Уладзіслаў Ахроменка - Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша стр 4.

Шрифт
Фон

– Паглядзім, які ты Чарадзей! – з’едліва заявілі нахабныя кіеўляне.

Пакуль Усяслаў з дружынаю адбіваў Ноўгарад, хітрыя братаны Яраславічы абклалі Менск – галоўны мытны тэрмінал Бульбашыі. Хахлы спалілі склады з таварамі, але, як і мае быць, захавалі піўніцу са спіртным. Хахляцкае войска наладзіла на берагах Нямігі і Свіслачы традыцыйны для Homo Slavіanikus’аў пікнік са смажанінай, самагонам і п’янымі бойкамі; браты Яраславічы доўга яшчэ расшуквалі сваіх ваяроў па навакольных хмызах.

Неўзабаве падцягнуліся Бульбашы. Яны былі цвярозыя, а таму злосныя, і з гэтае прычыны з лёгкасцю раскідалі п’яных прыхадняў. Ацалелыя хахляцкія ваяры нараніцу пакутвалі з пахмелля. Сунуцца назад у Менск яны пабаяліся, менавіта таму і выправіліся па бімбер да бліжэйшае піўніцы – у Воршу. Там, паміж першай і другой чаркамі, у гнюсных Яраславічаў і нарадзіўся падступны план. Братаны паслалі да Ўсяслава ганца з прапановаю па-братэрску выпіць і замірыцца, у чым Яраславічы прысягалі на сымболях, святых для кожнага Homo Slavіanikus’а: на жбане з самагонам і на Святым Крыжы.

Хаця Ўсяслаў і сам быў прайдзісветам, але нават ён не мог дапусціць, што браты парушаць дубальтовую прысягу. Правадыр Бульбашоў з невялікім атрадам сабутэльнікаў з’явіўся ў Воршы.

Вераломныя Яраславічы нават дзеля прыліку не налілі гасцям па чарцы. Яны адразу схапілі Ўсяслава, завезлі ў Кіеў і кінулі ў глыбокі поруб да жабаў і піявак.

Надзіва, ліхтугі не зламілі князя, бо цёмны поруб з тванню і крывасмокамі – родная стыхія для кожнага праўдзівага Бульбаша. Людзі, якія нарадзіліся і выраслі на балоце, прызвычаіліся жыць і ў горшых умовах. Усяслаў бавіў час, палохаючы вартаўнікоў аповядамі са сваёй нібыта «чарадзейскай» біяграфіі і, натуральна, абяцаў наладзіць у Хахляндыі райскае жыццё, як толькі народ абярэ яго правадыром. Дасведчаны палітычны махляр быў перакананы, што неўзабаве ўвесь Кіеў толькі і стане гаварыць пра ягоныя звышнатуральныя здольнасці.

Так яно і здарылася.

Варта было Яраславічам пацярпець нязначную паразку ад Полаўцаў, як прымхлівыя Хахлы кінуліся да поруба.

– Вічний революцьонер, дух, що тіло рве до бою, рве за поступ, щастя й волю, він живе, він ще не вмер! – загукалі яны і прапанавалі Ўсяславу заняць пасад кіеўскіх князеў.

Сапраўдны дэмагог і папуліст ведаў, што ад народнай любові да народнай нянавісці – адзін крок. І таму не рызыкаваў прасіць сябе двойчы. На чале кіеўскай дружыны ён разбіў Полаўцаў. Але ўзнагароды за перамогу Хахлы так і не атрымалі…

Схільны да фінансавага махлярства палітычны лідар Бульбашоў абяцаў аднавіць парваныя эканамічныя сувязі і ўтварыць агульную бязмытную прастору разам з Варагамі і Грэкамі. Усяслаў кляўся інтэграваць усіх Homo Slavіanikus’аў у агульны Саюз. Шчодра аплочаныя летапісцы стварылы гэтаму авантурысту вобраз адзінага палітыка, якому варта давяраць. Калі ж наіўныя Хахлы перадалі махляру свае грошы на здяйсненне цыклапічных праектаў, ён прыхапіў казну і ўцёк у сваю дрыгву. Бо толькі дурныя людзі на балоце ўсё яшчэ верылі ў звышнатуральныя палітычныя здольнасці гэтага злодзея і прайдзісвета…

…і ваякі на грозных канях!

Падзеі, што разгарнуліся на землях Homo Slavіanikus’аў у наступныя гады, сталіся нядобрымі вынікамі ліхтужнага супрацьстаяння паміж тагачаснымі хрысціянскімі цэнтрамі.

Папа Рымскі, як праўдзівы спадкаемца св. Пятра, справядліва імкнуўся да глабалізацыі хрысціянства. Але гэтаму працівіліся бізантыйскія імператары і прызначаныя імі Патрыярхі. Канстанцінопальскі Патрыярх, мо, і прызнаў бы першародства Рымскага Папы, каб апошні не быў хранічным алкаголікам, гнюсным ліхвяром і вытанчаным хціўцам. Зрэшты, і сам канстанцінопальскі Патрыярх не вызначаўся цнатлівасцю. Ён уласнаручна катаваў палонных хрысціянаў, меў сталы працэнт ад таталізатара на Царградскім іпадроме і, напіваючыся віна, цягаў у патрыаршыю рызніцу манашак-німфетак.

