Бахаревич Ольгерд Иванович - Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры стр 2.

Книгу можно купить на ЛитРес.
Всего за 139 руб. Купить полную версию
Шрифт
Фон

Сапраўды, “Д’Артаньян”, савецкі фільм, зрабіўся для майго пакаленьня першым падарожжам у Парыж. Раманы Дзюма былі заскладаныя для шасьцігадовага дзіцяці, іх я прачытаю пазьней, і іншыя кнігі пра Парыж таксама, менавіта кіно ўпершыню пачаставала мяне парыскім паветрам і парыскім небам.

“Д’Артаньяна” здымалі пераважна ў Таліне і Львове. Талін і Львоў і зрабіліся нашым першым Парыжам. Савецкае кіно можна назваць цалкам пасьпяховай аўтаркіяй, у яго ўсё было сваё: свае немцы, свае парыжы, свае віктарыянскія лёнданы, афрыканскія калёніі, ўол-стрыты і свае індзейцы. Пры пільнай неабходнасьці (напрыклад, каб знайсьці нармальнага чалавечаскага Гітлера) немцаў можна было выпісваць з ГДР, а індзейцаў і афрыканцаў вэрбаваць сярод студэнтаў. А вось Парыж з Францыі выпісаць было немагчыма – нават у залатыя часы савецка-францускай дружбы (якая, здаецца, працягваецца дагэтуль, нягледзячы на ўсю новую геапалітыку). Таму Талін і Львоў – неблагі выбар для мастацтва, якое мусіць дарыць ілюзіі і класьці іх пад калядныя ялінкі самых бязбожных дзяцей на сьвеце. Яны – як Юнгвальд і Хількевіч (а менавіта так, толькі праз дэфіс, пішацца прозьвішча рэжысэра): акупаваныя кіношнікамі, выканалі нехаця задачу і вярнуліся на свае месцы, чакаць свабоды. Цяпер Мішэля Баярскага ў Львоў ужо ня пусьцяць. Ды і ў Таліне радыя яму ня будуць. Мушкетэр атрымаў сваё.

У тыя часы, калі я сядзеў на дыване, еў марозіва і ва ўсе вочы глядзеў на д’Артаньянавы перамогі, я не бываў яшчэ ні ў водным горадзе, апрача роднага Менску і сонечнага Сімфэропалю. Потым гарадоў у маім жыцьці было шмат, і кожны зь іх меў у сабе нешта парыскае. Да Таліну мы з табой пакуль не дабраліся, а вось Львоў наведвалі, і не аднойчы, мы чыталі там сваё і слухалі чужое, мы адчувалі сябе жыхарамі культуры. Мы блукалі там па сваіх і чужых парыжах – як і ўсе тыя Вечныя Жыды самых розных нацыянальнасьцяў, што займаюцца літаратурай і возяць свае парыжы з сабой, і так да сканчэньня дзён. “Пріятно вспомніть в час рассвета слова забытого поэта” – нечым падобным толькі і застаецца займацца ў гэтую няўважлівую эпоху…

Беларускі Львоў, як і Талін, заслугоўвае сваіх, асобных кніг – і старонак у іх будзе нашмат болей, як і рэальных фактаў, і дакладных адлюстраваньняў. Што да Парыжу, дык ён жыве ў сьвядомасьці беларускага чалавека незалежна ад таго, хадзіў гэты чалавек па парыскіх вуліцах або бачыў іх толькі ў кіно. Як і аднойчы пражытае савецкае мінулае, поўнае д’артаньянаў і штырліцаў, шэрлакаў голмсаў і гамлетаў, усіх гэтых подозрітельных іностранцев, трымае савецкага абывацеля за шкірку, не даючы яму праваліцца ў бездань сучаснасьці, якую ён ня ведае, ня хоча і баіцца.

Мы нараджаемся з Парыжам, бо гэта сталіца сьвету – вось адно з самых моцных адчуваньняў, калі ты трапляеш сюды і не згубіў па дарозе сюды ўсе прачытаныя табой кнігі. І няхай гэта ўмоўны Парыж, прывідны Парыж з тэкстаў, якія ты насамрэч ніколі ня будзеш перачытваць. Умоўны Парыж – сталіца таго ўмоўнага сьвету, у якім жыве чалавек, што есьць марозіва масавай культуры, седзячы перад тэлевізарам у чаканьні сьвята. Парыж задае канон, ён нават не пачатак усіх вядомых культурных дарог, ён – тая непазьбежная, галоўная дарога, на якую немагчыма ня выйсьці ў сваіх блуканьнях. У пэўны момант, заўжды нечаканы.

Нават чытаючы якога-небудзь Мо Яня, бачыш паміж радкоў у яго, “горад сьвятла”, Парыж… Чуеш ягоны пракляты голас, і скурай адчуваеш, як шмат кітайскі пісьменьнік (а зь ім і японскія, карэйскія, аўстралійскія, афрыканскія) вучыўся ў парыжанаў, як ён зачытваўся францускай літаратурай. Як марыў некалі напісаць ня горш, чым розныя вялікія бальзакі з мапасанамі.

