпеве. Таксіст прыглядаўся да Насці і прыслухоўваўся, пасля абярнуўся да нас, тым самым ледзь не перакуліўшы машыну ў кювет, таму што прызнаў у Насці вядомую спявачку.
– Вы – гэта… вы? – здзіўлена спытаў таксіст, пераводзячы позірк і тоўсты ўказальны палец з абгрызеным пазногцем з Насці на прыёмнік. Насця толькі згодна хістала галавой.
– А як жа Лёнік? – зноў запытаў ён, утаропіўшыся ў мяне. – Хаця… маўчу-маўчу. Справа маладая…
Усю далейшую дарогу ён не закрываў рота і ўсё паўтараў, што заўтра раскажа таварышам, як вёз вядомую зорку расейскай эстрады, і ніводзін не паверыць. Каб паверылі, Насця з задавальненнем дала яму аўтограф і нават напісала колькі слоў у ягоным нататніку, калі мы прыехалі.
– Эх, Лёнік, Лёнік… – чулі мы, падыходзячы ўжо да дзвярэй пад’езда Насцінага дома. – Лёс у нас такі…
Апошнія словы заглушыў заведзены матор машыны. Мы, апынуўшыся за дзвярыма пад’езда ля выкліканага ліфта, далі волю смеху, які разбіраў нас яшчэ ў машыне. Насця хапалася за жывот і, сагнуўшыся, хадзіла туды-сюды каля ліфта, я, прыхіліўшыся да сценкі, аб’ехаў па ёй уніз, на кукішкі, і закашляўся ад смеху.
Смех смехам, але я хацеў есці. Мы не вінаватыя, што таксіст палічыў Насцю за Анжаліку Варум, а мяне – за шчаслівага суперніка Агуціна. Насця не вінаватая ў тым, што падобна на спявачку, я не вінаваты ў тым, што не падобны на Агуціна. Ва ўсім вінаваты мой страўнік, які зараз выконваў мелодыю песні «Февраль», якую спяваюць Агуцін з Варум, і ліфт, які, як высветлілася, не працаваў, і нам давялося пешшу ўзыходзіць на пяты паверх.
Як толькі мы зайшлі ў кватэру, Насця запіхнула мяне, як кнігу ў шафу, на кухню, забараніўшы пад страхам смерці выходзіць, асабліва заходзіць у ейны пакой. Праўда, я нікуды і не збіраўся выходзіць з кухні. Знайшоў невялікую каструльку, наліў у яе вады з-пад крана і паставіў на газ; сеў на зэдлік каля акна, крыху адсунуўшы стол, каб пралезлі ногі, і стаў чакаць, пакуль вада закіпіць і Насцю з макаронамі.
Нібы красуня з галівудскага блакбастара, у адной белай камбінацыі, што аблеплівала цела, быццам гумай, Насця з’явілася ў калідоры, які вёў як на кухню, так і ва ўсе пакоі (іх было тры). Камбінацыя ледзьве закрывала клубы і давала магчымасць насалодзіцца выглядам пругкіх апельсінавых грудак.
Насця села насупраць, паклала локці на стол, паглядзела на мяне, потым дастала з палічкі нада мной нейкі нумар «Плэйбоя», разгарнула на патрэбнай старонцы і падсунула бліжэй да мяне, каб я ўважліва разгледзеў тое, што там было адлюстравана.
– Ты можаш паўтарыць часопісную рэальнасць прама зараз, – таямніча прашаптала яна.
– Ведаеш, я як-небудзь пасля, – прамовіў я, уволю нагледзеўшыся на вэрхал у часопісе з каляровымі фотаздымкамі.
– Як хочаш, – так жа таямніча адказала яна і паклала часопіс на месца.
Закіпела вада. Я ўсыпаў макароны з пакеціка, што падала мне Насця, размяшаў іх і пасаліў.
– Я заўважыла, ты любіш шаўковыя рэчы, – прамовіла Насця. Яна сядзела насупраць мяне, не змяняючы паставы.
