Адам Мікола М. - Шоўк (зборнік) стр 2.

Шрифт
Фон

Нейкія жанчыны і хлопцы, у якіх яшчэ засталася ў душы міласэрнасць, дапамаглі мне ачомацца, але ўсё адно стаяць, а тым больш ісці, я не мог. Двое маладых міліцыянтаў вельмі здзівіліся, што я цвярозы, а адна з жанчын, якая дапамагала мяне падымаць, аказалася ўрачом унутраных войск і паставіла першы дыягназ, пасля выклікала «хуткую»… Мне параілі не карыстацца метро з маёй траўмай, таму што пад зямлёй павышаецца ціск.

– Вам правільна параілі, – хітнуў, згаджаючыся, урач старэйшы.

– Я разумею, метро, – прамовіў я тады, – а прычым мая кватэра, ці мне і кватэрай перастаць карыстацца?

– Ну, навошта вы так? – усміхнуўся той самы ўрач. – Калі сур’ёзна, то часцей адчыняйце форткі. Прыступ паўтарыўся з-за цяжкага паветра, якім вы дыхаеце, атручанага да таго ж нікацінам.

– Мне кінуць курыць?

– Па-мойму, вас павінны былі папярэдзіць наконт цыгарэт і спіртнога яшчэ тады, калі выпісвалі з бальніцы пасля апрацоўкі раны… Тое, што вы працягваеце сваё, не прыслухоўваючыся да слушнай парады медыкаў, сведчыць не ў вашую карысць. Хто вы па прафесіі?

– Я пішу… ну… ведаеце…

– Што ж, – урач зморшчыў лоб, як бы задумаўшыся, – тады ўсё зразумела.

– Зразумела што? Гэта сказаў не я.

Трымаючы ў адной руцэ поліэтыленавы пакет з выявай бел-чырвонага пачка цыгарэт «Бонд», нечым напакаваны, у другой – зняты з пляча скураны рукзак, Насця ў расхрыстанай куртцы, у маёй фланэлевай сіняй у квадраты кашулі, з-пад якой вытыркаліся сопкі грудак без станіка, насцярожана пазірала ў вочы абодвух урачоў, якія разгублена пераміргваліся.

– Што зразумела? – паўтарыла Насця. Яна паставіла рэчы ля сценкі і прайшла ў пакой, села на другую канапу, не раскладзеную. Гузік на кашулі зверху расшпіліўся, агаліўшы белы выгін Насцінай шыйкі, акупаваны раскіданымі ветрам валасамі.

– Прабачце, а вы… – урач старэйшы прыўзняўся з фатэля.

– Гэта не мае значэння, – апярэдзіла яго Насця. – Растлумачце мне, што здарылася і чым усё можа скончыцца. Проста так, як я разумею, «хуткая дапамога» не ўламваецца ў кватэры.

– Вы ведалі пра хваробу вашага… вашага… – урач замуляў губамі і заёрзаў у фатэлі, нібы сядзеў на агні, не ведаючы, як мяне абазваць.

– …мужа. Задаволены? – выпаліла Насця.

– Гм, – варухнуліся бровы ўрача, і ёрзаць ён перастаў, – амаль задаволены. Дык вы ведалі пра хваробу вашага мужа? Пра траўму, атрыманую, відаць, некалькі год таму?

– Мы пазнаёміліся пазней.

– А сам ён вам нічога не распавядаў?

– Дарагі доктар, – прамовіў я, – пра маю траўму не ведаюць нават бацькі…

– Вельмі дрэнна ў такім разе, – адзначыў урач. – Вы дазволіце, – спытаў ён у мяне, – калі я паразмаўляю з вашай жонкай… гм… сам-насам?

– Калі ласка.

Мне было ўсё адно, як ён будзе з ёю размаўляць, таму што Насця ніколі не была маёй жонкай, і пра што будзе весціся размова. Бясспрэчна, размаўляць яны будуць пра мяне і размаўляць сур’ёзна, але я не адчуваў сябе хворым, каб надаваць нейкаму «вобмараку» значэнне.

Урачы з Насцяй шапталіся на кухні, а я ляжаў на канапе і глядзеў у столь, па якой поўзала першая муха. Верагодна, яна вылецела з акна пасля доўгага сну, і ёй цікава ўсё, што адбываецца вакол, як і мне было, калі я толькі нарадзіўся.

Вярнулася Насця, выправадзіўшы і падзякаваўшы за ўсё «хуткай дапамозе», трымаючы ў руцэ рэцэпт з лекамі. Села на канапу, скінуўшы куртку, побач са мной і правяла рукой па маіх валасах, як па галоўцы кінутага і забытага ўсімі шчаняці.

– Ты ведаў, што ў цябе неўроз? – строга запытала яна.

– А ты жорсткая, – адказаў я, злавіўшы ейную руку з доўгімі пазногцямі колеру марской вады, злёгку сціснуў яе, Насця прыкусіла ніжнюю губку.

– Ты нічога не ведаў? – не верыла яна.

– Не, – прамовіў я і, глыбока зацягнуўшыся паветрам, нібы добрым тытунём, адзначыў: – Мне вельмі хацелася жыць, Насця, таму я набраў 103. Павер, толькі на нумар тэлефона мяне і хапіла. Насамрэч я думаў, што памёр.