Аднак, асцярожны Патрыярх, баючыся імператарскага гневу і розгаласу, рабіў свае справы паціху, а звышнахабны Папа, які не меў над сабой аніякага начальства, апорч Пана Бога, нават афішаваў свой амаральны лад жыцця.

Гэткі падыход да грахоўных справаў і справакаваў міжканфесійны разлад.

Аднойчы, на тэалагічным дыспуце бацькі Заходняе і Ўсходняе цэркваў паставілі пытанне рубам: варта ці не варта хаваць свае грахі ад цікаўнай грамадскасці. Пасланцы Патрыярха настойвалі на поўнае таямніцы граха. Папскія легаты занялі супрацьлеглую пазіцыю. Царкоўныя іерархі так і не здолелі прыйсці да пагаднення. П’яны папскі легат выдраў паўбарады ў бізантыйскага архіярэя, а той, у сваю чаргу, ледзь не прыдушыў апанента ланцугом ад кадзіла. Раз’юшаныя бацькі цэркваў раз’ехаліся па сваіх парафіях. У выніку Канстанцінопальскі Патрыярх перадаў Рымскага Папу анафеме, за што і атрымаў адлучэнне ад царквы.

Але гэтая тэалагічная вайна атрымала нечаканы працяг на землях Homo Slavіanikus’аў…

Хітрыя Грэкі, якія прызвычаіліся грэбсці жар і грошы чужымі рукамі, нечакана наладзілі кантакт з дзікунамі, што жылі на бясконцых абшарах пустэчнае Азіі. Дзікуны, якія празываліся Басурманамі, нават не здагадваліся пра існаванне заходняга ладу жыцця: хадзілі ў скуры, гадамі не мыліся, елі сырую каніну і ўвесь час бязмэтна вандравалі па Азіі. Грэцкія пасланцы, якія прыбылі да басурманскага хана, адразу растлумачылі ўсе выгоды азіятскай экспансіі ў цывілізаваны свет. Канстанцінопальскі архістратэг падсунуў хану сфальшаваную мапу свету, на якой, нібыта між іншым, адсутнічала Бізантыя. – Рушце на Захад, покуль не дабярэцеся сюды! – палец архістратэга ўказаў на Рым. – Тамтэйшы хан празываецца Папам Рымскім, у яго да халеры маладых дзевак, пародных скакуноў і бурдзюкоў з кумысам!

Басурманы дачакаліся зімы, каб замерзлі рэкі і балаты, і рушылі на Захад.

Першай збольшага абжытой краінай на шляху дзікуноў апынуўся Кацапстан. Але Басурманы нават не заўважылі кацапскіх халабудаў, замеценых снегам па самыя дахі – гэтак жа, як і паснулых на зіму тубыльцаў. Ваякі на грозных канях спалілі толькі мястэчкі, што стаялі на пагорках. Там азіятскія дзікуны сапсавалі абсалютна ўсіх наяўных дзевак.

З тых часоў у Кацапстане і нараджаецца шалёная колькасць вузкавокіх жоўтаскурых байструкоў, якія празмерна ганарацца расавай чысціней свайго “славянскага” народа. Упэўненасць, што Кацапы – самая чыстая, прыгожая і вялікая раса ў свеце, і дагэтуль надае байструкам надзвычайнай пыхі і халернай нянавісці да ўсяго астатняга чалавецтва.

Наступнай зямлёй на шляху Басурманаў была куды больш багатая і цывілізаваная Хахляндыя. Але недасведчаныя ў геаграфіі заваёўнікі палічылі Хахляндыю за Італію, а Кіеў – за Рым. Басурманы, як і абяцаліcя Грэкам, разбурылі сталіцу, згвалцілі ўсіх дзевак, а хахляцкага князя з рэшткамі дружыны загналі ў храм, які прынялі за Папскую рэзыдэнцыю, ды спалілі яго на попел.

Неўзабаве хітрыя Грэкі праз сваіх гандлёвых шпегаў дазналіся пра фатальную памылку азіятаў. Канстанцінопальскі імператар паспешліва выправіў пасольства ў Хахляндыю, але Грэкі спазніліся. На месцы Кіева яны ўбачылі адно рэшткі басурманскага войска. Вузкавокія паганцы смажылі на вуголлях хрысціянскай сталіцы каніну, кідаючы абсмактаныя косткі ацалелым хахляцкім князям-калабарантам.

– Гэта не Рым! – спрабавалі давесці Грэкі басурманскаму хану.

– Рым… Рым… – радасна хрумкалі конскімі храшчамі качэўнікі.

Бізантыйцы зразумелі, што пераканаць дзікуноў не выпадае, і з тае прычыны абралі сваімі хаўруснікамі недабітых Хахлоў.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3