Горват Андрусь - Радзіва «Прудок» стр 5.

Шрифт
Фон

У гэтай школе навучаўся мой бацька. Ён хадзіў туды пешшу па пятнаццаць кіламетраў у адзін бок.

Люты

* * *

Праз адзін мільён восемсот чатырнаццаць тысяч чатырыста секунд я буду дома. А ўчора Іосіфаўна падпісала маю заяву на звальненне.

Куля зямная нахіляецца ў бок вясны.

* * *

Пабачыў новага дворніка Купалаўскага тэатра. Мы сутыкнуліся ў аддзеле кадраў. Як старае і новае, смерць і жыццё, зіма і вясна.

Але ў мяне засталіся тры апошнія дні. Тэатральныя рыдлёўкі і мётлы яшчэ тры дні падначалены мне. Каморка яшчэ тры дні мая.

А потым вазьму з сабой тэрмас, сяду ля фантана, буду піць гарбату ў сем раніцы і назіраць, як я не дворнік.

Абавязкова так зраблю.

Крыху падумаў і вырашыў замест гарбаты ўзяць каньяк.

* * *

Збіраю рэчы. Знайшоў свой дзіцячы вершык:

* * *

У летапісах Купалаўскага тэатра цяпер два Горваты. Першы – маршалак шляхты Мінскай губерніі Атон Горват, які ахвяраваў 50 рублёў на будаўніцтва тэатра. І я, які сыграў ролю дворніка ў рэалістычнай працяглай дзеі. Ключ ад грымёркі здадзены, пячатка пастаўлена. Без авацый, без кветак і падзякаў, ціха, лёгка, незаўважна перацякаю ў новую ёмістасць. З галоўным набытым уменнем – не саромецца рабіць простыя рэчы.

Таксама нагадваю, што заўтра а сёмай адбудзецца ўрачысты алкаранішнік ля фантана і агледзіны новага дворніка. Усе ахвочыя могуць далучыцца.


* * *

Вельмі добра памятаю пачатак свайго сталічнага жыцця. Я называў кока-колу сокам, модна апранаўся на Жданах, вазіў з дому закаткі. Потым хутка пасталеў, стаў апранацца на Дынама, навучыўся казаць: «Мама, не нужны мне эці закаткі, што я буду с німі цягацца».

Я аніколькі не шкадую, што засталіся толькі дзве ночы пад мінскім небам. Гэта вельмі каштоўнае ўменне – без болю пакідаць месцы і людзей. Бо самае галоўнае ж застанецца, нікуды не дзенецца.

Папраўдзе, я проста сябе падбадзёрваю.

Лахатрон

Гадоў дзесяць таму ўладкаваўся я на фірму, якая займалася рэалізацыяй бытавой тэхнікі. Карацей, у лахатрон. Тое, што ў газетнай аб’яве называла сябе гандлёвым прадстаўніком, папраўдзе хадзіла па кватэрах і пад выглядам уяўных рэкламных акцый збывала дробную бытавую тэхніку і кухонныя прылады: прасы, электрачайнікі, нажы. Што гэта лахатрон, я дацяміў запозна, калі ўжо прызвычаіўся да лёгкіх грошай. За месяц мяне натрэніравалі так, што я мог прадаць што заўгодна і каму заўгодна.

Маімі калегамі былі студэнты-завочнікі, маладыя настаўнікі і медыкі – наймілейшыя прайдзісветы, добрыя і прастадушныя. Мы падымаліся на апошні паверх і надзявалі на сябе нябачны скафандр, які не ўпускаў ні страх, ні сумленне.

– Добры дзень. Вы гаспадыня?

Недаверлівыя позіркі за дваццаць хвілін напаўняліся цеплынёй. А нашыя кішэні – грашыма.

Там, у кватэрах, маё сэрца ніколі не ёкала. Бабця з царкоўнага хору, палкоўнік, інвалід у вазку, сямейная пара лесбіянак, цётка, яшчэ адна цётка, яшчэ сто цётак – я ўсіх не злічу. Сэрца ёкала, калі мы збіраліся ля машыны, запіхвалі ў багажнік рэшткі і моўчкі вярталіся ў кантору. То была не проста стома, а душэўнае знясіленне праз гвалт, які мы самі ўчынялі.

Так цягнулася некалькі месяцаў, пакуль наш офіс не займеў сур’ёзную праблему. Былі ператрусы, і кіраўніцтва стала збіраць свае манаткі, каб збегчы ў Самару. Было прапанавана далучыцца да ўсеагульнай міграцыі. І мы далучыліся.

– Самара – гэта маленькі Лас-Вегас, – сказалі нам.

І мы паверылі.

Перад самым ад’ездам усхваляваліся. Спявалі ля чыгуначнага вакзала: «Ах, Самара-городок, беспокойная я, беспокойная я, успокой ты меня!». Пілі піва, смяяліся, уяўлялі наперадзе шчасце. Лічылі вялікую Расію сваім выйгрышам і шанцам.

Выявілася, што Самары не толькі да Лас-Вегаса было далёка – ёй было далёка да Шабаноў.

Хочаш перайсці дарогу – спадзявайся толькі на свайго анёла. Расія запусціла ў космас ракету з Гагарыным, а самарцы па вечарах запускалі з вокнаў пакеты са смеццем.

