Гапееў Валеры - Ноч цмока стр 7.

Шрифт
Фон

– І вы лічыце, дзеля гэтага яна пайшла на такую работу?

Пракурор узняла на мяне вочы, у якіх нечакана для сябе я пабачыў самы сапраўдны сум.

– Ты вось, я ведаю, з суседкай-развядзёнкай зрэдку спіш. Не пужайся, справа твая, безумоўна, але такое не схаваеш… у нашым горадзе. А колькі ты без жанчыны змог бы абыходзіцца? А бабы, думаеш, з іншага цеста зроблены? Дык жа з рабра мужчыны. І хочуць таго ж і гэтак жа. Ты, у выпадку чаго, ды і я, і яшчэ тысячы такіх, як мы, – пацерпім, бо ведаем: свайго дачакаемся. Нам – не праблематычна, для нас няма нічога заганнага ў тым, каб скарыстаць адзін аднаго і за грошы. А для іх? Што такім насцям рабіць? А потым… ёй менавіта там, у бальніцы, пры доглядзе хворых і можна было знайсці тую жанчыну, цела якой адгукнулася б на яе рукі. Ды і такія людзі, вымушаныя хавацца ад усіх, адчуваюць сабе падобных. Там жа, акрамя ўсяго, вялікі жаночы калектыў. Думаеш, мала ў нас такіх, з нетрадыцыйнай, як кажуць, арыентацыяй? Ды хапае… Так, перапыніла я цябе, але затое не будзем вяртацца. Упэўнена: Насця Грыцук пайшла працаваць у бальніцу толькі дзеля сваёй схільнасці. Ты супраць? Ёсць думкі?

– Не супраць, – уздыхнуў я. – Мушу прызнацца, маеце рацыю. Не падумаў як след…

– Проста жыццёвы вопыт, – даравала мне Тамара. – Працягвай.

– Дык вось… Насця Грыцук – фізічна цалкам здаровая жанчына, і з вельмі добрымі знешнімі данымі. Патэнцыйная маці здаровых дзяцей. Узрост самы спрыяльны для нараджэння. З улікам таго, што яна пачувала сябе больш мужчынам, чым жанчынай; з улікам адсутнасці ў яе жыцці мужчыны; з улікам захавання цяжарнасці, калі б яна была выпадковай; з улікам утойвання цяжарнасці да апошняга і запланаваных наперад адпачынкаў можна зрабіць толькі адзін вывад: яна выношвала дзіця для некага.

– Мужчыны не было… А калі яе згвалтавалі? Два з трох згвалтаванняў скрываюць…

– Чаму тады ёй не зрабіць аборт, тым больш, працуе ў бальніцы, тым больш…

– А калі яна катэгарычна супраць забойства дзіцяці?

– Тамара Сяргееўна, – усміхнуўся я. – Ярымі праціўнікамі абортаў выступаюць, як правіла, альбо тыя, хто нечакана паверыў у Бога, альбо жанчыны, якія зрабілі як мінімум адзін аборт і таксама раптоўна адчулі неабходнасць замольваць у цэрквах свае грахі. Ну, не вам мне пра такое казаць.

– Мы не ведаем, ці рабіла раней аборт Насця Грыцук…

– Але мы ведаем: яна нічым ніколі не выявіла сваіх хрысціянскіх поглядаў. У чорнай хустцы не хадзіла. Больш за тое, як я сёння пачуў, яна не асабліва святкавала той жа Вялікдзень – ні ў адзін год не прыносіла фарбаваныя яйкі на працу, хоць тое і традыцыйна для іх хірургічнага аддзялення, як я даведаўся з размоваў. Карацей, я перакананы: выношванне дзіцяці было абавязкам для Грыцук. Дарэчы, згода Грыцук на сурагатнае мацярынства магла быць абумоўленая яе жаданнем атрымаць грошы – і зрабіць пластычную аперацыю.

– Пакуль складна, – кіўнула Тамара. – Што адсюль вынікае?

– Матыў забойства.

– Забілі, каб не плаціць?

– Тут цяжка адказаць. Грошы найперш, асабліва калі яна мела справу не з непасрэдным заказчыкам, а з пасярэднікам. Калі пачытаць, дык справы такія абстаўляюць у большасці выпадкаў менавіта так: жанчына не ведае, для каго нараджае, а тыя, хто атрымлівае дзіця, не ведаюць, хто нарадзіў. Практычна і бяспечна для абодвух бакоў. Пры ўмове сумленнага пасярэдніка, зразумела.

– Калі грошы найперш, якія яшчэ матывы і прычыны?

– Нязгода аддаць дзіця.

– І за гэта забіваць? – Тамара прымружылася, пільна глянула на мяне. – Скажу табе, у нашым правінцыйным райцэнтры адна жанчына нарадзіла дваіх дзяцей… на заказ. Аднаго аддала. Ад другога адмовілася.

– Ого, – не ўтрымаўся я. – Не ведаў…

– Ну, не здзіўляйся, справу абставілі так, каб ніякага крыміналу нідзе не было. Цяжарнасць хавала да апошняга, два месяцы адпачынку невядома дзе, вяртаецца пахудзелай і з грашыма… Другую цяжарнасць раскрыла напрыканцы. Вярнула грошы, ёй авансам выдалі палову сумы. Прыязджалі да яе. І пагрозы былі. Ведаю з яе вуснаў, бо ў маладосці з яе маці сябравалі, вось яна і прыйшла да мяне параіцца. Адбіліся, карацей. Там пасярэднікаў не было… Няшчасная, хоць і заможная, сям’я з Прыбалтыкі. Жанчына павінна была паехаць туды на тры месяцы, ёй рабілі візу, стваралі ўмовы пражывання. Там нарадзіць і вярнуцца. А яна адмовілася. Дарэчы, развядзёнка… так вось. Значыць, калі быў пасярэднік, то, магчыма, і забойства адбылося праз нязгоду аддаць дзіця? Правярай. Аператыўнікі забралі з дому забітай яе ноўтбук, сумачку. Тэлефона не знайшлі. Гэта незразумела. Падрыхтуй запыт на праверку асабістых рахункаў у банках… Пайшлі ўжо? – Тамара зноў зірнула на акно. – Трэба нешта згатаваць дома, мабыць… Развучылася боршч варыць. А ты ўмееш?