– Мне не трэба было пакідаць сёння цябе аднаго.

– Ты б нічога не змяніла.

– Напэўна, але была б побач.

– Ты ідэалістка, Насця.

Мы памаўчалі. Я бачыў, як Насці цяжка размаўляць са мной. Як яна шукае словы, якія б не паранілі мяне, як набрыньваюць ейныя вочы слязьмі і дрыжаць вусны, але плакаць не адважваецца і баіцца, шкадуючы мяне. Толькі шкадаваць мяне не трэба і адпяваць раней часу таксама. Я хацеў вымавіць гэтыя словы ўслых, але тым самым мог глыбока параніць Насцю і ў дадатак пакрыўдзіць, у выніку чаго адбудзецца вывяржэнне вулкана слёз. Ударыць мяне па твары за гэтыя словы Насця пасаромеецца, а таму зачыніцца ў ванным пакоі, сядзе на край ванны і заплача.

– Чаму ты не кінеш курыць? – спытала Насця.

– Навошта? Кафка не піў, не курыў, нават гарбату з кавай не ўжываў, але неўрозу не пазбавіўся.

– Божа мой! – ускрыкнула Насця, ледзь стрымліваючы слёзы. – Адам, ты не Кафка і ніколі ім не будзеш! Чаму ты ўвесь час параўноўваеш сябе з кімсьці?..

– Я не Кафка, Насця, – згадзіўся я, – толькі хвароба, якая падкасіла, у нас з ім аднолькавая.

– Трымай, – працягнула Насця мне рэцэпт, а сама маланкава выбегла з кватэры, на хаду апранаючы куртку.

А я заплакаў.

Біў кулакамі па спружынах канапы, замаскіраваных, як салдаты, пуфам і дэрмацінам, ад свайго бяссілля, і мне не было сорамна. Упершыню я не саромеўся сваіх слёз, палюбіўшы іх, як самога сябе.

Нібы апошні кляновы ліст, на жоўтым паркеце кватэрнай восені сіратліва ляжаў аркуш з рэцэптам маіх лекаў, які я выраніў з рук, і да яго нікому не было справы, таму што ў маю хваробу не верыў ніхто, акрамя Насці. І толькі па гэтай прычыне Насця не магла вытрываць паветра, нашпігаванае, як шампур – мясам, бальнічнымі пахамі, якія незалежна ад сябе пакінулі ўрач «хуткай дапамогі» з памочнікам. Яна выбегла на свежае паветра і атруцілася ім, яно ўдарыла па крыві, што сачылася з падрапанага аб дзверы мезенца, які смакталі пакусаныя з размытай слязьмі памадай, вусны.

3

Насця не затрымалася доўга. Вярнуўшыся, яна шпурнула ў мяне экстракт алоэ і шклопадобнае цела, нібы бомбу, разлічваючы, відаць, каб я ўзарваўся, быццам маскоўскія шматпавярховікі. Зараз гэта модна, падрываць дамы, гуляючы ў герояў і пакутнікаў, прыдушаных і спрасаваных маналітнымі плітамі, зажыва палаючых у агні і праклінаючых тэрарыстаў. Толькі Насця была падобна зусім не на тэрарыстку, хутчэй, на русалку. Яна русалкай і ўвайшла ў маё жыццё, дакладней, заплыла. Учора. Я затрымаўся з сябрамі, якія любяць выпіць і закусіць за чужы кошт, у бары ГУМа. Мы адзначалі свята 8 Сакавіка і перамену надвор’я, якое мокрай халадэчай і ветрам свята сапсавала. Прынамсі, нам было ўсё роўна, нават горача ва ўтульным памяшканні за круглым столікам у кутку ад надыханага перагарам паветра і гучных размоў пра мужчынскую салідарнасць і жаночую логіку, якую мы адмаўлялі цалкам, бо, па нашым разуменні, у жанчын не можа праяўляцца ніякая логіка, не тое, што жаночая. А з магнітафона, наўмысна ўключанага прыгожымі супрацоўніцамі бара, чулася: «В голове ни бум-бум, малолетка дура – дурой!»

Даганяцца я адмовіўся і паехаў дамоў. Першае, што мяне здзівіла, калі я адчыніў дзверы – пах. Гэта быў не мой пах, атручаны танным тытунём, паветра выпраменьвала водар апельсінавага соку, які мой арганізм не ўспрымаў і выпрацоўваў імунітэт у выглядзе алергіі. Я моцна чыхаў, каментуючы кожны чых, нібы мастацкі фільм з субтытрамі. Попельніца сустрэла мяне ідэальнай чысцінёй і ўсміхалася, як шчаслівая нявеста ў час шлюбу, калі была павінна трымаць на сабе трупы цыгарэт і попел, сустракаючы мяне гэтым, як хлебам-соллю. На маім любімым стале, побач з камп’ютарам, там, дзе павінен ляжаць непачаты пачак «Прымы», нібы дыстрофік, што звесіў ногі ў адпачынку, ляжала вільготная анучка, якой, як я разумеў, хтосьці выціраў пыл. Можа, у мяне завёўся ці завялася нейкая барабашка? А можа, я дапіўся да галюноў? Адзін мой сябар ужо ведае, што гэта такое, нават курс лячэння прайшоў у Навінках, толькі наўрад ці той курс дапамог невылечна хвораму чалавеку…

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора