Бахаревич Ольгерд Иванович - Дзеці Аліндаркі стр 6.

Книгу можно купить на ЛитРес.
Всего за 149 руб. Купить полную версию
Шрифт
Фон

Ён вярнуўся ў гасьцініцу і, скаланаючыся ад непазьбежнасьці вяртаньня ў непрытульны пакой, адамкнуў дзьверы. Недзе за сьцяной хадзілі масквічы, хадзіла іхнае маскоўскае мэтро, хадзілі куранты, хадзілі ходзікі і хадакі. Што робяць тут масквічы? Езьдзяць па лясах, прыглядваюць сабе лецішчы, гойсаюць па навакольлі, няўлоўныя, бо як можна злавіць расею. І цалкам магчыма, што заўтра, едучы па шашы, яны падбяруць дваіх малых, што будуць брысьці па ўзбочыне – пасадзяць у сваю машыну, палятуць на ўсход, пасьмейваючыся з маўчаньня гэтых загарэлых, непрыветных дзяцей; кожная расейская машына – прасторная, як Сібір, небясьпечная, як невядомасьць.

Бацька заскрыгатаў зубамі. Гарэлка дагарала ў ягоным нутры, а падкінуць дроваў не было як. Заўтра. Ужо заўтра. Хутчэй бы прачнулася гэтае нікому не патрэбнае мястэчка. Хутчэй бы зноў пайшоў час.

Ён лёг тварам на падушку.

А дзе ж твая дочка?

Думкі пра Лёсю былі лёгкія і крывавілі, і ён аддаўся ім з салодкім болем – і вось ужо дазволіў Лёсі самой стварыць сабе навакольле. Ён ляжаў і прыдумляў Лёсі будучыню.

І пакрысе перад ім узьнік вобраз вялікага гораду, дзесьці за мяжой. Ён уявіў, як Лёся, ужо зусім дарослая, можа быць, студэнтка, апранутая зусім па-замежнаму, прыгожа і трохі неахайна, уся ў цёмна-сінім, стаіць на ўзгорку і ўзіраецца ў каляровую дахоўку сьпічастых стрэхаў. А побач зь ёй хлопец, на выгляд – сапраўдны іншаземец.

Бацька ўявіў іх так ясна, што нават пачуў галасы. Галасы з будучыні. Яны гаварылі па-замежнаму, але бацька ўсё разумеў.

“Беларусь, – картава кажа гэты малады замежнік, выцягнуўшы вусны трубачкай. – Што ты рабіла там, на радзіме? У цябе там бацькі?”

“Так, – ківае Лёся. – Бацька. І брат”.

“А маці? Чаму ты маўчыш? Добра, маўчы, калі хочаш… – кажа хлопец, уважліва разглядваючы Лёсю. – А што ты рабіла на радзіме? Чым займалася?”

“Спачатку я маўчала і хадзіла ў школу. А потым лячылася”.

“Чаму ты маўчала? Ты маеш на ўвазе – ты была маўклівая? Як жа ты яшчэ кепска гаворыш па-нашаму, Лё! Ну, не крыўдуй. Што, праўда маўчала? Чаму?”

“Я маўчала не з усімі, – кажа Лёся, зь цяжкасьцю расьціскаючы вусны. – Я гаварыла з бацькам”.

“Ён біў цябе? Гвалціў?” – пытаецца ён пасьля доўгай паўзы.

“Не. Ён сьпяваў са мной”.

“Прабач. Я не хацеў сказаць благога пра твайго бацьку. А чаму ты не гаварыла зь іншымі?”

“Мне было нельга. Быў Язык. Усе гаварылі на Языку. Бацька сказаў, што нам нельга гаварыць на Языку. Таму лепш было маўчаць. Яны думалі, што я зусім ня ўмею гаварыць”.

Ягоны твар апынаецца зусім блізка ад ейнага. Ягоныя вочы такія наіўныя, думае бацька. Ён гатовы паверыць ва ўсё.

“І што было потым? Ад чаго ты лячылася?”

“Ад маўчаньня”.