– Што? – разгубіўся я.

– Боршч варыць умееш?

– Не…

– І не вучыся. А то не ажэнішся…

4

Найлепшае, што здараецца з намі, ніколі намі не прадбачылася.

Я вяртаўся той самай вуліцай, якой ішоў ранкам на працу, і яна была такой жа пустой – палова на дзясятую вечара. І ўжо амаль цёмнай.

Тамара развярэдзіла мае думкі сваім напамінам пра жанчыну, меркаваннем пра тое, што і яны з такога ж цеста. А мне ж дваццаць сем. Гэтулькі, колькі было і забітай. І столькі ж гадоў Надзеі.

З Надзеяй мы ў блізкіх адносінах усяго месяц. Не чакаў, што пра іх будуць ведаць. Ва ўсякім разе, не чакаў, што так хутка… Ды і якія там адносіны! Яна, разведзеная, без дзяцей (дзіця памерла на другі дзень пасля родаў, саму яе ледзь уратавалі), была звычайнай жанчынай, якая засумавала без мужчынскай увагі. Мы – суседзі. У яе невялікі дом, застаўся ад бацькоў, а я здымаю палову дома, які мяжуе з Надзеіным.

Сюды я пераехаў, калі зразумеў: больш не магу трываць у інтэрнацкім пакойчыку. Колькі сябе помню, мне заўсёды патрэбны быў такі свой куточак, дзе б я мог застацца зусім-зусім адзін. Студэнцкі інтэрнат стаў для мяне на час вучобы сапраўдным выпрабаваннем, і ратаваўся я ў горадзе: калі ўзнікала вострая, амаль фізічна адчувальная неабходнасць пабыць аднаму, пазбавіцца ад хоць чыёй увагі, я садзіўся ў любы тралейбус і, праехаўшы колькі прыпынкаў, выходзіў і блукаў. У вялікім горадзе ўсе адзінокія, калі толькі ты не ідзеш з некім па шматлюднай вуліцы. А ў нашым невялікім райцэнтры так не атрымліваецца: ужо месяцы праз тры са мной сталі вітацца на вуліцах людзі. Тут твой няспешны шпацыр можа быць перапынены ў любую хвіліну, а галоўнае, ты заўжды застаешся пад увагай, бо заўсёды знойдзецца нехта, хто паглядзіць табе ўслед са сваімі здагадкамі: бач, следчы пракуратуры задумаўся, пэўна, справу расследуе – мабыць, пра нядаўняе згвалтаванне. Могуць спыніць і спытаць з вельмі спачувальным выглядам: што, браце, задумаўся? Ды адпачываю, адпачываю я! Так іншы раз хочацца крыкнуць: «Адпачываю ад вас, ад вашых твараў, словаў, позіркаў…»

У рабочым інтэрнаце я быў адзіны халасцяк на ўвесь доўгі і цёмны, як глыбокая труна, паверх. Можа, неяк прызвычаіўся б да дзіцячага плачу-смеху, страляніны і беганіны, да сямейных сварак і п’яных спеваў ці крыку штовечар, да кухонных звад… Але праз тыдзень мяне ўжо запрашалі то ў адзін пакой – рыбкі прывезлі, то ў другі – ад цешчы свежына. Мае катэгарычныя адмовы зусім не дапамагалі: раз на тыдзень у дзверы грукалі добра захмялелыя мужчыны і сілай цягнулі да сябе. Пазбавіцца іх дакучлівасці было немагчыма, але і злавацца на іх я не мог, бо бачыў – рабацягі-сямейнікі шчыра хацелі пачаставаць мяне нечым смачным, яны дружна лічылі сваім абавязкам разнастаіць мае вечары і стараліся «забяспечыць добрай бабай на ноч, галоўнае – акуратнай».

У той час у мяне была жанчына, якую можна было б назваць пастаяннай. Мы пазнаёміліся, калі я заканчваў універсітэт, а ёй заставалася вучыцца два гады. Тады мы сустракаліся часта, а потым яна па размеркаванні патрапіла ў наш аблвыканкам, дзе заняла пасаду юрыста. Я прыязджаў да яе амаль штотыдзень, мы праводзілі разам дзень у горадзе і ноч на яе вузкім ложку ў пакойчыку інтэрната. І расставаліся. Дзіўна, але мы ні разу не павялі гаворку пра будучае сумеснае жыццё, быццам яно магло пачацца толькі тады, калі яна ці я абзавядземся сваім жытлом. Ці гаварылі мы пра будучыню ўвогуле – ужо і не помню. Я ўстрымліваўся прапаноўваць ёй нешта праз сваю сарамлівасць, ды і куды мне было прывесці маладую жонку – у той інтэрнацкі пакой? Ашчаджаў грошы, каб купіць сваё жытло. А потым з’явілася нейкая крыўда і рэўнасць: чаму яна не загаворвае пра магчымую сям’ю, пра дзяцей? У апошні год выхадныя ў яе часта атрымліваліся занятымі, мы сустракаліся і радзей, і без той жарсці, якой былі запоўненыя ранейшыя ночы.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3