Бахаревич Ольгерд Иванович - Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікнення стр 5.

Шрифт
Фон

Вярнуўшыся, Сафія трохі паразважала і патэлефанавала ў паліцыю. «Муж зьнік», – сказала яна, цалкам разумеючы ўсю пачварную недарэчнасьць і ўсё глупства гэтых словаў. «Муж прапаў» – як «бялізну скралі». А вы ня вешайце, грамадзянка, бялізну на двары, як калгасьніца. Лепш слухаўку павесьце. На месцы паліцыянта яна б так і сказала. Але Сафія нічога не змагла з сабой зрабіць і, таропка распавядаючы ўсе нешматлікія падрабязнасьці, пачала міжволі дурнавата хіхікаць, што скончылася сапраўдным ровам. Яе, тым ня менш, выслухалі без асаблівага інтарэсу і сказалі абзваніць шпіталі, бо ўсе так робяць. Яна абзваніла, на гэта нечакана спатрэбілася так шмат часу, што, паклаўшы нарэшце слухаўку, Сафія адчувала сябе замардаваным вязьнем каменаломняў. Паабедаўшы, яна зноў набрала паліцыю. Слухаўку ўзяў ужо іншы паліцыянт, больш цярплівы і ветлівы, давялося яму наноў усё тлумачыць, гэты сказаў пачакаць дні тры, бо звычайна акурат тры дні – інкубацыйны пэрыяд бацылы зьнікненьня чалавека, пасьля якога чалавек гэты або сам знаходзіцца, жывы або мёртвы, але найчасьцей усё ж жывы, брудны, п’яны і з пахам якойнебудзь блядзі. Або не знаходзіцца, і тады ўжо яго можна пачынаць шукаць: задзейнічаць усе каналы, рассылаць сьпісы прыкметаў, апытваць грамадзян, шукаць у базах, вынюхваць, езьдзіць на апазнаньні і пісаць у «Чакай мяне». А чаму тры дні? Чаму не чатыры, чаму ня два, ня шэсьць з паловай – хацелася спытаць Сафіі? Што за магічны рэалізм, што за паліцэйская кабала? А як я буду акно зачыняць на кухні? Тады дашліце мне кагосьці, хто ведае «асаблівы падыход», хацелася сказаць ёй, але яна зрабіла выгляд, што супакоілася, паабяцала патэлефанаваць праз тры дні, калі «бялізна» ня знойдзецца, разьвіталася і паклала слухаўку, пачуўшы перад гэтым на тым канцы проваду шчыры, з прысмакам дэзадаранту мужчынскі сьмех.

Яна адшукала сярод мужавых рэчаў ягоную банкаўскую картку, сінюю з залатым надпісам «Symanienka», бо ейная, на якой усё яшчэ стаяла «Ziablik», была ўжо даўно проста кавалкам плястмасы. Аскепкам той дзіўнай пары, калі яна яшчэ працавала – «як конь», дадавала яна чамусьці кожны раз, калі прыгадвала тую эпоху, хаця праца была зусім няцяжкая. «О» ў гэтым кароткім слове ў яе зь невядомай прычыны заўжды станавілася дыфтонгам; напэўна, недзе ў падсьвядомасьці Сафіі гэта мусіла падкрэсьліваць адмысловую конскасьць працы. Схадзіла да банкамата і зьняла амаль усё, што было на рахунку, на ўсялякі выпадак. Калі вярнулася і села ў кухні ля акна, адкрыўшы куплены ёгурт і прагна паглынаючы яго сталовай лыжкай, то першым, што кінулася ёй у вочы, стала адсутнасьць сьмецьця ў кантэйнэры, да якога ўвечары яна выправіла свайго мужа. Нібы нехта замёў сьляды. Мусіць, пакуль яе не было, прыяжджала машына і забрала ўсё сьмецьце. Гэта ж відавочны факт, папярхнулася яна – і ўсё ж ёй стала яшчэ больш не па сабе. Відаць, яна яго ўсё ж кахала. Як дзіўна, сказала сабе Сафія, пры чым тут гэта.