“Ах, ну што за лухта, – ускліквае ён з палёгкай. – Вечна ты са сваімі загадкамі. А цяпер ты гаворыш на Языку? Можаш на ім гаварыць?”

“Навошта? – не разумее Лёся. – Цяпер я гавару з табой. Нашто нам Язык?”

“Добра, а потым? Што было потым? Цябе вылечылі?”

“Потым бацька забраў нас. Мы доўга ехалі, потым ішлі празь лес і сьпявалі. І вось я тут”.

“Паслухай, не прыкідвайся, – злуецца хлопец. – Ты добра гаворыш па-нашаму. Ты лепш за ўсіх скончыла курс”.

“Тое, што я кажу, праўда”.

“Паслухай, Лё, я усё-ткі твой жаніх. І я цябе каха-а-ю”…

“Ну, добра, – кажа Лёся, недаверліва вывучаючы ягоны твар. – Калі хочаш, я нешта табе раскажу. Але я ня надта люблю пра гэта згадваць”.

“Ты хочаш расказаць мне пра сваіх мужчын?”

“Які ж ты дурны, – моршчыцца Лёся. – Адзін сэкс у галаве. Не. Не пра мужчын. Пра тое, што я прачытала аднойчы, калі да мяне трапілі рэчы майго бацькі.

Тады я мела іншае імя. І вакол былі зусім іншыя людзі.

Наш бацька забараняў нам гаварыць на Языку. На гэтай мове, казаў ён, і моршчыўся, вось так, і з агідай цягнуў гук “э”, як некалі ў лягеры цягалі за вушы майго брата, і мне даводзілася бегчы і лупіць іх, нагамі, крэслам, вядром, рэменем – усім, што трапіцца пад руку. На гэ-э-этай мове… І мы замаўкалі. Нам таксама было агідна, як і яму. Пра тое, хто такі Нязнайка, я даведалася, калі мне было шаснаццаць. Можа, мне і расказвалі, але бацька забараняў мне іх слухаць. І пра Чабурашку я нічога ня ведала. І пра тое, як гайдаецца блакітны вагон. А хто такі Айбаліт, я дагэтуль цьмяна сабе ўяўляю. Я ведаю, што ён быў лекар. Але я не магу ставіцца да лекараў так… Так…”

“Як так?”

“Лекар для мяне – нехта іншы… Калі ён сапраўдны, ён не ратуе, ён… Ты ведаеш, хто такі Айбаліт? Ну і маўчы. У вас такога няма. У маім жыцьці быў толькі сапраўдны лекар, але вельмі добры. Ён мог усё. Але ён не пасьпеў скончыць лячэньне. Я так і прыехала сюды – нявылечаная. І спачатку мне было ня надта лёгка. Але ведаеш, там, у лягеры, нам давалі такія вітаміны…”

“Харчовыя дадаткі? Наркотыкі?”

“Не. Не перапыняй, калі ласка. Цяпер я думаю, што гэта дзякуючы ім я змагла тут застацца. Паступіць у каледж, знайсьці працу, сустрэць цябе.

Аднойчы мне прыйшоў пакет з радзімы. Гэта былі рэчы майго бацькі. Ён вёў дзёньнік – ведаеш, як усе гэтыя людзі таго часу, якім не прыходзіла ў галаву завесьці акаўнт у сацсетках. Ён вёў такі дзёньнік, проста пісаў у сваім лэптопе, звычайны тэкставы файл… ну, уяві сабе, што гэта быў проста дзёньнік пад замком, дзе ўсё відаць толькі табе. І ўсё. Я прачытала. Гэта было вельмі цікава. Толькі ведаеш…”

“Што?”

“Мне падалося, ён пісаў не пра мяне. Па нейкую іншую дзяўчынку. І пра іншую краіну. Не пра тую, адкуль я прыехала. Напэўна, хаваўся”.

“Зразумела”, – сказаў яе жаніх досыць няўпэўнена.

“І там чамусьці няма ні слова пра майго брата. Калі хочаш, я табе пачытаю. Гэты тэкст у мяне заўжды з сабой. Хочаш? Праўда, гэта будзе пераклад. А пераклад – гэта помста мове за тое, што яна нарабіла… За яе бясконцасьць і за яе магутнасьць”.

