Адам Мікола М. - Шоўк (зборнік) стр 4.

Шрифт
Фон

Насця першаю апусціла вочы, якія адразу пацяплелі, і я прыкмеціў ледзь заўважны, як ад цыгарэты, дымок.

– Табе нельга курыць, – стомлена прамовіла яна і села побач, узяла маю галаву ў свае цёплыя рукі з доўгімі нервовымі пальцамі.

– Я ведаю, – згадзіўся я, абняўшы Насціны рукі сваімі, з жоўтымі ад цыгарэт пальцамі.

– Тады навошта?..

– Зразумей, што хутка, ні з таго ні з сяго, нічога не робіцца, – патлумачыў я. – Як бы я не хацеў, вось так адразу ніколі б не кінуў курыць. Ды й навошта? Як ні банальна гучыць фраза, што Адам без цыгарэты – не Адам, – гэта праўда.

– Гэта глупства.

– Магчыма. Толькі іначай не атрымаецца. І хопіць пра гэта. Я не збіраюся пакуль на той свет. Куды ты знікла раніцай ды яшчэ ў маёй кашулі?..

Насця гладзіла мае валасы і не спяшалася з адказам. Мажліва, яна яго сачыняла, толькі я не хацеў чакаць, пакуль той адказ сфармулюецца ў звязны тэкст. Я вызваліўся з Насціных пяшчотных рук і падняўся з канапы…

Учорашнія Насціны намаганні разбіліся, бы аб сцяну гарох. Яна хацела ведаць пра мяне ўсё, толькі ўсё пра сябе не ведаў нават я сам.

– Навошта табе мая біяграфія? – пытаўся ў яе. – Няўжо нешта з гэтага зменіцца ў свеце? Стабілізацыя эканомікі ці ўсе народы раптам спыняць войны, зразумеўшы, што на працягу двух тысяч гадоў займаліся глупствам, і палюбяць адзін аднаго навечна? Не.

– Я пра цябе зусім нічога не ведаю, – цягнула сваё Насця, – акрамя самага горшага.

– Тым лепш, – падсумаваў я. – У цябе ёсць магчымасць да гэтага горшага лепшае прыдумаць. Мы можам фантазіраваць разам.

– Баюся, у мяне не атрымаецца, – прызналася Насця. – Калі я пачну фантазіраваць, – не хопіць часу, каб усё некаму выслухаць, калі я буду распавядаць, ні паперы, калі нешта запісваць.

– Затое ты паб’еш рэкорд Томаса Вулфа.

– Зараз так ніхто не піша. На тоўстыя кнігі няма ні грошай, ні часу, каб іх купляць і чытаць.

– А ты запісвай на касету. І ніякіх праблем. На касету ці на дыск можна запісваць бясконца.

– Мяне палічуць вар’яткай і ўпякуць у Навінкі, – усміхнулася Насця.

– Я цябе буду наведваць па выхадных.

– Сумняюся.

– Чаму? – не зразумеў я. – Не такі я ўжо і дрэнны чалавек…

– Не з гэтай прычыны. – Насця таямніча прымружыла вочы. – Месца ў Навінках хопіць і для цябе. Нашы палаты будуць знаходзіцца насупраць.

– Не, – запярэчыў я. – Мяне ў вар’яты ты не запісвай. Я-то пры чым?

– А пры тым, што людзі, якія праслухаюць хаця б частку майго трызнення, запісанага на касету ці на дыск, зацікавяцца асобай, пра якую я распавядала, і будуць шукаць і пытацца адзін у аднаго, што ж гэта за чалавек такі з нестандартнымі паводзінамі і філасофіяй жыцця? Запросяць дасье з усіх устаноў, дабяруцца да інтэрнэту і вылічаць, што чалавек гэты – Адам, беларускі пісьменнік, якога толькі за адзін род дзейнасці неабходна ізаляваць ад грамадства, пакуль яно не захварэла на тую ж хваробу, што і вышэй названы чалавек. Яны пазвоняць у дзверы тваёй кватэры, ты не адчыніш, таму што будзеш заняты… За адзін толькі твой занятак яны без размоў апрануць на цябе смірыцельную кашулю і як самага буйнага вар’ята павязуць у машыне з закратаванымі вокнамі пад эскортам пяці велізарных медбратоў.

Я з цікавасцю выслухаў Насціну гіпотэзу, але дазволіў сабе заўважыць, што яны ніколі не дазнаюцца аб тым, што я беларускі пісьменнік, таму што ў мяне няма ніводнай кніжкі, а часопісы такія людзі не чытаюць.

– Ты забываеш, што я назвала інтэрнэт, – абяззброіла мяне Насця, але я не здаваўся і сказаў: нават калі яны даведаюцца, што я беларускі пісьменнік, каму яны больш павераць? Беларускаму пісьменніку ці голасу на касеце або дыску, што належыць невядома каму? На самай справе, на голасе ж не напісана, хто яго ўладальнік, да таго ж я буду абараняцца…

– Ты не зможаш і пальцам паварушыць, – зноў «апусціла» мяне Насця, – таму што на табе будзе смірыцельная кашуля.