Яе вялікі, недалёкі і сьветлы, як раённая паліклініка, муж Сіманенка быў чалавек добры… Шчыры… Што яшчэ? Вялікі, недалёкі, сьветлы (у сэньсе бляндын), добры, шчыры… Вялікі – у сэньсе такі мядзьведзь. Недалёкі, так – мог вось, напрыклад, узяць сканворд і не адгадаць за вечар ніводнага слова. Патэлефанаваў ёй неяк і дурным, радасным голасам паведаміў, што іхнага начальніка пасадзілі за хабар. Нібыта новы браць ня будзе. Купляў лятарэйкі. Шчыра верыў, што сяброўка Сафіі Вера, якая працавала ў бардэлі ў турэцкім Карсе, спэцыялізуецца выключна на танцах. Хаця тая як ужо толькі ні зьдзеквалася зь беднага Сіманенкі, апісваючы свой нудны job. Забываў рэшту ў краме. І гэтая гісторыя зь мясам… Як гэта ён яшчэ каніны не прыцягнуў. Куонь. Куонская каўбаса. Вось гэта што – гэта недалёкасьць ці няўважлівасьць? Ці проста тупасьць? Сафія адчыніла акно і ўтаропілася на пусты кантэйнэр для сьмецьця. Яна раптам раззлавалася на мужа так, што вырашыла чагосьці выпіць. Наліла сабе віна, хаця й ведала, што будзе балець галава. Пасьля віна зьнікненьне Сіманенкі стала падавацца ёй добра сплянаванай акцыяй, накіраванай супраць яе, Сафіі. Спробай пазьбегнуць адказнасьці – тыпова мужчынскім дзеяньнем, якое, на думку мужчын, ураўнаважваецца прынесеным імі мясам. Мясам невядомага паходжаньня. Кім была сплянаваная акцыя? Ды ім, зьніклым Сіманенкам. Сафія хрыпата рохкнула. Думка пра тое, што Сіманенка мог нешта сплянаваць, ды яшчэ ажыцьцявіць сплянаванае, падалася ёй бязглуздай. Але, нібы ў пацьверджаньне гэтай вэрсіі, пайшоў дождж, паліў на пусты, як сцэна, двор, у спарожнены кантэйнэр для сьмецьця, у выстаўлены на падваконьне келіх, у душу Сафіі. Ад дажджу лысеюць. Яна прыбрала келіх і паспрабавала зачыніць акно, але асаблівага падыходу Сафіі акно не прызнавала, таму яна паклала на падваконьне ангельскі слоўнік, прыціснуўшы ім раму. Праз шчыліну былі чуваць нейкія сырэны. Сырэны, сырыя старонкі, саркастычныя позіркі. Сафія ссунула фіранкі і села на стол. Пазванілі зь Сіманенкавай працы, спыталі, дзе ён. «Захварэў», – адрывіста сказала Сафія і кінула слухаўку. Дзе ён падзеўся. Дзе. Вядома ж, гэта магла быць і баба. Якая можа адрозьніць карову ад сьвіньні. Нават у такім выглядзе. Характарыстыка. Чаму ў гэтым слове так і чуецца нейкае харканьне? На грамадзяніна Сіманенку. Вялікі, недалёкі, сьветлы (у сэньсе бляндын). Добры, шчыры. Няўважлівы. Няздарны. Тупы. Зьніклы. Гад. Скрадзены (закрэсьлена). Каханы. Мядзьведзь. Конь. Куонь. Муж. Прафэсія. Што яшчэ? Майстар на ўсе рукі. Ну, можна сказаць, усьміхнулася Сафія. Яе, здаецца, трохі адпусьціла.