– І што з таго? Выкшталцонасць падабаецца не толькі дамам. А я ўсё жыццё марыў спаць на шоўку і шоўкам накрывацца, – адказаў я. – Толькі не давялося пакуль.
– А халацік? Ты яго апранаў?
– Не мой фасон. Да таго ж, шоўк глядзіцца і пасуе жаночаму целу. Можна сказаць, што толькі на жаночым целе мне шоўк і падабаецца. Дарэчы, у беларускай мове ёсць слова нашмат прыгажэйшае, але з тым жа значэннем – ядваб.
– Што ж, – сказала Насця, – сёння цябе чакае ядваб і не толькі… – Таямніча падміргнула.
Пакуль мы абмяркоўвалі асабістыя густы, макароны зварыліся. Насця хацела ўжо выліваць ваду, але каструльку я ў яе адабраў, апёкшы руку пры гэтым. Ні ў якім разе ў страве, якую я гатаваў, нельга выліваць ваду.
– Нясі сваё сала, – распарадзіўся я, нібы дома.
Нарэзаўшы сала, я ўкінуў яго ў каструльку, затым кубік «галіны-бланкі» і ўсё размяшаў. Цяпер патрабаваўся час, каб страва адстаялася, вада ўвабралася ў макароны.
– Пакуль дачакаешся, калі твая беліберда адстаіцца, можна памерці, – закапрызіла Насця і дадала: – А ты ўпэўнены, што гэта можна есці?
– Яшчэ як, – запэўніў я. – У інтэрнаце, калі я быў студэнтам, гэта была наша ўлюбёная страва.
– У такім разе… – Насця ўзяла лыжку і загрукала ёй аб вугал стала, з нецярпеннем чакаючы, калі я скажу «дабро». – Ціха! – Раптам спыніла сябе і паклала лыжку, не, не паклала, адшпурнула, як гнілы яблык, з якога паказалася галава чарвячка ў кепцы з тварам каўказскай нацыянальнасці і прамовіла «Слюшай, абыдна, да?»
– Што такое? – занепакоіўся я, трывожна прыслухоўваючыся да ночы, якая афрыканскім азадкам намагалася выціснуць вокны.
– Чаго ты спалохаўся? – засмяялася Насця. Відаць, у мяне сапраўды быў спалоханы твар, таму што я насамрэч падумаў, што здарылася нешта сур’ёзнае. – Я проста ўспомніла, што ў нас ёсць віно. Будзеш?
– Чаго ты пытаешся? – Ад колькі кропелек спіртнога я ніколі не адмаўляўся, але гэта не азначае, што я алкаголік.
– Праўда, яно самаробнае, – гаварыла Насця, вымаючы пляшку з драўляным коркам са сценнай шафачкі. Краем вока я заўважыў, што адной пляшкай самаробнага віна запасы Насцінага бацькі не абмяжоўваліся. Там стаялі і гарэлка, і каньяк. Добры, відаць, піток…
Насця адкаркавала бутэльку сама і сама ж разліла віно па фужэрах, якое мы смакавалі разам з макаронамі. Было так смачна, што здавалася, нічога смачнейшага не піў і не еў ніколі. Нарэшце мой страўнік супакоіўся і заснуў Сцяпашкаю з перадачы «Добрай ночы, малышы!».
…Насцін пакойчык быў невялікі. Там стаяў ложак, пісьмовы стол, на стале – камп’ютар з прынтарам, крэсла-вярцёлка, вялізная дубовая шафа, сцены абклеены ружовымі шпалерамі з пацалункамі. Кніг было мала і ў асноўным паэзія: Ахматава, Цвятаева, Хадасевіч, Блок, Верлен, Рэмбо, Бадлер, Апалінэр, Лорка, По, Кітс, Эліат, Уайлд, Ясенін, Морысан, Цой, К. Вараб’ёў – «Забіты пад Масквой». На пісьмовым стале ляжала адкрытая на 189-й старонцы кніга. Я адгарнуў фарзац: У. Барроўз – «Мяккая машына». Цікава-цікава…