– Не дапаўзла, – услых агучыла маю думку Тамара. – А што здарылася яшчэ, чаго стаіцё, не працуеце?
– Ды вось… – кіўнуў на труп начальнік крымінальнага вышуку. – Слядоў няма. Учора бабця паскародзіла ячмень.
І ўжо разам з намі, невядома ў каторы раз некалькі пар вачэй пільна ўглядваліся ў ляжачую жанчыну і лапік зямлі вакол. Да яе і назад ішоў толькі адзін ланцужок слядоў – кагосьці з аператыўнікаў. А больш – нідзе ні слядочка. Пабаранаванае поле з парасткамі было роўненькім, як кантрольна-следавая паласа на дзяржаўнай мяжы.
– Ну не з неба ж яна ўпала, – раздражнёна запярэчыла Тамара – яна заўсёды раздражнялася, калі чамусьці не магла знайсці тлумачэння, – і пачала абыходзіць труп па коле на вялікай, у некалькі метраў, адлегласці.
– Няма слядоў… – ужо без здзіўлення і раздражнення канстатавала яна, калі вярнулася на месца. – Што скажа мой малады геній вышуку? – спытала без усмешкі.
– Трэба… вынесці труп на мяжу… пасля фатаграфавання, – прапанаваў я. – Са слядамі потым разбяромся.
– Ага, разбяромся, – пагадзілася Тамара, дастала цыгарэты. – Хлопчыкі, прымайцеся за справу… Першы раз пачынаю з нейкай чартаўні, – Тамара выдыхнула дым. – А якая крамяная дзеўка, га, Васіль? Чаму забіваюць прыгожых?
Яна не чакала адказу, дый што я мог адказаць? Што не абавязкова прыгожых? Розных бачылі…
2
Нават калі вельмі доўга хадзіць па крузе, вынікам стане толькі вытаптаная сцежка.
З адным аператыўнікам мы хадзілі вакол трупа па спіралі, усё пашыраючы кола, і ўважліва ўглядаліся сабе пад ногі. Роўная зямля з характэрнымі бароздкамі пасля баранавання. Ячмень яшчэ не падняўся высока, ды і пасеяны быў радкамі, у ім не магло хоць нешта схавацца ад нашых позіркаў. Нідзе не тое што следу, а нават намёку, што тут нехта хадзіў.
За нашым кружляннем па полі з маўклівым дакорам назірала ад свайго хлява гаспадыня – бабулька сталага веку, апранутая ў чорную сукню. Стаяла, крыху прыгнуўшыся наперад, абапіраючыся на таўставаты кіёк. Было сорамна: топчам усходы. Мабыць жа, учора бабулька нямала пабегала, каб знайсці гаспадара з конікам, нямала ўлагоджвала, каб выскарадзіў чыста зелле, а ячмень каб не пацярпеў. І вядома ж, ставіла бутэльку на стол, смажыла яечню, кроіла тоўстымі кавалкамі магазінную каўбасу, якую так і не навучылася рэзаць па-гарадскому – тонкімі акуратнымі скрылікамі. Ды і навошта вучыцца, калі кавалак павінен быць на кавалак падобным, каб было што ў рот пакласці рабочаму мужчыну. А мы вось цяпер топчамся, ходзім па яе полі, як па сваім двары…
– Ну як? – узняла на мяне вочы Тамара, калі падышоў да яе пасля таго, як наша спіраль дайшла да ўтравелага ўзмежжа.
– Д’ябальшчына нейкая, – шчыра прызнаўся я ў сваёй няздольнасці хоць нешта патлумачыць. – Слядоў аніякіх. Нішто не паказвае на тое, што сляды, калі яны былі, нехта пасля заграбаў. З бараной ганяліся ад краю туды і назад па другім баку… Малюнак пасля зубцоў паўсюдна роўны, нідзе нічым не перапынены. Труп з’явіўся на ўжо пабаранаваным полі, – сказаў, каб нешта яшчэ сказаць, бо мне і самому падалася дурной думка пра тое, быццам нехта ўчыніў злачынства, пакінуў труп на полі, а сам стаў тое поле спакойна баранаваць.
– Будзем лічыць: з неба ўпала, – спакойна рэзюмавала Тамара, дастала цыгарэты. – А голая таму, што якраз на мятле ляцела, як тая… як яе, Маргарыта, так?
Я цішком глянуў на Тамару – жартуе яна ці што? Як яе разумець?
– Тады мятлу знайсці трэба.
– Халера з ёй, кажу, – загадна прамовіла Тамара і пільна паглядзела на мяне. – Не тлумі галаву тым, што не можаш патлумачыць адразу, тым больш, ніякай карысці з таго тлумачэння не будзе…
– Чаму не будзе? – заўпарціўся я.
– Таму… Відавочна: смерць напаткала яе тут. Значыць, на поле прыйшла сама. Неяк прыйшла, але сама. Калі б яе сюды прынеслі – павінны, па-першае, несці ўдвух, бо не такая яна худзенькая. А калі б і адзін нёс, дык тут не сляды засталіся б, а яміны. І няма сэнсу несці забітую на чыстае поле, класці пад вочы людзям, ды яшчэ рукі-ногі выкладаць узорам. Усё лухта. Адкуль яна ішла? Вось пытанне, дзе ўсе адказы. Шукай…
– Ды разумею, – павініўся я.