На ўсе рукі. А рук у Сіманенкі было шмат. Адна рука абдымала Сафію перад фотакамэрай, а другая рука лезла Сафіі ў станік (ён казаў, гэта яго супакойвае, а Сафія чытала, што дотык да жаночых грудзей падаўжае мужчынам жыцьцё – вось і падоўжыла), а трэцяя рука ведала асаблівы падыход да акна на кухні, а чацьвертая рука ведала асаблівы падыход да Сафіінай дзірачкі. Пазаймаемся сафістыкай – так ён гэта называў. А пятая рука кіравала машынай, а шостая рука прадавала тавары, якія ніхто не хацеў купляць, а ўсё ж куплялі, і нават пераплачвалі, а сёмая рука прыносіла мяса, а восьмая прыбівала, гудзела, сьвідравала і клеіла, а дзявятая рука трымала кніжку і пульт ад тэлевізара, а дзясятая рука падымалася, галасуючы, а адзінаццатая і дванаццатая часам апускаліся, і Сафіі трэба было пакутліва шукаць нейкія словы, каб іх падбадзёрыць. Ненавісныя моманты. Падбадзёрваць не ўваходзіла ў сьпіс яе талентаў. А трынаццатая рука несла пакет са сьмецьцем. І Сафіі, самотнай Сафіі на кухні з мокрым падваконьнем, Сафіі зь сякерай на каленях трэба было добра падумаць, якую руку адсекчы першай, калі Сіманенка ў рэшце рэшт вернецца.

Якое ён меў права зьнікнуць? – бясьсільна думала Сафія, і перад ёй выразна паўставаў вобраз пачка цыгарэт, схаванага за кнігамі. Яшчэ ўвосень, напісаўшы на аркушы чырвоным флямастэрам «24 жніўня», яна кінула паліць, пачаўшы такім чынам падрыхтоўку да гэтай важнай даты. Часам усё ж, прыкінуўшы меркаваную працягласьць Сіманенкавай адсутнасьці й аб’ём ягонай сёньняшняй занятасьці, яна дазваляла сабе цыгарэту-другую на бальконе, але не злоўжывала. Усе яе недапалкі дагэтуль ляжалі ў траве пад бальконам, яна бачыла іх кожны дзень, паліваючы кветкі, магла паказаць кожны на сьледчым экспэрымэнце, але Сіманенка ні пра што не здагадваўся. А тут наогул незразумела, ці мае яшчэ дзень 24 жніўня нейкі сэнс і з кім яна яго сустрэне. І ў якім выглядзе. Можа, у жалобнай сукенцы. Зрэшты, нават такое разьвіцьцё падзей не вызваляла б Сіманенку ад адказнасьці. Зьнікаюць яны, панімаеш, на сьмерць намякаюць. Муж адной знаёмай галадоўку абвясьціў, невядома зь якой прычыны. Знаёмая казала, нібы з-за палітыкі. Сафія зь цяжкасьцю магла ўявіць сабе чалавека, здольнага адмовіцца ад ежы дзеля палітыкі. А калі і магла, вобраз гэты не выклікаў у ёй нічога, апрача пагарды. Два тыдні муж знаёмай сядзеў на кухні, піў ваду, курыў, здымаў сябе вэб-камэрай і матам лаяўся на ўладу. Потым месяц ляжаў у шпіталі з атручаньнем. Бо ў першы дзень наліў ваду ў слоік, зь яго й піў, а слоік быў брудны, у ім нават знайшлі нейкую кішэчную палачку. Ад кішак не ўцячэш, нават калі захочаш, думала Сафія, з асалодаю закурваючы. Зноў жа – яна прыцягнула на балькон крэсла – рэч у адказнасьці. Калі маеш жонку і дзяцей, мусіш сам жэрці і іх карміць. А не галадаць і не зьнікаць ля сьмецьцевых кантэйнэраў. Можа, і добра, што краіна ў моцных руках. Каб на адказнасьць не забываліся.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3