“Нешта я зноў цябе не разумею. Па-нашаму нельга так сказаць. Сьмешна гучыць. Помста мове. Ха-ха. Прабач”.

“Калі б ты меней сьмяяўся, дык, можа, больш зразумеў бы. Слухай. Будзе цяжка, але я паспрабую табе перакласьці”.

3. Як і большасьці дзяўчатак у гэтым узросьце, ёй ня надта падабаецца яе імя

“Як і большасьці дзяўчатак у гэтым узросьце, ёй ня надта падабаецца яе імя. Прызналася мне надоечы за сьняданкам, апусьціўшы вочы, запіхнуўшы за шчаку ладны кусман бутэрброда з арахісавым маслам. Я ўсё жыцьцё чамусьці думаў, што яно салодкае, як мёд – усё з-за цукерак грыльяжных, якія так любіў у дзяцінстве (часам, калі ясі гарачае, здаецца, тыя арэхі дагэтуль тырчаць у зубах). І вось яго пачалі прадаваць і ў нас. Дурны мужык, як варан. Яно ж салёнае, гэтае масла, салёнае, быццам шпроты ў цукры. А яе вось хлебам не кармі – дай паласавацца. Хітрая.

Сьнедалі таропка, як заўсёды. Грымела музыка, мы заўжды гучна ўключаем музыку, калі хочам пагаварыць, музыку бяз словаў – і тут яна прызналася мне, што хацела б, каб яе звалі зусім, зусім іначай. Яна гаварыла з поўным ротам, гаварыла, плакала і жавала, бо і не прызнацца не магла, і страшна было, а калі пражоўваеш словы, то і адказнасьць за іх нібыта ўжо меншая. Толькі дзеці гэтак умеюць. Так і не сказала, якое з імёнаў падаецца ёй прыгожым. Але я бацька, я ведаю і безь яе, мне паложана. Ведама ж, яна хацела б, каб яе звалі… Ну, напрыклад, Ярына. Ці Карына. Ці Аксана. Красанна. Сьняжана. Крака-срака-жана. Язык зламаць можна. Вымаўляючы іх, як ніколі выразна адчуваеш, што яны – ня нашы, адчуваеш, як супраціўляецца ім артыкуляцыйны апарат, які ў нас генэтычна не наладжаны на аднаўленьне такіх грубых нотаў. Не прыстасаваны да вымаўленьня ўсіх гэтых неймаверных, чужацкіх, пошлых – не, не імёнаў: мянушак, прыдатных хіба для таго, каб клікаць сабакаў. Мяне ажно перасмыкае, калі я ўяўляю сабе, што яна, мая дзяўчынка, мая сіямская Сіа з цудоўным папірусам у тонкіх руках, магла б бегчы да мяне па вуліцы гэткай карынай на камбікорме, гэткай сьняжанай з адкрытай усім вятрам шыяй, гэткай аксанаю ў аксаміце. Не бываць гэтаму. Я сказаў.

Я, бацька.

Я памятаю, як я даў ёй імя. Гэта было прынцыповае пытаньне, каб яно трапіла ў пашпарт менавіта ў такім выглядзе. Тады нам з табой здавалася, што толькі такім чынам, нікога не баючыся, яна, Сіа, зможа данесьці свой папірус – з гонарам, не хаваючыся ні ад кога. Цяпер я быў бы больш асьцярожны. Але тады я прыехаў, поўны рашучасьці і нейкай надта ўжо здаровай злосьці, апрануты як на вясельле. На вясельле маёй Сіа – у нейкім сэнсе гэта і праўда былі яе першыя заручыны са сьветам. Каб мяне выслухалі і ня выпхалі ў каршэнь, я мусіў выглядаць рэспэктабэльна. Я нават вычысьціў зубы, нібы зьбіраўся да дантыста. Я завязаў гальштук. Я вышчыпаў валасы ў носе. Малады бацька, дастаўнік гарматнага мяса і сьвежых яйцаклетак да двара яго вялікасьці.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3