Калі бачыў многа трупаў, не мёртвых у трунах, а менавіта трупаў, застылых у сваіх апошніх рухах, то лёгка адрозніць мёртвага чалавека ад проста знерухомелага. Асабліва труп без адзення. Але жанчына на мяккай посцілцы баранаванай зямлі ўдавала з сябе жывую. Настолькі жывую, што цягнула падысці і прыкрыць сваім пінжаком яе аголеныя сцёгны. Было няёмка… Здаровыя мужыкі стаяць над голай маладзіцай, якая сцішылася, утаймоўвае сваё дыханне, бо бачна ж, як цяжка даліся ёй апошнія метры поўзання па полі…
Але ж… невялікая дзірка ў вобласці рэбраў з кароткім засохлым крывавым падцёкам падказвала ўсім нам, хто не першы раз бачыў такія раны: жанчына – мёртвая.
Кажуць, калі чалавек памірае на руках, дык момант смерці вельмі проста вызначыць: цела яго раптоўна становіцца больш важкім. Не было ў мяне выпадку праверыць тое на практыцы, ведаю адно: мярцвяк заўсёды цяжкі. Смерць напаткала гэтую жанчыну зусім нядаўна: яшчэ ніколькі не спруцянелі мышцы яе рук і ног, яны лёгка разагнуліся, калі мы перавярнулі труп на спіну.
Цяпер я зразумеў сапраўднасць Тамарыных слоў наконт прыгожых, якіх забіваюць. Стан дзяўчыны быў бездакорны. Праўда, нехта мог бы давесці, што яна залішне тоўстая для свайго ўзросту, але менавіта такіх прыгажунь, кажучы сённяшняй мовай, рэкламаваў Кустодзіеў: паўнацелых, здаровых ва ўсіх сэнсах, калі і сцёгны – каб дзяцей нараджаць без страху, і грудзі – каб малака хапіла на тройню. Адно валасы каротка падстрыжаныя.
І спакойны твар. Заплюшчаныя вочы, сціснутыя вусны. Далібог, так паміраюць у сне, без болю і тугі.
– Вось дык маеш… – прысвіснуў старшы з аператыўнікаў. – Тамара Сяргееўна, рана скразная. Уваход з правага боку, а выхад – вось, – аператыўнік пацягнуў труп за руку і павярнуў цела на правы бок.
Другая невялікая рана была амаль без слядоў крыві, але дастаткова выразнай, каб казаць пра тое, што яна звязана з ранай на правым баку.
– І што такое можа быць? – Тамара амаль не выказала свайго здзіўлення, памацала рану пальцам. – Не надта вострае, атрымліваецца, скуру быццам парвала, а не разрэзала…
– Ды вось першае ў галаву прыйшло, – шомпал, – адказаў аператыўнік.
– Тады хутчэй нейкі самаробны шампур. Насадзілі яе, як кавалак мяса, – не згадзілася Тамара. – Уваходная адтуліна велікаватая для шомпала. Дакладна эксперт скажа. Прыкрыйце чым яе… – нечакана папрасіла Тамара. – Занадта яна… жывая.
Пракурор павярнулася да мяне з працягнутымі рукамі, я дастаў з кішэні пачак вільготных сурвэтак і выцягнуў дзве – сабе і ёй.
Калі труп загрузілі ў машыну аператыўнікаў, Тамара прысела на вялікі шэры камень, які відавочна выцягнулі на ўзмежжа з поля, і коратка прапанавала:
– Выказваемся.
– Маем труп голай бабы, няйначай ведзьмы, – скрывіўся ў спробе ўсміхнуцца адзін з аператыўнікаў.
– Ну, яна не ведзьма, – нечакана ўмяшаўся ўчастковы Тумар. Ён працёр сваю вільготную лысіну, але фуражку чамусьці так і не надзяваў. – Ва ўсякім разе, людзі нічога такога не казалі пра яе. А вось бацька – так.
– Што – так? – папрасіла ўдакладніць Тамара.
– Бацька яе – у мінулым вядомы вядзьмак, лячыў людзей, а больш – скаціну. Дзяцей ад спалоху адшэптваў. Казалі, мог і зелле для жанчын прыгатаваць, каб мужыка ўтрымаць ля сябе, – нехаця распавёў Тумар. – Ды не глядзіце на мяне так! Вядзьмак – ён і ў нас вядзьмак, і ў Афрыцы. Сам у яго гадоў колькі таму з жыватом быў. Так хапіла было жывот – нічога рады даць не магло, і дактары рукамі развялі.
– І чым лячыў? Шаптаў можа? – пакпіў нехта. Тумар зірнуў на аператыўніка, які задаў пытанне, сарваў травінку і стаў, кусаючы яе, расказваць з лёгкай крыўдай, бы дзіця, якому не вераць:
– Як чалавек здаровы – ён з усяго смяяцца можа. А як прыцісне, калі стане не да смеху – пабяжыш, папаўзеш хоць да ведзьмака, хоць да чорта лысага. Кажу праўду: так скруціла было – ні халеры не дапамагала. На хуткай прыехалі, праверылі: апендыцыту – няма, тэмпературы – няма, панос не ганяе. Ляжы, цярпі, будзем назіраць незразумелую клінічную карціну! Ага, уляжыш… Мяне сваяк у машыну закінуў – і паехалі. Зміцер… ну, вядзьмак, бацька вось забітай, мне адвару нейкага даў папіць, бы з грушак. А пасля на печ загнаў. І кажа: злазь, галавой і рукамі наперад.