– Як? Спаўзаў?
– Ну так, спаўзаў. З печы – на палок, з палка – на падлогу, тады ўжо ўстаў…
– І як? – першы раз за ранне ўсміхнулася тонкімі сухімі вуснамі Тамара.
– Ды пайшоў, як нованароджаны, – бы нехаця закончыў Тумар і зірнуў на Тамару: – Не верыце?
– Чаму тут не верыць? – паціснула плечукамі Тамара. – Мая бабця свайго сына, майго дзядзьку так лячыла. Нескладанае вядзьмарства. Так лечаць, калі пуп надарвеш. Цяпер ужо і не ведаюць мужыкі, як тое і дзе – пуп надарваць. А раней… Так, давайце бліжэй да справы. Вядзьмак не ўцячэ ад нас. Адна-адзінюткая рана, ніякіх сінякоў, драпінаў. Голая. З’явілася ноччу. Значыць, шукаем мужчыну. І думаем, чым такім маглі ўдарыць. Давай, Тумар, кажы найперш пра яе каханка.
– Не скажу, – паморшчыўся Тумар, бы ад кіслага. – Не было ў яе каханка.
– Такая жанчына вабная – і каб кавалера не было?
– Ды яна мужык мужыком была! – адчайна выгукнуў Тумар прызнанне, быццам сам быў вінаваты. – На косы яе гляньце – пад хлопца падстрыжаная. Яна такой і хадзіла, як мужык апраналася. Калі яшчэ зусім дзеўкай была, дык адно з дзяўчатамі сябравала. Тады ўжо на яе паглядалі з насцярогай, маткі дзяўчатам казалі, каб з ёй не вадзіліся. Пару разоў было, хлопцы да яе спрабавалі падысці-пад’ехаць на гулянках, дык дарэмна. Не, я колькі за ёй назіраю…
– І з чаго ты за ёй назіраць стаў? – перапыніла Тамара.
– Ды… – не разгубіўся Тумар, – цікава ж. То чытаеш, кіны глядзіш, дык там усе гэтыя… ненармальнасці толькі ў гарадскіх бываюць. А тут вось – хутар забіты, лес вакол, і такое.
– Прырода не выбірае: горад ці вёска, – умяшаўся старшы аператыўнік. – Значыць, маем актыўную лесбіянку.
– І трэба шукаць сяброўку…
– І сябровак не было ў яе, – цяпер ужо са шкадаваннем паведаміў Тумар. – Цураліся яе. Хоць вось са мной яна была вельмі паважнай. Разумніца.
– Трэба капаць сярод знаёмых…
– Не спадзявайцеся на прастату, – Тамара ўзнялася, абтрэсла-абцягнула вузкую спадніцу. – Працуйце, ведаеце самі, што рабіць. Мне праз гадзіну ў турму, на разбіральніцтва скаргаў. Будзеце анатаміраваць – запрасіце загадчыцу гінекалагічнага аддзялення нашай бальніцы Раісу Ананьеўну. Бацьку распытайце асабліва.
– Ужо як атрымаецца, – уздыхнуў Тумар. – Слабы зусім. Амаль і не гаворыць. А як там з яго галавой і чаму верыць…
Мы заехалі ў сельвыканкам, я папрасіў сакратара, каб падрыхтавалі і да вечара перадалі звесткі пра ўсіх жыхароў вёскі. Папярэднія размовы з мясцовымі і з бацькам забітай будуць весці аператыўнікі. Мяне чакаў кабінет: папяровая работа, трэба было тэрмінова заканчваць заключэнне па тапельцу, а найперш прыбрацца. Хоць сонца і не было відаць, у паветры адчувальна пацяплела. Жах падумаць, якія водары там…
Але, на здзіўленне, пах у кабінеце быў амаль нармальным: выцягнула ўсё праз фортку. На навядзенне парадку патраціў хвілін дваццаць, нават бутэлькі паспеў вынесці, балазе, вялікі кантэйнер для смецця стаяў непадалёку ад будынка пракуратуры. Яшчэ з гадзіну выпраўляў-дадрукоўваў паперы. Невядома, як цяпер закруцяцца справы з забойствам…
Папярэдне дамовіўшыся з галоўурачом Віктарам Паўлавічам пра сустрэчу, бліжэй да абеду паехаў у раённую бальніцу.
Мне ўжо даводзілася сутыкацца з Віктарам Паўлавічам і па справе, і ў неафіцыйных абставінах. Імпанавала яго манера трымацца – інтэлігентна, сціпла, і адначасова з годнасцю. Хударлявы, заўсёды чыста выгалены і акуратна, каротка падстрыжаны, з вялікай залысінай. Нягледзячы на сваю адміністрацыйную занятасць, займаецца хірургічнай практыкай. Дарэчы, мясцовае насельніцтва яго паважае: кажуць – як галоўурач разрэжа, дык зажыве хутка. Паважаюць яго і ў бальніцы, прынамсі сярэдні і малодшы медперсанал. Адна з рыс галоўурача – заўсёды вітаецца з усімі ў аддзяленнях: аднойчы спытаўшы прозвішча і імя, адразу запамінае, і ў наступны раз звяртаецца па імені, а тое вельмі падабаецца і маладым медсёстрам, і распаўнелым санітаркам.