У культуры свае мапы і свае вымярэньні. Старажытны рымлянін нараджаўся ў Рыме, нават калі ніколі ў жыцьці яго ня бачыў. Парыж мае права пра нас ня ведаць, а мы думаем, што ведаем пра яго ўсё. Так і апраўдваецца сталічны статус. Таму Менск – гэта сталіца РБ, а Парыж – прывідная сталіца прывіднага каралеўства: але сьвет чамусьці лепш абазнаны ў прывідах, чым у беларусах. Можа, таму ў РБ так ня любяць беларускую літаратуру.

Кожны пісьменьнік піша пра Парыж, нават калі нічога пра яго ня ведае і нават тады, калі апісвае сваю родную вёску. Парыж – гэта слова, якое вымушае калі-небудзь яго ўжыць, як ні старайся склеіць вусны ўласнай мовай. І беларуская мова ня здолела супрацьстаяць спакусе. Парыскай спакусе, якая заўжды патрабуе гульні і ніколі ня просіць цябе паказаць пашпарт. Няма нічога весялейшага і рызыкоўнейшага, як блуканьні з мапай Парыжу па беларускай літаратуры і яе ваколіцах, па сваіх і чужых жыцьцях і словах, бяз сэнсу і мэты, як і належыць эўрапейцам, паэтам і марнатраўцам.


2. Ты. Рэўнасьць. Хімэры

Мы сядзім з табой у рэстарацыі на ўзьбярэжжы Сены, і я цябе раўную. Раўную цябе да твайго мінулага – і рэўнасьць, па сваёй завядзёнцы, прачынаецца ў самы неспрыяльны і недарэчны час. Бо сёньня ў цябе дзень нараджэньня, і я раўную цябе да ўсіх тых людзей, што былі з табой, людзей, якіх ты памятаеш, людзей, якія лічаць, што маюць права памятаць пра цябе – хаця б у гэты дзень. Я раўную цябе да цэлага сьвету, які быццам бы сышоў пад ваду, на самае дно, але працягвае мяне мучыць – бо тая вада памяці празрыстая, і калі на яе глядзець, добра відаць усе абрысы. Рэўнасьць праступае з імглы, набывае цялеснасьць, раніць у самае сэрца. Таму я не гляджу на цябе, я бачу гэтую халодную ваду ў тваіх вачах, калі не адвярнуцца, можна пабачыць усю праўду. І таму я адводжу позірк, увесь час адводжу позірк туды, дзе вузкая вуліца ўцякае ў нетры старога кварталу, вузкая цёмная вуліца, поўная турыстаў і крамаў, там усё непатрэбнае, незнаёмае, ананімнае, а мне так патрэбная зараз невядомасьць, мне пазарэз патрэбнае адчуваньне, што я нічога ня ведаю ні пра цябе, ні пра сябе, ні пра гэты горад, у якім цяпер для мяне жыве ўвесь боль сьвету.

Але мая рэўнасьць сьведчыць, што я ведаю ўсё, яна пераконвае, што я вельмі абазнаны, яна цягне перагнуцца цераз стол і паглядзець у твае вочы: глыбока-глыбока, каб пераканацца, што ўсё гэта праўда. У рэўнасьці ёсьць свая радасьць.

Рэўнасьць па-француску – jalousie, і жалюзі называюцца тым самым словам. Гэта па-майстэрску скарыстаў Роб-Грые ў сваім рамане: мужчына падглядвае скрозь шчыліны жалюзі за жанчынай – так і нараджаецца рэўнасьць, у вузкіх шчылінах, у водсьветах, у пыле, у прымружаных вачах, у халодным шаленстве, якое ніхто не пабачыць. Нябачнасьць і хованкі – улюбёныя гульні рэўнасьці. Але я табе ўдзячны, злы на цябе, паранены і ўдзячны – бо я адчуваю сябе жывым. З табой я зноў адчуваю сябе жывым.

Рэўнасьць заўжды беспадстаўная – і таму мае сэнс. Яна – вуглякіслы газ каханьня. Яе трэба выдыхаць зь сябе, вось і ўсё. Але безь яе каханьне задыхнецца. Рэўнасьць – прага валодаць ня рэччу, але чалавекам; не чалавекам як рэччу, а чалавекам як чалавекам, прага стаць ім, жыць ягоным жыцьцём, увесь час перамешваючы яго са сваім, каб урэшце ты сам ня мог разабрацца, дзе чыё. Прага валодаць ім з усім ягоным мінулым і будучым. Я пэўны, што Божая Маці раўнавала сваё дзіця – з таго самага моманту, як адчула, што яно ёй не належыць. Што яе скарысталі як сурагатную маці суворыя мужчыны, што вырашылі ўратаваць чалавецтва. Рэўнасьць наогул – самае чалавечае з пачуцьцяў.

За мостам – Нотр-Дам, за рогам – Shakespeare and Company, нашая ўлюбёная парыская кнігарня. Гэта першая паездка ў Парыж, якую прыдумала ты: танны гатэль недалёка ад Паўночнага вакзалу, тры дні рэўнасьці, любові і сьмерці. Бо не марнавалі час на парыскую папсу, на паляндвічку парыскіх славутасьцяў. Кнігарні, арабы, вакзал, скульптуры, якія караскаюцца па Нотр-Даме, і Пэр-Ляшэз, на якім мы прабавілі паўдня – такім запомніўся нам Парыж той зімы. Быццам пабачаны студзеньскай раніцай скрозь жалюзі гатэльнага вакна.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3