Давялося прыстасоўвацца не толькі да новых бытавых умоў. Ужо першы працоўны дзень выявіў, што нашыя ўменні, набытыя ў Мінску, можна перакрэсліць, і трэба вучыцца лахатрону нанова – на расійскі манер.

Першай пад нож легла наша інтэлігентнасць. Яна дапамагала ў Мінску, але яна замінала ў Самары. Каб збыць тавар, трэба было стаць галодным зверам. У бабулі, якая адчыняе дзверы, у вачах няма недаверу і каровінай прастадушнасці – ёсць страх. Гэты страх можна перамагчы толькі сілай. Нас навучылі простаму прыёму: найперш трэба прасоўваць нагу ў дзвярны праём, а ўжо потым усміхацца. Калі гаспадар слабейшы за цябе, калі ён не здолее выпіхнуць тваю нагу, то ты адсунеш яго і патрапіш у сярэдзіну.

Клапаціцца пра тое, што нехта выкліча міліцыю, не было ніякай патрэбы. Міліцыя рэгулярна атрымлівала ад нашай фірмы свой працэнт з продажаў. Таму нахабства дазвалялася. Адзінае, чаго трэба было баяцца, – дужых гаспадароў. Таму мы хадзілі ўдвох і ўтрох.

У мінскіх кватэрах дыялог з «кліентам» быў даўгі. «А хто ў вашай сям’і вострыць нажы?», «А як маецца былая жонка вашага траюраднага брата?». Заваяваць давер у беларуса лёгка – трэба толькі пацікавіцца ягоным жыццём і пачуццямі. І праз дваццаць хвілін беларус накорміць абедам, аддасць свае грошы, яшчэ і падзякуе наўздагон.

Атрымаць давер у самарскага расійца немагчыма. Таму дыялогу ў нас не было – быў сквапны, спешны, агрэсіўны маналог на тры-пяць хвілінаў, які завяршаўся словамі: «Як гэта няма грошай!? А калі я пашукаю?». І шукалі ж па шуфлядках, пакуль гаспадар баязліва стаяў у калідоры. Не мы – нашыя самарскія калегі. А мы так і не навучыліся. Хадзілі са сваімі торбамі, сарамліва ўсміхаліся, безнадзейна ўсміхаліся.

Усміхаліся, усміхаліся, усміхаліся. Па-беларуску. Нас выганялі, выкідалі з пад’ездаў, як пакеты са смеццем, білі нагамі.

Аднойчы дзверы адчыніла жанчына. Я ўсміхнуўся і сказаў ёй: «Здраствуйця». Яна ўсміхнулася і сказала мне: «Здраствуйця». Мы былі ўтрох: я, мой лепшы сябар Лёха і Вася. Разам з гаспадыняй мы ўтваралі маленькі статак з чатырох добрых кароваў.

Вася застаўся на лесвічнай пляцоўцы: ён стаміўся болей за нас. А мы з Лёхам паставілі свае торбы ў калідоры і пачалі працаваць. Гэта быў самы даўгі маналог у маёй кар’еры прайдзісвета. Я ўклаў усю сваю пяшчоту ў няспешныя словы па амаль забытай мінскай сістэме. Я атрымліваў асалоду ад кожнага гуку, бо мой кожны гук слухалі. Я слухаў. Лёха слухаў. Слухала гаспадыня. Мы ўжо не хацелі грошай – мы хацелі застацца самімі сабою. Вярнуцца ў свае інтэлігентныя ўсмешлівыя целы.

Я не помню, ці прадалі мы што-небудзь. Гэта цяпер неістотна. Калі я закончыў, гаспадыня прамовіла: «Дзякуй». Па-беларуску.

Вася за дзвярыма плакаў.

Раздзел 2

Тут палку кінь – і тая папаўзе


Сакавік

* * *

Я ніяк не магу сабрацца ў адным месцы.

* * *

Начую ў бацькоў у Петрыкаве, штодня езджу ў Прудок. Скарбонкі з маймі рэчамі стаяць у бацькавым гаражы. Ноўтбук – у брата на кватэры. Рома жыве пад маміным ложкам.

* * *

Сёння ля петрыкаўскай аўтастанцыі ледзьве не сутыкнуліся лбамі з барадатым дзядзькам, які нагадаў мне Гналя.

Гналь быў адзіны ў раёне, хто стрыг. Па святочныя прычоскі трэба было ехаць у Мазыр. Усё сваё дзяцінства-юнацтва я спраўна хадзіў да яго. Ён не шкадаваў адэкалону, меў даўгую бараду. Я пабойваўся яго. Тое, што Гналь – прозвішча, я даведаўся пасля, а спярша лічыў, што гналь – тое ж, што і цырульнік. Таму «схадзіць да Гналя» азначала «падстрыгчыся». Калі я зʼехаў у Мінск, засумняваўся: а ці быў Гналь?

А сёння я ледзьве не наскочыў на яго. Барадач увайшоў у драўляную хатку, на якой вісела шыльда «Цырульня Гналя».

Гналь існуе!

* * *

Радзіва «Прудок». Перадача пра матылькоў.

Перанёс з каморы на гарышча пяцьдзясят заспаных матылькоў. Яны ледзь варухнулі кволымі крыламі, паглядзелі на мяне дрымотнымі вачыма – і зноў вырубіліся. Цяпер на маім гарышчы жывуць матылькі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3