Асаблівую павагу сярод моладзі і пэўнай часткі разумнейшых немаладых супрацоўнікаў Віктар Паўлавіч здабыў у мінулым годзе. Тады стаяла неймаверная гарачыня, медсёстры ў бальніцы мусілі ратавацца, надзяваючы свае халаты на голае цела. А тыя халаты – з сінтэтыкі белай, то не касцюмы ўрачоў са шчыльнай зялёнай тканіны. Дык трусы і станікі жанчын, якія дастаткова сэксуальна падкрэслівалі вабныя формы ў большасці медработнікаў, выклікалі ў асобных пурытан, як мужчынаў, так і жанчын, літаральныя прыступы шаленства. Дайшло да таго, што пасыпаліся скаргі ад найбольш пільных грамадзян у райвыканкам. Тамара расказвала, што на адной апаратнай нарадзе старшыня райвыканкама, той яшчэ самадур, накінуўся на галоўурача: развёў бардэль, медсёстры амаль голыя ходзяць. На гэта Віктар Паўлавіч, выслухаўшы з’едлівыя абвінавачанні і патрабаванні неадкладна навесці парадак, спакойна адказаў: «Згодна з санітарнымі нормамі, медыцынскі персанал павінен пераапранацца ў спецадзенне, знімаючы сваю вопратку. Мы атрымалі тыя медыцынскія халаты па лініі гуманітарнай дапамогі пяць гадоў таму. Грошай, якія былі выдзеленыя на спецадзенне за мінулыя пяць гадоў, хапіла толькі на касцюмы пяці маладым урачам. Іншыя даношваюць старыя ці купляюць пры выпадку касцюмы за свае грошы. Калі мне сёння пералічаць патрэбныя мільёны (тут галоўурач назваў суму з дакладнасцю да рубля), заўтра ўвесь медперсанал будзе апрануты згодна з патрабаваннямі санітарыі і дыенталогіі. У адваротным выпадку медсёстры будуць насіць тыя самыя празрыстыя халаты, якія сталі празрыстымі з прычыны цалкам выпрацаванага рэсурсу і распаўзаюцца літаральна на вачах». Кіраўнік раёна быў уражаны менавіта дакладнай лічбай і, каб годна выйсці з сітуацыі, тут жа падняў начальніка фінаддзела і запатрабаваў знайсці хоць колькі грошай. Пазней нехта казаў, што сам галоўурач крадком заахвоціў медперсанал насіць халаты на голае цела, каб нарэшце атрымаць грошы, якія выбіваў некалькі гадоў.
Віктар Паўлавіч сустрэў мяне ў сваім кабінеце з ужо прынесенай на яго загад асабістай справай. Яшчэ калі я тэлефанаваў яму, ён ужо ведаў пра смерць сваёй работніцы. І цяпер выглядаў вельмі засмучаным.
– Грыцук Насця… Вельмі шкада, шчыра кажу. Моцная маладая жанчына, не грэблівая. Угаварылі працаваць у хірургічным аддзяленні, там і сіла ў руках трэба, і самі разумееце, якія бываюць людзі пасля аперацыі, – пасля паціскання рукі прапанаваў мне сесці галоўурач, і пасунуў да мяне тонкую папку – асабістую справу. – Там усё чыста.
– Віктар Паўлавіч, мне, самі разумееце, пакуль трэба як мага больш даведацца пра… вашу былую работніцу.
– Асабіста магу адзначыць толькі станоўчае: старанная, выключная выканаўца, ніякіх заўваг па рабоце, ніякіх эксцэсаў з хворымі. Працуе… працавала пяць гадоў. Сустракаўся з ёй я часта, бо мой профіль – хірургічны. Маўклівая, няўсмешлівая, але ветлівая. Вы б хацелі пагаварыць з усім персаналам, як я разумею? Магу саступіць вам свой кабінет, тут не перашкодзяць.
– Дзякуй вам, Віктар Паўлавіч, напачатку я хацеў бы пагаварыць са старшай медсястрой…
– Я запрасіў і яе, і загадчыцу аддзялення. Яны павінны падысці… – галоўурач пацягнуўся да кнопкі апарата: – Андрэеўна, калі ласка, запрасіце да мяне старшую медсястру хірургічнага аддзялення. І загадчыцу адразу, – аддаў ён распараджэнне сакратарцы.
У расчыненых дзвярах з’явілася мажная жанчына гадоў сарака ў белай шырокай куртцы і такіх жа белых шырокіх штанах, і я не мог для сябе не адзначыць тое, як галоўурач прыўзняўся, жэстам паказаў жанчыне на крэсла ля стала:
– Праходзьце, Ганна Антонаўна. Гэта, – ён павярнуўся да мяне, – следчы пракуратуры. Ганна Антонаўна – старшая медсястра хірургічнага аддзялення. Прычыніце дзверы, калі ласка.