– Дык што? – проста, каб штосьці сказаць, бо слоў я ўжо не знаходзіў, нібыта яны закаціліся, як капейкі, пад ложак да самай сценкі, дзе шмат павуціння і павукоў, сказаў я.

– А тое, што палаты нашыя будуць насупраць, – нібы прысуд, вынесены суддзёю, прамовіла Насця, – будзь упэўнены. А калі сур’ёзна, – прамовіла пасля, – можаш мне нічога не распавядаць, я ўсё адно дазнаюся.

– Якім чынам? – мне ўсё ж такі было цікава, асабліва тое, як яна здолела трапіць у маю кватэру, не маючы ад яе ключоў і не ведаючы, дзе я жыву? За сябе я не мог адказваць. Раней ці пазней я выбалбатаў бы ўсё пра сябе, толькі слухай, але не зараз, калі ўсё так ненадзейна і туманна, бы ў адкрытым акіяне, а на табе толькі выратавальны круг і колцамі вакол – акулы.

– Табе скажы! – усміхнулася Насця. – Калі-небудзь сам даведаешся.

– Калі-небудзь – гэта калі?

– Калі-небудзь.

Мы ляжалі ў адным ложку, на адной падушцы, укрытыя адной коўдрай, пры святле вісячай лямпы, толькі займаліся не адным. Насця выводзіла нейкія ўзоры на тварах Ван Дама і Бандэраса (таксама, як і халацік, пакінутых сястрой на сценах) указальным пальчыкам. Магчыма, малявала ім вусы або бароды, або і першае, і другое разам, а магчыма, пацалункі, сляды ад памады мностваў прыхільніц. Я, лежачы на жываце і ўтыркнуўшыся тварам у падушку, нібы ў пясок, глытаў сліну і час ад часу шморгаў носам, дзейнічаючы тым самым на нервы Насці, але нічога змяніць не мог. Прастуда не выбірае час і не пытаецца, калі ёй можна прыйсці ў госці. Як вайна, яна ўрываецца ў жыццё і здароўе чалавека неспадзявана і імгненна.

– У цябе было шмат жанчын? – раптам спытала Насця.

– Шмат, – не задумваючыся, адказаў я.

– Я ведала, што менавіта такім і будзе твой адказ, – задаволена ўсміхнулася Насця. – І з усімі ты спаў? – спыталася.

– Ні з адной, – зноў не задумваючыся, адказаў я.

– Гэта як? – відаць, мой адказ здзівіў яе. Насця павярнулася тварам да мяне, і зараз мы дыхалі адно адному ў твар, удыхаючы пах кожнага асабіста, ад чаго кружылася галава і хацелася большага, чым проста ляжаць і займацца абы чым, толькі не тым, чаго абое жадаем з нечуванай прагай, але не можам сабе дазволіць вольнасці. Не можам разняволіцца і адпусціць тармазы, бы ў аўтамабілі, адначасова, як у матацыкле, завёўшы матор, выціснуць на счапленні ўсё мажлівае.

– Мяне з кожнай хапала толькі на некалькі дзён, – тлумачыў я. – Мы не паспявалі дабегчы ці дабрысці да ложка. Я іх выкарыстоўваў як удзячных слухачак, рэкламуючы самога сябе, упіваючыся ўвагай да сябе такіх прыгожых дзяўчат, на якіх заўсёды азіраюцца міма праходзячыя хлопцы і зайздросна думаюць: «Во пашэнціла казлу…» Калі мой запал высыхаў, як крыніца, мне ўжо нецікава было з той, каму я ўсё распавёў, ды й не было аб чым з ёю больш гаварыць, я пераносіў свой позірк на іншую, і паўтаралася тая ж карціна.

– А яны не біліся паміж сабой?

– Не, дзякаваць богу.

– Ты хочаш сказаць, што мне пашанцавала? У наш век знайшла адзінага на ўвесь свет дарослага чыстага чалавека?!

Колькі часу мы глядзелі адно адному ў вочы. Насця не верыла мне, а паверыць у праўду мною сказаных слоў ёй вельмі хацелася, як хацелася ўведаць, што ў маіх думках, ці сапраўды я адношуся да яе з пяшчотай і каханнем, ці прытвараюся. Я не баяўся ейнага позірку, не баяўся патануць у топкай багне разлітых кавай вачэй, таму што, як ніколі ні з кім, з ёю быў шчырым. Я казаў праўду, што здаралася вельмі рэдка. Ды я і не маніў ніколі, проста праўду трэба было шукаць на задворках і завулках слоўных вуліц і кварталаў. Насця паверыла, спадзяюся, бо сказала, што ГЭТА менавіта і хацела пачуць ад мяне, хоць штосьці праясніла для сябе. А мне чамусьці нясцерпна захацелася есці; галодныя спазмы страўніка выконвалі ледзь не сімфонію Шастаковіча, патрабуючы ежы, толькі дома ў мяне нічога не было. Апошнюю тушонку мы з Насцяй даелі перад тым, як я прыняў лекі, і пасля таго, як пакурыў. Я адчуваў сябе так, быццам, калі чаго-небудзь не з’ем у бліжэйшы час, – памру. Пра сваю бяду я распавёў Насці.

– Есці сярод ночы? – здзівілася яна. – А ты не можаш патрываць да раніцы?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора