Горват Андрусь - Радзіва «Прудок» стр 3.

Шрифт
Фон

– Задзёўб ужо, Андрушка.

Усіх я задзёўб.

* * *

Ева расчулілася ад лаванды. Цікава, як яна адрэагуе на тое, што з раніцы я дворнік і корпаюся ў смецці? Дзяўчаты, як вы рэагуеце на тое, што вашыя хлопцы корпаюцца ў смецці?

Чэрвень

* * *

Мне падабаецца штодня мыць галаву не дома, а ў Купалаўскім тэатры. Я нашу ў заплечніку шампунь і пасля прыбірання тэрыторыі мыю валасы ў сваім цесным пакойчыку над рукамыйнікам. Гэтая дробязь надае ўсяму майму жыццю пах бясконцых вандровак. Потым хаваю мокрыя валасы пад капялюш, і, пакуль даязджаю да манастыра, яны высыхаюць. А ў манастыры слухаю Лявона Вольскага і назіраю, як манашка ў навушніках робіць мантаж фільма пра бацюшку. Простыя словы. Простыя зʼявы.

Сказаў Еве, што я дворнік. Яна зноў расчулілася.

* * *

Не, адназначна, у мяне ў галаве каша. Тэатр, манастыр, Ева…

На днях паеду ў Каленкавічы, потым у Польшчу. Буду глядзець у акно цягніка і думаць сваю кашу.

* * *

Каленкавічы – гэта вялікая вёска. Пад ліхтаром у цемры сумуюць без працы дзве прастытуткі – сапраўдныя, у парыках і з вялікімі грудзямі. Як у фільмах Альмадовара. Побач двое міліцыянтаў шукаюць мінакоў без флікераў. Знайшлі мяне, узрадаваліся.

Знайшлі б лепей прастытутак – усім было б добра. Там ужо і флікер няма куды чапляць.

* * *

Як жа я блізенька да таго месца, дзе прывязаны да гэтай планеты! Сэрца енчыць: «Едзь у Прудок! Едзь у дзедаву хату!».

У 1931 годзе майго прадзеда Андрэя з сям’ёй саслалі на руднікі. Праз два гады ён збег і вярнуўся назад. Яго хату ўжо прыстасавалі пад сельскую школу, таму ён тры гады бадзяўся па суседзях. Бадзяўся-бадзяўся, яго ізноў саслалі. Болей ён не вярнуўся. Памёр няведама дзе і калі. Аднак у Прудок вярнуўся мой дзед і пабудаваў там хату. Сёння яна паціху разбураецца. А што, калі…

* * *

– Алё, прывет. Мама, дай што скажу.

– Грошы скончыліся?

– Не. А хто жыве ў дзедавай хаце?

– У якой хаце? У Прудку?

– Ага.

– Нашто табе?

– Ай, проста скажы.

– Табе ўжо тая хата трэба!

– Ну, проста скажы, жыве хто ці не.

– Што ты ўжо прыдумаў, а? Сядзі ў Мінску і не дуры галаву.

– А хата тая яшчэ хоць стаіць?

* * *

Даслаў эсэмэску Еве: «Я ў Прудку. Тут лес маўчыць. Сяджу пад ігрушай, гляджу на расу ў павуцінні».

Ева зноў расчулілася.

* * *

Гэта ўжо не той двор, якім я яго запомніў. Ён зарос смеццем, акацыяй і дзікімі слівамі. Студня ўвалілася, і вада схавалася пад тоўстым слоем гнілых дошак. Зніклі прыбудовы. Няма лазні, куратніка, няма хлява і дрывотні.

Болей няма дзедавай майстэрні. А я яшчэ помню вялікі варштат пад маленькім акенцам. Я ніколі не бачыў дзеда. Але ўвесь час думаў, што ён жыве ў майстэрні. Калі я лазіў па дзедавых шуфлядах з інструментамі, мама казала:

– Асцярожна, нічога не паламай, бо дзед рассердзіцца.

Болей няма ні тых шуфлядаў, ні сталоў, ні майстэрні, ні дзеда.

Вокны ў хаце забіты дошкамі. А колісь, помню, паміж шыбамі ляжала сіняя вата. І віселі такія белыя фіранкі з узорам, які ўтваралі дзіркі, абшытыя ніткамі. Як жа яны называліся? Ат, ужо не помню.

У меншым пакоі, дзе стаіць груба, ляжак з трубой упаў на столь, і бэлька храснула пасярэдзіне і абрынулася на падлогу разам з столлю, цаглінкамі і пяском.

Хата, якую збудаваў дзед, разбураецца. Я хаджу па ёй у даражэнных беластоцкіх ботах.

Вясной па Птушыным Шляху разам з журавамі я вярнуся на Палессе і буду тут жыць.

Не ўсё ж жыццё быць дворнікам!

А Іосіфаўна скажа:

– Што за мужыкі пайшлі – за трыста кіламетраў не могуць ездзіць на працу.

* * *

Пазычыў у доні прылады для малявання і раблю ўяўны рамонт у хаце. У сталовай-кухні не будзе столі, а па рыпучай драўлянай лесвіцы адтуль можна будзе трапіць на другі паверх у адзін пакой.

Ліпень

* * *

Я от што падумаў. Чаму б мне не стаць сталяром, як дзед? Падумаў – і пайшоў у манастырскую сталярню запісвацца чаляднікам.

А яны мне такія:

– Калі ласка.

Мой нос учуяў пах пілавіння і шэпча мне: галоўнае ў жыцці – навучыцца рабіць табурэтку. Галоўнае ў жыцці – навучыцца рабіць стол. Галоўнае ў жыцці – навучыцца рабіць простыя рэчы.

А я сваёй арт-дырэктарцы такі:

– Не хачу быць дызайнерам, хачу быць сталяром.

Мая арт-дырэктарка мне такая:

– Заўдзёўб ты мяне, Андрушка.

Я ёй такі:

– Я ж рознабаковая асоба.

Яна мне такая:

– Пагаворым у аўторак.

Я ёй такі:

– Пагаворым у аўторак.

Уяўны рамонт працягваецца. У кухні ўжо квяцістае сонечнае святло падае на табурэтку, зробленую сваімі рукамі.

* * *

Сёння трапіў у закрыты музей старажытнабеларускай культуры ў Акадэміі навук.

Па-сапраўднаму маё сэрца ёкнула ля інструментаў і прыладаў. Нацягіч, зачэртач, скобля, шаршэрка, шпунтоўнік, струг… Як бы я хацеў пачуць гэтыя словы ў сапраўдным жыцці:

– Жонка, ты не бачыла маю шаршэрку? Яна ляжала ля шпунтоўніка, а цяпер тут нацягіч.

Як бы я хацеў, каб у музей трапілі зусім іншыя словы.

Жнівень

* * *

Прыехаў я да дваюраднага дзеда Косціка і бабы Гашы ў вёску Боруск. Гэта паблізу Прудка. Мы з бацькамі часта ездзілі да іх, калі я быў малы. На вяселлі іхніх дзяцей, на іншыя святы. Гэта была не такая краіна, як у нашым савецкім Петрыкаве, дзе я хадзіў у школу. У Боруску вышывалі, ткалі, спявалі народныя песні, працавалі, кахалі, жартавалі, гатавалі вясковыя стравы, замаўлялі ад урокаў, даглядалі адно аднаго.

Там на печы жыла гарбатая бабця за сто гадоў (маці бабы Гашы). Дзед вырабляў з драўніны ўсё ад лавы да галавы лася. Там, у Боруску, склалася маё ўяўленне пра Беларусь. Менавіта такой я бачу яе дагэтуль.

Цяпер я зноў прыехаў у Боруск пасля доўгай мінскай эміграцыі. Ад вялікай вёскі – ад маёй Беларусі – амаль нічога не засталося. Навакольныя лясы заціснулі Боруск у сваю мёртвую цішу. Дзед з бабай сталі старымі, хвароба скруціла іх і цягне да зямлі. Іх сын, дзядзька Валодзя, час ад часу разбівае цішыню начным стрэлам у ваўка.

Я зваліўся ім на галаву са сталіцы. Такі звычайны мінскі хіпстар. І першай справай палез у бабіну шафу:

– Раскажыце мне пра арнаменты. Раскажыце мне пра рэгіяналізм «анігадкі». Чаму мужчынская вышываная кашуля ў вас называецца гуцулкай? Адкуль пайшла назва Боруск?

Баба Гаша дзівіцца маім пытанням і адказвае:

– Вой, нехарошы свет пайшоў, нехарошы.

Дзед Косцік набівае тытунем самакрутку і цяжка ўздыхае.

– Вой, нехарошы свет пайшоў, – паўтарае баба Гаша.

Я з замілаваннем слухаю яе мову.

Етака, чагойліся, кажны, лісянкі, роскідуўся, куплеюць…

Адна з адметнасцяў барусканскай гаворкі – канчатак «ом» заўсёды пераходзіць у «эм». Напрыклад, не малаком, а малакэм.

Цікаўлюся ў бабы Гашы:

– Тапаром будзе тапарэм?

– Тапаром будзе сякерай.

* * *

Радзіва «Прудок». Экстраны выпуск пейзажных замалёвак.

Праводжу водпуск у Прудку. Начую ў свайго брата Шурыка. У дзедавай хаце яшчэ няможна спаць. Восем год у ёй ніхто не спаў.

Штораніцы хаджу праз усю вёску. Побач каровы і трактары. Мухі, лес і яблыні. І гэта ўсё самае галоўнае.

* * *

Пайшоў па ваду да бабы Наташы.

– Як ты? – пытае.

– Паціху.

– Ну дзякуй Богу. І я тупаю паціху. Мабуць, гаруеш?

– Не, баб Наташ, чаму гарую? Работаю.

– Ну ідзі гаруй паціху. А я яечка звару і буду тупаць.

– Паціху?

– Паціху, сынок, паціху.

* * *

Прыходжу, а ў садзе да яблыні прывязана кабыла, каля яе верціцца жарабя. Дарма, думаю, ніхто ж не ведае, што з’явіўся гаспадар.

Аднак потым сяджу сабе на ганку, п’ю каву з вогнішча, нікога не чапаю, як раптам прыязджае ў двор на ровары малады мужчына, мо гадоў на пяць старэйшы за мяне. Кідае ровар на траву, сядае побач з ім, моўчкі закурвае цыгарку. У гэты момант мне ў спіну тыцкае пысай кабыла.

«Мо так і трэба?» – праносіцца ў галаве філасофская думка. Пакурыў той мужык дый кажа:

– Дай трыццаць тысяч.

* * *

Сёння ён ізноў прыехаў. А я ўвесь такі ў рабоце: выношу з хаты столь, якая ўпала.

– Андруха.

– Ну.

– Ну ты маладзец.

– А што такое?

– Дай пацісну руку.

– Ну, што?

– От я думаў, што ты от тэты во. А ты не от тэты во.

– Што?

– Ну не от тэты во, не абы-што!

– А што?

– Андруха, от маладзец ты, гляджу на цябе і думаю: дай сто тысяч, а?

* * *

Пайшоў я да цёткі Дуні па яйкі. Тая доўга на мяне пазірала ды кажа:

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3